Беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч стала лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры за 2015 год

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

Беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч стала лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры за 2015 год.

Святлана Алексіевіч ужо называлася букмекерамі як адна з прэтэндэнтаў на Нобелеўскую прэмію ў 2013 годзе. Але тады ўзнагароду атрымала канадская пісьменніца Эліс Манро. У 2015 годзе канкурэнцыю беларускай пісьменніцы, паводле версіі букмекерскай канторы Ladbrokes, склалі: Харукі Муракамі (Японія), Нгугі Ва Тхіёнга (Кенія), Джойс Кэрал Оўтс (ЗША), Філіп Рот (ЗША).

Святлана Аляксандраўна Алексіевіч нарадзілася 31 мая 1948 года ў Івана-Франкоўску (Украіна) у сям’і ваеннаслужачага. Бацька пісьменніцы – беларус, маці – украінка. Пасля дэмабілізацыі бацькі з арміі сям’я Алексіевічаў пераехала ў Беларусь.

Святлана Алексіевіч скончыла журфак БДУ ў 1972 годзе. З 1966 года на педагагічнай рабоце, потым журналістка. Літаратурную дзейнасць Алексіевіч пачала ў 1975 годзе як празаік-дакументаліст. Ёй належаць мастацка-дакументальныя кнігі «У вайны не жаночы твар», «Цынкавыя хлопчыкі», «Чарнобыльская малітва» і іншыя творы.

Кнігі Алексіевіч выдавалі не толькі ў Беларусі, але і за мяжой – у ЗША, Германіі, Вялікабрытаніі, Швецыі, Францыі, Японіі, Кітаі, В’етнаме, Балгарыі, Індыі і інш. Усяго ў 19 краінах свету. Святлана Алексіевіч аўтар сцэнарыяў 21 дакументальнага фільма і трох тэатральных п’ес.

Цяпер Святлана Алексіевіч заканчвае работу над кнігай пад назвай «Цудоўны алень вечнага палявання». Кніга ўключае ў сябе апавяданні пра каханне – мужчыны і жанчыны розных пакаленняў расказваюць свае гісторыі.

Лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры ў 2014 годзе стаў французскі пісьменнік Патрык Мадыяно. Практычна ўсе яго работы звязаны з тэмай акупацыі Францыі ў час Другой сусветнай вайны. У ліку яго работ, перакладзеных на рускую мову, – «Страчаны свет», «Дора Брудэр», «Гарызонт».

Нобелеўская прэмія па літаратуры ў лічбах: 107 прэмій па літаратуры з 1901 па 2014 год, 13 жанчын сталі лаўрэатамі, чатыры разы прэмія была падзелена паміж двума кандыдатамі, 42 гады было самаму маладому лаўрэату, 64 гады сярэдні ўзрост лаўрэата на дзень аб’яўлення прэміі Нобелеўскім камітэтам.

На першым месцы сярод лаўрэатаў літаратурнай прэміі ідуць англамоўныя пісьменнікі (27), за імі ідуць французы (14), немцы (13) і іспанцы (11). Сярод літаратурных жанраў абсалютным лідарам з’яўляецца проза (77), потым ідзе паэзія (33), драматургія (14), літаратурныя і філасофскія эсэ (3) і гістарычныя працы (2).

Хоць Шведская акадэмія імкнецца ўсё ж такі ацэньваць усю творчасць аўтараў, у дзевяці выпадках адзначаўся канкрэтны літаратурны твор, удастоены Нобелеўскай прэміі. У гэтым спісе Міхаіл Шолахаў з «Ціхім Донам», Джон Голсуорсі з «Сагай пра Фарсайтаў», Томас Ман з «Будэнброкамі» і Эрнэст Хемінгуэй са «Старым і морам».                    

БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *