Абслугоўванне

Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

«ДОКТАР» ТЭХНІКІ

Якімі толькі яркімі эпітэтамі ні ўслаўляюць прадстаўнікі мастацкага слова ўмельствы майстроў, у каго залатыя рукі,  – кавалёў, слесараў, токараў… У кожнага класіка можна знайсці оду ў прозе ці паэзіі аб майстрах, якія ператваралі ў творы мастацтва звычайныя рэчы, якімі карысталіся ў быце.

Рабочыя прафесіі з наступствам цывілізацыі адышлі на другі план. Аднак ніводная вытворчасць, якімі б дасканалымі машынамі і абсталяваннем яна ні была ўкамплектавана, не абыходзіцца без майстроў,  з дапамогай якіх абсталяванне служыла б.

У Стаўбцоўскім доследным лясгасе такім неперасягнутым аўтарытэтам з’яўляецца слесар па рамонце бензапіл і кустарэзаў Рычард Бурдукевіч. Рычард  Мар’янавіч прыйшоў на працу ў лясгас 16 гадоў назад з багатым багажом – вопытам работы механікам, слесарам па рамонце даільных установак у сельскагаспадарчай вытворчасці, вадзіцелем, слесарам-механікам СТА, аператарам АЗС. Веды, набытыя ім у Мар’інагорскім саўгас-тэхінуме, узбагачаныя шматгадовай практыкай.

У лясгасе яму прыйшлося набываць новыя навыкі. У многім дапамаглі спецыялісты нямецкага завода STIHL. Стаўбцоўскі лясгас з’яўляецца дылерам гэтай славутай фірмы, бензапілы якой лічацца найлепшымі. Рычард Мар’янавіч не раз быў на курсах, на семінарах у Мінску. Адным словам, ён дасканала асвоіў абсталяванне фірмы STIHL, і яго ведаюць як лепшага майстра не толькі ў Стаўбцоўскім лясгасе, але і ў сістэме лясной гаспадаркі краіны. Не раз было, што да яго звярталіся па дапамогу работнікі лясгасаў суседніх раёнаў. Памяркоўны, ураўнаважаны Рычард Мар’янавіч нікому не адмаўляе.

У сваім жа лясгасе ён абслугоўвае больш за 100 бензапіл і больш за 50 кустарэзаў. Пры той нагрузцы, якую мае штодзённа гэтае абсталяванне, патрабуецца планавая замена дэталяў, бывае, патрэбен рамонт. Добра ведаюць дарогу ў майстэрню Рычарда Бурдукевіча, у якой адмысловы парадак, ляснічыя дзевяці лясніцтваў лясгаса.  Гэты «доктар» машын і тэхнікі прымае бензапілы, каб у хуткім часе іх вярнуць леснікам спраўнымі і зноў гатовымі «да бою». У запасе ў майстра поўны набор запчастак і ўсіх камплектуючых. Яго знянацку не застанеш. Работай Рычарда Бурдукевіча ў лясгасе задаволены. Скарысталі і яго вопыт аператара АЗС – ён яшчэ паспявае запраўляць ведамасную тэхніку. Трэба сказаць, што ён – і выдатны спартсмен. У зімовай спартакіядзе без гэтага лыжніка не абыходзяцца ніводныя спаборніцтвы, і камандзе лясгаса ён прынёс не адну перамогу.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ПАСПЯХОВЫЯ ПРАДПРЫЕМСТВЫ – З «ОПТЫКАЙ»

Сёння на Стаўбцоўшчыне, як і паўсюдна ў рэспубліцы, інтэнсіўнымі тэмпамі пракладваюцца валаконна-аптычныя лініі сувязі. Яны ўяўляюць сабой не проста сучасную сувязь, а сувязь будучага, тэхнічныя магчымасці якой фактычна нічым не абмежаваны. Пад імі падразумяваецца абсалютна іншая якасць сувязі, дыяпазон хуткасцяў інтэрнэту, спектр усемагчымых паслуг. Але наколькі гатовы да падобных навінак самі карыстальнікі? Як яны суадносяць з імі сваю працу, вучобу, адпачынак? Пра гэта мы размаўляем з начальнікам Стаўбцоўскага вузла электрасувязі Міхаілам КАСАБУЦКІМ.

«Давайце пачнем з моладзі», – прапаную Міхаілу Іванавічу пачаць размову менавіта з гэтай катэгорыі карыстальнікаў, найбольш мабільнай, граматнай і, напэўна, самай патрабавальнай, для якой сучасныя тэхналогіі – з’ява такая ж натуральная і незаменная, як, напрыклад, сям’я, дом, сябры.    

– У інтарэсах моладзі рэалізуецца новы праект – «Электронная школа», які дазваляе вучыцца з электроннымі падручнікамі і такімі ж дзённікамі, педагогам весці электронныя класныя журналы і т. п., – расказвае Міхаіл Касабуцкі. – Наша асноўная задача – прыйсці ва ўстановы адукацыі з валаконна-аптычнымі лініямі сувязі. Ужо ў бліжэйшы час з «оптыкай» будуць у нас усе тры школы райцэнтра. Першай стала на гэтым напрамку як у сваім раёне, так і ў Мінскай вобласці  школа № 2. На чарзе –  школа № 3, да якой ужо падцягнуты лініі, устанаўліваецца абсталяванне. На першае паўгоддзе 2016 года запланавана і гімназія № 1. Такі расклад на першым этапе. На другім будуць ахоплены сельскія школы раёна. Пералік паслуг, які прадастаўляе праект «Электронная школа», сапраўды аб’ёмны, але тое, наколькі поўна іх гатовы выкарыстоўваць, залежыць ад самой школы і, безумоўна, ад тых фінансавых магчымасцяў, якія выдзяляе бюджэт раёна.

– Што новенькага вы прапануеце для прадпрыемстваў, арганізацый?

– У нас ёсць такая паслуга – «Валаконна-аптычныя лініі сувязі – спажыўцам». З боку суб’ектаў гаспадарання гэтая паслуга запатрабавана. Больш таго, яны робяць заказ на яе. Калі з установамі адукацыі мы працуем у рамках дзяржаўнай праграмы, то з прадпрыемствамі – на эканамічна ўзаемавыгадных умовах. Апошнім часам «оптыка» пракладзена да філіяла ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы», прадпрыемстваў «Фрэор Рэфрыгерайшн», «Стоўбцыгаз» і інш. Адметна, што поўным наборам паслуг аснашчаны кожны з пакояў інтэрната філіяла маторнага завода, а таксама кабінеты і нумары фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Адгукнуліся на сучасныя паслугі і аб’екты турызму і аграэкатурызму: турбаза «Высокі бераг», «Панскі маёнтак «Сула», «Рудзьмянская гаспадарка».  На даны момант рыхтуюцца праекты на падвядзенне «оптыкі» да многіх іншых дзяржаўных і камерцыйных прадпрыемстваў. Падцягнуць сучасныя лініі сёння можна да любога прадпрыемства раёна. І ў гэтым – перспектыва, хто раней яе ўсвядоміць, той акажацца ў выйгрышы.            

– Раённы выканаўчы камітэт, напэўна, у ліку першых, хто гэты выйгрыш спрагназаваў.

– З раённым выканаўчым камітэтам у нас склалася плённае супрацоўніцтва. Мы рэалізуем сумесны праект па арганізацыі відэаканферэнцый з сельгаспрадпрыемствамі раёна. Такая паслуга дае магчымасць вырашаць пытанні вытворчасці, узаемадзеяння, не выязджаючы за межы гаспадаркі, аператыўна, што эканоміць і каштоўны час, і грашовыя рэсурсы. Ёсць дамоўленасць аб тым, што паслугай відэаканферэнцыі ў кабінеце старшыні гаспадаркі, дзе ўстаноўлена абсталяванне, могуць карыстацца і старшыні сельвыканкамаў, дырэктары школ, работнікі лясгаса.

Сувязістам ёсць што прапанаваць і нашым абанентам, да дамоў якіх падключаны валаконна-аптычныя лініі сувязі. Сярод запатрабаваных паслуг –  інтэрактыўнае тэлебачанне ZALA, эфірнае тэлебачанне, SmartZALA. Пры існаванні прапановы растуць і патрэбы, і ўжо многія нашы абаненты выказваюць жаданне, каб  дома ў іх была не адна, а дзве, тры прыстаўкі. Думаю, далей будзе яшчэ больш цікавых прапаноў, таму што і «Белтэлекам» уключыўся ў распрацоўку канцэпцыі «Разумны дом».  

– Згадзіцеся, што зручнасць той ці іншай сучаснай паслугі гатовы ацаніць толькі граматныя карыстальнікі. Як з гэтым у нас?

– Ужо сёння відавочна, што прадпрыемства, якое працуе з новымі тэхналогіямі,  павінна мець у штаце граматнага спецыяліста-сістэматэхніка. Так паступілі ў райвыканкаме, на філіяле маторнага завода, у электрасетках, дзе ёсць каму абслугоўваць камп’ютарныя сеткі, напрамую працаваць з намі. Там, дзе такі спецыяліст адсутнічае, сітуацыі ўзнікаюць нават недарэчныя. Напрыклад, нас выклікаюць з-за таго, што не працуе тая ці іншая паслуга, а насамрэч выходзіць – «вінаваты» камп’ютар, які ніхто не абслугоўвае, не турбуецца аб яго нармальнай антывіруснай абароне і, адпаведна, аб захаванасці інфармацыі, і т. п.                

Гутарыла

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

Калі трэба прыгледзець за пажылым

У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ўкараняецца новая паслуга – дзённы прыгляд для грамадзян пажылога ўзросту.

Згадзіцеся, у жыцці бываюць такія выпадкі і сітуацыі, калі чалавеку ва ўзросце, гэтаксама як і малому дзіцяці, не абысціся без чыйгосьці прыгляду. Напрыклад, дарослыя дзеці не ў стане самастойна дагледзець бацькоў з-за таго, што пражываюць у іншым горадзе. Або яны заняты на рабоце і па гэтай ці іншай уважлівай прычыне знаходзяцца дома зусім мала часу. З гэтай мэтай і з’явілася паслуга дзённага прыгляду, якая ажыццяўляецца на бязвыплатнай аснове ў будныя дні.

– Для ажыццяўлення паслугі па дзённым прыглядзе пажылых грамадзян створаны максімальныя ўмовы ў адпаведнасці з нормамі санітарнага мінімуму і пажарнай бяспекі, – адзначае загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Сяргей Есіс.

На базе гэтага аддзялення і распачата ўкараненне новай паслугі. Тэрытарыяльным цэнтрам прадугледжаны пакой для прыёму ежы падчас сняданку, абеду. Неабходную ежу пажылым людзям трэба ўзяць з сабою, а спецыялісты аддзялення дапамогуць разагрэць яе на спецыяльна абсталяванай кухні. Кухня аснашчана па-сучаснаму – мікрахвалевай печчу, халадзільнікам, кулерам з пітной вадой, а таксама аднаразовым посудам. Пажылыя людзі павінны ўмець сябе абслугоўваць.

Для адпачынку пажылых людзей таксама прадугледжана спецыяльна абсталяванае памяшканне. У ім ёсць дзве канапы – для адначасовага знаходжання двух чалавек або двух разнаполых пажылых людзей. У апошнім выпадку для іх камфортнага знаходжання прадугледжана шырма.  Рэчы можна скласці ў шафу.  Аздабляе пакой і камп’ютар, з дапамогай якога можна паслухаць музыку.

У цэлым, створана такая абстаноўка, якая дае магчымасць пачуваць сябе свабодна, нязмушана. І, варта сказаць, што на гэтым арганізацыя сацыяльнай паслугі дзённага прыгляду не завершана. «У планах, – заўважае Сяргей Есіс, – набыццё тэлевізара». 

Для сацыялізацыі пажылых людзей, якія знаходзяцца на дзённым прыглядзе, прадугледжана наведванне творчай майстэрні. Там сустрэнуць вопытныя кіраўнікі гурткоў дэкаратыўна-прыкладной творчасці і, сумесна з валанцёрамі з ліку актыўных пажылых грамадзян, прапануюць заняцца творчай дзейнасцю зыходзячы са сваіх сіл і магчымасцяў. Пры жаданні можна навучыцца вырабляць цікавыя віншавальныя паштоўкі, сувеніры.

– Запатрабаванасць новай паслугі ў сучасным грамадстве не выклікае сумнення, – падкрэслівае дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра Святлана Блашко. Атрымаць дадатковую інфармацыю па яе аказанні можна па тэлефоне – 5-14-95.    

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ЗАСЛУЖЫЎ ДАВЕР

Жыхароў вёскі Слабодка Літвенскага сельсавета абслугоўвае аўтамагазін райспажыўтаварыства. Такім чынам, мы маем зносіны з вадзіцелем, ён жа і прадавец, Міхаілам Аляксандравічам Арловым.

Нам гэты чалавек так палюбіўся сваімі паважлівымі адносінамі да вяскоўцаў, цярпеннем да нас, пажылых людзей. Ён заўсёды дапаможа, падкажа з выбарам тавару, не раздражняецца, не падганяе нас. Мы няспешна можам прыцаніцца, выбраць пакупку, разлічыцца. Адыходзім ад аўталаўкі заўсёды з добрым настроем. І што немалаважна – ён заслужыў у нас давер. Дзякуй вялікі яму за такія сумленныя адносіны да даручанай работы.

З удзячнасцю сем’і Бельскіх, Жукоўскіх, Вашкевічаў, Церашкевічаў і іншых



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *