Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

У пажарнай часці згадалі вогненнае здарэнне ў вёсцы Дзенісы (Літвенскі сельсавет). Агнём знішчаны дах дома, пашкоджаны пакоі. Прычына пажару высвятляецца. У сувязі з узмацненнем маразоў РАНС раіць не пераграваць печы, захоўваць правілы пажарнай бяспекі пры карыстанні імі, пачысціць дымаходы. З 29 студзеня па 9 лютага ў раёне будзе праходзіць рэспубліканская міжведамасная акцыя «Бяспечнае суседства».

Міліцыяй зарэгістраваны 122 паведамленні аб правапарушэннях, у выніку якіх узбуджаны 10 крымінальных спраў, у дзевяці з іх устаноўлены падазраваемыя. Злодзей трапіў у дачны дом у садовым таварыстве «Паліграфіст» паблізу вёскі Бярозаўка, адкуль вынес будаўнічы інструмент і прадукты. Два факты датычаць выкрадання з дома і кватэры стаўбчан асабістага дакумента – пашпарта.

Пракуратурай раёна ў ходзе маніторынгу выканання патрабаванняў працоўнага заканадаўства ўстаноўлена, што ў Стаўбцоўскім доследным лясгасе работнікі былі прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці без запатрабавання ад іх пісьмовага тлумачэння, у ААТ «Аталезь-агра» – без аналагічнага тлумачэння і без азнаямлення работнікаў з загадам аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці, што з’яўляецца парушэннем правоў і законных інтарэсаў работнікаў гэтых прадпрыемстваў. На загады, якія не адпавядаюць патрабаванням заканадаўства, вынесены пратэсты, і загады адменены. Гэтыя кіраўнікі атрымалі афіцыйныя папярэджанні аб недапушчальнасці паўторнага парушэння закона.

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй працы распачаты расследаванні па фактах траўміравання людзей на рабочых месцах: у кацельні торфабрыкетнага завода «Нёман» атрымала траўму рукі пры ачыстцы транспарцёра падачы паліва ў кацёл транспарцёршчыца, на аб’екце ПМК-233 упаў з вышыні будаўнік. Абое пацярпелыя дастаўлены ў бальніцу.
Суд асудзіў да аднаго года калоніі, а таксама прыняў меры прымусовага лячэння ад алкагалізму 44-гадовай стаўбчанкі: жанчына ўжо была судзімая за ўхіленне ад выплаты сродкаў на ўтрыманне дачкі і сына ў дзяржаўных установах, але не выходзіла на працу і па-ранейшаму не кампенсавала выдаткі на дзяцей. 53-гадовая стаўбчанка аштрафавана на 2 600 000 рублёў за тое, што пабудавала на сваім участку веранду, прыбудову і іншае без спецдазволу.

ДАІ выявіла 168 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – двое нецвярозых і дзевяць бяспраўных вадзіцеляў, 29 недысцыплінаваных пешаходаў. Здарылася 14 дарожных аварый. На шчасце, ніхто не пацярпеў. У бліжэйшы час ДАІ рэкамендуе адмовіцца ад паездак на далёкія адлегласці з-за магчымага перамярзання паліўнай сістэмы аўтамабіля.

«Хуткая» атрымала 224 звароты, у тым ліку 11 сігналаў – да асоб з алкагольным ап’яненнем. Медыкі нагадваюць пра недапушчальнасць ужывання ў марознае надвор’е спіртнога, пра тое, што лепшы сродак для сугрэву – гэта гарачы чай. Пры абмаражэннях неабходна звяртацца да медыкаў.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *