Пяцёрка, але не выдатна

Нумары Спорт

Фінішавала футбольнае першынство Міншчыны. Быць удастоеным звання чэмпіёна вобласці 2015 года дабіўся калектыў каманды «Колас» з Чэрвеньскага раёна. На другім месцы ФК «Фалько» (Дзяржынскі раён), а на трэцім – ФК «Старыя Дарогі». Стаўбцоўская каманда «Нёман-Агра» заняла пятае месца.

Стаўбчане, якія ў летнія месяцы пацярпелі шэраг няўдач, усё ж змаглі выраўняць становішча і адарвацца ад сапернікаў, што пагражалі нашым пазіцыям нават у першай дзясятцы. У апошнім туры нёманцам супрацьстаяла «Вілія» з Вілейкі. Перамога дазваляла з шостай пазіцыі падняцца на прыступку вышэй. І тут нашы дзейнічалі ўпэўнена – перамаглі сапернікаў з лікам 5:1. У выніку – канчатковае месца ў пяцёрцы.

Аднак жа такое наўрад ці задаволіла і саміх футбалістаў, і іхніх шматлікіх прыхільнікаў. Самае крыўднае, што ўвесь патэнцыял каманды так і не быў задзейнічаны. Мяркуйце самі. У 26 праведзеных матчах стаўбчане правялі ў вароты апанентаў 97 мячоў. Да параўнання, у сёлетніх  чэмпіёнаў чэрвеньцаў на рахунку 65 галоў. І прапусцілі нёманцы не надта многа – 48 мячоў. Але вось рытм турнірнага шляху быў, так бы мовіць, ліхаманкавы. То разгром сапернікаў, то ў наступнай сустрэчы бязвольнае паражэнне.

На ўсё ёсць прычыны. Самую першую можна акрэсліць словамі трэнера каманды Андрэя Мікалаевіча: «Не змаглі ўсе сабрацца». Значыць, нярэдка члены асноўнага саставу не бачылі матывацыі, каб інтарэсы каманды ставіць вышэй за свае асабістыя. Самыя ўмелыя нашы футбалісты былі задзейнічаны і ў  спартыўных клубах рангам вышэй. Значыць і «Нёману-Агра» варта паспрабаваць свае сілы ў чэмпіянаце рэспублікі. Аднак жа аднаго жадання тут мала – належыць прывесці ў суадносіны і спартыўныя, і фінансавыя магчымасці.

Больш дэталёвы аналіз, каб акрэсліць перспектывы каманды стаўбчан, будзе зроблены. Пакуль жа давядзецца развітвацца з першынством Мінскай вобласці – 2015. Сезон жа не завершаны, на стадыёне «Юнацтва» намечаны яшчэ сёлета цікавыя турніры.

 

ТРАДЫЦЫЙНЫ МЕМАРЫЯЛ

Энергічны, падцягнуты, ініцыятыўны – такім памятаюць многія Анатоля Грэкава. Знакамітым быў, і не толькі на Стаўбцоўшчыне, ён як начальнік раённага аддзела культуры. Але ж Анатоль Грэкаў зрабіў уклад і ў спартыўнае развіццё раёна, пэўны час узначальваў Стаўбцоўскую ДЮСШ.

Удзячна і з карыснасцю для юнай спартыўнай змены ўспрымаецца правядзенне традыцыйнага турніру па міні-футболе памяці Анатоля Грэкава. Рабяты дзесяцігадовага ўзросту, выхаванцы дзіцяча-юнацкіх спратыўных школ, сабраліся на стадыёне «Юнацтва». Аспрэчвалі прыз, акрамя стаўбчан, каманды з Баранавіч, Дзяржынска, Нясвіжа і Узды. У першых дзвюх сустрэчах нашы хлопцы ўступілі сапернікам з Нясвіжа і Баранавіч з аднолькавым лікам – 0:2. Трэнер Стаўбцоўскай ДЮСШ Дзмітрый Даўбейка зрабіў дадатковыя перастаноўкі ў камандзе, і справа пайшла весялей. Гульня з камандай Дзяржынска прынесла нашым пераканаўчую перавагу – 6:1. З вынікам 5:1, на карысць юных стаўбчан, закончыўся матч з уздзенскімі равеснікамі. Такім чынам, перамогу ў турніры атрымала каманда Нясвіжа, другое месца ў калектыву з Баранавіч, на трэцім – стаўбцоўскія рабяты.

Прыемнай для многіх стала цырымонія ўзнагароджання. З рук старшыні Федэрацыі футбола Мінскай вобласці А. В. Чыкуна і  Г. І. Грэкавай прызёры атрымалі памятныя кубкі, граматы і медалі.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *