Не даю сябе шкадаваць

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

«Ніводзін з урачоў яшчэ не зразумеў, як я нешта бачу», – гаворыць пра сябе  Ігар Войтка з Зарэчча (Рубяжэвіцкі сельсавет). Згодна з медыцынскім дыягназам, яго жыццё  звужана да бачнасці ў некалькі сотых працэнта.

У раённай арганізацыі інвалідаў па зроку налічваецца каля сотні членаў, і Ігар Войтка – адзін з гэтай сотні.

Калі людзі размаўляюць, то звычайна глядзяць адзін аднаму ў вочы. Праз кантакт вачэй хочацца ўбачыць душу суразмоўцы, адлюстраванне яго думак. А што, калі вочы не могуць зазірнуць у гэтае «люстэрка»? У такім выпадку асэнсаванне сябе і людзей адбываецца праз сэрца, празорлівасць душы. У гэтым мы і пераканаліся на прыкладзе Ігара Войткі.   

Малады чалавек, нягледзячы на абмежаванасць у зроку, любіць усе гаспадарчыя клопаты, якія ёсць на прысядзібным участку, і – такім чынам – не адчувае сябе адмежаваным ад жыцця.

– Мне 26 гадоў. Я ўсё ўмею. Жыву паўнацэнным, як усе, жыццём, – тлумачыць малады вясковец у адказ на просьбу расказаць пра сябе. Праўда, выходзіць, што сяброў у яго не так і многа. – Так, ёсць знаёмыя, і яны ўсё больш людзі пажылыя. Мне з імі чамусьці лягчэй кантактаваць, чым з маімі равеснікамі, – прызнаецца Ігар.   

Магчыма, сяброў у яго і няшмат, але добразычлівага сяброўскага тону, шчырасці ў размове столькі, што ўжо з першых хвілін здаецца, нібыта ты з ім даўно знаёмы. Ігар, як кожны цікавы суразмоўца, падкупляе сваімі жывымі аповедамі.    

– Жывём мы ўтраіх – я, мама і тата, – гаворыць ён. – Трымаем гаспадарку: дзвюх козачак, пару дзясяткаў курэй. Я – іх галоўны кармільшчык. Перш чым накарміць жывёлу, неабходна наварыць ёй у печцы бульбы. У сезон трэба навязаць козаў, каб папасвіліся. Доім іх я або мама – гэта як выходзіць. Калі нехта з суседзяў што-небудзь пытае, іх мама і тата адпраўляюць адразу да мяне: «Пытайцеся ў Ігара». Яшчэ – палю ў доме печкі. Нават дровы магу сам пакалоць. Збольшага ў маёй гаспадарцы ўсё дакладна і акуратна, – найперш ставіць сабе ў заслугу Ігар.  

У сям’і Войткаў працуе адзін бацька. Анатолій Іванавіч – сантэхнік на філіяле ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы». Матуля Алена Аляксандраўна атрымлівае дапамогу па доглядзе сына, інваліда І групы. Ігар у іх – адзіны сын. Ён нарадзіўся здаровым. Але ва ўзросце аднаго месяца немаўля перахварэла. Бралі аналіз крыві і занеслі інфекцыю. У выніку, на скрыжаванні зрокавых нерваў утварылася кіста… На адным воку ўрачы ставяць Ігару зрок  0,01 працэнта, на другім –  0,03 працэнта, пры тым, што знешне яго орган зроку нічым не адрозніваецца ад органа зроку здаровага чалавека. «Ніводзін урач яшчэ не зразумеў, як я адрозніваю людзей, аб’екты, – сам здзіўляецца сваім здольнасцям Ігар, які самастойна, без нічыёй дапамогі, ходзіць у магазін, прагульваецца па вёсцы. Калі на некім бачыць адну і тую ж вопратку, то пазнае пры сустрэчы.

Раней сям’я Войткаў жыла ў Мінску. Ігар хадзіў у спецыялізаваны дзіцячы садок для невідушчых дзяцей і дзяцей са слабым зрокам. Потым – у такую ж спецыялізаваную школу. У 2005 годзе, калі юнаку трэба было выбіраць далейшы жыццёвы шлях (а медыкі вынеслі «прыгавор» на знаходжанне ў чатырох сценах кватэры – «ваш сын не зможа нават штампаваць разеткі на заводзе»), яны прынялі рашэнне змяніць сталічную трохпакаёўку на пятым паверсе на домік у вёсцы. Па падказцы сяброў прыехалі на Стаўбцоўшчыну, у Зарэчча. Да набытага дома неўзабаве зрабілі прыбудоўку. А нядаўна ўзвялі на ўчастку яшчэ адзін невялікі, 6х6 м, домік, – адмыслова для Ігара. «Каробку ўжо выгналі, за зіму разам з татам пастараемся выканаць у ёй унутраныя работы, – ад душы цешыцца Ігар зробленым і тым, што яшчэ трэба зрабіць. Пры будаўніцтве яны стараюцца стварыць максімальна безбар’ернае асяроддзе – з парэнчамі, без парогаў і выступаў, і – каб было грунтоўна і не прыйшлося перабудоўваць. Асноўным будаўніком выступае, зразумела, бацька, сын у яго – старанны падсобнік. Што трэба паднесці, падтрымаць, замясіць – ён заўсёды напагатове.

– Любая работа мне за радасць, я ўсё ўмею, – падкрэслівае сваю запатрабаванасць Ігар і дадае: – Бацькам я не дазваляю, каб мяне шкадавалі. Да жыцця трэба быць падрыхтаваным.

Ігар выказвае вялікую ўдзячнасць сваім бацькам за правільнае выхаванне, а фактычна – за інтэграванасць у соцыум:  «Добра, што не зрабілі з мяне ляльку, а лічылі за чалавека».

Ёсць у яго і занятак для душы. Кожны дзень перад сном трэба абавязкова паслухаць аўдыякнігу. Любімыя сярод іх – фэнтэзі, на ваенную тэматыку. Пяць кніг за месяц – гэта нармальна. Матуля прывозіць іх сыну са Стоўбцаў з бібліятэкі. А нярэдка ён сам пускаецца па вёсцы ў пошуку магнітафонных касет, старых пласцінак і т. п. Тое, што падабаецца, пакідае сабе, каб слухаць. Малады чалавек атрымлівае асалоду ад кантактаў з людзьмі і ад зносін з прыродай. Навокал – гэта Ігар адчувае душой – такі прастор, замілаванне, натхненне! Вось толькі пакуль не трапілася на яго дарозе тая, якая падзеліць з ім свой лёс…

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *