У згуртаваным калектыве справы ладзяцца

Нумары Сельская гаспадарка У калектывах Стаўбцоўшчыны

Сёлетні сельскагаспадарчы год для працаўнікоў таварыства выдаўся неблагім. У раслінаводчай і жывёлагадоўчай галінах дасягнуты добрыя вынікі. У дырэктара Пятра Малахава ёсць усе падставы быць задаволеным работай сваіх падначаленых. Але, як і кожнаму кіраўніку, Пятру Міхайлавічу хацелася б мець яшчэ вышэйшыя паказчыкі. І ён пастаянна настройвае калектыў на новыя здзяйсненні. Разам з галоўнымі спецыялістамі гаспадаркі распрацоўвае далейшы план работы, робіць усё неабходнае для таго, каб выканаць намечанае.

Ладзяцца ў таварыстве малочныя справы. Па надоях малака ад каровы гаспадарка трывала замацавалася на трэцім месцы ў раёне. Згодна з папярэднімі падлікамі, за год жывёлаводы прыбавяць звыш тоны малака на карову і надояць больш за 6600 кілаграмаў.

Сёння гэты паказчык складае 5761 кілаграм, плюс 1020 кілаграмаў. Рост вытворчасці малака склаў 130 працэнтаў.

Лідзіруюць па надоях працаўнікі рабатызаванай фермы, якая размяшчаецца  ў Засуллі (брыгадзір Эдвард Ермаловіч). За дзесяць месяцаў тут атрымана ў сярэднім ад кожнай каровы па 6434 кілаграмы малака, а ўсяго надоена 1184 тоны. Другое месца ўтрымліваюць жывёлаводы МТФ «Ячонка» (брыгадзір Таццяна Клімовіч) з паказчыкам 5619 кілаграмаў і трэцяе МТФ «Зарэчча» (брыгадзір Галіна Каробка) – 5526 кілаграмаў. Вылучаецца стараннасцю аператар машыннага даення Валянціна Калкоўская, якая мае самы высокі паказчык па надоях ад каровы – 6214 кілаграмаў. Шмат гадоў шчыруе Тамара Тарасевіч – яна надаіла 5887 кілаграмаў і прыбавіла больш за тону. Аднолькавыя паказчыкі ў Наталлі Храпіцкай і Святланы Гаркач – 5882 кілаграмы.

Таварыства здае малака гатункам «экстра»  80 працэнтаў ад агульнай колькасці. Гэта больш, чым іншыя гаспадаркі. Ад продажу высакаякаснай прадукцыі маюць кожны месяц 300 мільёнаў рублёў прыбытку.

Звыш пятнаццаці гадоў працуе галоўным ветурачом Валерый Матуліс. Неаднойчы Валерыя Аляксандравіча прызнавалі лепшым сярод калег у рэспубліцы. Поплеч з ім вопытны Віктар Каспяровіч і малады спецыяліст Аляксандр Домась. Добра ведае сваю справу галоўны заатэхнік Вера Конюх.

Варта дадаць, што заработная плата гэтых спецыялістаў і радавых працаўнікоў напрамую залежыць ад якасці малака. Усе стараюцца, і плён іх працы відавочны.

Поспех у малочных справах абумовілі тэхнікі-асемянатары. У прыватнасці, Галіна Канатка – прызнаны майстар. У сваёй прафесіі Галіне Іванаўне няма роўных нават у рэспубліцы. Яна неаднойчы перамагала ў конкурсах розных узроўняў. Працуе на гэтай пасадзе звыш трыццаці гадоў, за сваю шчырую працу сёлета атрымала ўрадавую ўзнагароду – медаль «За працоўную адзнаку». З веданнем справы шчыруюць маладыя Аксана Галавач і Валянціна Паляшчук. У агульным поспеху – і намаганні слесара па малочным абсталяванні Аляксандра Палешука.

І ў мясных справах ёсць плён. Вырашчана 324 тоны мяса ялавічыны – гэта 122 працэнты да адпаведнага перыяду летась. Павялічыліся сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы і склалі 630 грамаў. На Засульскай ферме шчыра рупіцца сямейная пара – Таццяна і Мікалай Сярковы. Гадаванцы ў іх групах прыбаўляюць штодзень звыш кілаграма. Відавочны вынік працы Галіны Кухарчык і Марыі Кутас з Ячонскай фермы. Жанчыны на пенсіі, але добрасумленна працуюць і дабіваюцца добрых паказчыкаў. Шчыра працуе Антаніна Часноўская.

Сёлета пабудаваны два прафілакторыі для цялят на МТФ «Зарэчча» і «Засулле». А ўвогуле памяшканняў для жывёлы не хапае. У Засуллі завяршаецца будаўніцтва «клюшачніка» на 200 галоў з бюджэтнай падтрымкай, што дазволіць размясціць сухастойных кароў. Такое ж памяшканне ў планах пабудаваць на ферме ў Зарэччы. У Ячонцы рэканструявалі адкормачнік. Наводзіцца парадак на прыфермскіх тэрыторыях.

У жывёлагадоўчай галіне дастаткова работнікаў. Фермы укамплектаваны кадрамі, няма асаблівай цякучасці. Калі ўзнікае нагода замены па аб’ектыўных прычынах, то праблемы няма, і пытанне вырашаецца хутка. На ўсіх жывёлагадоўчых фермах людзям створаны належныя ўмовы для працы. На кожнай у гэтым годзе абноўлены бытавыя пакоі, зроблены санітарныя вузлы ўнутры памяшканняў, працуюць душавыя. А вось кадраў для работы на тэхніцы не стае – патрэбны як мінімум два механізатары і столькі ж вадзіцеляў. Ёсць два свабодныя дамы з выгодамі.

Упершыню за час існавання гаспадаркі намалочана 5749 тон збожжа, плюс 696 тон да паказчыка леташняга года. Сярэдняя ўраджайнасць з кожнага гектара склала 43,1 цэнтнера. Пад кіраўніцтвам галоўнага агранома Дзмітрыя Вашкевіча нямала папрацавалі работнікі раслінаводчай галіны. Належным чынам падрыхтавалі палеткі. Пасеялі збожжавыя своечасова і якасна, вытрымалі тэхналогію. Як падкрэслівае дырэктар, унеслі гліфасаты на плошчы больш за тысячу гектараў. Насенне выкарысталі высокіх рэпрадукцый, пераважна суперэліту і эліту. Шчыра даглядалі пасевы.

Аднак не ўсе культуры аддзячылі высокай ураджайнасцю. І на тое былі як аб’ектыўныя, так і суб’ектыўныя прычыны. У прыватнасці, не ўдаўся рапс. А вось цукровыя буракі, хоць і нерэнтабельныя сёлета, але на палове плошчаў, што былі падрыхтаваны з восені, здзівілі ўраджайнасцю не толькі гаспадароў. На асобных участках накопвалі з гектара па 600 цэнтнераў салодкіх каранёў. 

Няблага спрацавалі і корманарыхтоўшчыкі. Усе зялёныя кармы закладзены і затрамбаваны ў траншэі. Дарэчы, сёлета пабудаваны тры новыя сянажна-сіласныя траншэі. Запакавана ў поліэтыленавую плёнку 3618 тон сенажу.

Дадаткова сіласавалі і салому, якой сёлета запрасавалі амаль у два разы больш, чым летась. Дастаткова завозіцца саломы ў выгулы на подсціл жывёле. Гэта значыць, што будзе добрая арганіка.  

На падрыхтоўцы глебы вызначыўся Дзмітрый Трацяк, які шчыраваў і на прэс-падборшчыку з абмотчыкам кармоў. Іван Малчанаў таксама рыхтаваў глебу, сеяў збожжавыя і трамбаваў зялёную масу. Адзін з вопытнейшых хлебаробаў Валерый Шахно, які і на пасяўной парупіўся, і на камбайне вырашчаны ўраджай убіраў. Яго сын Сяргей таксама ў перадавіках на жніве. У распараджэнні маладога механізатара і пагрузчык «Амкадор» для работы на фермах. Сярод вадзіцеляў прыклад добрасумленнай працы паказвае Іван Казацкі.  

За апошнія два гады ў таварыстве набыты тры кормараздатчыкі-змешвальнікі кармоў, адзін з іх з фрэзай. Два ўзялі ў крэдыт, апошні – у лізінг. Прыгатаванне кармасумесяў дало даволі высокі эканамічны эфект – павялічыліся надоі і прыбаўленні ў вазе жывёлы на вырошчванні і адкорме.

Паводле слоў дырэктара, на ўсіх фермах правядуць рэканструкцыю, а кармы жывёле будуць раздавацца толькі механізавана. Купілі два пагрузчыкі «Амкадор» і пасажырскі «УАЗ», на якім дастаўляюць на працу жывёлаводаў. А таксама – халадзільнік у малочную на МТФ «Ячонка». Трактар «Беларус-1523» да прэса «Кронэ» набылі за ўласныя сродкі з растэрміноўкай плацяжу. Цэнтралізавана, з дапамогай аблвыканкама, набылі два трактары «Беларус-3522» і «Беларус-920». Уся тэхніка заўсёды на лінейцы гатоўнасці, а кіруе мехнізатарскім корпусам галоўны інжынер Валерый Літвінчык.

У таварыстве працуюць звыш 145 чалавек. Калектыў дружны, працавіты, аб чым сведчаць і вынікі работы. Дарэчы, малако і збожжа ў таварыстве сёлета рэнтабельныя. Заработная плата работнікам выплачваецца своечасова. І яна даволі неблагая. Дырэктар таварыства  дадае, што ўсе, хто хоча зарабіць, маюць такую магчымасць.  Ёсць на рахунку грошы, і гаспадарка штомесяц разлічваецца з крэдытамі. Кіраўніцтва праяўляе пастаянны клопат аб людзях. У бягучым годзе працаўнікам-адпускнікам выплачана мільярд 700 мільёнаў рублёў матэрыяльнай дапамогі, каб кожны мог адпачыць і набрацца сіл для далейшай работы. Традыцыйна прэміруюцца сумленныя работнікі і да прафесійнага свята – Дня сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.

Надзея БАТАЛКА

На здымках: дырэктар Пётр Малахаў; галоўны ветурач Валерый Матуліс; механізатар Іван Малчанаў; механізатар Сяргей Шахно; брыгадзір фермы Эдвард Ермаловіч (у цэнтры) з жывёлаводамі Таццянай і Мікалаем Сярковымі; за робатам працуюць Галіна Шэраш і Аляксандр Паляшук.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *