Гран-пры – аўтамабіль

Культура Нумары Соцыум

Як можна атрымаць у падарунак аўтамабіль? Сыграць на конкурсе так, як выступіў зводны духавы аркестр г. Стоўбцы. Гран-пры ХІІ абласнога фестывалю народнай творчасці «Напеў зямлі маёй», які традыцыйна праводзіцца ў Мар’інай Горцы пры фінансавай і арганізацыйнай падтрымцы Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, у гэтым годзе дастаўся стаўбцоўскаму аркестру – разам з дыпломам стаўбчанам былі ўручаны ключы ад мікрааўтобуса.

У фестывалі прынялі ўдзел самадзейныя калектывы Міншчыны ў самых розных жанрах: фальклорныя спевы, эстрада, інструментальная музыка, харэаграфія – усяго 28 мастацкіх калектываў са званнямі «ўзорны» і «народны». Прызы, якія прадаставіў Мінаблвыканкам, заслугоўвалі таго, каб пазмагацца на фестывальнай сцэне ў творчасці. Ці трэба гаварыць, як патрэбна было падрыхтавацца да выступлення, каб кампетэнтнае журы аддало калектыву галоўны прыз. А ў журы былі паважаныя дзеячы мастацтваў Беларусі – старшыня Беларускага саюза кампазітараў, народны артыст СССР Ігар Лучанок, галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г. Цітовіча, старшыня Саюза музычных дзеячаў Рэспублікі Беларусь Міхаіл Дрынеўскі, прафесары і дацэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта  культуры і мастацтваў, вядомыя музыканты краіны.

– Да фестывалю мы сур’ёзна рыхтаваліся, – расказвае мастацкі кіраўнік і дырыжор зводнага духавога  аркестра г. Стоўбцы, выкладчык Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Аляксандр Нічыпаровіч. – Мы правільна вызначыліся з рэпертуарам – выбралі твор беларускага аўтара Сцяпана Горына «Песні нашай Перамогі». У гэтую музычную кампазіцыю ўвайшлі любімыя, усім вядомыя ваенныя песні, якія застаюцца папулярнымі ў розных пакаленнях. Тэма Вялікай Айчыннай вайны хвалявала лепшых кампазітараў і паэтаў, таму гэтыя творы – шэдэўры, узоры песеннай культуры. Нашы музыканты, у складзе калектыву было больш за 40 чалавек, ігралі так, што без слёз нельга было слухаць. Духавыя інструменты найлепш падыходзяць да выканання твораў ваеннай тэматыкі. Выступленне аркестра праходзіла ў мультымедыйным суправаджэнні. Кожны ўрывак суправаджаўся відэаэкампазіцыяй. Сваю выдатную незаменную ролю сыграў ансамбль мажарэтак Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў, які вельмі ўпрыгожыў выступленне аркестра. Атрымалася выдатна, аб чым сведчыць і прызнанне прафесіяналізму калектыву і арыгінальнасці яго выступлення паважаным журы. Хочацца адзначыць і шчодрасць Мінаблвыканкама, які закупіў на фестываль у гэтым годзе дарагія падарункі – прафесійную гукавую і пішучую апаратуру, мікрафоны і партатыўныя камп’ютары і гран-пры – мікрааўтобус. Можна ўявіць, якія пачуцці перапаўнялі ўсіх нас, калі на сцэну паднялася начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Суднік, каб атрымаць ключы ад аўтамабіля.

Нам застаецца нагадаць чытачам, што народны аркестр «Віціны» абавязаны сваім жыццём стваральніку калектыву заслужанаму работніку культуры Беларусі Івану Янкоўскаму, светлая памяць аб якім захоўваецца ў назве прэстыжнага конкурсу выканаўцаў на духавых інструментах «Залатая труба» імя І. С. Янкоўскага, які праводзіцца ў Стоўбцах і фактычна выйшаў ужо на міжнародны ўзровень. Сённяшні дырыжор аркестра Аляксандр Нічыпаровіч – таленавіты вучань Івана Янкоўскага, працягвае яго справу і 17 гадоў творча кіруе аркестрам, які ў наступным годзе адзначыць 60-гадовы юбілей. У развіццё духавой музыкі Аляксандр Анатольевіч уносіць вялікі ўклад і як загадчык аддзялення духавых інструментаў Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў. Аддзяленне карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод моладзі, аб чым можа сказаць склад выкладчыкаў – на аддзяленні выкладаюць 10 настаўнікаў. Заняткі наведваюць 128 вучняў.  Існуе і дзіцячы духавы аркестр  «Васількі» са званнем «узорны», які папаўняе склад народнага аркестра «Віціны». Калектыў пастаянна абнаўляецца. Кіраўнік дзеліцца планамі, што ёсць намер давесці склад інструментальнага калектыву да 60 чалавек. Касцяком жа аркестра застаюцца тыя, хто іграе ў ім дзесяцігоддзі. Амаль усе ўдзельнікі знакамітага, можна смела сказаць, зоркавага калектыву – выпускнікі духавога аддзялення Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў. Гэтыя людзі працуюць цяпер у розных сферах, але застаюцца верныя свайму аркестру. Для іх радасць, шчасце ўзяць любімы музычны інструмент і адправіцца на рэпетыцыі, а потым разам –  у гастрольныя паездкі. Толькі ў бягучым годзе народны духавы аркестр горада Стоўбцы атрымаў гран-пры IIІ адкрытага рэспубліканскага конкурсу музычнага мастацтва «Спадчына», дыплом І ступені на міжнародным конкурсе духавых аркестраў у польскім горадзе Лобез. І вось цяпер яшчэ адзін гран-пры – на фестывалі ў Мар’інай Горцы.

Для мастацкага кіраўніка і дырыжора духавога аркестра Аляксандра Нічыпаровіча гэтыя кастрычніцкія дні вобразна можна назваць «з карабля на баль»: ён адразу ж быў запрошаны прыняць удзел у Міжнародным форуме духавой музыкі ў Латвіі разам з прафесарам кафедры духавой музыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Аляксандрам Карацеевым. У форуме брала таксама ўдзел начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Суднік.

Святлана ЖЫБУЛЬ,

фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

1 комментарий по теме “Гран-пры – аўтамабіль

  1. Таксама ў форуме браў удзел былы дырэктар Стаўбцоўскага РЦК Г.С.Азановіч і іншыя афіцыйныя асобы раёна.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *