Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне шэсць шлюбаў, зроблены тры адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі чатыры маленькія жыхаркі Стаўбцоўшчыны: Міхаліна Андронава, Софія Шаўчук, Мілана Жыбуль і Кацярына Кухарчык.

Зямны шлях закончыўся для 20-ці жыхароў раёна.

У пажарнай часці згадалі пажар у жылым доме ў Слабадзе (Заямнаўскі сельсавет). Прычына  – неасцярожнае абыходжанне з агнём гаспадара дома, адзінокага пенсіянера, які курыў у пасцелі. Мужчына з дыягназам «атручванне прадуктамі гарэння» дастаўлены ў бальніцу.

Міліцыяй зарэгістравана 131 паведамленне аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана 15 крымінальных спраў, у 13-ці з іх устаноўлены падазраваемыя. На аўтастаянцы побач з гандлёвым цэнтрам «Арманда» нецвярозы хуліган стукнуў нагою па аўтамабілі БМВ Е-30, у выніку чаго разбіты заднія фары. З двара стаўбчаніна прапалі дошкі, а з дома старасвержанца – руберойд.

Суд прыгаварыў да аднаго года выпраўленчых работ з утрыманнем 10-ці працэнтаў заробку 46-гадовага жыхара Скамарошак, які выкраў мультымедыйны праектар. 39-гадовы стаўбчанін асуджаны да 150-ці гадзін грамадскіх работ – за ўхіленне ад уплаты сродкаў на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей. 23-гадовы новасвяржанін не з’явіўся па павестцы ў райваенкамат без уважлівай прычыны і быў аштрафаваны на 360 000 рублёў. На 540 000 рублёў пакараны штрафам 51-гадовы жыхар Ніўнага, у гаспадарчай пабудове якога быў знойдзены самагонны апарат.

ДАІ выявіла 273 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – сем вадзіцеляў-бяспраўнікаў і 90 недысцыплінаваных пешаходаў. Пешаходам варта абазначаць сябе ў цёмны час сутак флікерамі, да чаго заклікае і дзеючая акцыя –  «Стань прыкметным у цемнаце». Здарылася пяць дарожных аварый, у адной з іх загінула 80-гадовая жанчына: 14-га кастрычніка каля 19.30 падчас руху па пешаходным пераходзе на 297-м км аўтамагістралі на яе быў учынены смяротны наезд аўтамабілем МАН, кіраваў якім 35-гадовы жыхар Стоўбцаў. Праводзіцца разбіральніцтва.

Санітарнай службай прыпынена эксплуатацыя на сем дзён магазіна ТДА «Зіма Плюс» (вуліца Сацыялістычная; дырэктар В.  Г.  Отценка) – мера прынята галоўным дзяржаўным санітарным урачом Мінскай вобласці за невыкананне прадпісання раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

 

«Хуткая» выязджала да хворых 215 разоў, у прыватнасці сем сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап’яненнем. Тры звароты ў экстранную службу медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных.

Падрыхтавала

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *