Сельскі час

Нумары Сельская гаспадарка Соцыум

image_pdfimage_print

ДОБРАЯ ТРАДЫЦЫЯ

На Дзень маці пятнаццаць шматдзетных маці-працаўніц з васьмі сельгаставарыстваў раёна, якія маюць пяцёра і больш дзяцей, былі запрошаны на ўшанаванне ў райцэнтр. Гэта  Надзея Шэмет (ААТ «Жацерава»), Рэгіна Лябедзька (ААТ «Агранёманскі»), Марына Маліноўская, Ванда Дудак (ААТ «Шашкі»), Валянціна Варакса, Вера Чарнец, Алёна Мішук (ААТ «Рубяжэвічы»), Людміла Антановіч, Ганна Райская, Наталля Федарук (ААТ «Вішнявецкі-агра»), Кацярына Навуменка, Наталля Дарашэвіч, Ірына Крывашэй (ААТ «Радзіма Якуба Коласа»), Валянціна Нягодзька (ААТ «Радзіма Дзяржынскага») і Галіна Дошчачка (ТАА «СЖК «Налібакі»).Райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу арганізаваў для жанчын святочную сустрэчу і абед у кафэ. Павіншавалі жанчын са святам першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Дзяніс Колесень і старшыня райкама прафсаюза АПК Тамара Калошыч. Яны ўручылі кожнай прэмію ад абласнога галіновага прафсаюза. Пабывалі жанчыны і на канцэрце, прысвечаным Дню маці, дзе іх сардэчна віталі ўсе прысутныя ў зале.

Пр

ЗАСЛУЖАНЫ РАБОТНІК ГАСПАДАРКІ

Сорак тры гады працуе ў ААТ “Радзіма Якуба Коласа» механізатар Яўген Матусік. У таварыстве яго называюць майстрам на ўсе рукі, бо ў прафесіі сваёй Яўген Іванавіч сапраўдны віртуоз. Працаўнік большую частку сельскагаспадарчага года звычайна заняты на ворыве і пры гэтым даручаную справу заўжды выконвае выдатна. Матусік па праву лічыцца галоўным аратым гаспадаркі. А яшчэ ён прызнаны бульбавод, садзіць і ўбірае бульбу. Кожны год на перыяд уборачнай кампаніі садзіцца за штурвал камбайна. У распараджэнні хлебароба збожжаўборачны камбайн «Ліда-1300», на якім адпрацаваў пятнаццаць сезонаў. І перасесці на новую тэхніку не згаджаецца.  Дарэчы, камбайн не падводзіць свайго гаспадара, бо Яўген Іванавіч своечасова яго абслугоўвае і якасна праводзіць рамонт. Сёлета намалаціў  на ім звыш тысячы тон збожжа.

Заслужаны работнік гаспадаркі за сваю рупнасць і высокія паказчыкі ў рабоце ў свой час быў адзначаны ўрадавай узнагародай – ордэнам Знак Пашаны. Настаўнік моладзі перадае накоплены багаты вопыт маладым механізатарам.

НЕ ЗДАЮЦЬ ПАЗІЦЫІ

Ладзяцца малочныя справы ў ТАА «СЖК «Налібакі». Работнікі фермаў працуюць з плюсам і з пачатку года надаілі 6363 тоны малака. У сярэднім ад кожнай каровы атрымана 6214 кілаграмаў. Лепшыя паказчыкі маюць працаўнікі МТФ «Церабейнае», на другім месцы МТФ «Цэнтр», на трэцім МТФ «Целяхі». Паступова нарошчваюць вытворчасць прудчанскія жывёлаводы. Сярод аператараў машыннага даення вылучаюцца Святлана Рынкевіч, Алена Вялічка і Алена Гаптар, якія надаілі адпаведна 6756, 6646 і 6261 кілаграмаў малака. Штодзённы надой у таварыстве ў кастрычніку складае звыш 21 кілаграма малака ад каровы.  І ў мясных справах плён. Шчыра рупяцца і маюць неблагія сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе жывёлы цялятніцы Людміла Гівойна, Вера Губар і Ірына Ланкевіч, Святлана Акуліч і Ніна Гатоўчык.

ВАЖНЫ АГРАТЭХНІЧНЫ ПРЫЁМ

Хімпраполка азімых збожжавых культур – адзін з абавязковых і важных тэхналагічных прыёмаў  іх вырошчвання. Накоплены аграрыямі вопыт паказвае, што больш эфектыўна ўносіць прэпараты супраць пустазелля восенню.  Гэта добра ведаюць ў ААТ «Вялікі Двор», дзе з году ў год прытрымліваюцца дадзенага правіла і збіраюць высокія ўраджаі збожжавых і зернебабовых. Вось і сёлета тут прапалолі з восені 280 гектараў, а гэта больш за 40 працэнтаў пасяўных плошчаў. Парупіўся механізатар Аляксандр Тарабэш. Сельгаспрадпрыемствам раёна неабходна правесці хімпраполку збожжавых на 11712 гектарах. Па розных аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынах гэта работа выканана пакуль што толькі на 1400 гектарах, тады як ядахімікатаў назапашана практычна на палову азімага кліну. Больш за іншых апрацавана  азімых у ААТ «Агранёманскі», «Дзераўное», «Налібакі Агра» і «Каганец».

АЗДАРАЎЛЯЮЦЬ ГЛЕБУ

Вапнаванне глебы ў гаспадарках раёна праведзена ўжо больш як  на 2180 гектарах пры плане 2891 гектар. Як вядома, унясенне ў глебу даламітавай мукі робіцца з мэтай нармалізаваць яе кіслотнасць. Гэтая мінеральная падкормка, да таго ж, абагачае глебу мікраэлементамі – каліем і магніем, павялічваючы аддачу ўнесеных тукаў. У ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» створаны  і працуюць звенні па вывазцы і ўнясенні даламітавай мукі.

– Нашы вадзіцелі і механізатары папрацавалі няблага і завяршылі гэтую работу ў васьмі сельгаставарыствах, – расказвае дырэктар Сяргей Мельнік. – З-за перабояў з пастаўкамі даламітавай мукі тэмпы некалькі знізіліся, але да канца года разлічваем выканаць даведзенае заданне.

Сёлета адначасова з «даламіткай» у некалькіх гаспадарках уносяцца ў глебу і дэфекаты – адходы перапрацоўкі цукровых буракоў, аналаг вапнавага ўгнаення. У прыватнасці, на 150 гектарах у «Жацерава», часткова – у ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» і ААТ «Рубяжэвічы».

АДДЗЯЧЫЛА ЦЫБУЛЯ

Некалькі гадоў запар прыватнае прадпрыемства вырошчвае цыбулю. Сёлета пад гэтай гародніннай культурай было занята 96 гектараў.  На 28 гектарах пасадзілі цыбулю-сеянку замежнай селекцыі «штутгарцэр рызен» і атрымалі даволі неблагую ўраджайнасць – сабралі з кожнага па 268 цэнтнераў таварнай прадукцыі. На астатняй плошчы размясцілася чарнушка. Высявалі расійскія сарты. Па словах намесніка дырэктара Ігара Баброва, мяркуюць сабраць на круг каля 200 цэнтнераў. Капаюць цыбулю механізатары Аляксандр Курыла, Сяргей Харкоў, Дзмітрый Кульша, на падборшчыку шчыруе Юрый Дзям’янка.

НЕ ПАДВЁЎ І ЛЁН

У гэтым годзе ўпершыню тут пасеялі 65 гектараў алейнага льну замежнага сорту «лірына». У народзе яго яшчэ называюць лён-кудраш. Намалацілі 125 тон льнасемя. Нягледзячы на не зусім спрыяльнае для вырошчвання льну надвор’е, ураджайнасць склала ў межах 20 цэнтнераў з гектара. Льнасемя ачысцяць і дапрацуюць. Частку пакінуць на насенне, а астатні ўраджай перапрацуюць на алей на ўласным абсталяванні. Льняныя жамерыны пойдуць на корм каровам і іх увядзенне ў рацыён рагуляў павінна павялічыць вытворчасць малака. У наступным годзе плошчу пад вырошчванне льну-кудрашу мяркуецца расшырыць.

ШЧЫРУЮЦЬ АГРАНЁМАНЦЫ

Гаспадаркі раёна закладваюць гэтымі днямі падмурак будучаму ўраджаю – на палеткі вывозяцца і ўносяцца ў глебу арганічныя ўгнаенні. «Элексір урадлівасці» назапашваецца пераважна пад сяўбу цукровых буракоў, а таксама збожжавых і бульбы. Самае галоўнае зараз – унесці арганіку па максімуму. З гэтай работай паспяхова спраўляюцца ў ААТ «Агранёманскі», дзе штодзень вывозіцца і ўносіцца звыш тысячы тон кампостаў, а ўсяго заарана ў глебу звыш 13 тысяч тон. Вывозяць арганіку механізатары Арцём Дарашэвіч, Дзмітрый Астахновіч, Аляксей Пальчык і Уладзімір Кішэня. На пагрузцы занята тэхніка РБУ,  а на  ўнясенні шчыруюць працаўнікі Мінскага райаграсэрвіса. На ўздыме зябліва рупяцца Казімір Дамброўскі, Дзмітрый Сагайдакевіч і Аляксандр Гярлоўскі.

Усяго сельгаспрадпрыемствамі на палеткі вывезена каля 200 тысяч тон арганічных угнаенняў. Унесена – звыш 26 тысяч, а пяць гаспадарак яшчэ не прыступілі да гэтай работы.

ПЕРСПЕКТЫЎНЫЯ ТРАВЫ

У ААТ «Жацерава» на ўмоўную галаву жывёлы прыпадае каля 21,6 цэнтнера кармавых адзінак травяных кармоў. Гэта другі вынік у раёне. 

– Для таго, каб быць і ў наступным годзе з пажыўнымі і якаснымі кармамі, пасеялі 263 гектара люцэрны і 200 гектараў бабова-злакавых сумесяў, – расказвае дырэктар Іван Краўчук. –  На 80 гектарах заклалі насеннікі шматгадовых траў, у прыватнасці, такіх перспектыўных, як фестулоліум і касцёр. Ужо набылі насенне кукурузы пад сяўбу будучага года. Уся работа скіравана менавіта на ўмацаванне кармавой базы для жывёлагадоўчай галіны.

У планах кіраўніка назапашваць травяныя кармы не толькі для ўласных патрэб гаспадаркі, а і рэалізоўваць.

ІНАВАЦЫЙНАЯ ТЭХНІКА

Даказана на практыцы, што пажыўнасць і захаванасць травяных кармоў, запрасаваных і абгорнутых поліэтыленавай плёнкай, лепшая за закладзеныя ў сянажныя траншэі. Тэхніка дзеля гэтых мэт каштуе нятанна, але, ведаючы перавагу дадзенага метаду нарыхтоўкі кармоў, сельгаспрадпрыемствы працягваюць яе набываць. Нядаўна на мехдвары ААТ «Вялікі Двор» «прапісаўся» прэс-падборшчык-абмотчык вытворчасці ТАА «Биоком Технология», а ў ААТ «Вішнявецкі-агра» – ТАА «Полымя Агро». Усяго ў гаспадарках раёна налічваецца 12 адзінак падобнай тэхнікі.

Матэрыял падрыхтавала Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *