Сувязі

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

РАЗГЛЕДЖАНЫ ПЫТАННІ РАЗВІЦЦЯ

Намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Сірэнка Віктар Іванавіч правёў прыём грамадзян у Стаўбцоўскім райвыканкаме.

У час прыёму былі разгледжаны пытанні развіцця сродкаў масавай інфармацыі, службаў аховы здароўя, пытанні дашкольнага і школьнага выхавання. Віктар Іванавіч падзяліўся сваім бачаннем такіх праблем, як узаемаадносіны бацькоў і дзяцей і адпаведная адказнасць дзяцей за сваіх бацькоў і ўвогуле развіццём нашага грамадства ў сучасных умовах.

Затым Віктар Сірэнка разам з кіраўніцтвам раёна азнаёміўся з работай фізкультурна-аздараўленчага комплексу і падрыхтоўкай да здачы ў эксплуатацыю другой чаргі будаўніцтва ФАКа (басейна).

Нэлі АСТРЭЙКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО

На здымку:  В. І. Сірэнка у час прыёму грамадзян.

ПРАДУГЛЕДЖВАЕЦЦА КАЛЕКТЫЎНЫМ ДАГАВОРАМ

Інтарэсы кожнага работніка закранае калектыўны дагавор. Па вызначэнні, гэта лакальны нарматыўны прававы акт, які рэгулюе працоўныя і сацыяльна-эканамічныя адносіны паміж наймальнікам і работнікамі.

Калектыўны дагавор можа дзейнічаць у арганізацыях усіх форм уласнасці. Заканадаўствам не ўстаноўлена абмежаванне для заключэння дагавора ў залежнасці ад колькасці работнікаў.

Заключэнню калектыўнага дагавора папярэднічае пэўная падрыхтоўчая работа. Для вядзення калектыўных перагавораў і распрацоўкі праекта дагавора ў арганізацыі ствараеццца спецыяльная камісія з упаўнаважаных прадстаўнікоў наймальніка і работнікаў. Падрыхтаваны праект калектыўнага дагавора выносіцца на абмеркаванне працоўнага калектыву. Калі выказаны заўвагі і прапановы, то праводзіцца яго дапрацоўка. Завяршальнай стадыяй заключэння дагавора з’яўляецца яго падпісанне. Згодна з арт. 369 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, кожны бок калектыўнага дагавора падпісваецца ўпаўнаважанымі прадстаўнікамі бакоў. Як правіла, па даручэнні сходу працоўнага калектыву з боку наймальніка яго падпісвае кіраўнік арганізацыі, з боку работнікаў – старшыня прафкама.

Калектыўны дагавор уступае ў сілу з моманту падпісання ці з дня, які ўстанаўліваецца бакамі і дзейнічае да заключэння новага калектыўнага дагавора. Дагавор заключаецца на вызначаны тэрмін, але не менш, чым на год і не больш, чым на тры гады. У выніку рэарганізацыі калектыўны дагавор захоўвае сваё дзеянне на працягу тэрміну, на які ён заключаны, калі бакі не прынялі іншага рашэння. Пры змене ўласніка маёмасці арганізацыі дзеянне калектыўнага дагавора захоўваецца на працягу трох месяцаў.

Падпісаны дагавор рэгіструецца ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Для рэгістрацыі калектыўнага дагавора наймальнік падае заяву з просьбай аб рэгістрацыі, сам калектыўны дагавор, кожная старонка якога падпісваецца бакамі. Адзін экзэмпляр зарэгістраванага дагавора застаецца ў рэгіструючым органе. Неабходны таксама копіі дакументаў, што пацвярджаюць паўнамоцтвы бакоў на падпісанне калектыўнага дагавора. Рэгістрацыя дагавора ажыццяўляецца на працягу двух тыдняў з даты атрымання заявы. Больш падрабязную інфармацыю аб парадку рэгістрацыі калектыўнага дагавора можна атрымаць на сайце Стаўбцоўскага райвыканкама www.stolbtsy.minsk-region.by або ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама (тэл. 5-33-99).

Што датычыць зместу калектыўнага дагавора, то ён вызначаецца бакамі ў межах іх кампетэнцыі Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь. Дагавор не можа мець умовы, што пагаршаюць становішча работнікаў у параўнанні з дзеючым заканадаўствам. У адпаведнасці  з арт. 362 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, такія ўмовы з’яўляюцца несапраўднымі.

Як правіла, у калектыўны дагавор уключаюцца палажэнні аб аплаце, ахове працы, заключэнні і спыненні працоўных дагавораў (кантрактаў). Дадатковыя гарантыі моладзі, сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, ветэранам і інвалідам, стварэнне ўмоў для павышэння культурнага ўзроўню і фізічнага ўдасканалення работнікаў. Калектыўны дагавор можа мець дадаткі, якія з’яўляюцца яго неад’емнай састаўной часткай. Гэта Палажэнне аб прэміраванні, пералік прафесій і пасад са шкоднымі ці небяспечнымі ўмовамі працы для атрымання кампенсацый, план мерапрыемстваў па ахове працы і г. д.

На працягу тэрміну дзеяння калектыўнага дагавора ў яго, па дамоўленасці бакоў, могуць уносіцца змяненні і дапаўненні, рэгістрацыя якіх праводзіцца ў парадку, прадугледжаным для рэгістрацыі калектыўнага дагавора.

Наталля ЛАПКО,

начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама

МАЛАДЫЯ ВЫБІРАЮЦЬ

Раённы камітэт БРСМ арганізаваў «Адкрытыя дэбаты «Выбірай. BY» на базе школы № 2 г. Стоўбцы.

Старшакласнікі, гатовыя адстойваць сваю пазіцыю, былі падзелены на дзве каманды. У іх складзе не было абыякавых да прапанаванай тэмы – «Здаровы лад жыцця – мода сучаснага пакалення ці сапраўдная каштоўнасць». Завязалася бурнае абмеркаванне, і размова выйшла на найбольш актуальныя для маладых людзей пытанні, такія як, курыць ці не, забруджваць свой арганізм алкаголем ці не паддавацца на «кручок» гэтых і іншых, не менш небяспечных, спакусаў. Прыводзіліся і канкрэтныя прыклады – з уласнага досведу і вопыту іншых, з літаратуры… Сярод аднакласнікаў удзел у дэбатах прымала і сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ Яна Клімовіч, а слова дарослых было за завучам па выхаваўчай рабоце Аленай Бандаровіч.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

МОЙ «ЗАПАРОЖАЦ» ІЗНОЎ НА ХАДУ 

Мне 82-гі год пайшоў, а я яшчэ на машыне, за рулём свайго «Запарожца» з ручным упраўленнем… За гэта трэба дзякаваць маім добрым рамонтнікам. 

Аўтамабіль па жыцці рухаецца са мною побач, замяняе мае ногі. Без яго я сябе не ўяўляю. Але іншым разам ён таксама патрабуе да сябе ўвагі. Асабліва непрыемна тады, калі выходзіць штосьці са строю. І нядаўна здарылася паломка – «паляцеў» цыліндр. Я звярнулася да сваіх добрых памочнікаў – сям’і Лаўрыновічаў, у якіх станцыя тэхабслугоўвання знаходзіцца недалёка ад майго дома, на тэрыторыі былой воінскай часці. Да вырашэння праблемы падключыўся і майстар. Замянілі ўсё хутка, не ўзялі з мяне і платы. Раней на гэтай станцыі ў маім аўтамабілі не адзін раз ажыццяўлялі замену масла – і таксама поўнасцю бясплатна аказвалі паслугу.

Мой «Запарожац» ізноў на хаду, і я шмат думаю пра гэтых добрых людзей, у думках пасылаю ім дабро, шчасце, спаўненне самых запаветных мараў і надзей, даўгалецце.     

Людміла Радзькова,

жыхарка Стоўбцаў

ЖЫЦЦЁ СКЛАДАЕЦЦА З СУСТРЭЧ

Творчая сустрэча сяброў – так можна ахарактарызаваць сустрэчу актывістаў валанцёрскага руху раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, які дзейнічае ў тэрытарыяльным цэнтры, і былых вязняў нацызма, членаў міжнароднага грамадскага аб’яднання «Узаемаразуменне».

– Ідэя падобнай сустрэчы выспявала даўно. Адзінагалосна было прынята рашэнне прыўрочыць яе да Дня пажылых людзей, – падкрэсліваюць арганізатары, загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра Сяргей Есіс і кіраўнік МГА «Узаемаразуменне» Святлана Лысенка.

Праграма такой маштабнай сустрэчы валанцёраў са Стоўбцаў і былых вязняў, жыхароў горада Мінска, была разлічана на два дні. У першы дзень яны разам накіраваліся на экскурсію па маршруту Навагрудак – Лаўрышава – Любча. Пакуль ехалі, знаёміліся з адметнасцямі нашай зямлі з дапамогай экскурсавода Антаніны Уставіч. У Навагрудку наведалі гісторыка-краязнаўчы музей і музей Адама Міцкевіча, узняліся на курган славутага пісьменніка, пазнаёміліся з гэтым адметным горадам. Далей іх чакаў Лаўрышаўскі Свята-Елісееўскі мужчынскі манастыр у Гнесічах, дзе адзін з яго насельнікаў правёў змястоўную экскурсію па абіцелі. Жадаючыя мелі магчымасць акунуцца ў святую купель.

Прыпынак з начлегам быў зроблены на Стаўбцоўшчыне, у аздараўленчым лагеры імя Я. М. Чайкі з яго камфартабельнымі ўмовамі для пражывання і адпачынку. І тут на другі дзень усіх чакала не менш насычаная падзеямі і ўражаннямі праграма.

У лагер завітаў са Стоўбцаў айцец Аляксандр Марцінчык, свяшчэннік кафедральнага сабора святой Ганны. Нікога не пакінуў абыякавым яго расказ пра жыццё хрысціяніна, напоўненае міласэрнасцю і іншымі дабрадзейнасцямі, заклік тварыць дабро, прыходзіць на дапамогу бліжняму. Валанцёр Алена Скараходава запрасіла на майстар-клас па адным з накірункаў сваёй творчасці – маляванні з дапамогай солі. Тое, што атрымалася, стала сувенірам для аднаго з удзельнікаў, які ў гэтыя дні святкаваў свой дзень нараджэння. А кульмінацыяй сустрэчы стала выступленне ансамбля былых вязняў «Памяць сэрца» (кіраўнік калектыву – Ірына Паўлава). Удзел у канцэрце ўзялі і валанцёры Стаўбцоўшчыны.                

На гэтым сувязі не заканчваюцца. У аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і міжнароднага грамадскага аб’яднання «Узаемаразуменне», якія супрацоўнічаюць ужо чатыры гады, ёсць далейшыя планы сумеснай работы. Самае галоўнае, што іх аб’ядноўвае, – гэта людзі, якім патрэбна ўвага і дапамога.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *