З нагоды

Людзі і лёсы Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

ЗАЎТРА – ДЗЕНЬ АЎТАМАБІЛІСТА І ДАРОЖНІКА

Ігара Капшая, які на здымку, асабліва прадстаўляць не патрэбна. Гэта добра вядомы сваёй адказнай працай вадзіцель ААТ «Агранёманскі», неаднаразовы лідар працоўнага спаборніцтва вадзіцеляў Стаўбцоўшчыны,  што былі заняты на адвозцы зерня ў гарачую жнівеньскую пару. Аўтамабіль Ігара заўсёды ў выдатным тэхнічным стане і гатоў да любых рэйсаў і перавозак.

Генадзь Жвірбля працуе з 2010 года, з першага дня адкрыцця ў Рубяжэвічах асобнага вытворчага ўчастка ДРБУ № 135. Ён мясцовы жыхар, з Дзяўгоў, таму добра знаёмы з усімі тутэйшымі дарогамі, якія яму прыходзіцца абслугоўваць. Трактарыст мае самы высокі кваліфікацыйны разрад – пяты.

Механізатар-дарожнік усё лета, абсталяваўшы свой трактар навяснымі агрэгатамі, займаўся абкошваннем абочын дарог, прывядзеннем іх у парадак. Стараецца працаваць якасна, хутка, без прастояў, каб добры настрой быў і ў тых, хто карыстаецца гэтымі дарогамі. Кіраўніцтва арганізацыі задаволена працай Генадзя Тамашавіча, адзначаючы яго ў калектыве граматамі і прэміямі.

Напярэдадні прафесійнага свята дарожнікаў ёсць нагода сказаць людзям гэтай прафесіі «дзякуй» і выказаць спадзяванне, што яны апраўдаюць надзеі жыхароў раёна.

РЭНТАБЕЛЬНАСЦЬ ЗАБЯСПЕЧАНА

Асноўны вынік, якога дасягнуў у бягучым годзе калектыў аўтапарка № 17, – выхад на рэнтабельную работу. Вышэй мінулагодняга ўзроўню дасягнуты і паказчык экспарту паслуг. 

Так склалася, што гарадскія і прыгарадныя пасажырскія перавозкі, якія ажыццяўляе прадпрыемства, заўсёды былі і застаюцца стратнымі. Частка гэтых страт кампенсуецца за кошт датацыі з раённага бюджэту, але асноўная крыніца паступленняў на рахунак – ад грузавых перавозак, заказных аўтобусных перавозак.

Цяпер парк грузавой тэхнікі аказвае паслугі розным дарожным арганізацыям, працуе ў Мінскай, Віцебскай абласцях. «З пачатку года былі праблемы з фронтам работ, – заўважае дырэктар Іван Бычкевіч, – цяпер задзейнічана ўся тэхніка».

У калектыве транспартнікаў працуюць прафесіяналы сваёй справы. Многія з іх прысвяцілі гэтаму прадпрыемству ўсё сваё працоўнае жыццё. Сёлета, з нагоды прафесійнага свята – Дня аўтамабіліста, да ўзнагароджання прадстаўлены вопытныя вадзіцелі грузавых аўтамабіляў Генадзь Лапко і Мікалай Баўдзей, вадзіцель аўтобуса Алег Ступец.

Да канца года плануецца папоўніць аўтобусны парк новай адзінкай тэхнікі – аўтобусам, прызначаным для прыгарадных перавозак.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

ГАТОЎНАСЦЬ З СІСТЭМАЙ GPS

Філіял ДЭУ № 62 амаль поўнасцю падрыхтаваў сваю тэхніку да работы ў зімовых умовах.

На лінейна-дарожных дыстанцыях 621 і 622 гатовы да выхаду на ачыстку зімовых дарог 11 колавых трактароў з навясным абсталяваннем, два аўтагрэйдары, тры пагрузчыкі. Два з 14-ці пескасолераскідвальнікаў пакуль застаюцца ў нерабочым стане. Уся тэхніка абсталявана сістэмай GPS, якая дазволіць у любы час сутак мець дакладную інфармацыю аб яе месцазнаходжанні.

Адначасова з рамонтнымі работамі працягваецца нарыхтоўка матэрыялаў для апрацоўкі дарог ад зімовай слізкасці. На даны момант дарожнікамі назапашана амаль 80 працэнтаў пясчана-салянай сумесі.

Пр

ПАДАРЫЛА МУЖУ … ВЯСЕЛЛЕ

Роўна паўвека таму Зіновій і Вольга Лебедзевы, якія пражываюць у вёсцы Найдзёнавічы, узялі шлюб. Звычнага вяселля з пярсцёнкамі і букетамі кветак у маладых не было – толькі распісаліся ў сельскім савеце ў Карэліцкім раёне, адкуль родам галава сям’і. Не да таго было ім… Вольга Савельеўна – сірата, выйшла з дзіцячага дому ў Добрушскім раёне Гомельскай вобласці.

Затое праз 50 гадоў, калі ў іх выраслі тры цудоўныя дачкі і сын, адарылі бацькоў трыма ўнукамі і праўнучкай, у іх атрымалася сапраўднае вяселле. З абменам «маладажонамі» шлюбнымі пярсцёнкамі, хвалюючым шлюбным вальсам і пацалункам. Па прынятай традыцыі, «нявеста» нават свой букецік, што трымала ў руках, кінула гасцям – гэта ўнукам на будучае вяселле.

З караваем сустракала залатых юбіляраў у Шашкоўскім сельскім савеце кіраўнік справамі Таццяна Галушка. Пачалася ўрачыстая цырымонія, падчас якой ім уручылі юбілейнае пасведчанне аб шлюбе. Праходзіла ўсё пад жывую музыку народнага ансамбля «Гарэзы». Да віншаванняў далучылася і раённая арганізацыя рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь», якая перадала шаноўным юбілярам падарунак – пасцельны набор.

Ідэяй такога цудоўнага сямейнага свята загарэлася першай «нявеста» – менавіта Вольга Савельеўна вырашыла такім чынам, зладзіўшы залатое вяселле, аддзячыць уласнаму мужу за пражытае разам жыццё. Ён у яе працавіты і надзвычай масцеравіты, у яго руках ажывае любы матэрыял. Па жыцці Зіновій Мікалаевіч быў механізатарам, вадзіцелем. Калі ў 1992 годзе яны вырашылі пераехаць сваёй сям’ёй з вёскі Чырвоны партызан Добрушскага раёна Гомельскай вобласці на Стаўбцоўшчыну, у Найдзёнавічы, яму таксама даверылі тэхніку. Яго агульны працоўны стаж складае 37 гадоў. Такі ж ён і ў яго спадарожніцы, якой прыходзілася шчыраваць у розных сферах – у бібліятэцы, сталовай, на ферме. Будучы на пенсіі, яна працягвала працаваць у тагачасным калгасе імя Суворава аператарам машыннага даення.

І сёння не сядзяць без працы ні муж, ні жонка Лебедзевы. Для сваіх дзяцей яны пабудавалі адзін, потым другі дамы. Жывуць дружна, дзеці і ўнукі бязмежна іх паважаюць. Вольга Савельеўна, і гэта не можа не адзначыць старшыня Шашкоўскага сельвыканкама Святлана Якаўлева, яшчэ і грамадскі актывіст. У сям’і яна – лідар, матуля і бабуля з сучаснымі поглядамі, а ў маштабах вёскі – памочнік старасты.

…Не змаўкаюць у шашкоўскіх ваколіцах залатыя вяселлі. Памятаецца, як некалькі гадоў таму ўшаноўвалі тут сям’ю Мікалая Мікалаевіча і Альфрэды Іосіфаўны Явід. Няхай Бог дае гэтай і іншым сем’ям дажыць шчасліва да брыльянтавага вяселля!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

З НАТХНЕННЕМ МАТУЛІНЫХ РУК

Умелыя і нястомныя рукі матулі былі, ёсць і застануцца скарбам зямлі і сімвалам матулінай душэўнай маладосці.

Да Дня маці ў тэрытарыяльным цэнтры прайшло святочнае пасяджэнне членаў клубаў «Гады – не бяда». «Усё на свеце ад мацярынскіх рук» – так яно называлася. І акцэнт, зроблены на мацярынскія рукі, – зусім невыпадковы. Свята пачалося з прэзентацыі творчых работ, выкананых членамі гурткоў пры аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту разам з іх кіраўнікамі,  майстрамі сваёй справы Таццянай Шаўчук і Людмілай Няверавай.

Свае работы прадставілі Марыя Яфрэмава, Алена Гундзіловіч, Валянціна Кубрына, Алена Скараходава. Усе гэтыя жанчыны з’яўляюцца і валанцёрамі Чырвонага Крыжа. На іх камізэльках – дэвіз актыўнага даўгалецця.   

Было наладжана ўшанаванне кожнай з прысутных жанчын. Сярод іх – і Надзеі Лінкевіч, якая ў свой час працавала ў радзільным аддзяленні бальніцы і дапамагла з’явіцца на свет не аднаму дзіцяці, і прыёмнай маці Алы Мешыч. Яна з мужам вырасціла дачку (ужо маюць унучку), прыёмнага сына і цяпер гадуюць яшчэ адну, прыёмную, дачку.

Для таленавітых мамаў баяніст Яўген Цвірка дарыў песні – яму падпявала ўся зала. Сваёй паэтычнай творчасцю падзяліліся Аляксандра Бібікава, Майя Жалязняк, Ала Мешыч. Алена Скараходава правяла майстар-клас па вырабе сувеніраў… са звычайнай солі.

А завяршылася сустрэча за цёплым чаяпіццем (у арганізацыі яго аказалі падтрымку тэрытарыяльны цэнтр і прадпрыемства «Гном-сэрвіс»).

У аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра таксама  зладзілі свята для маці выхаванцаў аддзялення, а таксама маці дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў.

Праграма сустрэчы называлася «Мой анёл – мама», чым настройвала на ўзвышаны і душэўны лад, – расказала загадчык аддзялення Наталля Макава. – Яна ўключала ў сябе выстаўку работ выхаванцаў аддзялення, прэзентацыю аб дзейнасці аддзялення ў 2015 годзе і, безумоўна, святочны канцэрт, прысвечаны адзінаму і самаму дарагому на зямлі чалавеку – матулі.

У госці ў аддзяленне завітала вакальная група Навасвержанскага цэнтральнага Дома культуры «Девчата» пад кіраўніцтвам Алы Янскай. Артысты шчодра дзяліліся з прысутнымі сваім «дзявочым» задорам, жыццёвай непасрэднасцю і творчым настроем.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *