Навіны Стаўбцоўшчыны

Нумары Раённыя навіны Факты, падзеi, людзi

8457
Нязвыклы аб’ект

Гэтая энергетычная ўстаноўка, акружаная шэрагам сонечных батарэй і разлічаная на выкарыстанне сілы вятроў, – нязвыклы для Стаўбцоўшчыны аб’ект. Яна ўстаноўлена на 285-м кіламетры аўтатрасы Брэст – Мінск, каля аўтазаправачнай станцыі ТАА «Юнайтэд Компані» бліз вёскі Сцяцкі.

Васіль ЗЯНЬКО

Дыспетчар бачыць на адлегласці

У аператыўна-дыспетчарскай службе Стаўбцоўскіх электрасетак могуць сачыць адразу за 38 падстанцыямі, якія знаходзяцца на тэрыторыі пяці раёнаў Мінскай вобласці.

Праз сродкі сувязі на камп’ютар дыспетчара кругласутачна прыходзяць усемагчымыя сігналы – аб становішчы выключальнікаў, нагрузках, рамонтных работах і, зразумела, тыя сігналы, якіх чакаюць найменш, – у выпадку аварыйных сітуацый. Апошнім часам у дыспетчара з’явілася магчымасць бачыць на адлегласці

аўтамабілі аператыўна-выязных брыгад РЭСаў. Перад яго вачыма – не толькі манітор, а і разгорнутая схема энергетычных аб’ектаў з міргаючымі чырвона-зялёнымі лямпачкамі-індыкатарамі.

– На кожны сігнал неабходна рэагаваць, прымаць рашэнне. Аперацыйна-інфармацыйны комплекс дазваляе рабіць гэта дыстанцыйна, – тлумачыць вопытны дыспетчар Васіль Жыбуль. Пазменна нясуць дзяжурства ў дыспетчарскай шэсць спецыялістаў. Увесь штат характарызуецца высокай кваліфікацыяй. «Каб заняць крэсла дыспетчара, прыйшлося прайсці паўтарагадовую практычную стажыроўку на месцы побач з вопытным дыспетчарам», – дадае дыспетчар Святлана Камейша, выпускніца Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.

У дыспетчараў – свой пакой адпачынку, аснашчаны неабходнымі электрабытавымі прыборамі, вадой у бутэльках.

Будаўніцтва новых трансфарматарных падстанцый і пастаянна ўзрастаючая нагрузка на дыспетчараў электрасетак сведчаць аб тым, што Стаўбцоўскі і іншыя раёны становяцца ўсё больш энерганасычанымі і, значыць, развіваюцца ў прамысловым і сацыяльным плане.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Лепшы двор – у «Каганцы»

Падведзены вынікі штогадовага раённага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні машынных двароў і гатоўнасці рамонтна-абслуговай базы сельгасарганізацый да работы ў зімовых умовах і падрыхоўцы машынна-трактарнага парку да веснавых палявых работ. Як падкрэслівае начальнік раённай інспекцыі дзяржтэхнагляду Уладзімір Міхно, камісіі нялёгка было вызначыць пераможцаў, бо канкурэнцыя сярод аднатыпных падраздзяленняў апошнім часам і сапраўды даволі высокая. Першае месца, па ўсіх параметрах, аднадушна прысуджана калектыву машыннага двара ААТ «Каганец». На другім і трэцім месцах – ААТ «Агранёманскі» і ААТ «Радзіма Дзяржынскага». Пераможцы і прызёры атрымаюць грашовыя прэміі.
Пр

Відэаназіранне ў школе

У снежні мінулага года ў СШ № 3 г. Стоўбцы ўведзена электронная прапускная сістэма відэаназірання.

Гэты праект па рашэнні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта ажыццёўлены ва ўсіх навучальных установах вобласці з колькасцю 700 і больш вучняў з мэтай узмацення бяспекі дзяцей.

Сістэма відэаназірання фіксуе ў электроннай форме прыход і выхад педагогаў і вучняў са школы. Для гэтага кожнаму з 1415 навучэнцаў выдадзены імянныя карткі.

Сістэма відэаназірання коштам 179 мільёнаў рублёў набыта за сродкі раённага бюджэту.
Пр

Мёд лесаводаў

Стабільнасць – адна з асноўных якасцяў, характэрных для пасечнікаў Стаўбцоўскага доследнага лясгаса.

Іх калектыў невялікі – пяць спецыялістаў на чале са старшым пчаляром Міхаілам Каўгарэнем, але доўгія гады працуе ў нязменным саставе. Памер пасекі таксама не змяншаецца. Па 120 пчаласем’яў утрымліваюцца ў Акінчыцкім і Кляцішчанскім лясніцтвах, 60 – у Старынскім. Летась, як і мінулыя гады, яны атрымалі нядрэнны ўраджай – 2 774 кг. Часткова мёд лясны, сабраны пчолкамі з кветак маліны, крушыны, а часткова – з меданосаў, такіх як рапс, грэчка. Для вывазу пчол бліжэй да меданосаў ёсць дзве платформы. Мёд Стаўбцоўскага доследнага лясгаса мае стабільны попыт.

– Вытапілі воск – 175 кг – і здалі яго на Негарэльскі вуллёвы завод. Узамен атрымалі вашчыну. З вясны пачнем накатваць яе на рамкі і пераносіць у пчаласем’і, – расказвае пра зімовыя будні Міхаіл Каўгарэня. – Рэгулярна праслухваем вуллі. Даўцепліваем іх з надыходам маразоў. Рыхтуемся да новага сезона – кожнаму пчаляру трэба вырабіць не менш за тысячу рамак.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Рыбакоў вабіць «Хатава»

Філіял «Хатава» ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі» зарабіў за мінулы год каля 600 мільёнаў рублёў – рэкордную за ўсю гісторыю рыбгаса суму.

Кожны год калектыў рыбаводаў працуе з нарастаючымі тэмпамі. У 2013 годзе імі было адлоўлена 37 тон рыбы розных відаў, у тым ліку і новага віду – фарэлі. Фарэль-двухгодка, запушчаная ў хатаўскія сажалкі, прыжылася добра і за нейкія паўгода вырасла да кілаграмовых памераў. «Навічок» адразу прыйшоўся даспадобы рыбакам. Летась іх пабывала ў рыбгасе каля чатырох тысяч чалавек (у мінулыя гады – 1,5 тысячы). І цяпер для аматарскай зімняй рыбалкі на фарэль і шчупака прыстасаваны тры зімавальныя сажалкі.

– Дзесяць тон рыбы мы пакінулі ў зімавальных сажалках як рыбапасадачны матэрыял, – тлумачыць дырэктар філіяла Юрый Мінько. – Акрамя традыцыйных відаў рыбы, у новым годзе працягнем працаваць з той жа фарэллю, паспрабуем завесці і іншыя віды асятровых. Плануем закупіць у нашых калегаў новы від карпа – з невялікай, як у карася, галавой і ёмістым тулавам,– выведзенага ў Прыбалтыцы.

Варта адзначыць, што фактычна ўся прадукцыя рыбгаса рэалізуецца на месцы і – у першую чаргу – з дапамогай аматарскай рыбалкі. У сувязі з гэтым тут працуюць над павелічэннем магчымасцяў для прыёму і пражывання адпачываючых. Пасля ўвядзення ў строй домікаў, правядзення рамонтных работ яшчэ ў адным памяшканні, рыбгас можа прымаць 23 чалавекі. Едуць сюды па рыбу і рамантыку з усёй Мінскай вобласці. Парадак вакол сажалак забяспечвае ахова рыбгаса, для якой, дарэчы, таксама было зроблена новае прыгожае памяшканне з круглага брусу.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ

«Пашырыць» магазіны

Райспажыўтаварыства ў планы новага вытворчага года ўнесла спіс магазінаў, да якіх падышла чарга правядзення рамонту сіламі ведамаснай будаўнічай брыгады.

Ёсць у гэтай праграме і аб’екты, на якіх плануецца мадэрнізацыя з важкімі капіталаўкладаннямі. У першую чаргу гэта датычыць магазінаў райцэнтра «Універсам № 34» на аўтамагістралі і магазіна «Забота». Гэтыя дзве крамы з’яўляюцца лідарамі па аб’ёмах тавараабароту. У свой час яны ў ліку іншых гарадскіх і сельскіх магазінаў трапілі ў праграму мадэрнізацыі і пасля рамонту былі пераведзены на работу па метадзе самаабслугоўвання. Цяпер у планах – пашырыць іх гандлёвыя плошчы за кошт гаспадарчых памяшканняў. Аднак работы могуць быць пачаты толькі пасля таго, як будуць вызначаны крыніцы фінансавання рамонтных работ. Гэтым і займаецца цяпер кіраўніцтва райспажыўтаварыства.
Пр

Абнаўленне – з вестыбюля

Новы год для Навасвержанскага сельвыканкама пачынаецца з абнаўлення.

За бюджэтныя сродкі, якія былі выдзелены ў 2013 годзе, быў распачаты рамонт вестыбюля.

– За кароткі тэрмін будаўнікі ПМК-233 поўнасцю яго абнавілі, – адзначае старшыня сельвыканкама Анатоль Богдан. – Сцены вестыбюля цяпер з супрацьпажарным пакрыццём, падлога – у плітцы, а столь – падвясная, з энергазберагальнымі свяцільнікамі. Выдзеленыя сродкі асвоены ў поўным аб’ёме.

Пры наяўнасці фінансавання на працягу бягучага года плануецца ажыццявіць рамонт ва ўсіх памяшканнях сельвыканкама.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *