Праект «Праменя» – «Жаночы клуб»

Нумары Соцыум

САКРЭТЫ ШЧАСЦЯ

Давайце пазнаёмімся. Мяне завуць Таццяна Мікалаеўна Дудзько. Я практычны псіхолаг, вяду курс адукацыйных заняткаў «Маміна школа».

Праект «Жаночы клуб» у «Прамені» адкрываеца для таго, каб разбудзіць у вас жаданне зрабіць сваё жыццё больш цікавым і радасным, насыціць яго каштоўнымі ведамі, якія дапамогуць упрыгожыць жыццё новым сэнсам і станоўчымі эмоцыямі. Чакаем, што гэта будзе дыялог на прапанаваныя тэмы: можна задаць пытанні, атрымаць на іх адказы, падзяліцца вынікамі. Тэмамі сакрэтаў шчасця і ўдачы больш цікавіцца слабы пол, пакуль мужчыны палююць у свеце за асабістымі дасягненнямі. Аднак у мяне ёсць надзея, што інфармацыя нашай рубрыкі будзе запатрабавана і мужчынамі, каб дапамагчы сваім жанчынам расцвісці. Усё, аб чым будзе ісці размова, вывучана і апрабавана ў рэальным жыцці не адным чалавекам, у тым ліку і мною. Што ж пачынаем гаворку аб сакрэтах шчасця.

У кожнай жанчыны, незалежна ад яе ўзросту, ёсць свае мары: вялікія ці малыя, спакойныя ці хвалюючыя, зямнога ці нябеснага колеру, з пахам шакаладу, дажджу і вясны, шуму прыбою, цішынёю ночы, смакам радасці, надзейнасці, пяшчоты. Мары, якія абяцаюць здзейсніцца. На спрадвечнае пытанне: «Чаго хоча жанчына?» пасля разваг ад незлічонай колькасці падарункаў, кветак, падарожжаў да павагі, прызнання ў каханні, вернасці цудоўная палавіна выдае выніковы адказ: ЖАНОЧАГА ШЧАСЦЯ. У мужчын свае мары. Яны хочуць дасягненняў: прафесійных, фінансавых, асабістых. Не кожнаму пашанцавала ў коле сям’і, сваіх знаёмых бачыць дастойныя прыклады мужчын, якія адбыліся, і шчаслівых жанчын. На дзіця, якое, як губка, усмактвае  навакольнае жыццё, прыклад бацькоў можа назаўсёды паставіць адбітак на яго лёсе. У будучым яму могуць дапамагчы толькі веды і вострае жаданне змяніць  жыццё да лепшага.  На жаль, веды аб шчаслівым жыцці на ўроках не выкладаюцца.  

У выніку, якія б мары ні былі пералічаны, усё зводзіцца да дасягнення двух універсальных мэтаў чалавечага жыцця. На самой справе, людзі хочуць поспеху і шчасця. У кожным з нас ёсць творчы патэнцыял, які мы спрабуем рэалізаваць, праверыць свае сілы: пабудаваць дом, пасадзіць дрэва, выхаваць дзіця. Нашы дасягненні ў знешнім жыцці мы можам убачыць, дакрануцца: машына, кватэра, кар’ера, фінансы і т. п. Для некаторых гэты спіс не абмяжоўваецца  дасягненнямі для сябе і сваіх блізкіх. Яны будуюць храмы, арганізоўваюць  дабрачынныя фонды ці проста служаць людзям, у тым ліку і сваёй усмешкай, прыветлівасцю, добрым словам, увагай і дапамогай, імкнучыся зрабіць іншага больш шчаслівым.

Многія, ацэньваючы плады сваёй працы, вельмі прывязваюцца да гэтых даброт, да знешняй складаючай чалавечага жыцця. Што ж такое шчасце? Гэта поспех у душы чалавека, у яго ўнутраным свеце. Гэта нейкая гармонія, адчуванне радасці жыцця. Шчасце – гэта кантакт з самім сабою.  

Мы дабіваемся знешняга поспеху, аднак ці задаволены мы жыццём? Калі ўнутры кіпіць раздражненне, гнеў, крыўда, зайздрасць, сквапнасць. Хочацца сарвацца на жонцы, дзяцях, родных, калегах, суседзях. Мы не ўсведамляем, што поспех (знешняя мэта) і шчасце (унутраная мэта) павінны быць у гармоніі. Хто свядома згодзіцца мець бізнес, грошы, сям’ю, аднак пастаянна адчуваць адзіноту, трывогу і стомленасць? Ці мець добрыя адносіны ў сям’і, фінансавы дастатак, аднак не мець здароўя і не адчуваць павагі ад людзей? Ці ёсць усё, а грошай няма? На жаль, калі адна з гэтых умоў не захоўваецца, тады любы поспех пачынае разбураць наша жыццё. Наша жыццё падпарадкавана пэўным законам, як бы іх не называлі: законы Творцы, законы лёсу, законы Сусвету. Я іх буду называць законамі рэальнасці. Мы не можам уплываць на іх – у выніку адны падзеі «выпадкова» ствараюць пазітыў, іншыя «выпадкова» разбураюць наша жыццё.  Як жа дасягаюцца гэтыя ўніверсальныя мэты — поспех і шчасце? Вывучаючы законы рэальнасці, чалавек атрымлівае магчымасць кіраваць дзвюма сферамі і мэтанакіравана ісці да іх, паляпшаючы жыццё вакол сябе. Упэўнена, што вы ведаеце хаця бы аднаго чалавека, які  сумеў бы пераадолець складаную сітуацыю і змяніць свой лёс.

Чалавек здзяйсняе ўчынак, і ён праз некаторы час абавязкова вернецца да яго: праз іншага чалавека, праз прыбытак ці страту, праз удачу ці паражэнне. Мы кагосьці пакрыўдзілі – нас пакрыўдзяць. Мы не выканалі абавязацельствы – нехта іншы ў адносінах да нас парушыць дамоўленасць. Мы бескарысна праявілі чуласць – і да нас нехта аднясецца з дабрынёю і душэўнасцю. Закон прычыны і следства інакш называецца законам справядлівасці: што пасееш, тое і пажнеш. Пасееш думку – пажнеш учынак, пасееш учынак – пажнеш характар, пасееш характар – пажнеш лёс. Законы светабудовы запісаны ў святых кнігах і старадаўніх тэкстах мудрацоў.

Каб што-небудзь змяніць, патрэбна ведаць, што мяняць. Звычайна мы не ўсведамляем, што ў нас ёсць праблема. Таму наша рэакцыя такая, што мы лічым праблемай чалавека, які яе нам прынёс. Аднак гэта праблема – адлюстраванне таго, як мы рэагавалі раней. Што рабіць з негатыўнымі эмоцыямі, якія ўзнікаюць, абмяркуем у наступны раз. Далей задайце сабе пытанне: у чым мой урок? Яркім прыкладам можа служыць рэальны факт з жыцця падзвіжніцы маці Тэрэзы Калькутскай. Яна гаварыла, што самым моцным голадам у жыцці чалавека з’яўляецца голад сэрца, голад любові. Яна хацела напаіць гэтай любоўю ўсіх, у тым ліку і тых, хто памірае ад праказы. На той час яна мела ўжо дабрачынныя сродкі, на якія пачала будаўніцтва стацыянарнага лепразорыя. Улады Калькуты, падтрыманыя вялікай колькасцю людзей, не захацелі існавання на гэтым месцы «рассадніка хваробы» і вырашылі разбурыць сцены. Аднадумцы маці Тэрэзы сталі перад экскаватарам, аднак  яна папрасіла іх адступіць і даць магчымасць прывесці ў выкананне указ. «Бог тлумачыць нешта і праз гэтых нязгодных людзей», – такі сэнс яна знайшла ў гэтым уроку. Пазней яе імкненне абагрэць уміраючых ад праказы любоўю, міласэрнасцю і клопатам цудоўным чынам было рэалізавана ў перасоўных лепразорыях. У 1979 годзе маці Тэрэзе Калькутскай была прысвоена Нобелеўская прэмія міру. 

 Мастацтва жыцця заключаецца ў тым, каб ведаць законы рэальнасці і правільна рабіць. І жыццё гарантавана мяняе чалавека ў лепшы бок. Каму было зусім дрэнна, адчуе, што жыць стала лягчэй. А хто гатовы пазмагацца за шчасце і поспех, таму душэўна папрацаваць патрэбна значна больш. Сёння мы вельмі коратка разгледзелі толькі закон прычыны і следства. Наступныя нашы сустрэчы чакаюць размовы аб іншых законах рэальнасці. Таксама мы вывучым розніцу паміж жаночым і мужчынскім поспехамі, мужчынскім і жаночым шчасцем. Пасля хвалі фемінізму мінулага стагоддзя сучасныя жанчыны імкнуцца навучыцца і дасягнуць мужчынскага поспеху, які да жаночага шчасця не мае ніякіх адносін. Мы пастараемся зразумець, у чым жаночае прызначэнне, як знайсці яго і рэалізаваць у сучасным свеце. Пагаворым таксама і аб мужчынскім поспеху, аб мужчынскім шчасці. Аб жанчыне як натхняючай сіле мужчынскіх дасягненняў. Прапаноўвайце і вы, дарагія чытачы, тэмы для абмеркавання. Дарога заўсёды пачынаецца з першага кроку.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

БУДЗЬЦЕ ПРЫГОЖЫМІ

Губы вельмі любяць мядовую маску. Накладзіце яе на 20 хвілін, а потым паціху ласуйцеся. Таксама добрыя (і смачныя) і маска з тварагу і вяршкоў (сливок). Маску можна рабіць з чайнай лыжкай маркоўнага соку. Гэтыя маскі накладваюць на 10 хвілін. На 15 хвілін – маска з цёртага яблыка і сметанковага (сливочного) масла. Не такая смачная, але не менш карысная маска са шмальцу і касторавага масла (1:1). Перад сном таксама карысна змазаць губы сокам свежага агурка.

Калі на губах з’явілася лушчэнне, паспрабуйце нанесці на іх сумесь эфірных маслаў: па тры кроплі масла міры, ружавага масла ці мірты. Усе эфірныя маслы змешваюцца з 15 кроплямі масла-асновы (аліўкавым ці персікавым).

Маскі дапамогуць захаваць мяккасць губ, ахоўваюць ад з’яўлення трэшчын. Дарэчы, трэшчыны на губах з’яўляюцца ад недахопу вадкасці ў арганізме, ад сухога паветра ў памяшканні, ад злоўжывання кавай і г. д.

Калі купляеце губную памаду, звярніце ўвагу на наступнае. Добрая памада наносіцца мякка і лёгка, практычна без націску, яна не павінна сцягваць губы.

Высуньце стрыжань на ўсю даўжыню. Плямы на паверхні, месцы са змененым колерам, выступіўшыя кропелькі вільгаці – усё гэта сведчыць, што памада сапсавана ці яна дрэннай якасці. Панюхайце памаду – пах не павінен быць моцным, навязлівым. Калі памада ўваходзіць у парфюмную серыю, то пах павінен адпавядаць агульнай гаме фірменных араматаў. Пад сонечнымі праменямі памада не павінна раставаць, як марожанае.

І не забывайце кожны раз на ноч акуратна змываць памаду касметычным малачком і падпітваць губы спецыяльным бальзамам.

Не купляйце губную памаду ў рыначных латках і за цану ў два-тры разы меншую, чым у дылераў.  Можаце набыць фальсіфікаваны, няякасны прадукт.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *