Дыялог на актуальныя тэмы

Афіцыйна Нумары

29-5

Размова Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з кіраўнікамі буйнейшых беларускіх СМІ 21 студзеня прадаўжалася больш за пяць гадзін.

На сустрэчу былі запрошаны кіраўнікі як дзяржаўных, так і недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Прэзідэнт максімальна адкрыта і грунтоўна адказаў прыкладна на тры дзясяткі пытанняў, не пазбягаючы і вострых тэм. Пытанні закраналі ўсе аспекты жыцця беларускага грамадства – ад маладзёжнай палітыкі, культуры і спорту да мадэрнізацыі прадпрыемстваў, сітуацыі ў банкаўскай сферы, знешняй палітыкі.

Асаблівасцю мерапрыемства стала і тое, што яно прайшло ў фармаце не прэс-канферэнцыі, а зацікаўленага дыялогу паміж Прэзідэнтам і кіраўнікамі СМІ. Удзельнікі сустрэчы змаглі падзяліцца непасрэдна з Прэзідэнтам думкамі аб тых ці іншых баках сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на сучасным этапе.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запэўнівае, што дэвальвацыі нацыянальнай валюты не будзе.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў выпадку неабходнасці на падтрыманне курсу нацыянальнай валюты будуць накіраваны сродкі з золатавалютнага рэзерву.

«У нас сёння дастаткова золатавалютных рэзерваў, мы яшчэ ў бліжэйшы час атрымаем для падмацавання ЗВР каля $1,5 млрд ад Расійскай Федэрацыі, добрыя крэдыты. У крайнім выпадку, калі ў нас будуць залішнія золатавалютныя рэзервы, мы падтрымаем эканоміку. Страху ў гэтым ніякага няма, людзі атрымаюць дадатковую заработную плату», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аб правядзенні ў Беларусі дэнамінацыі будзе аб’яўлена за паўгода, аднак пакуль для гэтага няма ўмоў.

«Мы падумаем са спецыялістамі, калі гэты перыяд настане. Тут трэба быць вельмі асцярожнымі, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Мы гатовы ў любы момант правесці дэнамінацыю. Але ўсё ж такі нават для гэтага тэхнічнага кроку павінны быць пэўныя ўмовы. Не павінна быць такая працэнтная стаўка, не павінна быць трывогі на рынку, каб насельніцтва не хвалявалася. І ў эканоміцы каб не было крызісных з’яў».

«Таму мы падбяром час і аб гэтым заявім не менш як за паўгода, – адзначыў Прэзідэнт. – Паралельна на працягу года як мінімум будуць хадзіць і старыя рублі, і новыя рублі».

Прэзідэнт адзначыў, што ўжо зацверджаны новыя грошы, прычым, нараўне з купюрамі ў Беларусі, магчыма, будуць хадзіць і манеты. На думку кіраўніка дзяржавы, знешне новыя грошы падобныя на еўра.

«Мы не ўтойваем, мы даўно гатовы да гэтага працэсу, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Але трэба падабраць час, каб ні ў якім выпадку нас людзі не папракнулі, што мы правялі дэнамінацыю, а хтосьці на гэтым нажыўся. У мяне будзе строгае патрабаванне: калі мы будзем у цэнах акругляць, то толькі ў меншы бок. Людзі тут нічога не страцяць».

Прэзідэнт яшчэ раз запэўніў, што аб правядзенні дэнамінацыі будзе сказана загадзя. «Гарантую! Падманваць не буду», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу на той факт, што ў мінулым годзе пры невялікім росце ВУП у 1 працэнт сярэдняя заработная плата насельніцтва па краіне вырасла. «Рост заработнай платы – гэта добра, але ж і цэны ў нас раслі. Я не скажу, што мы людзей паставілі ў бязвыхаднае становішча, абсалютна не, але тым не менш зарплата расла не ў адпаведнасці з прадукцыйнасцю працы. Гэта даныя аб’ектыўныя, прызнаныя», – сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, у 2013 годзе дабрабыт грамадзян у сярэднім палепшыўся, грашовыя даходы насельніцтва выраслі больш як на 17 працэнтаў, у тры разы перавысіўшы план (6,5 працэнта), рэальны тэмп росту даходаў насельніцтва да дакрызіснага 2010 года склаў 140 працэнтаў.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што хоць сярэдняя зарплата па краіне цяпер набліжаецца да $600, многія катэгорыі работнікаў не маюць такіх даходаў. «Я з вас патрабаваць не буду павышэння зарплаты гэтай верхняй частцы насельніцтва, хто атрымлівае нават $500, вы цяпер вазьміцеся за ніжнюю частку нашых людзей і пастарайцеся падцягнуць, каб у іх было хаця б $400. Гэта стратэгія – падцянуць нізкааплатных», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«У гэтым годзе мы хочам звярнуць увагу на іх, тады і сярэдняя зарплата будзе значна вышэйшай. Але ўжо націскаць па зарплаце я не буду. Кожны павінен атрымліваць зарплату ў адпаведнасці з тым, як ён адпрацаваў, як спрацавала прадпрыемства. Мінімум мы забяспечылі», – дадаў беларускі лідар.

Прэзідэнт запэўніў, што дзяржава прыме меры для павелічэння даходаў пенсіянераў.

А. Лукашэнка паставіў задачу ўзварушыць ЖКГ і вывучыць фарміраванне тарыфаў на ЖКП. Згодна з даручэннем Прэзідэнта камісія на чале са старшынёй Камітэта дзяржкантролю Аляксандрам Якабсонам прааналізуе работу арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена фарміраванню тарыфаў на ЖКП.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што тарыфы на ЖКП у Беларусі рэгулююцца дзяржавай і іх рост увязаны з ростам даходаў грамадзян. На думку Прэзідэнта, вакол тэмы павышэння тарыфаў на паслугі ЖКГ вельмі шмат непрафесійнай балбатні і палітыкі. «А факты такія, што сёння сям’я з трох чалавек, дзе двое працуюць, за 2-пакаёвую кватэру плаціць 3 працэнты даходаў сям’і, у Расіі – 12 працэнтаў», – сказаў кіраўнік дзяржавы. Сям’я з трох чалавек, дзе працуюць два бюджэтнікі, плаціць за такую кватэру 4 працэнты даходаў сям’і, два пенсіянеры – крыху больш за 5 працэнтаў. «Назавіце яшчэ адну такую развітую, цывілізаваную краіну ў свеце, дзе плацілі б столькі. У Еўропе ў тры разы больш. Мы пакрываем паслугі ЖКГ (пры ўсім павышэнні) на 23 працэнты, 77 працэнтаў паслуг ЖКГ пакрываюцца за кошт бюджэту.

Зборы ад спагнання дзяржпошліны за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху будуць накіроўвацца выключна на патрэбы дарожнага будаўніцтва.

Паводле слоў Прэзідэнта, уведзеныя ў Беларусі зборы – зусім невялікія ў параўнанні з коштам нават недарагога аўтамабіля, у той час як дзяржава штогод траціць значныя сродкі на падтрыманне дарожнай інфраструктуры.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка просіць беларусаў праявіць актыўнасць на маючых адбыцца выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў.

«Хачу папрасіць і пажадаць, каб людзі прыйшлі на гэтыя выбары, каб яны не думалі, што гэтыя дэпутаты нічога не робяць і нічога не вырашаюць, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Так, яны не вельмі ў нас прапагандуюцца, бачныя з-за сваёй дзейнасці. Можа быць, з-за таго што не вырашаюць глабальных пытанняў, якія вырашаюцца тут, наверсе. Але гэта не значыць, што яны менш важныя для жыцця звычайнага чалавека».

«Для мяне гэта вельмі важна. Я тады ўсюды магу сказаць: паглядзіце, вось яна – свядомасць людзей, вось яны – нашы сапраўдныя беларусы. Гэта ж не цяжка – прыйсці прагаласаваць», – лічыць Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што выбар кожны будзе рабіць самастойна.

Ён дадаў, што гэтыя выбары вельмі важныя для дзяржавы. «Ніякая гэта не рэпетыцыя перад прэзідэнцкай кампаніяй, але паказчык узроўню свядомасці нашага народа», – адзначыў Прэзідэнт.

БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *