Спорт

Нумары Спорт

РАЗАМ З РАСІЯНАМІ

Некалькі прадстаўнічых футбольных турніраў адбылося на стадыёне «Юнацтва» ў канцы кастрычніка – лістападзе. Спаборнічалі не толькі беларускія рабяты, але і расіяне, а таксама каманда з Польшчы. На зялёную арэну ў Стоўбцах выйшлі спартыўныя калектывы хлопцаў дзесяці-адзінаццацігадовага ўзросту з падмаскоўных гарадоў Даўгапрудны, Нарафамінск і Электрасталь. А таксама іх равеснікі, якія прадстаўлялі сталічныя клубы «Мінск», «Дынама», «Зорка». Юныя палякі прыехалі з Вроцлава – ФК «Шлёнск». Выдатны шанц памерацца сіламі з гасцямі атрымалі і выхаванцы футбольных груп Стаўбцоўскай ДЮСШ. У гэтых турнірах агульную перамогу атрымалі юныя футбалісты з Падмаскоўя – гарадоў Нарафамінск і Даўгапрудны.

Хлопцы з Даўгапруднага ўзялі верх і ў спаборніцтвах рабят 2003-2004 гадоў нараджэння. Тут нашы юніёры занялі трэцяе месца. Трэцімі сталі стаўбчане і ў турніры футбалістаў 2001-2002 гадоў нараджэння. Іх апярэдзілі футбольныя клубы «Мінск» і «Баранавічы».

Таварыства «Ураджай» і ФК «Нёман-Агра» плануюць правядзенне падобных міжнародных спаборніцтваў і ў зімовы час. Вядома, калі дазволяць умовы надвор’я. Увогуле ж футбольнае поле са штучным пакрыццём застаецца зялёным круглы год. А, як бачна, атрымаць спартыўную практыку ў нашых Стоўбцах гатовы і юныя расіяне, і палякі. І паспаборнічаць, і азнаёміцца з нашым беларускім краем.

 

УМЕЦЬ ЗГУРТАВАЦЦА

Калектыў райспажыўтаварыства заўсёды прадстаўляе каманду на галіновыя спартыўныя спаборніцтвы і конкурсы мастацкай самадзейнасці за межамі раёна.

У абласной спартакіядзе работнікаў спажывецкай кааперацыі ў бягучым годзе каманда стаўбцоўскага райспажыўтаварыства сярод  26 каманд-удзельніц заняла пятае месца. Вадзіцель Аляксей Кошкін  заняў трэцяе месца ў індывідуальным заліку па тэнісе,  качагар вытворчых печаў Іван Астапенка – другое месца па шашках, вадзіцель Андрэй Ройка – трэцяе месца ў спаборніцтве па падняцці гір.

Такія поспехі ў пазавытворчай дзейнасці таксама падымаюць прэстыж арганізацыі.

 

ЗДАТНАСЦЬ ТЭНІСІСТАЎ

Кожны год у асеннія дні праводзяцца абласныя спаборніцтвы на Кубак Мінскай вобласці па настольным тэнісе. На гэты раз турнір майстроў малой ракеткі прымаў горад Узда.

Паспяхова выступалі нашы дзяўчаты. Яны сталі бронзавымі прызёрамі спаборніцтваў. У асабістым заліку другое месца ў Юліі Гарачка. Добра гуляла і Алена Ліпніцкая. У мужчынскім турніры дастойна выступілі Віктар Круглік і Алег Бурак.

Рыхтаваў каманду да спаборніцтваў Пётр Цімкоў, які з энтузіязмам шліфуе ўменні тэнісістаў. Яго праца – яскравы прыклад таго, як дзякуючы творчай аддачы трэнера развіваецца той ці іншы від спорту ў рэгіёне. А ўсім нам ганарова і пачэсна, каб Стаўбцоўскі раён называлі сапраўды спартыўным.        

    Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *