Эліта, якая папоўніць войска

Год моладзі Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

Ва ўсе часы ва Узброеных Сілах лічыліся прэстыжнымі падраздзяленні спецназа, а тыя, хто трапляў у іх служыць, – элітай. Падчас адбору ў гэтыя падраздзяленні ўлічваюцца не толькі здароўе і жаданне прызыўніка, а і яго падрыхтаванасць, загартоўка для службы ў такіх войсках.

Нядаўна на Стаўбцоўшчыне праходзіў раённы Дзень прызыўніка, і давялося пагутарыць якраз з такімі хлопцамі, якія ідуць служыць у спецназ. Настрой ва ўсіх радасны, аптымістычны – ды і як інакш, калі збыліся іх мары. Некаторыя, як высветлілася, думаюць звязаць з арміяй і свой лёс.

 

Алег САЧУК, вёска Слабодка:

– У мяне служыў брат, і я таксама хачу ісці ў войска. Станоўча стаўлюся да службы. Прызвалі – значыць, так трэба. І бацькі, і брат хацелі, каб я паслужыў. Ужо закончыў першую ступень каледжа сувязі, атрымаў спецыяльнасць мантажніка. Да прызыву ў войска паспеў папрацаваць тры месяцы на прадпрыемстве «Прамсувязь» у Мінску. Задаволены сваёй работай. У будучым хацеў бы атрымаць профільную вышэйшую адукацыю і, магчыма, адкрыць уласную справу.

Іду служыць у спецназ – туды, куды і хацеў. На здароўе не скарджуся. Займаюся спортам, у прыватнасці, цяжкай атлетыкай, вяду актыўны лад жыцця. Думаю, што тэрміновая ваенная служба дапаможа мне сфарміраваць характар. Мяне будзе чакаць мая дзяўчына. Пастараюся часцей званіць ёй, бацькам і брату. Думаю, гэтыя паўтара года праляцяць хутка.

 

Кірыл КЛЮЧНІК, горад Стоўбцы:

– Я – выпускнік клуба «Абаронца Айчыны». На працягу дзевяці гадоў займаўся ў клубе пад кіраўніцтвам Рыгора Андрэевіча Мамайкі. Працую ў Першамайскім райаддзеле г. Мінска Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь. Праўда, усяго пару месяцаў… Устанаўліваю сігналізацыю. Закончыў Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны ліцэй і атрымаў спецыяльнасць «Электраманцёр ахоўна-пажарных сігналізацый». Работа ў цэлым падабаецца. І армейская служба – мой свядомы выбар. Даўно хацеў трапіць у спецназ. Разумееце, у клубе нас рыхтавалі да гэтага. Займаліся барацьбою, трэніравалі вынослівасць, сілу волі. У клубе ў мяне засталіся сябры…             

Усім буду званіць, нагадваць пра сябе. Не ведаю, як складзецца ўсё праз паўтара года, але думаю застацца ў арміі на кантрактную службу.

 

Дзмітрый КЛАЎШУН, вёска Скамарошкі:


– На даны момант працую ў ААТ «Агранёманскі» інжынерам-энергетыкам. Закончыў Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт і, так атрымалася, вярнуўся ў сваю гаспадарку. Тут працуе і мая мама. Прынялі мяне, маладога спецыяліста, добра. У энергетычнай службе гаспадаркі нас працуе трое, таму ёсць у каго вучыцца.

Для сябе я вырашыў, што ў будучым хацеў бы змяніць прафесію і месца працы.  Не буду спыняцца на падрабязнасцях, але ёсць жаданне працаваць ва Узброеных Сілах. У бліжэйшы час думаю атрымаць другую вышэйшую адукацыю – юрыдычную. Працягваю на прафесійным узроўні займацца спортам. Найбольш цікавіць лёгкая атлетыка. Бацькам хачу сказаць, каб за мяне не хваляваліся. Я пастараюся не падвесці іх, апраўдаць надзеі.

 

Іван ШПАКОЎСКІ, аграгарадок Любкаўшчына:

– На даны момант я сярод прызыўнікоў, а так па прафесіі  – настаўнік фізічнай культуры. З гэтага навучальнага года працую па размеркаванні – у школе аграгарадка Грычына Дзяржынскага раёна. Спадабалася працаваць з дзецьмі, але іх… нямнога. Самы вялікі клас складаецца з васьмі вучняў. Да фізкультуры яны цягнуцца. У шосты дзень школьнага тыдня займаюцца ў секцыях па валейболе, футболе. У школе для гэтага ёсць вялікая спартыўная зала, а я стараюся зацікавіць вучняў гульнёю, спартыўным запалам.

Служыць буду ў спецназе і хацеў бы застацца пасля на кантрактную службу. У мяне старэйшы брат – кантрактнік.  Яму падабаецца. Бацька мой некалі служыў. І я не стану парушаць традыцыі сям’і. Адназначна, што спорт заўсёды будзе са мною. Чакаць будзе каханая дзяўчына…

 

Вадзім ПЯТКЕВІЧ, вёска Ячнае:

 – З задавальненнем іду служыць у спецназ. Некаторыя хочуць «адкасіць», а я сам званіў у ваенкамат. І вось – трымаю ў руках павестку. Служыць буду ў Мінску. Пасля тэрміновай службы планую застацца ў арміі па кантракце.

Іду на службу з прыватнага прадпрыемства «Профі-Аграцэнтр». Сюды ўладкаваўся на працу пасля заканчэння Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа па сваёй спецыяльнасці – тэхнік-электрык. Сустрэлі ў калектыве прыязна. У сям’і я – самы малодшы, у мяне яшчэ ёсць дзве старэйшыя сястры. Чым займаюся? Дапамагаю маме. Спортам займаюся. Люблю лёгкую атлетыку, сілавыя віды спорту. Жыву без шкодных звычак. Гэта мой прынцыповы выбар. Сябрую з дзяўчынай. Спадзяюся, што ў нас з Алінай усё складзецца добра.        

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *