Да ведама

Нумары Соцыум

УСЕ СПАЖЫЎЦЫ – З ПАШПАРТАМІ

На Стаўбцоўшчыне ўсе спажыўцы цеплавой энергіі, а іх 132, атрымалі да 1-га кастрычніка пашпарты гатоўнасці. Што датычыць цеплакрыніц, то пашпарты гатоўнасці выдадзены 89-ці з 90 наяўных.

Адзінай непашпартызаванай да ўстаноўленага тэрміну – 1-га кастрычніка – аказалася цеплакрыніца, якая знаходзіцца на балансе ААТ «Агранёманскі» (з кацельні абаграваецца тутэйшы Цэнтр культуры разам з праўленнем гаспадаркі, а таксама 12-кватэрны жылы дом). Гаспадарка своечасова не парупілася, каб атрымаць заключэнне Дзяржпрамнагляду адносна гатоўнасці цеплакрыніцы да работы ў асенне-зімовы перыяд, таму быў складзены адміністрацыйны пратакол па артыкулу 20.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. 9-га кастрычніка гэта заключэнне было атрымана гаспадаркай. Згодна з ім і пасля таго, як будуць выкананы прадпісанні, выдадзеныя органамі дзяржэнерганагляду, будзе аформлены акт гатоўнасці цеплакрыніцы.     

Як адзначае дзяржаўны інспектар Стаўбцоўскага МРА «Энерганагляд» Сяргей Хвасько, сярод прадпрыемстваў і арганізацый раёна, якія з адказнасцю паставіліся да падрыхтоўкі да ацяпляльнага перыяду 2015 – 2016 гг., варта назваць аб’яднанне камунальных службаў (тут адна з найбольшых у раёне цеплавых гаспадарак, прадстаўленая цеплавузламі, індывідуальнымі цеплавымі пунктамі, жылымі дамамі), Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат (сёлета праведзена мадэрнізацыя кацельні і цеплавых сетак), а таксама Хатаўскі спіртовы завод, цэнтральную раённую бальніцу, установы культуры і інш.

У сувязі з паніжэннем сярэднясутачнай тэмпературы раённым выканаўчым камітэтам, на падставе Тэхнічнага кодэкса ўстанавіўшайся практыкі ТКП-388-2012, прынята рашэнне аб пачатку ацяпляльнага перыяду 2015 – 2016 гг. з 7-га кастрычніка і паэтапным уключэнні сістэм ацяплення на ўсёй тэрыторыі раёна. У першую чаргу да цяпла былі падключаны дзіцячыя дашкольныя, школьныя і лячэбна-прафілактычныя медыцынскія ўстановы, установы сацыяльнага забеспячэння, музеі, дзяржаўныя архівы, бібліятэкі, у другую чаргу – жылыя дамы, гасцініцы, інтэрнаты, вучэбныя ўстановы, у трэцюю – грамадскія і адміністрацыйныя будынкі, у чацвёртую – прамысловыя прадпрыемствы і іншыя арганізацыі. Адна з абавязковых умоў для падключэння – наяўнасць пашпарта гатоўнасці або акта праверкі гатоўнасці да работы ў асенне-зімовы перыяд.

На пачатку чарговага ацяпляльнага перыяду дзяржінспектар энерганагляду Таццяна Герасімовіч звяртае ўвагу на пытанне выкарыстання электранагравальнага абсталявання. У студзені-сакавіку 2015 года былі выяўлены тры спажыўцы (філіял ААТ «Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў», ААТ «Каганец», ЗАТ «Аграмашзапчастка»), якія безулікова выкарыстоўвалі награвальнае абсталяванне ў мэтах ацяплення. У адносінах да іх былі складзены акты з агульнай сумай штрафных санкцый 16,5 мільёна рублёў.

Сумы штрафаў – значныя, таму варта памятаць, што пры ўстаноўцы электранагравальных устройстваў неабходна атрымаць заключэнне на выкарыстанне электраэнергіі з мэтай нагрэву. Электраэнергія для электраацяплення, электраводанагрэву аплачваецца па тарыфах, якія дзейнічаюць для юрыдычных асоб. Пасля заканчэння мантажу электранагравальных устройстваў (яны павінны быць толькі заводскага вырабу) спажывец павінен падаць заяўку ў энерганагляд для іх агляду і допуску да эксплуатацыі. Самавольная ўстаноўка, эксплуатацыя без заключэння і допуску забаронены.

Нагадваем жыхарам раёна пра няўхільнае выкананне правілаў электрабяспекі. Электрычнасць нясе ў нашы дамы і ў наша жыццё камфорт, новыя тэхналогіі і прагрэс, але можа абярнуцца і  адваротным бокам, калі не ведаць ці, тым больш, ігнараваць элементарныя правілы бяспечнага карыстання.     

       Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ЧЫСЦІНЯ РУК – ЗАЛОГ ЗДАРОЎЯ!

Чысціня рук – эфектыўны бар’ер для хваробатворных мікраарганізмаў. Такая простая гігіенічная працэдура прадухіляе большасць выпадкаў смерці дзяцей да 5 гадоў ад кішэчных і рэспіраторных захворванняў.

На руках існуе да сотні мікраарганізмаў, прычым – менавіта на вільготных (ліпкіх, брудных).

Сусветная арганізацыя аховы здароўя рэкамендуе выконваць пяць простых дзеянняў пры мыцці рук:

  1. Змачыце рукі цёплай вадой і намыльце іх (лепш нанесці вадкае мыла памерам з гарошыну).
  2. Трыце далоні да таго часу, пакуль мыла не ўспеніцца, удзяляючы ўвагу пальцам, скуры паміж імі і пад ногцямі.
  3. Працягвайце церці іх 15 секунд.
  4. Змыйце мыла праточнай вадой.
  5. Высушыце рукі пры дапамозе папяровага ручніка (выкарыстоўвайце яго, каб закрыць кран ці адкрыць дзверы туалетнага пакоя).

Для паляпшэння якасці свайго жыцця і добрага самаадчування блізкіх мыйце рукі:

–       да, у час і пасля прыгатавання ежы;

–       перад ежай;

– пасля вяртання дамоў з вуліцы;

–       пасля догляду за хворым;

–       перад тым, як будзеце апрацоўваць раны, парэзы на скуры і т. п.;

–       пасля наведвання туалета;

–       пасля змены падгузнікаў ці догляду за дзецьмі;

–       пасля кашлю, чыхання;

–       пасля догляду за жывёламі і г. д.

Для дому рэкамендуецца купляць звычайнае мыла. Упэўненых навуковых доказаў зніжэння інфекцыйных захворванняў пры выкарыстанні мыла з антыбактэрыяльнымі якасцямі не атрымана, а негатыўныя вынікі вызначаны: доўгае прымяненне парушае звычайны баланс супрацьмікробных пепцідаў скуры, памяншае колькасць нармальнай скураной флоры. У выніку зніжаецца мясцовы імунітэт, развіваюцца алергічныя скураныя праблемы, а ў мікраарганізмах фарміруецца ўстойлівасць да антыбактэрыяльных сродкаў.

Галоўны ўрач ДУ  «Стаўбцоўскі РЦГіЭ» І. Г. Кунцэвіч

 

У ВАЕННАЙ АКАДЭМІІ – ДЗЕНЬ АДКРЫТЫХ ДЗВЯРЭЙ

31 кастрычніка 2015 года ва ўстанове адукацыі «Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь» адбудзецца Дзень адкрытых дзвярэй.

У ходзе правядзення Дня адкрытых дзвярэй будзе растлумачаны парадак прыёму і навучання ў Ваеннай акадэміі, арганізавана экскурсія па факультэтах, прадстаўлена магчымасць азнаёміцца з вучэбна-матэрыяльнай базай, жыццём і бытам курсантаў, месцамі іх пражывання і навучання.

Дзень адкрытых дзвярэй будзе праводзіцца па адрасе: г. Мінск, праспект Незалежнасці, 220, Ваенная акадэмія. Праезд ад станцыі метро «Уручча» – аўтобусамі № 15, 99, 271, 286, 343, 396 да прыпынку «Ваенная акадэмія». Пачатак –  у 10.00 у клубе «Ракетчык».

Ваенны камісарыят Мінскай вобласці



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *