Стаўбцоўшчына працоўная

Нумары Раённыя навіны

ФРАНЦ МІЛАШЭЎСКІ

Заўсёды прыемна азірнуцца на вынік сваёй працы, зрабіць наметкі на будучае, тым больш, калі гэта праца ўвачавідкі, навокал. Як у Франца Мілашэўскага, які шмат гадоў вырошчвае, даглядае зялёныя ўлонні пушчанскіх абшараў Кляцішчанскага лясніцтва на пасадзе майстра лесу. Дарэчы, здымак перадавіка лесагаспадарчай вытворчасці ўпрыгожвае раённую Дошку гонару.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

ЯКІМ БЫЦЬ ПОМНІКУ?

Аддзел адукацыі, спорту і турызму падвёў вынікі конкурсу  на лепшы праект рэканструкцыі помніка загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны ў пасёлку Наваколасава. Конкурс быў арганізаваны па ініцыятыве дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалая Іванчанкі і садзейнічаў выхаванню ў маладога пакалення пачуцця грамадзянскай адказнасці, патрыятызму, павагі да гісторыі сваёй краіны, гонару за старэйшае пакаленне. Асаблівую афарбоўку гэтаму конкурсу надае тое, што ён праходзіў у год 70-годдзя Вялікай Перамогі. Гэты конкурс атрымаў асаблівую значнасць. У ім са сваімі работамі прынялі ўдзел і педагогі.

На конкурс былі прадстаўлены шэсць работ вучняў і педагогаў: гімназіі № 1 г. Стоўбцы, сярэдніх школ №№ 2 і 3 г. Стоўбцы, Коласаўскай СШ, Любкаўшчынскай СШ. Пераможцай прызнана вучаніца гімназіі № 1 Марыя Францкевіч. Праект вучаніцы сярэдняй школы № 2 Ганны Без’языкавай ацэнены дыпломам ІІ ступені. Трэцяе месца журы раздзяліла паміж педагогам-арганізатарам Коласаўскай СШ Г. М. Антановіч і вучаніцай СШ № 3 г. Стоўбцы Палінай Асаёнак.

ПА МЕСЦАХ БАЯВОЙ СЛАВЫ

Прафсаюзная арганізацыя райспажыўтаварыства, якую ўзначальвае Валянціна Ліпніцкая, бярэ на сябе клопат арганізацыі турыстычных паездак для супрацоўнікаў арганізацыі і іх сем’яў.

Нядаўна такая паездка была арганізавана ў мемарыяльныя комплексы «Хатынь», «Курган Славы», у музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Курган Славы і музей, гэтыя дарагія для беларусаў месцы, адрэстаўрыраваны і пакідаюць у наведвальнікаў вялікае ўражанне.

У час гэтай экскурсійнай паездкі ўдалося спланаваць і заезд у дэльфінарый, што было для дзятвы сапраўдным падарункам.

Пр

ГРУПЫ З АСОБЫМ СТАТУСАМ

Важныя пытанні дзейнасці выхавацеля ў спецыяльных групах і групах інтэграванага навучання і выхавання ў дашкольнай адукацыі былі разгледжаны ў час абласнога семінара ў нашым раёне, на які былі запрошаны настаўнікі інтэграванага навучання вобласці.

Калег сустракала дырэктар раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Святлана Сікорская. У складзе ўдзельнікаў семінару былі спецыялісты Мінскага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі пад старшынствам намесніка дырэктара Наталлі Сычковай.

У райцэнтры ўдзельнікаў семінара сустракаў Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці «Радуга». Панарамны агляд дашкольнай установы зрабіла загадчыца цэнтра развіцця дзіцяці Людміла Логвін. Затым прэзентацыю адаптыўна-развіваючага асяроддзя спецыяльных груп для дзяцей з парушэннямі мовы правялі выхавацелі Людміла Мамонька і Лілія Бабко. Настаўнікі-дэфектолагі цэнтра Алена Даўлюд, Вольга Рамановіч і Алена Шут падрыхтавалі прэзентацыю кабінета настаўніка-дэфектолага, падзяліліся сваімі напрацоўкамі работы, адказалі на пытанні калег.

У сельскай мясцовасці ў накірунку інтэграванага навучання дашкольнікаў нямала інавацый ў Шашкоўскім дзіцячым садзе, куды і пралёг далей маршрут семінара. Загадчыца дашкольнай установы Наталля Лукша пазнаёміла калег вобласці з арганізацыйна-кіраўніцкай дзейнасцю ўстановы дашкольнай адукацыі па тэме семінара. Выхавацелі падрыхтавалі прэзентацыю кабінета настаўніка-дэфектолага і актыўна-развіваючага асяроддзя групы інтэграванага навучання і выхавання. Як у Шашкоўскім дзіцячым садзе, так і ў Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці «Радуга» гэтая прэзентацыя прадстаўляла інтарэс для ўдзельнікаў семінара і прадэманстравала высокі прафесіяналізм, творчы падыход, інавацыйныя напрацоўкі настаўнікаў-дэфектолагаў і выхавацеляў.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

З ЛІКУ ВЫПУСКНІКОЎ ШКОЛ РАЁНА

У бягучым годзе па мэтавых накіраваннях цэнтральнай раённай бальніцы студэнтамі медыцынскіх універсітэтаў сталі чатыры выпускнікі школ раёна і два – навучэнцамі медкаледжаў. У мінулым годзе па мэтавых дагаворах у ВНУ медыцынскага профілю паступілі і навучаюцца 9 выпускнікоў і два – у медкаледжы.

Кадравая палітыка цэнтральнай раённай бальніцы накіравана на далейшую прафарыентацыйную работу. Яна праводзіцца з дапамогай сайта медыцынскай установы, сустрэч у школах, правядзеннем Дня адчыненых дзвярэй. Распрацавана прэзентацыя цэнтральнай раённай бальніцы ў электронным варыянце для правядзення яе ва ўстановах раёна і за яго межамі.

Для замацавання маладых спецыялістаў праводзяцца мерапрыемствы, якія прадугледжваюць стварэнне магчымасцей для сумяшчэння прафесій, павышэння кваліфікацыі і кар’ернага росту. Прадугледжана павышэнне тарыфнай стаўкі на 50 працэнтаў па кантракце, надбаўка за інтэнсіўнасць працы да 50 працэнтаў, прадастаўляецца дадатковы заахвочвальны водпуск на два дні. Усім маладым спецыялістам у бягучым годзе прадастаўлена жыллё ў інтэрнаце ці ў аграгарадках. Праводзіцца рэканструкцыя былога будынка стаматалагічнага аддзялення для сямейнага інтэрната медыкам.

Пр

НА БАЦЬКОЎСКІ СХОД – СЯМ’ЁЮ

Менавіта такі бацькоўскі сход, з удзелам бацькоў і дзяцей, прайшоў да Дня маці ў Старасвержанскай школе.

На базе школы сумесна з мясцовымі школай мастацтваў і Цэнтрам культуры была падрыхтавана канцэртная праграма пад назвай  «Мілай маме прысвячаю». Падчас яе дзеці спявалі, танцавалі, ігралі на музычных інструментах, чыталі вершы і прызнаваліся сваім мамам у любові. На святочны канцэрт былі запрошаны адміністрацыяй школы настаяцель мясцовага прыхода айцец Сергій, а таксама намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Герасіменка і валеолаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ала Шыдлоўская.

Бацькам і дзецям была прадстаўлена інфармацыя па бяспецы, духоўна-маральным выхаванні, падтрыманні сямейных каштоўнасцей і традыцый.

Сапраўды, бацькі шчаслівыя тады, калі іх дзеці растуць здаровымі і вясёлымі, у поўнай і паўсюднай бяспецы – у школе, дома, на вуліцы. 

Пр

І ДАХОД, І КАРЫСЦЬ

Аб’яднанне камунальных службаў працягвае збор другасных рэсурсаў і закупку яго ў насельніцтва.

Так, за дзевяць месяцаў бягучага года здадзена на перапрацоўку 133,8 тоны макулатуры, 326,3 тоны шкла, 7 тон палімерных адходаў. Гэта ўсё разам тое, што было сабрана камунальнікамі з дапамогай раздзельнага збору цвёрдых бытавых адходаў у жыхароў раёна, здадзена арганізацыямі раёна, а таксама закуплена ў насельніцтва. Для закупу другасных матэрыяльных рэсурсаў працуюць перасоўны і тры стацыянарныя пункты – у Стоўбцах, Дзераўной і Наваколасаве. Разлік з людзьмі вядзецца на месцы. «Для прэсавання адходаў набыты два прэсы», –  адзначае майстар АКС Андрэй Смоўж.

Сабраную макулатуру камунальнікі адгружаюць на далейшую перапрацоўку ААТ «Слонімскі кардонна-папяровы завод «Альберцін», шкло – ДА «Белрэсурсы» (г. Мінск), палімерныя адходы – прадпрыемству «РэПластМ» (г. Магілёў).

Акрамя таго, камунальнікамі сабраны 26 тон зношаных шынаў. Іх перадалі тром гаспадаркам раёна – ААТ «Шашкі», ААТ «Жацерава» і ААТ «Радзіма Якуба Коласа»,  якія выкарыстоўваюцца пры закрыцці сянажных ям.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *