Бяспека – гэта важна

Ахова правапарадку Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

РАЎНЕННЕ НА ДРУЖЫНУ МАТОРНІКАЎ

З пачатку года членамі добраахвотных дружын раёна выяўлена 63 правапарушэнні грамадскага парадку, палова іх – на рахунку дружыны філіяла ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы» пад камандаваннем Наталлі Жаўнерчык.

На Стаўбцоўшчыне зарэгістравана 22 добраахвотныя дружыны. У іх складзе – 165 чалавек. Пераважная большасць дружын (15) дзейнічае ў сельскай мясцовасці. Асноўная іх задача – садзейнічанне праваахоўным органам у ахове правапарадку.

Члены гарадскіх добраахвотных дружын нясуць дзяжурства згодна з графікам, зацверджаным намеснікам старшыні райвыканкама Сяргеем Шэсцелем, і прымаюць актыўны ўдзел у мерапрыемствах, накіраваных на недапушчэнне і спыненне злачынстваў і правапарушэнняў. Іх дзяжурствы праходзяць сумесна з  участковымі інспектарамі міліцыі, супрацоўнікамі ДАІ, міліцыянерамі патрульна-паставой службы. Добраахвотныя дружыны такіх прадпрыемстваў, як філіял ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы» і Стаўбцоўскія электрычныя сеткі актыўна садзейнічаюць ахове правапарадку падчас масавых мерапрыемстваў 9 Мая, 3 ліпеня і т. п.

Прыцягненне грамадскіх фарміраванняў і грамадзян для забеспячэння парадку на тэрыторыі раёна з’яўляецца важнай складаемай у рабоце райаддзела міліцыі, канчатковай мэтай якой выступае прававая асвета грамадзян. Пры гэтым вельмі важна, каб кожны з нас заставаўся неабыякавым да парушэнняў грамадскага парадку і праяўляў грамадзянскі доўг, калі ўзнікла неабходнасць спыніць правапарушэнне ў грамадскім месцы або затрымаць правапарушальніка.

Руслан ХАРУТА, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі райаддзела міліцыі    

 

ЗАКОНАПАСЛУХМЯНАСЦЬ ІДЗЕ  З СЯМ’І

За дзевяць месяцаў бягучага года непаўналетнімі раёна або з іх удзелам учынена сем злачынстваў.

Цяжкае злачынства ўчыніў непаўналетні, які на старонках у сацыяльных сетках размясціў відэаролік са сцэнамі парнаграфічнага характару. «Зняліся» ў ім і асобныя непаўналетнія. Акрамя таго, зарэгістраваны факт вырабу і распаўсюджвання непаўналетнімі парнаграфічных матэрыялаў, крадзеж шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі і яшчэ чатыры крадзяжы ўласнай маёмасці грамадзян.

Асноўнымі фактарамі, якія ўплываюць на злачынныя паводзіны падлеткаў, з’яўляюцца неспрыяльныя ўмовы жыцця і сямейнага выхавання, ужыванне імі алкаголю і, безумоўна, недастатковая эфектыўнасць выхаваўча-прафілактычнай работы з боку суб’ектаў прафілактыкі, недахопы ў арганізацыі іх вольнага часу, працоўнай занятасці і прафарыентацыі.  

Негатыўнае становішча ў сям’і напрамую ўплывае на паводзіны непаўналетніх. Пры гэтым сямейная нядобранадзейнасць праяўляецца як у антыграмадскім ладзе жыцця бацькоў або асоб, якія іх замяняюць, у іх самаўхіленні ад выхавання дзяцей, так і ў наяўнасці псіхалагічнай адчужанасці паміж членамі сям’і. Функцыю сям’і ў выхаванні дзяцей, асабліва ў раннім узросце, не заменіць ніхто. У гэты перыяд закладваюцца асновы асобы дзіцяці, таму важна не ўпусціць гэты каштоўны час. Што б ні здарылася з сынам або дачкою, бацькі павінны, у першую чаргу, прааналізаваць уласныя памылкі і недахопы – у гэтым заключаецца разумнасць адносін дарослых і дзяцей. Задача бацькоў заключаецца ў тым, каб папярэдзіць дзяцей аб небяспецы «гульні» з законам.

З пачатку года выяўлена з боку непаўналетніх 124 правапарушэнні (на 50 працэнтаў больш, чым летась). Трэцяя частка іх – гэта распіванне спіртных напіткаў і з’яўленне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане. За невыкананне абавязкаў па выхаванні сваіх непаўналетніх дзяцей складзена ў адносінах да бацькоў 86 пратаколаў аб адміністрацыйнай адказнасці, 25 з якіх звязаны з парушэннем падлеткамі антыалкагольнага заканадаўства да дасягнення ўзросту прыцягнення да адказнасці. 28 паўналетніх грамадзян прыцягнуты да адказнасці за ўцягванне падлеткаў у антыграмадскія паводзіны шляхам сумеснага распівання спіртнога. У адносінах да 24-х бацькоў складзены пратаколы за невыкананне абавязкаў па суправаджэнні сваіх дзяцей, якія не дасягнулі 16-ці гадоў, у начны час.     

 Нягледзячы на прынятыя сумесна з установамі адукацыі прафілактычныя меры, у гэтым годзе за парушэнне антыалкагольнага заканадаўства затрыманы 67 падлеткаў, з іх 24 – дзяўчаты. Распаўсюджанню п’янства сярод падлеткаў садзейнічаюць і некаторыя дарослыя, тыя «добрыя дзядзькі і цёткі», гатовыя набываць для іх спіртное. Сустракаюцца і несумленныя прадаўцы. Супрацоўнікі міліцыі выяўляюць такіх і прыцягваюць да адказнасці. Мінімальны штраф за данае правапарушэнне – 1 800 000 рублёў. 

Асаблівая ўвага ўдзелена прафілактыцы ўжывання падлеткамі наркатычных сродкаў. Па гэтым пытанні супрацоўнікамі інспекцыі праведзена ў школах раёна ананімнае анкетаванне сярод старшакласнікаў. Распрацаваны алгарытм узаемадзеяння школы і інспекцыі адносна ранняга выяўлення непаўналетніх, якія ўжываюць псіхаактыўныя і наркатычныя рэчывы.

Аналагічным чынам арганізавана сумесная работа з падлеткамі, якія ўваходзяць у нефармальныя маладзёжныя аб’яднанні, у тым ліку з’яўляюцца футбольнымі фанатамі. Часта такіх фанатаў уцягваюць у супрацьпраўныя дзеянні, а не прывіваюць ім любоў да футбола. Прыкладам служыць непаўналетняя стаўбчанка, якая ў сацыяльных сетках пазіцыяніруе сябе як фанатку  мінскага клуба «Дынама». Аднак падчас прафілактычнай гутаркі яна не змагла назваць ніводнага футбаліста «любімага» клуба, ніводнага клубнага дасягнення. Склалася ўражанне, што футбол як від спорту яе не цікавіць увогуле…

Бацькі павінны памятаць, што працэс выхавання дзяцей заключаецца не толькі ў матэрыяльным забеспячэнні. Трэба пастаянна цікавіцца колам іх зносін, захапленнямі і праводжаннем часу, імкнуцца разумець і падтрымліваць у прыняцці рашэнняў. І, у першую чаргу, трэба асабістым прыкладам прывіваць дзецям законапаслухмяныя паводзіны.

Міхаіл АЗАНОВІЧ, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі

 

ЖЫЦЦЁ ДАРАЖЭЙ

«Жыццё даражэй за шыны» – пад такім дэвізам прайшла на дарогах раёна прафілактычная акцыя і Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху.

Як паведамлялася, сёлетняя зіма пачынаецца з новаўвядзення: у перыяд з 1-га снежня па 1-га сакавіка прадпісана абавязковае выкарыстанне на аўтамабілях зімніх шын (пункт 207-1 Правілаў дарожнага руху). Зімнія шыны павінны быць на ўсіх колах і мець астаткавую вышыню малюнка пратэктара не менш за чатыры міліметры. Адказнасць за невыкарыстанне на транспартным сродку зімніх шын або выкарыстанне зімніх шын з астаткавай вышынёй малюнка меншай за чатыры міліметры, – гэта накладанне штрафу.           

Аднак галоўнае, што павінна падштурхнуць кожнага вадзіцеля і аўтааматара «пераабуць» сваё аўто, – пытанне бяспекі. Пры мінусавой тэмпературы летняя гума неэфектыўная і, больш таго, з ёй аўтамабіль можа весці сябе непрадказальна. Тармазны шлях павялічваецца ў некалькі разоў. Тое ж самае назіраецца і пры зношаным пратэктары шын.

З пачатку года на дарогах Мінскай вобласці зарэгістравана 758 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх 160 чалавек загінулі і 689 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Асноўнымі прычынамі аўтааварый па-ранейшаму застаецца няправільны выбар хуткасці (без уліку пагодна-дарожных умоў), недысцыплінаванасць пешаходаў і няўважлівасць вадзіцеляў пры праездзе скрыжаванняў і манеўрыраванні. Аналіз дарожна-транспартных здарэнняў сведчыць, што невыкарыстанне зімніх шын таксама прыводзіць да няшчасных выпадкаў на дарозе, і нярэдка – з цяжкімі наступствамі.

Выкарыстанне зімніх шын разам з бяспечнай хуткасцю і ўлікам дарожных умоў, адсутнасцю ліхацтва дае гарантыю таго, што ваша дарога будзе бяспечнай.

Дзмітрый ВОРАНАЎ, начальнік аддзела ДАІ райаддзела міліцыі

 

ВЫПАДКАЎ ТРАЎМАТЫЗМУ ЗМЕНШЫЛАСЯ

За тры кварталы бягучага года дзяржаўнымі інспектарамі працы Стаўбцоўскага міжраённага аддзела Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы праведзена 12 планавых і 20 пазапланавых праверак арганізацый раёна па пытаннях прытрымлівання наймальнікамі патрабаванняў заканадаўства аб працы і ахове працы.  Паводле вынікаў праверак наймальнікам выдадзена пятнаццаць прадпісанняў на ўхіленне 343 парушэнняў. Праведзена 144 рэйды, падчас якіх выяўлена 1074 парушэнні нормаў аховы працы: у сельскагаспадарчых арганізацыях 494 парушэнні, у будаўнічай сферы – 177, у арганізацыях іншых галін – 403. Кіраўнікам і спецыялістам аказана метадычная і практычная дапамога па забеспячэнні бяспечнай працы ў арганізацыях і правядзенні масавых сельскагаспадарчых работ, у будаўнічай – пры выкананні будаўнічых і будаўніча-мантажных работ. З мэтай прапаганды прававых ведаў сярод шырокіх слаёў насельніцтва, прафілактыкі правапарушэнняў у сферы працоўнага заканадаўства і вытворчага траўматызму падчас праверак арганізацый праведзена 42 нарады, на якіх прысутнічала 375 чалавек.

За гэты перыяд у раёне адбыліся тры выпадкі з цяжкім зыходам: на ПВТУП «Лесформінвест- Плюс», ААТ «Агранёманскі» і ААТ «Мінскі мясакамбінат» г. Мінск. Паводле аператыўных даных, якія атрыманы з УАЗ «Стаўбцоўская  цэнтральная раённая бальніца» ў арганізацыях раёна зарэгістраваны няшчасны выпадак на вытворчасці, які адносіцца да ліку цяжкіх, і невытворчы няшчасны выпадак у ДУП «ПМК-233» «Мінаблсельбуд» – чалавек памёр сваёй смерцю на вытворчасці. Усяго ў раёне адбылося чатыры выпадкі траўматызму, летась здарылася чатырнаццаць, з цяжкім зыходам – тры супраць чатырох і ніводнага смяротнага. Не зарэгістравана няшчасных выпадкаў з непаўналетнімі.

Фёдар ЧАРНАГАЛОЎ, начальнік міжраённага аддзела Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *