Будаваць — не бедаваць

Грамадства Нумары

7752
У гэтым выслоўі – не адзін сэнс. Зразумела, што наваселле – заўсёды радасць. Было, бедавалі, разважаючы, дзе сабраць грошай на чарговы кааператыўны ўзнос. Стараліся знайсці магчымасць для звышурочнай працы, пазычалі грошы ў суседзяў, сяброў, знаёмых, адмаўляліся ад патрэбных, ды не першачарговых затрат. Але ж як прыемна было прайсціся па вуліцы каля запаветнага дома. Усё больш яскрава акрэсліваліся абрысы ўласнага ўтульнага гняздзечка. Яшчэ крыху перацярпець нязручнасці жыцця ў чужым кутку, на здымнай кватэры, добра, калі ў бацькоў, родзічаў, у інтэрнаце.

І нарэшце фініш! Колькі тэрміны здачы дома не пераносілі, але, як гаворыцца, убіты апошні цвік, зроблены апошні мазок. Праўда, хваляванні пакуль не закончыліся. Яшчэ не пройдзены этап размеркавання кватэр. На жараб’ёўку прыйшлі ўсёй сям’ёй. Гэта ж кульмінацыя эпапеі пад назвай «наваселле». Апрабаваны метад – выцягванне канвертаў ці проста запісак «са шляпы» з нумарамі кватэр. Гэта навявае ўспаміны аб хваляваннях падчас студэнцкай сесіі з яе шчаслівымі ці не надта білецікамі.

І вось экзамен здадзены. Ці ўсе задаволены яго вынікамі? Наўрад ці такое магчыма. Пяцьдзясят на пяцьдзясат шанц для кожнага атрымаць сонечны паўднёвы бок. Што датычыць паверха, то, пэўна ж, не ўсім даспадобы забрацца на «сёмае ці дзявятае неба». А што, калі забарахліць ліфт, а як раптам дах прахудзіцца – дажджавыя «ванны» самым «высокім» прымаць. І наконт першага паверха не ўсім радасць. Перавагі адчувальныя для сем’яў з малымі дзецьмі ці састарэлымі. І каляску хутчэй вывесці, і бабулі, дзядулю лягчэй на сонейка выйсці. А маладым, здаровым? То з падвала не надта прыемны пах, то камары праз дзверы ў кватэру імкнуцца. У кагосьці страх перад зладзеямі, якія быццам бы навучыліся ўжо залазіць праз фортку… Чаканні розныя, ды не заўсёды вынікі супадаюць з жаданнямі.

Вернемся да нашай уяўнай сям’і, што вяртаецца пасля кватэрнага размеркавання. Нешта не надта яны вясёлыя. Гэтым «падфарціла», тым «падкаціла», а нам? Пачынаюцца пошукі «д’ябліка». «Канверты былі мечаныя», – пераканана выказвае свой аргумент жонка. Добра калі, паразважаўшы так, супакойваюцца, пускаюць усё на волю лёсу, або дамаўляюцца з суседзямі па хуткім абмене кватэрамі. А калі не, то хапае галаўнога болю і старшыні кааператыва, і нават адказным таварышам з уладных структур. Аб’яўляць паўторную жараб’ёўку, а як яна зноў не задаволіць усіх? Ды і як адступаць, калі людзі ўжо актыўна пачалі засяленне.

Гэта ўсё не бяда, можа толькі паўбяды. Любы абжыты куток становіцца мілым. Хаця і такая выснова не бясспрэчная ісціна для кожнага. Паклеілі шпалеры, а яны не падабаюцца. Злавацца не варта, мяняйце на іншыя, з тымі ўзорамі і тонам-колерам, што вам палепшыць настрой. Лінолеум не той? Прэтэнзіі да будаўнікоў слушныя тады, калі пакладзены ён на няроўную, бугрыстую паверхню. А ўвогуле мяняйце дзвярныя ручкі, замкі, мацуйце якія вам хочацца люстры. Толькі вось капітальную перабудову не толькі сцен, а і падлогі нельга рабіць без змяненняў праектнай дакументацыі. Памятаць варта, што ад вашага самавольнага «дойлідства» могуць пацярпець суседзі. Нясучыя канструкцыі, камунікацыі, шчыруючы «над абнаўленнем» можна парушыць. А гэта караецца законам.

Толькі гутарка не пра «гора ад розуму». У змрочным сне прадказаны пачынаецца ажыятаж, калі ўсё больш выразна не даюць спакою рознай велічыні «дробныя недаробкі». На жаль, часам яны разліваюцца ў бурнае мора жыллёва-камунальных праблем. З набытым правам гаспадыні жанчына выцірала вокны, рыхтуючы пакой да засялення. Абаперлася на падаконнік, ён і разваліўся. Другая зрывала шпалеры, а з паласой паперы пасыпалася тынкоўка. Шыбіны ў вокнах пастаянна пацеюць, а з наступленнем халадоў мароз стаў свае ўзоры маляваць. Хаця пераконвалі, што шклопакеты герметычна падагнаны, ды ветру з вуліцы не стала гэта заслонай. Там дзверы перакошаны, там з разеткамі, сантэхнікай нелады.

Недаробкі ў новабудоўлях – тэма даўно збітая, дастаткова «ўспетая» і сатырыкамі, і гумарыстамі. Але навасёлам ад гэтага не смешна. І прыведзеныя вышэй прыклады не выдуманыя аўтарам, а сапраўды пачутыя ад абураных грамадзян, скажам так, у розны час.

Як змагацца з набалелай праблемай? Якасць будаўніцтва жылля, неапраўдана зацягнутыя тэрміны здачы новабудоўляў – ліквідацыя гэтых і іншых хібаў стала важным дзяржаўным клопатам. Снежаньская рэспубліканская нарада, па вызначэнні Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, стала знакавай падзеяй. Першай з

тых, на якія з усёй рэспублікі будуць збірацца кіруючыя кадры для сумеснага вырашэння важнейшых пытанняў жыцця грамадства.

Па выніках нарады прымаюцца прававыя і нарматыўныя акты. Так, 14 студзеня выйшаў Указ Прэзідэнта Беларусі № 26 – дакумент аб удасканаленні будаўнічай дзейнасці, дзе прыярытэтнай стане абарона правоў грамадзян пры будаўніцтве жылля. Даецца заслона, з адпаведнай прававой ацэнкай праявам бракаробства, падману дольшчыкаў. Пад асаблівы кантроль бяруцца пытанні выдзялення зямельных участкаў для будаўніцтва. І пачатак самога працэсу будаўніцтва стане недапушчальным без поўнай праектнай дакументацыі.

Вызначальны аспект тут кваліфікацыя будаўнікоў. Нездарма на снежаньскай нарадзе абмяркоўвалі і кадравую праблему. Не шмат карысці, калі за спінай аднаго работніка з кельмай стаяць, ці дакладней сядзяць, дзесяць з паперамі. І кантралёраў усюды не прыставіш. Галоўны ж кантроль, як у любой сферы дзейнасці, — сумленне.
Фёдар БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *