Бяспека

Кантроль, бяспека Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

ЦЯЖКІЯ АСЕННІЯ ДАРОГІ

З мэтай прафілактыкі дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам пешаходаў і веласіпедыстаў у цёмны час сутак Дзяржаўная інспекцыя Мінскай вобласці праводзіць акцыю «Стань заўважаным!». У ходзе прафілактычных мерапрыемстваў праводзіцца абследаванне вулічна-дарожнай сеткі, прымаюцца меры па ўдасканаленні арганізацыі дарожнага руху. У патэнцыяльна небяспечных месцах праводзіцца ўстаноўка дарожных агароджванняў. Акцэнтуецца ўвага на неабходнасць папярэджання, выяўлення і спынення парушэнняў як сбоку пешаходаў, веласіпедыстаў, так і вадзіцеляў транспартных сродкаў, якія не выконваюць правілаў праезду пешаходных пераходаў. Асаблівая ўвага ўдзяляецца наяўнасці святлоадбівальных элементаў у пешаходаў, растлумачэнню неабходнасці іх набыцця з мэтай асабістай бяспекі пры руху паблізу праезджай часткі ў цёмны час сутак.

Па-ранейшаму наезды на пешаходаў пераважаюць сярод дарожна-транспартных здарэнняў. У Мінскай вобласці за 9 месяцаў бягучага года адбылося 641 ДТЗ, у якім загінуў 131 чалавек, 670 — атрымалі раненні. З удзелам пешаходаў за даны перыяд зарэгістравана 176 ДТЗ, 51 чалавек загінуў. 8 загінуўшых і 23 траўміраваных – такі сумны вынік 26-ці дарожна-транспартных здарэнняў на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна. З агульнага ліку ДТЗ 15 адбыліся з удзелам пешаходаў і веласіпедыстаў.

Так, 30.08.2015 г. у 05.20 вадзіцель аўтамабіля «Фольксваген-пасат» на 286 км магістралі пры руху ў напрамку Брэста ўчыніў наезд на пешахода, які раптоўна выбег на праезджую частку. Пацярпелы атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні і быў шпіталізаваны ў хірургічнае аддзяленне ЦРБ. Пешаход знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення і не быў абазначаны святлоадбівальнымі элементамі. Тое ж можна сказаць і пра жыхара в. Заямнае, які таксама на Брэсцкай шашы трапіў пад колы «Фольксвагена». Ён быў п’яны, без флікера, і вадзіцель не змог прадухіліць наезд.

Для папярэджання такіх ДТЗ рэгулярна праводзяцца рэйды, іншыя прафілактычныя акцыі. Нясенне службы супрацоўнікамі ДАІ ажыццяўляецца сумесна з членамі добраахвотных дружын, іншых грамадскіх фарміраванняў паблізу месцаў масавага руху пешаходаў. Гэта прыпынкі грамадскага транспарту, нерэгулюемыя пешаходныя пераходы, тэрыторыі каля магазінаў, навучальных устаноў і г. д.

Найбольшы ўзровень пешаходнага траўматызму назіраецца ў асенне-зімовы перыяд, калі кароткі светлавы дзень. Пры руху ў цемры вадзіцель бачыць толькі тую частку дарогі, якая асветлена фарамі аўтамабіля. Пры гэтым успрыманне зрокам светлавых кантрастаў становіцца горшым, чым пры дзённым святле, і цяжэй заўважыць пешаходаў, веласіпедыстаў, гужавы транспарт. Ужо пры раннім змроку прадметы, што былі выразна бачны днём, блякнуць, а пасля заходу сонца іх ледзьве можна адрозніць. А ва ўмовах туману ці імжы невыразная фігура чалавека поўнасцю зліваецца з цемрай і з месца вадзіцеля становіцца практычна нябачнай.

Сітуацыя ўскладняецца яшчэ і тым, што пешаходы думаюць, маўляў, той, хто за рулём, іх заўважыць заўсёды. Аднак следчы эксперымент, што праводзіўся Дзяржаўтаінспекцыяй, дазволіў устанавіць наступнае. У цемры з салона аўтамабіля чалавека ў цёмным адзенні пры бліжнім святле фар больш-менш выразна відаць толькі на адлегласці 25-30 метраў. Пры хуткасці 60 км/гадз. за адну секунду аўтамабіль праязджае каля 17 метраў. За гэты час вадзіцель только паспявае ўсвядоміць, што ці хто перад ім. Затармазіць ці ўдала зманеўрыраваць не заўсёды бывае магчымым, у тым ліку і з-за хуткасці, стану дарожнага пакрыцця, наяўнасці іншых перашкод. Таму ўзнікае неабходнасць зрабіць пешаходаў, веласіпедыстаў, гужавыя павозкі, каляскі і іншае як мага больш бачнымі на адлегласці. Для гэтай мэты шырока выкарыстоўваюцца спецыяльныя святлоадбівальныя аксесуары (значкі, падвескі, стужкі). Правілы дарожнага руху абавязваюць пешахода пры руху па краі праезджай часткі дарогі ў цёмны час сутак пазначаць сябе святлоадбівальнымі элементамі.

На жаль, частыя факты ДТЗ з удзелам веласіпедыстаў. Вось радкі з хронікі ДАІ толькі за два тыдні сёлетніх верасня – кастрычніка. На скрыжаванні вуліц Ленінскай і Чапаева ў Стоўбцах вадзіцель аўтамабіля «Пежо-406», які рухаўся па галоўнай дарозе, сутыкнуўся з веласіпедыстам, што выехаў з дарогі другараднай. У выніку жыхар Новага Свержаня, 1930 г. н., з траўмамі быў шпіталізаваны. Трагічны выпадак здарыўся каля в. Сцяцкі. Веласіпедыст, 1991 г. н., не справіўся з кіраваннем і трапіў пад колы грузавіка з паўпрычэпам. На вуліцы Ленінскай быў збіты легкавым аўтамабілем веласіпедыст на пешаходным пераходзе.

Нагадваем, што веласіпедыстам неабходна абсталяваць свой двухколавы транспарт фарамі, а ззаду – чырвоным ліхтаром. Пры руху ў цёмны час сутак выкарыстоўвайце на вопратцы святлоадбівальныя нашыўкі, устаўкі.

Асаблівы зварот да бацькоў: паклапаціцеся аб бяспецы вашых дзяцей! У абавязковым парадку да партфеля ці курткі неабходна прышчапіць святлоадбівальны значок. І не забудзьце напомніць юным удзельнікам дарожнага руху аб асноўных правілах бяспечных паводзін на дарозе.

Што датычыць адказнасці пешаходаў, то згодна з Кодэксам аб адміністратыўных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь яна такая. Калі пешаход у цёмны час сутак рухаецца па праезджай частцы і не абазначыў сябе флікерам, то да яго прымяняюцца штрафныя санкцыі ў памеры ад 1 да 3 базавых велічынь. Калі парушэнне ім правілаў дарожнага руху выклікала стварэнне аварыйнай сітуацыі, то памер штрафу складае ад 3 да 8 базавых велічынь. На суму ад 3 да 5 базавых велічынь штрафуецца пешаход, калі ён знаходзіцца на дарозе ў стане алкагольнага ап’янення.

І яшчэ раз зварот да вадзіцеляў. Не перавышайце хуткасць, захоўвайце дыстанцыю, будзьце асабліва ўважлівымі паблізу населеных пунктаў, дзе ў любы час на дарозе можа апынуцца пешаход.

АДАІ Стаўбцоўскага РАУС

ВЫКАНАЕШ ПАТРАБАВАННІ – ЗАХАВАЕШ МАЁМАСЦЬ

Інспекцыяй нагляду і прафілактыкі завершаны шэраг праверак, якія засведчылі як станоўчае, так і выявілі недахопы.

Недахопаў, на жаль, больш. З сямі правераных суб’ектаў гаспадарання толькі на адным, ПГУП «ВіС-опт», не выяўлена парушэнняў па выкананні заканадаўства аб пажарнай бяспецы. На СТАА «Мясапрадукт» парушэнняў нібыта няшмат, але рызыка ўзгарання высокая, таму што дапускаецца курэнне па-за спецыяльна адведзеных для гэтага месцаў. Не прадстаўлены і вынікі электрафізічных замераў маланкаахоўных устройстваў.  

ТАА «БорЛесПрам» пасля дэталёвага пажарна-тэхнічнага абследавання было прапанавана 14 мерапрыемстваў, накіраваных на ўзмацненне пажарнай бяспекі аб’екта. Аднак не выконваюцца мерапрыемствы як капітальнага характару, так і тыя, якія не патрабуюць ніякіх фінансавых укладанняў. Не забяспечваецца ў поўнай меры выкананне прадпісанняў органаў дзяржаўнага пажарнага нагляду. За гэта дырэктар прадпрыемства прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Правераны сельгасарганізацыі – ААТ «Агранёманскі», ААТ «Каганец», ААТ «Рочавічы». Ва ўсіх названых гаспадарках выяўлены факты непрытрымлівання нормаў і правілаў пажарнай бяспекі пры складзіраванні грубых кармоў. Сцірты размешчаны блізка ад будынкаў, аўтамабільных дарог і ліній электраперадачы, а таксама яны не абвораны паласою шырынёй не менш за 4 м. Акрамя таго, на МТФ у Засуллі (ААТ «Каганец») у супрацьпажарным разрыве паміж будынкамі фермы самавольна ўзведзены драўляны будынак. Найбольш негатыўных фактаў зафіксавана ў ААТ «Рочавічы»: на МТФ у Літве разукамплектаваны пажарны шчыт, на МТФ у Кондратавічах дапускаецца эксплуатацыя вадагрэйнага катла, дымаход якога не мае нарматыўнай супрацьпажарнай адступкі ад гаручых матэрыялаў кроквеннай сістэмы, на МТК у Рудзевічах таксама ёсць пытанні да ўстройства  дымахода ацяпляльнага катла… 

Ігнаруючы патрабаванні артыкулаў 14 і 17 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб пажарнай бяспецы»,  кіраўнік ААТ «Стаўбцоўскі РКБА» таксама не ў поўнай меры забяспечыў пажарную бяспеку і супрацьпажарны рэжым. Да прыкладу, не абазначаны шляхі эвакуацыі і месца знаходжання пярвічных сродкаў пажаратушэння, адкрыты размеркавальныя каробкі і т. п. Даны факт указвае на адсутнасць належнага кантролю з боку кіраўніцтва за захаваннем правілаў пажарнай бяспекі на аб’ектах арганізацыі. На аб’ектах адсутнічае аўтаматычная пажарная сігналізацыя. Рыхтуюцца дакументы аб прыцягненні кіраўніка і службовых асоб да адміністрацыйнай адказнасці.

Усе суб’екты гаспадарання павінны разумець, што забяспечыць пажарную бяспеку – гэта значыць захаваць маёмасць.

Таццяна ТАРАСЕВІЧ,

інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях

І ПАВЫШЭННЕ КВАЛІФІКАЦЫІ

Ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама прайшла прамая тэлефонная лінія з галоўным спецыялістам Віктарам Філіповічам. Высветлілася, што некаторыя пытанні маюць для суб’ектаў гаспадарання найбольшую актуальнасць, таму адказы на іх змяшчаем на старонках газеты.

Які дакумент устанаўлівае парадак навучання, інструктажу і праверкі ведаў працоўных па пытаннях аховы працы?

Віктар Філіповіч:

– Гэты парадак прапісаны ў Інструкцыі аб парадку навучання, стажыроўкі, інструктажу і праверкі ведаў працоўных па пытаннях аховы працы, зацверджанай пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 28.11.2008 года № 175.    

На каго распаўсюджваецца дзеянне Інструкцыі?

– На ўсіх працадаўцаў і працуючых грамадзян.

Дзе можна прайсці навучанне па пытаннях аховы працы кіраўнікам і спецыялістам?

– Навучанне можна прайсці ў любой навучальнай установе рэспублікі, якая мае дазвол (ліцэнзію) на права ажыццяўлення такой дзейнасці (да прыкладу, БАТУ, БДАТУ, Рэспубліканскі інстытут павышэння кваліфікацыі Мінпрацы і сацабароны, Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы і т. п.). У нашым раёне такі від дзейнасці ажыццяўляе Цэнтр павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў райсельгасхарчу.

З якой перыядычнасцю і дзе праводзіцца праверка ведаў?

– Кіраўнікі арганізацый, іх намеснікі, адказныя за арганізацыю аховы працы, галоўныя спецыялісты, работнікі службаў аховы працы, члены камісій праходзяць праверку ведаў па пытаннях аховы працы ў адпаведных камісіях вышэйстаячых арганізацый, рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага ўпраўлення і т. п. Калі арганізацыя прыватнай формы ўласнасці, то праверка ведаў ажыццяўляецца ў камісіі райвыканкама. Работнікі праходзяць праверку ведаў у камісіях сваіх арганізацый. Праходжанне праверкі для кіруючых работнікаў устаноўлена ў тэрмін не пазней за месяц з дня прызначэння на пасаду, далей – перыядычна, але не радзей, чым адзін раз у тры гады. Па пытаннях працоўных адносін і заканадаўства аб ахове працы можна атрымаць кансультацыю па тэл. 5-33-99.

Як часта трэба праходзіць павышэнне кваліфікацыі па пытаннях аховы працы?

– Згодна з заканадаўствам, неабходнасць у павышэнні кваліфікацыі, перападрыхтоўцы, стажыроўцы кіруючых работнікаў і спецыялістаў вызначае кіраўнік арганізацыі. Ён і накіроўвае работніка для павышэння кваліфікацыі. Адбываецца гэта па меры неабходнасці, але не радзей, чым адзін раз у пяць гадоў, для забеспячэння прынцыпа бесперапыннай прафесійнай адукацыі.  

Я Ў ЭКСПЕРТЫ Б ПАЙШОЎ…

Некаторыя маладыя людзі мараць пра прафесію эксперта.

Як адзначыў начальнік Стаўбцоўскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь Мікалай Белавусаў, падрыхтоўка кадраў для Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз ажыццяўляецца на следча-экспертным факультэце Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь.

У конкурсе на паступленне ў акадэмію для атрымання вышэйшай адукацыі 1-й ступені дзённай формы навучання могуць прымаць удзел асобы мужчынскага полу, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, ва ўзросце ад 17 да 25 гадоў, якія маюць агульную сярэднюю, прафесійна-тэхнічную з агульнай сярэдняй або сярэднеспецыяльную адукацыю.

Для паступлення на следча-экспертны факультэт Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь неабходна звяртацца ў Стаўбцоўскі міжраённы аддзел Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь (г. Стоўбцы, вуліца Гайдука, 21, тэл. 5-10-78) або ва ўпраўленне Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці (г. Мінск, вуліца Кіжаватава, д. 60, к. 7, тэл. 8-017-3-600-111. 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *