Інавацыі стаўбцоўскай бальніцы

На базе стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бальніцы адбылася калегія галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінаблвыканкама. На парадку дня былі  пытанні арганізацыі медыцынскай дапамогі насельніцтву Стаўбцоўскага раёна, развіцця пазабюджэтнай дзейнасці арганізацый аховы здароўя Мінскай вобласці, вынікі дыспансернага назірання асоб, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, кадравай палітыкі, павышэння кваліфікацыі медработнікаў, атэстацыі кадраў і замацавання маладых спецыялістаў.

Работа калегіі праходзіла пад старшынствам першага намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінаблвыканкама Зіновія Гозмана. У рабоце пасяджэння прыняў удзел і выступіў намеснік старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама Сяргей Шэсцель.

Азнаямленне са стаўбцоўскай раённай бальніцай кіраўніцтва галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінаблвыканкама, Мінскай абласной клінічнай бальніцы, галоўных урачоў цэнтральных раённых бальніц вобласці адбылося не толькі з даклада і прэзентацыі работы медыцынскай установы на флэш-картах з інфармацыйным матэрыялам у электронным варыянце, якія былі прэзентаваны ўдзельнікам нарады, але і ў працэсе экскурсіі па аддзяленнях медыцынскай установы. У бягучым годзе інтарэс да стаўбцоўскай бальніцы быў праяўлены не толькі  ў час гэтага выязнога пасяджэння калегіі, але і на іншых рэспубліканскіх форумах.

У першую чаргу ўражвае аб’ём праведзеных работ па рамонце аддзяленняў. З пачатку года асвоена больш за чатыры мільярды рублёў, з іх больш за 3,5 мільярда – гаспадарчым спосабам. Райбальніца выглядае эфектна, цяжка паверыць, што гэты «шык» наведзены на старых плошчах. Удзельнікі калегіі наведалі хірургічны, траўматалагічны кабінеты паліклінікі і іншыя кабінеты на чацвёртым паверсе, аддзяленне прафілактыкі на першым паверсе побач з рэгістратурай, якое стала працаваць нядаўна. Яно ўключае даўрачэбны кабінет, кабінет Чарнобыльскага рэгістру, дыспансерны кабінет, мужчынскі і жаночы аглядавыя кабінеты, кабінет прапаганды здаровага ладу жыцця, імунапрафілактыкі, кабінет урача і «Цэнтр здароўя падлеткаў і моладзі». Рэгістратура прываблівае не толькі сваім прэзентабельным выглядам, але і зместам: уся работа інфарматызавана з увядзеннем інтэрнет-рэгістратуры. Наогул, на патрэбы інфарматызацыі з пачатку года затрачана 305 мільёнаў рублёў – для набыцця камп’ютараў, прынтараў, прыкладнога праграмнага забеспячэння. У выніку план інфарматызацыі выкананы на 125 працэнтаў. Да лакальнай вылічальнай сеткі падключана ўжо 81 рабочае месца. Запланавана далейшае будаўніцтва лакальных вылічальных сетак – сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі прыйдуць ва ўсе аддзяленні, у тым ліку і сельскія, дзе ўжо ў гэтым накірунку праведзена вялікая работа. Ва ўсіх амбулаторыях ўстаноўлена праграма АІС «Урач агульнай практыкі».

Перад калегіяй у райбальніцы адбылося чарговае наваселле – адрамантавана ў сучасным стылі радзільнае аддзяленне, таксама з укараненнем сучасных інфармацыйных тэхналогій. Спецыялізаваная мэбля, прадуманы дызайн палат, душавых – усё пакідае прыемнае ўражанне і радасць. Спецыялістамі «Белмедтэхнікі» ажыццёўлена новая падводка да абсталявання ў палатах для нованароджаных. Да слова, з пачатку года медыцынскай установай набыта новага абсталявання на суму 2,3 мільярда рублёў. Гэта стымул развіваць новыя тэхналогіі ў дыягностыцы і лячэнні. Асабліва паказальнае ў гэтым плане стаматалагічнае аддзяленне, якое таксама наведалі ўдзельнікі калегіі. Загадчыку аддзялення Эдварду Станкевічу было зададзена нямала пытанняў адносна прымянення эфектыўнага абязбольвання сучаснымі анэстэтыкамі, рэстаўрацыі зубоў сучаснымі пламбіровачнымі матэрыяламі, правядзення пратэзіравання металакерамікай, эндасальнай імплантацыі – стаўбцоўскае стаматалагічнае аддзяленне па ўкараненні гэтых навейшых тэхналогій стала першапраходцам у вобласці сярод раённых бальніц. Высока была ацэнена работа хірургічнага аддзялення па правядзенні складаных і высокатэхналагічных аперацый лапараскапічным метадам, грыжасячэнне з выкарыстаннем сетчатых імплантаў, выдаленне і склеразіраванне варыкозна пашыраных вен, эндапратэзіраванне тазабедранага суставу, новыя метады лячэння пералому касцей канечнасцяў з выкарыстаннем універсальнага блакірованнага бедранага стрыжня, пласцін з вуглавой стабільнасцю шурупаў. Закуплены дэрматом. Ажыццяўляецца транскраніяльнае ультрагукавое даследаванне і УГД БЦА на каляровых лічбавых ультрагукавых апаратах.

Удзельнікі нарады азнаёміліся з аказаннем паслуг касметалогіі, фізіятэрапеўтычным лячэннем і прафілактыкай захворванняў з выкарыстаннем апарата пнеўмакампрэсійнай тэрапіі «Лімфа-мат».

У разрадзе інавацыйных дасягненняў – падключэнне да адзінай рэспубліканскай тэлемедыцынскай карпаратыўнай сеткі для кансультавання па лічбавых флюараграфічных даследаваннях. Наладжана таксама кансультаванне на аддаленым доступе і перасылка рэнтгенаграфічных здымкаў з кафедрай артапедыі і траўматалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

Асаблівыя акцэнты для галоўных урачоў Мінскай вобласці былі зроблены на ўкараненні ў стаўбцоўскай бальніцы праграм «Асабісты ўрач-тэрапеўт», «Асабісты ўрач-педыятр», «Асабісты ўрач акушэр-гінеколаг», «Вядзенне цяжарнасці па трыместрах».

Стаўбцоўская бальніца зрабіла важкі крок наперад у развіцці дзейнасці клініка-дыягнастычнай лабараторыі па ўкараненні новых відаў даследаванняў – дыягностыкі і маніторынгу анкалагічных захворванняў метадам ІФА, даследавання гарманальнага статусу, мікрабіялагічнага даследавання, дыягностыкі алергіі. Высокую ацэнку атрымала работа міжраённага аддзялення пералівання крыві, якое абслугоўвае, акрамя Стаўбцоўскага, Дзяржынскі, Клецкі, Капыльскі, Лагойскі, Мінскі, Нясвіжскі, Пухавіцкі, Уздзенскі і Чэрвенскі раёны.

Удзельнікі калегіі першыя наведалі фіта-бар на аснове гаючых траў Рубяжэвіцкай аптэкі, прэзентацыя якога была прыўрочана да пасяджэння калегіі.

Вышэй сярэднеабласных у стаўбцоўскай бальніцы паказчык па аказанні платных паслуг насельніцтву – за дзевяць месяцаў аб’ём іх склаў пяць мільярдаў рублёў ці 142 працэнты да планавага задання. Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель адзначыў, што сярод арганізацый сацыяльнай сферы ў раёне такога ўзроўню ніхто не дасягнуў. У лідарах у вобласці стаўбчане па экспарце медыцынскіх паслуг – да ўзроўню мінулага года працэнт выканання задання складае 168 працэнтаў. Адзначалася, што кіраўніцтва райбальніцы занята цяпер стварэннем сучаснай версіі сайта медыцынскай установы, каб мець магчымасць прапаноўваць паслугі ў Расійскай Федэрацыі і краінах СНД.

Разглядваўся станоўчы вопыт стаўбцоўскай бальніцы па рабоце з кадрамі. Дастаткова прывесці такую статыстыку. Яшчэ два гады назад у медыцынскай установе было 27 вакантных пасад урачоў, на сучасны момант не хапае толькі сем урачоў. Распрацаваны мерапрыемствы кадравай палітыкі, якія дапамогуць вырашыць пытанне з поўным укамплектаваннем медустановы медыцынскімі кадрамі.

Упэўнена адчувала сябе на гэтым пасяджэнні галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Глебка. Здавалася б, з яе попыт невялікі – працуе няпоўны каляндарны год. Аднак яна аказалася гатовай узяць на сябе ўсю адказнасць за дзейнасць даверанай установы. Ёй хапіла гэтага кароткага часу, каб зрабіць «рэвалюцыю» і ў свядомасці калег, і ва ўкараненні сучасных тэхналогій, і ў сур’ёзным умацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы, і  ў якасным паляпшэнні медыцынскага абслугоўвання жыхароў раёна. На гэтым планы не вычарпаны, і стваральная дзейнасць не заканчваецца. У перспектыве – нямала цікавых праектаў і напрацовак. Застаецца і жыхарам раёна адмовіцца ад стэрэатыпаў, прывучыць сябе да дысцыпліны сачыць за сваім здароўем, не грэбаваць дыягностыкай, прафілактыкай, карыстацца новаўвядзеннямі і аблягчаць сваё жыццё.

З пачатку года на рамонце аддзяленняў цэнтральнай раённай бальніцы асвоена больш за чатыры мільярды рублёў. За гэты ж перыяд медыцынскай установай набыта новага абсталявання на суму 2,3 мільярда рублёў. У той жа час паказчык па аказанні платных паслуг склаў пяць мільярдаў рублёў. Вялікая праграма абнаўлення, кваліфікацыя медыцынскіх работнікаў – усё на службу здароўя насельніцтва.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель і галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Глебка ў час плянарнага пасяджэння; зала – з увагай; акушэр-гінеколаг радзільнага аддзялення Алена Жук і медсястра Алена Клімко; кіслародны кактэйль у фіта-бары прапануе медсястра-дыетолаг Аляўціна Сянькевіч.