Абслугоўванне

Нумары Соцыум

ДЗЯЖУРНЫ СЛУХАЕ

Калі што здараецца на інжынерных сетках або неабходна зрабіць заяўку на вываз смецця, мы хутчэй набіраем нумар дыспетчарскай аб’яднання камунальных службаў. Кругласутачна нас гатовы выслухаць і дапамагчы аператары Міхаіл Нядзвецкі (на здымку), Уладзімір Лянцэвіч, а таксама Ніна Белавус і Ганна Пяткевіч. Усе – работнікі вопытныя, гатовыя ў межах сваёй кампетэнцыі самастойна прыняць рашэнне.

– Заяўкі паступаюць ад жыхароў усяго раёна. Сцякаецца інфармацыя адносна работы цепла- і электрасетак, водаправода і сантэхнічнага абсталявання, каналізацыі, вывазу смецця і т. п., – адзначае Міхаіл Нядзвецкі. 

Перад вачыма аператара – карта раёна і горада Стоўбцы з аб’ектамі, якія абслугоўваюцца камунгасам. Апошнім часам іх на балансе ўсё больш і больш: сельгаставарыствы і іншыя арганізацыі перадаюць свае водаправоды, цепласеткі, кацельні. І абслугоўванне могілак – адна з задач камунальнікаў. У сельскай мясцовасці па-новаму, з дапамогай кантэйнераў, стаў ажыццяўляцца збор цвёрдых бытавых адходаў, таму да аператараў паступаюць заяўкі адносна іх своечасовай ачысткі.

У сярэднім за змену на «гарачы» тэлефон камунальнай службы (5-54-49, 8-029-56-5-54-49) паступае да 40-50 заявак. Жыхарамі раёна запатрабаваны самыя розныя камунальныя паслугі. А на выпадак аварыйнай сітуацыі на сетках і т. п. у аператара ўстаноўлена прамая сувязь з дзяжурным раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Згодна з інструкцыяй, для ліквідацыі падобнай сітуацыі прадугледжаны дзяжурныя спецыялісты і тэхніка.         

Таццяна ПЯТКЕВІЧ,

фота Васіля ЗЯНЬКО

АБАНЕНТАЎ ЧАКАЮЦЬ У СЭРВІСНЫМ ЦЭНТРЫ

У гэтым годзе рэалізуецца адзін з самых сур’ёзных праектаў у гісторыі сувязі раёна, кошт якога складае каля чатырох мільярдаў рублёў. Па значнасці яго можна параўнаць з тэхналагічным прарывам (штосьці падобнае назіралася ў нас у 2004 годзе, калі будавалася апорная станцыя на аснове новай тэхналогіі). Уведзены ў строй лічбавыя станцыі, падцягнуты оптыка-валаконныя лініі сувязі, што ў першую чаргу забяспечыць якасць прадастаўлення паслуг электрасувязі. Зманціравана ёмістасць аб’ёмам 3 400 тэлефонных нумароў, і да канца бягучага года будзе адключана апошняя каардынатная станцыя на гарадской тэлефоннай сетцы.

Як заўважаюць спецыяліст па продажах Таццяна Салавей, начальнік станцыйнага ўчастка Сяргей Лапко і начальнік лінейна-станцыйнага цэха Віталь Памазкоў, на даны момант вядзецца вельмі адказны і крапатлівы працэс – пераключэнне абанентаў  горада Стоўбцы.

– Працэс вельмі напружаны, – заўважае начальнік Стаўбцоўскага вузла электрасувязі Міхаіл КАСАБУЦКІ. – Палова абанентаў за апошнія гады ўжо пераключана, засталося 1650 нумароў. Да канца года неабходна ўсіх іх пераключыць. Пераключацца будуць тэлефонныя нумары, якія пачынаюцца з лічбаў – 55-, 54-, 53- і 52-ххх. Таксама пераключэнне закране некаторыя нумары з лічбай 51-ххх і нават нумары з «сямёркі», таму што пракладзены аптычны кабель да шматпавярховых дамоў старой забудовы горада (па вуліцах Свярдлова, 33, 34, 35, 36, 37, 38, 39), Цэнтральнай, 2а, 3а і 6а, Ленінскай, 89 і інш.).          

– Міхаіл Іванавіч, што значыць пераключэнне? Якія нязручнасці чакаюць тэлефонных абанентаў?

– З нязручнасцяў – гэта замена нумара (яна – бясплатная) і, адпаведна, неабходнасць афармлення дагавора. А ўсё астатняе – плюсы, таму што лічбавая станцыя дазваляе прадастаўляць новыя і самыя сучасныя паслугі. Да прыкладу, там, дзе падведзена «оптыка», будуць высокія хуткасці інтэрнэту, магчымасць падключыць у кватэру не адну, а дзве і тры прыстаўкі. Прычым, усё гэта – па даступнай цане.

Вострую актуальнасць для нас уяўляе тое, каб людзі адэкватна рэагавалі. Відавочна, што пераключэнне носіць масавы характар, вядзецца ў надзвычай сціслыя тэрміны, таму наш спецыяліст штодзень абзвоньвае групу абанентаў у вячэрні час, калі яны дома, не на рабоце, і запрашае прыйсці ў сэрвісны цэнтр для пераафармлення. Людзі не павінны пужацца такога званка і, тым больш, успрымаць яго, як нейкі жарт.

За дзень мы маем магчымасць абслужыць не больш за 20-25 чалавек – з гэтага разліку і запрашаем людзей. Хочацца, каб не было чэргаў, не ўзнікалі на гэтай глебе непаразуменні. Але калі прыходзяць кліенты «учарашнія», «пазаўчарашнія», то, самі разумееце, без гэтага абыйсціся  не зусім рэальна. Больш таго, работа з кожным канкрэтным кліентам не заканчваецца аднымі сценамі сэрвіснага цэнтра. Мы разлічваем у гэтых жорсткіх умовах на разуменне і цярпенне людзей і просім іх аб адным – адгукацца на нашу просьбу, быць дысцыплінаванымі. Усе ўзнікаючыя пытанні можна вырашыць цывілізавана.

– А калі абанент, якога неабходна пераключыць, увогуле да вас не з’явіцца?                   

– Хачу або не хачу – гэта не той варыянт. Нехта мяркуе так: у мяне тэлефон працуе, ёсць свой тэлефонны нумар, то чаго я пайду? Аднак мы не зможам захаваць яму стары нумар, таму што з 2016 года старая станцыя будзе адключана, і тэлефонная сувязь будзе ажыццяўляцца па той ці іншай новай тэхналогіі. Згодна з законам, таго, хто не прыйдзе, мы абавязаны будзем праінфармаваць пісьмовым паведамленнем за месяц да адключэння.

– Напэўна, варта сказаць, што менавіта за аптычнымі лініямі сувязі – будучае.

– Паступова мы будзем пераводзіць на іх увесь горад. Нам важна было пабудаваць станцыйную гаспадарку, а далей яна будзе нарошчвацца, расшырацца сеткі. Пераключэнне на «валакно» пакуль ахоплівае шматкватэрны сектар, але ўжо на павестцы дня стаіць і прыватная забудова.      

– Шмат пытанняў узнікае ў сувязі з тым, што пасля пераключэння змяніліся тэлефоны прадпрыемстваў, арганізацый. Калі будзе выпушчаны новы тэлефонны даведнік?

– Так, пераключэнне закране 630 нумароў розных арганізацый. Некаторыя арганізацыі, такія, як аўтапарк, энергазбыт, рэдакцыя газеты, Цэнтр павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў райсельгасхарчу, цэнтральная аптэка і інш. паведамілі свае новыя нумары ў раённай газеце. Мы можам параіць званіць у даведачную службу па тэл. 109. Можна звярнуцца і да нас па тэл. 7-34-13. Новы тэлефонны даведнік будзе тады, калі будуць завершаны ўсе работы ў горадзе і раёне.

– Якія перамены намячаюцца ў маштабах раёна?

– На наступны год намечаны тры аб’екты: замена каардынатных станцый у Мархачоўшчыне і Тонаве, будаўніцтва новай станцыі ў Прудах. Гэта вялікі аб’ём работ, яго выкананне дазволіць поўнасцю адыйсці ад каардынатнага абсталявання, састарэлага фізічна і маральна. Праблемы тэлефанізацыі ў раёне не існуе, таму што сучасныя тэхналогіі дазваляюць задаволіць усіх жадаючых. Калі няма магчымасці для ўстаноўкі правадной тэлефоннай лініі, то можна выкарыстаць бесправадную. Бесправадны тэлефон захоўвае ўсе тыя ж функцыі, што і правадны. Мы можам прапанаваць паслугі інтэрнэту 2G/3G пры наяўнасці тэхнічнай магчымасці, эфірнае тэлебачанне – гэта тыя ж 44 каналы рознай тэматыкі, разлічаныя на дарослых, дзяцей. Тэрыторыя раёна ахопліваецца двума рэтранслятарамі, неабходна толькі правільна накіраваць антэну. Ёсць што прапанаваць кожнаму чалавеку, за ім – выбар паслуг.

– Ваш сэрвісны цэнтр быў адкрыты напрыканцы мінулага года. Як наладжана яго работа?

– У сэрвісным цэнтры працуюць тры спецыялісты. Створаны нармальныя ўмовы як для персанала, так і для кліентаў. Па аўторках і чацвяргах цэнтр працуе да 19.00. Адкрыты ён для кліентаў і па суботах з 9.00 да 13.00. Нашым кліентам гэта  зручна. Устаноўлены інфакіёск, таму за ўсе паслугі можна разлічыцца карткай.

Гаспадарка Стаўбцоўскага вузла электрасувязі — гэта больш за 5 тысяч км кабелю (за апошнія 20 гадоў працягласць вырасла ў пяць разоў) і каля 19,5 тысячы тэлефонных нумароў. На Стаўбцоўшчыне прыкладна 8,5 тысячы карыстальнікаў byfly, каля 6 тысяч абанентаў інтэрактыўнага тэлебачання ZALA і каля адной тысячы абанентаў эфірнага тэлебачання.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ

ФІТНЕС-ТРЭНІРОЎКІ ПА МЕТАДУ ПІЛАТЭСА

Фітнес-трэніроўкі па метаду Пілатэса шырока распаўсюджаны па ўсёй Беларусі. Нагрузкі дастаткова мяккія, не траўміруюць, дазваляюць займацца людзям, каму за 30. І пры гэтым вельмі эфектыўныя. Сам тып заняткаў аднолькавы з нагрузкай па аэробіцы, аднак высокі ўзровень спажывання кіслароду (менавіта гэты паказчык дазваляе эфектыўна спальваць тлушчы) дасягаецца не за кошт загранічнага пульсу, а за кошт асаблівага тыпу дыхання, што дазваляе займацца людзям усіх узростаў. Прыемны эфект ад трэніровак – вы выйдзеце з залы не стомленымі, а адпачыўшымі! Пры рэгулярным наведванні трэніровак вас пакіне стомленасць мышцаў, асабліва мышцаў спіны. Пілатэс дае пазваночніку больш падтрымкі, ператвараючы яго з акасцянелага, падобнага на стрыжань, які не гнецца, на гібкую нітку жэмчугу. Такая гнуткасць папярэдзіць праблемы са спіною. Падаўжэнне мышцаў спіны пры дапамозе трэніровак па метаду Пілатэса дапаможа аблегчыць пачуццё сцягнутасці і хваравітасці мышцаў спіны. Такія практыкаванні павялічваюць рухомасць суставаў. Акрамя таго, расцяжка стымулюе выпрацоўку ўнутрысустаўнай вадкасці і папярэджвае ўзнікненне счаплення ў суставах. Пілатэс таксама дапамагае выправіць асанку, што ў сваю чаргу здымае напружанасць і дапамагае фарміраваць здаровую і прыгожую асанку.

Калі вы страцілі форму, пілатэс – першы этап любой праграмы фітнэсу. Гэты метад не напружавае суставы і не зношвае звязкі і храшчы, не перагружае сэрца, дазваляе займацца тым, хто не можа асіліць аэробіку ці бег. У адрозненне ад іншых відаў практыкаванняў, пілатэсам можна займацца штодзённа, не падвяргаючы стрэсу мышцы і суставы. Каб атрымаць вынік, дастаткова займацца два-тры разы на тыдні. Вельмі важна –  рэгулярнасць заняткаў, у гэтым ключ да поспеху.

Акрамя ўсяго, пілатэс станоўча сказваецца на эмацыянальным стане. Сфакусіруйцеся на тым, каб зняць напружанне, і вы станеце на шлях аздараўлення цела знешне і ўнутрана. Пілатэс здымае скаванасць і стомленасць мышцаў, вынікі стрэсу пры напружанай фізічнай і разумовай працы, дазваляе паўнацэнна адпачыць целам і душою.

Заняткі пілатэсам будзе весці спецыяліст з вышэйшай медыцынскай адукацыяй, стаж работы інструктарам па пілатэсу складае 9 гадоў. У Стоўбцах заняткі праводзіць на працягу чатырох гадоў. За гэты час дапамог вялікай колькасці людзей самых розных прафесій і ўзростаў палепшыць стан здароўя. Чакаем вас на трэніроўках.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *