Павінен быць парадак

Добраўпарадкаванне Нумары Пракурорскі нагляд

image_pdfimage_print

ЧЫСЦІНЯ ТЭРЫТОРЫІ – НА ПЕРШЫМ МЕСЦЫ

На Стаўбцоўшчыне працягваецца месячнік навядзення парадку на зямлі, добраўпарадкавання і азелянення тэрыторый. Многія працоўныя калектывы ўжо адгукнуліся на гэта ўдзелам у суботніках, падчас якіх ідзе ўборка як сваіх, так і прылеглых тэрыторый. Восеньская пара тым і адметная, што патрабуе максімум намаганняў і ледзьве не штодзённай актыўнасці.

Санітарная служба праводзіць маніторынг сітуацыі, аб’язджаючы прадпрыемствы і арганізацыі раёна. Пры гэтым спецыялісты звяртаюць увагу на комплекс пытанняў. Акрамя навядзення парадку, яны даюць ацэнку падтрыманню ў вытворчых і бытавых памяшканнях санітарыі  і гігіены, нормаў тэмпературнага рэжыму, выкананню напярэдадні зімы прафілактычных мерапрыемстваў супраць грыпу і т.п. Галоўнае – не выявіць недахопы, а падказаць суб’ектам гаспадарання, над чым трэба працаваць.

У адным з такіх аб’ездаў разам з загадчыкам аддзела гігіены раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Аленай Лойка ўзяла ўдзел і рэдакцыя газеты.  

Стаўбцоўскія электрасеткі выглядаюць, як заўсёды, дастойна. На ўваходзе на прадпрыемства сустракае кампазіцыя з металічных квяточніц. Яна па-ранейшаму застаецца ландшафтным аздабленнем. Адразу звяртае ўвагу падмеценая аўтастаянка, размешчаная на прылеглай да прадпрыемства тэрыторыі.

– Чысціня тэрыторыі – у нас на першым месцы, – зазначае спецыяліст службы аховы і гаспадарчага абслугоўвання прадпрыемства Леанід Яўсейчык і тлумачыць, што ўборку ў электрасетках праводзяць рэгулярна, пятніца лічыцца санітарным днём.

Знаёмімся з тэрыторыяй і заўважаем яе ярка выражаны «зялёны» імідж. Ля адміністрацыйнага будынка растуць блакітныя елкі, навокал шмат лісцевых дрэў. Лісце з іх ападае, аднак пад нагамі яго фактычна няма – услед прыбіраюць. Ужо ўпарадкаваны пасля сезону і кветнік. На тэрыторыі не відаць нічога лішняга, усё строга ўпарадкавана згодна з гаспадарчымі зонамі. Так, спецыяльна абсталяваны кантэйнерныя пляцоўкі для нарыхтоўкі металалому і для збору бытавых і іншых адходаў. Кожны кантэйнер падпісаны. З аб’яднаннем камунальных службаў заключаны дагавор на іх вываз.

Для курцоў, якія яшчэ, на жаль, не перавяліся сярод работнікаў прадпрыемства, вызначана месца для курэння – у альтанцы, на свежым паветры. І, дарэчы, напярэдадні сезона вірусных інфекцый кіраўніцтва прадпрыемства аплаціла для ўсіх жадаючых работнікаў паслугі вакцынацыі.

Былі агледжаны асноўныя вытворчыя цэхі, бытавыя памяшканні і пакоі для адпачынку, прыёму ежы энергетыкаў, якія даюць поўнае права сказаць: тут створаны ўсе ўмовы для здаровай працы. Чысціня і парадак ва ўсіх памяшканнях падтрымліваюцца дзякуючы штодзённай ўборцы.

Аўтапарк № 17 размешчаны па суседству з электрасеткамі, і яго імідж можа цалкам раўняцца з іміджам энергетыкаў. Над гэтым працуе ўвесь калектыў транспартнікаў.

– У мінулую суботу ў нас прайшоў суботнік, Зграбалі лісце. Дадаткова па пятніцах арганізуюцца санітарныя дні, – паведамляе галоўны інжынер аўтапарка Іван Каратыш.

Сапраўды, тэрыторыя аўтапарка, хаця і вялікая, выглядае цалкам дагледжанай. Усюды асфальтаванае пакрыццё. На ім для бяспекі руху абазначаны дзве пешаходныя дарожкі-зебры. Тэрыторыю ўпрыгожваюць дзве альтанкі. Прыстасаваны яны пад месцы для курэння. Напэўна, таму і не заўважылі мы ніводнага акурка, які б валяўся пад нагамі. Такі парадак у калектыве, які складаецца пераважна з мужчын, заслугоўвае добрых слоў. У адным месцы, за сеткай, складзіруецца металалом. Побач збіраюцца адпрацаваныя фільтры, пластык, смецце, вулічны змёт. Усе скрыні падпісаны. «Трэба іх яшчэ закрыць крышкамі,» – падказвае Алена Лойка.

Пад спецыяльнай паветкай акуратна складзены дровы. Іх запас значны – каля 500 м куб. У вытворчых памяшканнях ідзе ўцяпленне дзвярэй. За апошнія гады шмат чаго зроблена ў плане добраўпарадкавання бытавых памяшканняў, аснашчэння іх неабходнымі электрабытавымі прыборамі. Працягваюцца рамонтныя работы. На даны момант рамонт закрануў акумулятарнае аддзяленне. «Становіцца нормай, – не прамінае заўважыць Алена Лойка, – што вытворчыя памяшканні і аглядавыя ямы аздабляюцца пліткай, устанаўліваюцца сучасныя энергазберагальныя вокны і т. П.»  

Трэба сказаць, што належным чынам выглядае і прылеглая да аўтапарка тэрыторыя. Напрыканцы лета на ёй было выразана кустоўе і вывезена. Акрамя таго, транспартнікі, як правіла, нядрэнна спраўляюцца і з уборкай замацаванай за імі вуліцы Ленінскай (участак ад гаспадарчага магазіна да райвыканкама).

Чысціня і парадак характэрныя таксама для тэрыторый філіяла ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы», мясакансервавага камбіната, прадпрыемстваў «Фрэор Рэфрыгерайшн», «Стоўбцыгаз», філіяла ДЭУ № 62, Стаўбцоўскага філіяла ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат», Стаўбцоўскага цэха ААТ «Белуторчармет», Стаўбцоўскага філіяла КУП «Мінаблпаліва» і іншых.

На жаль, дастаткова ёсць і адваротных прыкладаў. Сярод іх – «Мінскагратранс», тэрыторыя якога – з выбоінамі, не абсталяваны бытавыя памяшканні, не ачышчаны надворны туалет, адсутнічаюць дэзсродкі. Неабходна наводзіць парадак на сваёй тэрыторыі ЗАТ «Аграмашзапчастка». Пэўныя зрухі заўважаны ў ЗАТ «Прэмія аўта», аднак пакуль стаіць недакошаная трава. Уваход у СТАА «Авіопт» (будынак былой сельгасхіміі па вуліцы 17 Верасня) засмечаны, а да сцяны прадпрыемства жыхары бліжэйшых прыватных дамоў выносяць сваё смецце… На момант аб’езду былі не вывезены адходы з тэрыторыі ТАА «Стоўбцыгазбуд».

На тэрыторыі былой воінскай часці размешчана шмат прыватных прадпрыемстваў, аднак не ўсімі падтрымліваецца парадак. Падкасіць асенняе пустазелле трэба ТАА «Дэграм» і ІП Алешка, прывесці ў парадак гаспадарчы двор – станцыі тэхабслугоўвання «Вікаўтасэрвіс», агарадзіць тэрыторыю – «сарматэкапласт».                                                   

Каментарый спецыяліста

Тое, што паказалі аб’езды прадпрыемстваў, мы папрасілі пракаменціраваць загадчыка аддзела гігіены ДУ «Стаўбцоўскі рцгіэ» Алену Лойка:

– Аб’езды прадпрыемстваў паказалі, што большасць з іх працуюць над пытаннямі навядзення парадку і добраўпарадкавання планава, сістэмна, зусім не чакаючы аб’яўлення суботніка. Гэта радуе. І з кожным годам у нас усё больш прыкметна станоўчая дынаміка адносна стану ўнутранай і прылеглай тэрыторый. Мяне, напрыклад, прыемна ўразіла тэрыторыя філіяла ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы». Прадпрыемства займае не адзін гектар, аднак кожны яе куточак выглядае па-гаспадарчы. У цэлым выйграваюць тыя суб’екты гаспадарання, якія прытрымліваюцца сучасных патрабаванняў, а гэта падзел тэрыторыі на зоны прымянення (гаспадарчая, пляцоўкі для захоўвання чорнага і каляровага лому, будаўнічых адходаў і т. п.),  вытворчая санітарыя, устаноўка тыпавых кантэйнераў і т. п.

НА ЗДЫМКАХ: тэрыторыя Стаўбцоўскіх электрасетак служыць узорам; пешаходная зона аўтапарка № 17; так выглядае аб’ект па вуліцы Камуністычнай (С. С. Крыўко); перапоўнены кантэйнер на тэрыторыі ЗАТ «Стаўбцоўскае аграпрамэнерга».         

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

СМЕЦЦЕ Ў ВЁСКАХ І КАЛЯ ДАРОГ

Пракуратурай раёна ў верасні праведзена праверка выканання мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, установамі і арганізацыямі патрабаванняў зямельнага і прыродаахоўнага заканадаўства, у ходзе якой устаноўлена, што на тэрыторыі, падведамаснай Заямнаўскаму сельвыканкаму, дапускаюцца парушэнні.

Так, пры абследаванні ў вёсках Баханы і Задвор’е ўстаноўлена, што кантэйнерныя пляцоўкі, якія знаходзяцца на абслугоўванні РУП «Стаўбцоўскае АКС», на якіх размешчаны ёмістасці для збору цвёрдых бытавых адходаў, адпаведным абгароджваннем з трох бакоў  не абсталяваны, належным чынам не ачышчаюцца. Аб гэтым сведчаць кучы бытавых адходаў, раскіданых каля кантэйнераў. Яны разносяцца на прылеглую тэрыторыю як ад ветру, так і пры вывазе змесціва кантэйнераў спецыяльным транспартам.

Меры, накіраваныя на належнае захоўванне і транспарціроўку адходаў, прывядзенне кантэйнерных пляцовак і прылеглай да іх тэрыторыі ў належны санітарны стан, з боку адказных службовых асоб РУП «Стаўбцоўскае АКС» не прымаюцца. Пры абследаванні зямель ляснога фонду, што знаходзяцца паблізу садаводчага таварыства «Лясное» каля в. Задвор’е пры выездзе з г. Стоўбцы па правы бок ад аўтамабільнай дарогі, паблізу в. Яблынаўка, таксама выяўлены несанкцыянаваныя звалкі бытавых адходаў.

Абочыны гравійнай аўтадарогі ад Стоўбцаў да в. Арцюхі, якая знаходзіцца на балансе філіяла «ДРБУ № 135» КУП «Мінскаблдарбуд», засмечаны паліэтыленавымі пакетамі, упакоўкамі ад прадуктаў харчавання, пластыкавымі бутэлькамі, будаўнічымі матэрыяламі. Бытавыя адыходы валяюцца і на абочынах гравійнай дарогі з в. Слабада да в. Баханы.

Несанкцыянаваная звалка выяўлена і на тэрыторыі, прылеглай да могільніка каля в. Баханы. Каля месца пахавання раскіданы пластыкавыя і шкляныя бутэлькі, упакоўкі ад будаўнічых матэрыялаў, выкарыстаныя рытуальныя прылады.

Вынікі праверкі паказалі, што меры да ліквідацыі несанкцыянаваных звалак смецця і ажыццяўлення належнага кантролю за ўтрыманнем падведамаснай Заямнаўскаму сельвыканкаму тэрыторыі не прымаюцца. А гэтыя парушэнні носяць яўны характар і могуць нанесці істотную шкоду навакольнаму асяроддзю, правам і законным інтарэсам грамадзян, грамадскім і дзяржаўным  інтарэсам.

Пракуратурай раёна кіраўніцтву РУП «Стаўбцоўскае АКС», ДАЛГУ «Стаўбцоўскі доследны лясгас», філіялаў «ДРБУ № 135» і «ДЭУ № 62», старшыні Заямнаўскага сельвыканкама вынесены прадпісанні аб ліквідацыі парушэнняў зямельнага і прыродаахоўнага заканадаўства.

Аляксей КУТАС, памочнік пракурора раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *