Сельскі час

Нумары Сельская гаспадарка

ЗА РУЛЁМ САМАЗВАЛА

Малады вадзіцель ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» Валянцін Гацура перавёз на сёлетнім жніве ад камбайна 2879,7 тоны збожжа і стаў прызёрам абласнога спаборніцтва. Шосты год працуе Валянцін на грузавой аўтамашыне «МАЗ».

– Прыйшоў на працу ў гаспадарку пасля службы ў арміі, – расказвае малады чалавек. – Спачатку круціў баранку легкавушкі – вазіў дырэктара, затым даверылі камбайн. А як толькі вызваліўся «велікагруз», то папрасіў даручыць яго мне.

Прафесію вадзіцеля, адначасова механізатара і слесара Гацура атрымаў у Дзяржынскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы, куды паступіў вучыцца пасля атрымання базавай адукацыі ў Заямнаўскай сярэдняй школе.

Валянцін расказвае, што праца на жніве – справа нялёгкая. Рытм даволі напружаны, прыходзіцца затрымлівацца на рабоце да самага позняга вечара. А інакш нельга, бо трэба ў сціслыя тэрміны ўбраць вырашчаны ўраджай. Надвор’е падчас уборачнай стаяла спякотнае, і прыйшлося, што называецца, папацець, але справа таго каштавала. Грошы зарабіў немалыя, прэмію і падарункі атрымаў ад райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, дырэкцыі таварыства. Сям’і працавітага і сумленнага работніка (у Гацураў двое дзетак) кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства выдзеліла дом з выгодамі.

– Шчыра кажучы, не асабліва вабіла мяне сялянская работа. Меркаваў уладкавацца па спецыяльнасці ў горадзе, але  нічога зайздроснага мне нідзе не прапанавалі, – падзяліўся падчас размовы сваімі думкамі малады вадзіцель. – Працаваць усюды трэба. З гадамі ўцягнуўся і зразумеў, што ад дабра дабра не шукаюць.

 

ЗДАТНЫ СЯРОД АРАТЫХ

Малады механізатар ААТ «Вішнявецкі-агра» Віталій Шода, які перамог у раённым конкурсе аратых, прыняў удзел у падобным абласным мерапрыемстве. Спаборніцтва ладзілася на доследных палетках Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа. Сваё майстэрства і права называцца лепшым аратым дэманстравалі прысутным дваццаць тры канкурсанты з усіх раёнаў вобласці і прадстаўнік аблаграсэрвіса. Журы ацэньвала глыбіню ворыва,  яго прамалінейнасць і раўнамернасць, якасць паваротных палос і іншыя параметры. Даведзеныя заданні былі знаёмымі, але механізатары хваляваліся, нягледзячы на тое, што на рахунку кожнага з іх дзясяткі тысяч гектараў узаранай зямлі. Да таго ж, некаторым прыйшлося выступаць на «чужым трактары», у тым ліку і Віталію, таму прынаравіцца не было часу. Аднак Віталій умела манеўраваў тэхнікай і дакладна прайшоў свой этап. Не ўдалося  нашаму механізатару ўвайсці ў кагорту прызёраў, але ён паказаў даволі неблагі вынік, згодна з якім замацаваўся ў залатой сярэдзіне. І, трэба адзначыць, годна вылучаўся сярод іншых новенькім спецадзеннем. Віталій Шода не толькі прадэманстраваў свой прафесіяналізм, атрымаў зарад бадзёрасці, а і прывёз дадому сувеніры ад ААТ «Мінскі трактарны завод». 

 

ЦВІЦЕ НА РАДАСЦЬ ЯБЛЫНЕВЫ САД

Тры з паловай гады назад стаўбчанін Уладзімір Шчэкала ўзяў у арэнду зямлю ля вёскі Цвіркі і стварыў фермерскую гаспадарку «Мой сад». Можна здагадацца па назве, якую справу ён распачаў – заклаў на полі ля вёскі Цвіркі яблыневы сад. Не маючы вопыту і спецыяльнай сельскагаспадарчай адукацыі, Уладзімір Аляксандравіч рызыкнуў і ніколькі не шкадуе, што кардынальна змяніў род сваёй дзейнасці. 

– Сямнаццаць гадоў я займаўся міжгароднімі перавозкамі, – расказвае фермер, – але справа гэтая надакучыла, ды і стаміўся. Захацелася вольнага хлеба. Пацягнула да зямлі. Вывучаў і аналізаваў вопыт польскіх і беларускіх фермераў і зразумеў, што вырошчваць прадукты – гэта дастойна і выгадна. Выбар спыніў на садаводстве. Заклалі  з жонкай гэты сад, калі даведаліся, што ў нас народзіцца хлопчык, якога чакалі. Растуць дрэўцы, адначасова расце і сын, прадаўжальнік маёй справы.

Сёння ў распараджэнні фермера 100 гектараў зямлі, 60 з якіх ужо асвоена. Ён закладвае па інтэнсіўнай тэхналогіі сады будучага – на шпалеры. Бетонныя слупы, якія  ставяцца шчыльна, праз  кожныя дзесяць метраў, вырабляюць прама ў садзе. Прымяняюцца пры гэтым дрот і бамбукавыя палкі. Працаёмкая тэхналогія і затратная, але выгадная, бо ўраджайнасць яблыкаў вышэйшая.

– Мы эканомім кожны метр зямлі, – тлумачыць Уладзімір Аляксандравіч. – На дзесяці гектарах рэальна размясціць 18 тысяч дрэўцаў, з якіх у спрыяльны год можна сабраць ад 30 да 50 тон яблыкаў. Зразумела, многае пры гэтым залежыць ад паліву. Мы выкапалі сажалку, толькі вада ў ёй не трымаецца.  Аднак любую праблему можна рашыць. У прыватнасці, набыць і зманціраваць дакладную кропельную сістэму арашэння. На гэтыя мэты патрэбны немалыя грошы. Будзем спадзявацца на дзяржаўную падтрымку. Праект ёсць, падлічаны кошт абсталявання і работ. 

Пакуль жа вядзём справу толькі за ўласныя сродкі.

З пасаджаных пладаносяць у садзе да дванаццаці сартоў яблынь беларускай і замежнай селекцый, сярод якіх – летнія, асеннія і зімовыя. Зімовыя пераважаюць, каб можна было іх захоўваць і прадаваць. У планах пабудаваць сховішча на чатыры тысячы тон,  ужо складзена праектна-каштарысная дакументацыя.

– Да восені наступнага года плануем завяршыць яго будаўніцтва і закласці ўраджай, які павялічыцца ўдвая, – дзеліцца планамі фермер. – Разгон узялі немалы, таму думаю, што з дыстанцыі не сыдзем.

Акрамя яблыкаў, у садзе вырошчваюцца чорныя парэчкі польскай селекцыі. Ранні і позні ураджайныя сарты –  «тизель» і «тибен». Ягада буйная і салодкая. На аднагадовых кустах яе ўбіралі толькі ўручную. Дапамагалі гарадскія жыхары – студэнты, школьнікі, пенсіянеры. Астатнюю плантацыю ўбралі камбайнам. Ураджай атрымалі неблагі.

– І сабралі хутка, а тое, што з-за дажджоў пераспела, рэалізавалі на філіял Гарадзейскага цукровага завода, –  канстатуе Уладзімір Аляксандравіч. – Там ягады перапрацавалі і зварылі салодкі і смачны джэм. Усяго сабрана 17 тон чорных парэчак.

Фермер аддаў перавагу гэтай ягадзе таму, што яна не надта патрабавальная ў вырошчванні, менш затратная і запатрабаваная на рынку збыту. У далейшым ягаднік будзе пашырацца. Ёсць свой гадавальнік, дзе вырошчваюць кусты. Рэалізоўваюць іх усім жадаючым. 

– Сёлета сад пачаў даваць першыя плады, – падвёў рысу сказанаму Уладзімір Аляксандравіч. – Многія іх ужо паспыталі і ацанілі. Са збытам праблем няма, гатовы купіць яблыкі і расіяне. Такім чынам гаспадарыць пакуль атрымліваецца. 

І сапраўды, за даволі кароткі тэрмін Уладзімір Шчэкала са сваёй камандай здолеў зрабіць у садзе столькі, колькі некаторым не ўдаецца і за дзесяцігоддзі.

 

ВЫСОКАЯ ПРЫБАЎКА

На жывёлагадоўчых фермах ААТ «Агранёманскі» з пачатку года вырашчана 651,5 тоны мяса ялавічыны ў жывой вазе, што на 20,4 тоны больш , чым за адпаведны перыяд летась. У кастрычніку за кошт збалансаванага кармлення сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе жывёлы ўпершыню дасягнулі 713 грамаў, прыбаўка склала 158 грамаў. Лепшыя вынікі ў цялятніц Ларысы Бабровіч (МТФ «Залужжа») і Зінаіды Шашко (МТФ «Ператокі») – адпаведна 931 і 909 грамаў. На адкорме бычкоў вызначылася звяно залужскіх жывёлаводаў у складзе Мікалая Сахуты, Сяргея Раманейкі, Валерыя Булаша і Аляксандра Санько – гадаванцы ў іх групе прыбаўлялі штодзень па 881 граму. 

 

ПАКАРАЮЦЬ РУБЕЖ

Паступова набліжаюцца да сямітысячнага рубяжу па надоях малака ад каровы жывёлаводы МТФ «Горкі» ААТ «Жацерава». Пасля праведзенай рэканструкцыі і пераводу малочнага статка на беспрывязное ўтрыманне вынікі павялічыліся. За дзесяць месяцаў паказчык склаў 5907 кілаграмаў. У даільнай зале шчыра рупяцца аператары машыннага даення Аксана Меляшкевіч і Алена Шут. Лідзіруюць на МТФ «Жацерава» і «Раёўшчына» прызнаныя майстры сваёй справы Людміла Мілаванава і  Ларыса Вяргейчык. 

 

СІЛАСУЮЦЬ САЛОМУ

Салома –  адзін з важных рэзерваў папаўнення кармоў. Аднак у натуральным выглядзе скормліваць яе малаэфектыўна. У сувязі з асаблівасцямі хімічнага саставу энергія, якая заключана ў саломе, засвойваецца ў арганізме жывёлы толькі на 30 – 35 працэнтаў. Для павышэння яе паядання і пераварвання  прымяняюцца розныя спосабы і адзін з іх – сіласаванне. Менавіта  такім метадам закладваецца корм у сянажную траншэю на МТФ «Зарэчча» ААТ «Каганец». Паслойна кладуцца здробненая яравая салома і жамерыны, затым маса трамбуецца. Дакладна вытрымліваецца тэхналогія і трамбаванне вядзецца кругласутачна. 

– Саломы ў гаспадарцы дастаткова, таму мы вырашылі выкарыстаць яе для  прыгатавання такога корму, – расказвае дырэктар Пётр Малахаў. – Бачыў, як гэта робіцца, наведваючы Нясвіжскі раён. Думаю, у нас усё атрымаецца і нарыхтуем дадаткова тысячу, а то і паўтары тысячы тон сіласу з саломы для дойнага статка і бычкоў на адкорме. Будзем камбінаваць. А корм, безумоўна, атрымаецца пажыўны, калі дабавіш яго ў кармасумесі, адначасова змешваючы з сенажом.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *