Руплівасць хлебаробская

Нумары Сельская гаспадарка

ВЕЛІКАДВОРСКІЯ РУПЛІЎЦЫ

Уладзімір Пячонаў працуе механізатарам у ААТ «Вялікі Двор» і вызначыўся сёлета ў раённым спаборніцтве на нарыхтоўцы кармоў. У распараджэнні дбайнага работніка сучасны высокапрадукцыйны кормаўборачны камбайн «Ягуар». Уладзімір Анатольевіч прыехаў у гаспадарку з Казахстана дзесяць гадоў назад. Шчыры і працавіты чалавек, заўсёды выконвае даручаныя заданні своечасова і якасна. Падчас жніва рупіўся на збожжаўборачным камбайне і паказаў неблагі вынік.

Дарэчы, у таварыстве намалочана з кожнага гектара 57,1 цэнтнера збожжа. На адвозцы збожжа ад камбайнаў пераможцам сярод маладых вадзіцеляў стаў Віктар Стрыж. На адвозцы зялёнай масы ў прызёрах таксама малады вадзіцель Сяргей Каробка і вопытны Міхаіл Кірыкеш. Міхаіл Пятровіч сорак два гады рупіцца ў гаспадарцы і ў мінулыя гады перамагаў у спаборніцтве. У Сяргея стаж работы не надта вялікі – сем гадоў, але ў працавітасці ён не ўступае старэйшым. І летась быў пераможцам у такой жа намінацыі. Фінат Саітгарэеў і Васілій Лучык таксама былыя казахстанцы. У Фіната Фарытавіча стаж работы звыш пятнаццаці гадоў. Ён і сеяльшчык, стаў другім на сяўбе цукровых буракоў, і хлеб убіраў, а ўвогуле – выконвае розныя работы. І заўсёды сумленна. Васілій Рыгоравіч заняў першае месца на сяўбе кукурузы. Сёлета кіраўніцтва гаспадаркі даручыла дбайнаму механізатару новы прэс-падборшчык, на якім ён прасаваў салому.

 

АДДЗЯЧЫЛІ ЗБОЖЖАВЫЯ І КУКУРУЗА

Калектыў ААТ «Рубяжэвічы» прызнаны прызёрам раённага спаборніцтва ў дзвюх намінацыях – рубяжэвіцкія рупліўцы занялі другое месца па колькасці нарыхтаваных кармоў і трэцяе – па выніках уборкі збожжавых, зернебабовых культур і рапсу. Восем працаўнікоў сталі лепшымі ў індывідуальным спаборніцтве.

– Нашы механізатары паспяхова спрацавалі на нарыхтоўцы кармоў, – расказвае намеснік дырэктара па раслінаводстве Ірына Атрушкевіч. – На ўмоўную галаву жывёлы прыпадае па 23,46 цэнтнера кармавых адзінак. Закладзена  звыш 11 тысяч тон сенажу і звыш 14 тысяч тон сіласу, 696 тон сена. Кіраўніцтва таварыства задаволена работай корманарыхтоўшчыкаў.

Усе намаганні былі скіраваны на тое, каб мець дастатковую колькасць травяных кармоў для грамадскага статка. І ўдалося іх назапасіць. Сухое надвор’е паспрыяла скасіць траву нават на тых участках, куды ў мінулыя гады тэхніка не магла праехаць.

– Пасеялі дадаткова і 220 гектараў бабова-злакавых аднагадовых траў, – працягвае гаворку Ірына Уладзіміраўна. – Атрымалі з кожнага гектара па 160 цэнтнераў зялёнай масы і затрамбавалі з яе 4600 тон сенажу. Акрамя гэтага, закруцілі ў палімерную плёнку 260 тон збожжасенажу. Высокай ураджайнасцю аддзячыла кукуруза.

У гаспадарцы сёлета пабудавана чатыры новыя сянажна-сіласныя траншэі. Усе яны запоўнены. Вылучыўся на ўборцы кармоў Сяргей Лабун, які працаваў на кормаўборачным камбайне і заняў першае месца сярод калег, нарыхтаваў 18 554 тоны зялёнай масы. Сяргей Іванавіч шчыраваў не толькі ў сваёй гаспадарцы, дзе адзін скасіў усю кукурузу, а і на палетках ААТ «Рочавічы» і «Радзіма Дзяржынскага». Пераможцамі і прызёрамі сталі Аляксей Гусарэвіч, Аляксандр Весялоў і Анатолій Марцінкевіч.

Сёлета мясцовымі хлебаробамі атрыманы выдатны вынік па намалотах збожжа – сабрана 9090 тон, што на 2150 больш за леташні паказчык – трэці вынік у раёне. Большая за іншых і прыбаўка па ўраджайнасці – 10,3 цэнтнера, намалочна на круг 42,3 цэнтнера. І па выхадзе збожжа на бала-гектар таварыства ў прызёрах. Шэсць экіпажаў, што прымалі ўдзел у жніве, намалацілі звыш тысячы тон збожжа. Такога ж паказчыка дасягнулі і вадзіцелі, якія адвозілі збожжа ад камбайнаў. Шчыра парупіліся Фёдар Гурын, Анатолій Рамэйка, Сяргей Кажамяка, Альбін Янкоўскі, Антон Какошын, Вячаслаў Гайдукевіч, Сяргей Анціпін.

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *