Дапамагчы пераступіць бар’ер

Нумары Соцыум

Сярод грамадскіх арганізацый, зарэгістраваных у нашым раёне, на асобым рахунку раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў». З нядаўняга часу яе ўзначальвае спецыяліст па сацыяльнай рабоце раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Зінаіда Катлашэўская. У інтэрв’ю нашай газеце Зінаіда Сяргееўна дзеліцца сваімі думкамі аб тым, якой ёй бачыцца далейшая дзейнасць аб’яднання.

–       Зінаіда Сяргееўна, колькі чалавек аб’ядноўвае гэтая арганізацыя?

–       Больш за 300 членаў. Гэта па старых спісах, якія я прыняла ад свайго папярэдніка Міхаіла Мазура. Стаіць першачарговая задача ўдакланіць даныя. Я сутыкнулася з такой праблемай: у многіх памяняліся тэлефоны ў сувязі з увядзеннем новай тэлефоннай станцыі, у некаторых – месца жыхарства. У інвалідаў можа памяняцца група здароўя. Таму вельмі важна, каб самі інваліды ці члены іх сям’і, іх родныя адгукнуліся, выйшлі на кантакт і паведамілі аб сабе, каб пераправерыць спісы. Гэта можна зрабіць па тэлефоне 5-54-99  ці мабільным – 8-033-300-58-57. Дзякуючы падтрымцы райвыканкама для нашай арганізацыі ў свой час быў выдзелены  кабінет у будынку стаўбцоўскай друкарні. Кожную сераду з 10 да 12 гадзін вядзецца прыём па розных пытаннях. Прыемная акалічнасць: за некалькі месяцаў маёй работы да нас далучыліся 11 новых членаў – гэтаму садзейнічала і раённае мерапрыемства да Дня пажылых людзей.

–       Акрамя старшыні, хто яшчэ прымае актыўны ўдзел у рабоце арганізацыі?

–        Ёсць праўленне, аднак дзейнасць яго таксама патрэбна ажывіць. Рэальную дапамогу аказваюць некалькі чалавек, за што ім вялікі дзякуй. У ліку іх былы бухгалтар Валянціна Ільінічна Мазур, Юрый Кузьміч Качанаў. Нядаўна ААТ «Вішнявецкі-агра» ахвяравала для членаў арганізацыі 700 кілаграмаў груш. Прадукт, які патрэбна было хутка раздаць. Узнікла нямала праблем. Патрэбна было патэлефанаваць усім, што заняло не адну гадзіну часу. Пры гэтым мы зноў сутыкнуліся з праблемай: многія тэлефоны недаступныя. Спатрэбіліся памочнікі, каб развезці садавіну тым, хто сам не можа прыйсці. Дапамогу аказала кіраўніцтва тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, якое выдзеліла памяшканне, каб складзіраваць прадукт, пакуль вырашалі арганізацыйныя моманты. Хочацца выказаць кіраўніцтву цэнтра і калектыву ўдзячнасць за разуменне і падтрымку ў вырашэнні і іншых надзённых пытанняў дзейнасці арганізацыі інвалідаў. Невялікі вопыт маёй работы паказаў, што без памочнікаў не абысціся. Таму хачу звярнуцца з просьбай: хто мае час, сілы, у каго добрае сэрца, стаць валанцёрамі арганізацыі таварыства інвалідаў, прапанаваць сваю дапамогу. У нас назапашваюцца бухгалтарскія дакументы. Можа, хтосьці бухгалтар па спецыяльнасці і мог бы аказаць дапамогу. Гэта не абавязкова павінны быць людзі з інваліднасцю. Згодна са статутам аб’яднання, мы можам прыняць у члены арганізацыі і такіх актыўных памочнікаў. Было б нядрэнна, каб хто з цырульнікаў мог выкраіць са свайго графіка некалькі гадзін і хоць бы адзін ці два разы ў месяц аказаць паслугі інвалідам дома. Мы былі б удзячнымі такім людзям. Чакаем і іншых прапаноў. Хацелася б атрымаць падтрымку арганізацый і прадпрыемстваў. Было б ідэальна, каб за арганізацыяй інвалідаў раёна былі замацаваны пэўныя прадпрыемствы. Мы сутыкнуліся нядаўна з такой праблемай.  У сям’і два інваліды, у іх разваліліся веснічкі. Калі б за аб’яднаннем інвалідаў былі замацаваны пэўныя прадпрыемствы, мы маглі б разлічваць на  іх дапамогу. Лічу, што гэтае пытанне патрэбна вырашаць, хацелі б папрасіць у гэтым садзейнічання райвыканкама.

–       Якія яшчэ моманты пры знаёмстве з новымі абавязкамі вас кранулі?

–       Інвалідам патрэбна дапамога ў сацыялізацыі іх у грамадстве. Мяне вельмі ўстрывожыла, да глыбіні душы кранула, калі адзін з інвалідаў адмовіўся паехаць на канцэрт па той прычыне, што саромеецца паказацца на людзях у інваліднай калясцы. Гэты чалавек атрымаў цяжкую траўму на вытворчасці, застаўся інвалідам. Такі факт – навука нам усім: ад няшчасных выпадкаў ніхто не застрахаваны. Аднак інваліднасць – не прыгавор, і мы хацелі б даць людзям штуршок пераступіць гэты ўнутраны бар’ер. Прыкладам можа служыць Ганна Віктараўна Гарчакова, інвалід-калясачнік, якая вядзе актыўную грамадскую работу, з’яўляючыся старшынёю абласной арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў. Яна чэмпіён свету па бальных танцах. У мяне ёсць вялікае жаданне аб’яднаць членаў нашай арганізацыі, каб яны маглі выйсці са сцен сваіх кватэр, каб разам маглі правесці час, сустракацца на мерапрыемствах, у клубах па інтарэсах. Па маёй просьбе многія маглі б адгукнуцца і дапамагчы абзваніць членаў арганізацыі, калі патрэбна раздаць спонсарскую дапамогу, запрасіць на мерапрыемства. Раённы вузел паштовай сувязі ахвяраваў нам віншавальныя паштоўкі. Вельмі б хацелася стварыць банк дзён нараджэння членаў арганізацыі. І тут таксама патрэбны памочнікі. Адгукніцеся, аб’яднаемся, будзем разам пераадольваць цяжкасці, будаваць сваё жыццё, атрымліваць радасць ад зносін. Да адзначаных арганізацый, якія зрабілі крок насустрач патрэбам аб’яднання інвалідаў, хачу з удзячнасцю аднесці і раённы Цэнтр культуры, стаўбцоўскую друкарню, саюздрук, раённую газету «Прамень».

–       З чаго складваецца фінансаванне аб’яднання?

–       Гэта грамадская арганізацыя. Усе, у тым ліку і старшыня, выконваюць абавязкі на грамадскіх умовах. Крыніцай фінансавання з’яўляюцца членскія ўзносы і спонсарская дапамога. Вельмі хацелася б для інвалідаў хоць некалькі разоў у год арганізаваць мерапрыемствы, сфарміраваць ім падарункі. Гэтыя людзі ў нашым грамадстве на асаблівым рахунку, патрэбна ўдзяліць ім увагу, каб яны не адчувалі сябе забытымі. Набліжаецца 3 снежня – Дзень інвалідаў. Напярэдадні намі былі падрыхтаваны пісьмы і разасланы ў арганізацыі і на прадпрыемствы раёна. З тых адрасатаў, куды адпраўлены пісьмы, пакуль на просьбу аб дапамозе адгукнуўся толькі Цэнтр банкаўскіх паслуг № 624 Беларусбанка, што выклікае вялікую павагу да кіраўніцтва гэтай арганізацыі і калектыву. Карыстаючыся магчымасцю, нагадаю рэквізіты Стаўбцоўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў»: Мінская вобласць, 222666, г. Стоўбцы, вул Сацыялістычная, 40. Разліковы рахунак № 3015293720247 у РКЦ № 18 г. Стоўбцы філіяла ААТ «Белаграпрамбанк» – Мінскае абласное ўпраўленне, код 942, УНП 600047651. Разлічваем на вашу ўвагу да праблем інвалідаў.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ШЧЫРА ДЗЯКУЮЦЬ

Для кожнай арганізацыі, асабліва для той, якая аказвае паслугі вялікай колькасці людзей, значэнне мае такі паказчык, як паступленне скаргаў і прапаноў.

Вядзе такі ўлік і цэнтральная раённая бальніца. За дзевяць месяцаў у медыцынскую ўстанову паступіла 14 электронных зваротаў і 16 – пісьмовых. У ліку іх ёсць падзякі.

Важным паказчыкам ацэнкі работы ўстановы з’яўляецца Кніга заўваг і прапаноў – гэтая норма вызначана законам Рэспублікі Беларусь. З пачатку года ў гэтую кнігу ўнесена 59 запісаў, 54 з іх – падзякі медыцынскім работнікам і абслуговаму персаналу ўстановы. У мінулым годзе было 39 запісаў з 27 падзякамі. Для кіраўніцтва і калектыву раённай бальніцы гэта прыемная акалічнасць.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *