Сельскі час

Нумары Сельская гаспадарка Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

ПЛЕМЯННАЯ СПРАВА ВАЖНАЯ

За дасягненне высокіх паказчыкаў у галіне жывёлагадоўлі сярод філіялаў рэспубліканскага ўнітарнага сельгаспрадпрыемства «Мінскае племпрадпрыемства» абласны выканаўчы камітэт узнагародзіў калектыў Стаўбцоўскага філіяла Ганаровым дыпломам. Узнагароду дырэктару Людміле Курыльчык (на здымку ў цэнтры) уручыў на свяце «Дажынкі-2015» старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Іван Ліпніцкі.

Асноўны паказчык, згодна з якім філіял стаў пераможцам, – гэта выхад цялят на 100 кароў і цялушак. У гаспадарках нашага раёна за дзевяць месяцаў бягучага года атрымана 76 цялят, што на два больш адпаведнага перыяду летась. Наяўнасць рамонтных цялушак на 100 кароў павялічылася і склала 120 працэнтаў да мінулагодняга. Менавіта за кошт стварэння належных умоў для ўтрымання і кармавой базы маладняку буйной рагатай жывёлы  зменшылася невытворчае выбыццё цялят. І яшчэ адзін з важных паказчыкаў – расход спермы на жыватворчае асемяненне, які застаўся на ўзроўні леташняга.

У развядзенні сельскагаспадарчай жывёлы аднаўленне статка іграе вялікую ролю. Паляпшаецца парода, ствараецца новае, з вышэйшай прадукцыйнасцю, пакаленне буйной рагатай жывёлы. Людміла Эдуардаўна чатыры гады кіруе нешматлікім калектывам, які выконвае гэтую важную справу. А іменна, аказвае паслугі па набыцці і дастаўцы спермы высокапрадукцыйнай жывёлы для штучнага асемянення кароў, спецыялісты праводзяць кантрольныя дойкі, вядуць заатэхнічны ўлік – стварылі племянную базу раённага грамадскага статка. У сувязі з прыняццем Закона «Аб ідэнтыфікацыі, рэгістрацыі, назіранні сельскагаспадарчай жывёлы, ідэнтыфікацыі і назіранні прадуктаў жывёльнага паходжання», які накіраваны на стварэнне ўмоў, што забяспечваюць атрыманне дакладных звестак, запатрабуе ад калектыву філіяла яшчэ большых намаганняў. Ён уступае ў сілу з 1 студзеня наступнага года. Як расказвае дырэктар, работа прадбачыцца сур’ёзная, а племянная база гаспадаркам проста неабходная. Без яе немагчыма будзе далейшая работа. Купілі адпаведную праграму і вядуць заатэхнічны ўлік пакуль што толькі пяць сельгаспрадпрыемстваў – ААТ «Вішнявецкі-агра», «Вялікі Двор», «Радзіма Якуба Коласа», ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» і ТАА «СЖК «Налібакі». Маюць намер у самы бліжэйшы час набыць яе ААТ «Жацерава», «Каганец» і «Радзіма Дзяржынскага».

Вядучым заатэхнікам на філіяле працуе Алена Клімовіч (на здымку злева). Алена Яўгеньеўна высокакласны спецыяліст з немалым вопытам. Звыш дзесяці гадоў яна рупіцца спецыялістам на філіяле і заўсёды добрасумленна выконвае свае абавязкі. Да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці атрымала Падзяку старшыні райвыканкама. Паўтара года працуе заатэхнікам Алена Сошка (на здымку справа).  Заўсёды ў спраўным стане падтрымлівае аўтамашыну і своечасова дастаўляе спецыялістаў на аб’екты вадзіцель Дзмітрый Майзель. Калектыў стараецца, і вынікі яго працы не засталіся незаўважанымі.

 

ЗАПРАЎЛЯЮЦЬ ГЛЕБУ ЎГНАЕННЯМІ

Каб атрымаць высокі ўраджай збожжавых і прапашных культур,  вясковым рупліўцам неабходна належным чынам заправіць глебу арганічнымі і мінеральнымі ўгнаеннямі. Агульнавядома, што лепш зрабіць гэта восенню, заараць «вітаміны ўрадлівасці» падчас правядзення зябліва. У гаспадарках раёна пад яравую сяўбу нарыхтавана каля 326 тысяч тон арганікі, што складае 72 працэнты да плана. Вывезена на палеткі звыш 288 тысяч тон – 89 працэнтаў ад нарыхтаванага. Паказчыкі ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года практычна аднолькавыя. Унесена амаль 117 тысяч тон – 40 працэнтаў ад вывезенага, а летась было заарана арганікі на 16 працэнтаў больш. Шпарчэй вядзецца гэтая работа ў ААТ «Агранёманскі», «Вялікі Двор», «Рубяжэвічы», СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс». Велікадворскія хлебаробы дбаюць аб будучым ураджаі, адначасова ўносячы ў глебу і калійныя тукі. Гэтая работа ў таварыстве выканана на 624 гектарах, на адзін гектар прыпадае 136 кілаграмаў  дзеючага рэчыва. 124 кілаграмы д. р. калію ўнесена на гектар у ААТ «Каганец». Зябліва ў сельгаставарыствах раёна праведзена на плошчы 21 015 гектараў, што складае 112 працэнтаў да плана.

 

СТАЎКА НА МАЛАДЫХ

Сярод адзначаных на абласным свяце «Дажынкі-2015» маладых кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў і кіраўнік  СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» Аляксандр Дударэвіч. Губернатар вобласці ўручыў падарункавы сертыфікат на мільярд рублёў на закупку сельскагаспадарчай тэхнікі.

– Калі мы з генеральным дырэктарам Сяргеем Мельнікам ехалі ў Вілейку, то ведалі, што будзем узнагароджаны. Але якім падарункам – заставалася толькі здагадвацца. Нам вельмі патрэбен кормараздатчык, і атрымаць яго палічылі б за шчасце. Але не разлічвалі на такую вялікую суму, якая з’явілася для нас  добрым падспор’ем, – дзеліцца ўражаннямі Аляксандр Дударэвіч. – Цяпер набудзем не толькі кормараздатчык, а і дадаткова да яго –  новы трактар. Застануцца грошы – пастараемся купіць раскідвальнік вадкіх арганічных угнаенняў або для ўнясення цвёрдых мінеральных.

Аляксандр Дзмітрыевіч узначаліў гаспадарку вясною, і за  непрацяглы час тут адбыліся змены ў лепшы бок. У першую чаргу павялічылася вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі на 76 працэнтаў. Палепшылася кармавая база, вышэйшымі сталі ўраджайнасць і валавы збор збожжа.

– Аляксандр Дзмітрыевіч, вам дасталася «спадчына» з немалымі даўгамі. Вытворчасць прадукцыі неабходна было павялічваць, каб зменшыць крэдыторскую запазычанасць. І ў гэтым накірунку ўжо ёсць пазітыўныя зрухі. А якія адразу прынялі меры для таго, каб выйсці  з нялёгкай сітуацыі?  

– У першую чаргу неабходна было ўмацаваць дысцыпліну працы. Не вырашыўшы гэтую праблему, немагчыма рухацца далей. Проста людзі прывыклі, што  лепш не можа быць. Прыйшлося ламаць стэрэатып мыслення і даць работнікам надзею, што сітуацыю можна паправіць. І залежыць гэта менавіта ад іх саміх. Пазбавіліся ад аматараў спіртнога і ў далейшым будзем працаваць у даным накірунку.

Вымушаны быў пайсці і на такі непапулярны крок, як змяншэнне расцэнак.  Прасочваўся непарытэт: вытворчасць прадукцыі нізкая, а заработная плата – высокая. І выплаціць яе гаспадарка, зразумела, не магла. Так паступова набягалі даўгі. Прапрацавалі дадзенае пытанне з эканамістамі і зразумелі, што нямала ў нас «лішніх» людзей, якія не загружаны работай. У выніку, зменшылі расцэнкі і адначасова павялічылі нагрузку.  Работнікі аднесліся да новаўвядзення па-рознаму. Тры месяцы ішла «барацьба». Частка людзей звольнілася, прычым не лепшыя працаўнікі. Але мы знайшлі ім замену. Падвяргаўся крытыцы за тое, што адразу звольніліся пенсіянеры. Хачу адзначыць, што некаторыя з іх вярнуліся, калі ўбачылі, што эканамічнае становішча стала паляпшацца.

Пасля праведзенай аптымізацыі кадраў замест 160 работнікаў засталіся 123.

Такім чынам, усё больш-менш уляглося. Цяпер у нас той, хто сумленна працуе, атрымлівае дастойную зарплату.

Хачу адзначыць, што нялёгка нам было б працаваць, калі б не далучылі таварыства да райаграсэрвіса. Адны мы не справіліся б, бо ідзе вялікая падтрымка тэхнікай і фінансамі. У аптымізацыі механізатарскіх кадраў гэта адыграла станоўчую ролю. Мне даспадобы, як працуюць Максім Паплаўскі, Аляксандр Бусько, Дзмітрый Нагорны, Вадзім Казлоўскі.

– Этап станаўлення практычна прайшоў, як ідуць справы?

– Прыбавілі па малаку, бо маем якасныя травяныя кармы. Усе яны закладзены ў траншэі. Сёлета мы пабудавалі чатыры новыя. Штодзённы надой у сярэднім ад кожнай каровы складае 12,6 кілаграма. Да канца года паказчык павялічым да трынаццаці кілаграмаў. Лепшыя вынікі ў аператараў машыннага даення МТФ «Апечкі» Ніны Лук’янчык і Святланы Янушка. Малако на малаказавод адпраўляем вышэйшым гатункам. Адгружалі і «экстрай», але ўпусцілі такую магчымасць. Не ўсе моманты яшчэ як след адпрацаваны. Будзем старацца адгружаць прадукцыю малочнага цэха найвышэйшым гатункам. Работа ў гэтым накірунку вядзецца.

І ў раслінаводстве – плён, своечасова завяршылі ўздым зябліва, зараз вывозім арганіку.

Як маладога кіраўніка мяне падтрымлівае раённая ўлада.

– Што ў бліжэйшых планах?

– У першую чаргу завяршыць да канца года будаўніцтва новага «клюшачніка», што дасць нам магчымасць павялічыць пагалоўе кароў. Зрабіць на МТФ «Апечкі» цэлы комплекс, а дакладней, укараніць паточна-цэхавую сістэму вытворчасці малака. Спатрэбяцца немалыя сродкі. Але каб быць з малаком і мясам, гэтую работу трэба выканаць абавязкова. Затым неабходна правесці мадэрнізацыю на МТФ «Аталезь», з пераводам малочнага статка на беспрывязное ўтрыманне і ўстаноўкай даільнай залы. Ёсць намер правесці рэканструкцыю на МТФ «Лапкі». Тут думаем замяніць дах, мяркуем у будучым паставіць сюды бычкоў на адкорм. А магчыма і кароў мясной пароды – у пойме Нёмана яны будуць вольна пасвіцца. Хочацца забетанаваць выгульныя пляцоўкі, заасфальтаваць пад’езды на фермах. І абавязкова трэба ствараць высокапрадукцыйны статак. На гэта спатрэбіцца не адзін год, але будзем паступова гэта рабіць.

– Аляксандр Дзмітрыевіч, вы малады кіраўнік, і для далейшай працы падбіраеце каманду аднадумцаў. Кадрам якога ўзросту аддаяце перавагу?

– У асноўным стаўку раблю на маладыя кадры. Сёлета да нас прыйшлі шэсць маладых спецыялістаў розных спецыяльнасцяў: эканаміст, юрыст, бухгалтар, інжынер, аграном і ветфельчар. Бачу, што ёсць у іх цяга да работы. Падтрымліваю, нягледзячы на няпростае фінансавае становішча, матэрыяльна, каб засталіся тут жыць і працаваць, – кожны атрымлівае дадатковую даплату. Раней нялёгка было знайсці спецыялістаў, а цяпер моладзь пацягнулася ў сельскую мясцовасць. Тэлефануюць, цікавяцца ўмовамі працы. Прыязджаюць, і не толькі па размеркаванні.

– Які настрой на далейшую працу?

– Аптымістычны. Бачу, што атрымліваецца. Хочацца працаваць. Мой настрой  перадаецца і людзям – яны таксама стараюцца.

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *