Будзем здаровымі!

Медыцына Нумары

МЕСЯЧНІК ЗДАРОВАЙ УСМЕШКІ

Цуды сучаснай стаматалогіі паражаюць уяўленне: на корні можна стварыць зуб, які ніхто не адрозніць ад сапраўднага. Імплантацыя і пратэзаванне робяць сямімільныя крокі. Аднак усё роўна ў модзе свае здаровыя зубы. Як іх захаваць на доўгія гады, каб ва ўзросце не мець патрэбы ў штучных зубах?

Не ленавацца і старацца правільна чысціць зубы, здымаць адкладанні з зубоў у кабінеце стаматолага, перыядычна праходзіць працэдуру фтарыравання, а таксама герметызацыі фісур.

Правільнае харчаванне дазволіць захаваць зубы здаровымі. Усе ведаюць, што ласункі – ворагі здаровых зубоў. У краінах, дзе салодкае прынята есці не часцей, чым некалькі разоў на тыдзень, захворванні зубоў рэдкія. Як, дарэчы, і дыябет. Ды і «сардэчнікаў» там значна менш. Для аматараў ласункаў ёсць такі сакрэт: пасля ўжывання салодкага патрэбна адразу ж пачысціць зубы. Ні пры якіх умовах нельга лузаць зубамі семкі, разгрызаць арэхі і разжоўваць цвёрдыя цукеркі. Гародніны, фруктаў, ягад трэба есці як можна больш, асабліва ў сезон. Тады ў вас будуць не толькі прыгожыя зубы, але і прыгожыя валасы і пазногці. Малочных прадуктаў павінна быць на стале дастатковая колькасць – гэта пастаўшчыкі натуральнага кальцыю.

Далёка не ўсе ўмеюць чысціць зубы правільна. Рухі павінны быць не адвольныя, а такія, што вымятаюць непатрэбнае з усёй паверхні зубоў. Кожны сектар, які складаецца з трох зубоў, патрэбна пачысціць не менш за 10 разоў. У выніку гэта зойме прыкладна тры мінуты. Чыстка зубоў не павінна быць фармальнай працэдурай.

У тых, хто дрэнна чысціць зубы, заўважаецца налёт на зубах. Налёт не заўсёды можна ўбачыць без спецыяльных прыстасаванняў стаматолага. Нават у людзей, якія прыдаюць значэнне свайму здароўю і выконваюць рэкамендацыі стаматолага, назапашваецца некаторая колькасць налёту. На перыядычным (раз у шэсць месяцаў) аглядзе стаматолага можна яго зняць.

Лішняя колькасць фтору шкодная, але ў Беларусі фтору многа не бывае. Таму смела купляйце зубную пасту з фторам, і няхай стаматолаг пакрые вам зубы злучэннямі фтору, што папярэдзіць разбурэнне зубоў.

На зубах, якія размяшчаюцца ў глыбіні рота, жавальных, ёсць вузкія баразёнкі – фісуры. Ачысціць іх да канца зубной шчоткай амаль немагчыма. Дабрацца да іх можа толькі інструмент стаматолага. Аднак іх можна «запячатаць» спецыяльным рэчывам, у выніку чаго ў вас будуць здаровыя жавальныя зубы.

Як бачым, не так ужо і складана клапаціцца пра зубы. І большую частку работы можа зрабіць стаматолаг. А вам патрэбна не ленавацца рабіць сваю частку работы. І своечасова прыходзіць да доктара.

Эдвард СТАНКЕВІЧ, загадчык стаматалагічнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы

 

ВЫБАР НА КАРЫСЦЬ ЖЫЦЦЯ

Згодна з данымі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя суіцыды з’яўляюцца 13-й па ліку прычынай смерці ва ўсім свеце, а ва ўзросце ад 15 да 44 гадоў значнасць суіцыду падымаецца да чацвёртага месца.

Самагубства ўяўляе сабою вельмі значную маральную і эканамічную праблему. У Мінскай вобласці самагубствы з’яўляюцца вядучай прычынай смяротнасці ў працаздольным узросце ад знешніх прычын – 394 чалавекі, 253 чалавекі сёлета памерлі ад атручэння алкаголем, 215 – у выніку няшчасных выпадкаў, звязаных з транспартнымі сродкамі.

Глабальнай мэтай правядзення Сусветнага дня прадухілення суіцыдаў з’яўляецца змяншэнне ўзроўню самагубстваў і суіцыдальных паводзін сярод насельніцтва ва ўсіх краінах з дапамогай правядзення мерапрыемстваў, накіраваных на прафілактыку суіцыдальных паводзін, якія аб’ядноўваюць намаганні розных міністэрстваў, ведамстваў, грамадскіх арганізацый. Прафілактыка суіцыдаў уяўляе сабою адну з важнейшых задач грамадства.

У сучасны момант у Рэспубліцы Беларусь распрацаваны комплекс мер па прафілактыцы самагубстваў сярод насельніцтва на 2015-2019 гады, якія прадугледжваюць прафілактычную работу з рознымі групамі насельніцтва, у тым ліку і з падлеткамі з прыцягненнем мясцовых выканаўчых органаў да ўдзелу ў арганізацыі такой работы. Варта адзначыць, што комплексная праграма прафілактыкі суіцыдаў будзе эфектыўнай толькі пры ўмове сумеснага ажыццяўлення мерапрыемстваў арганізацыйнага, сацыяльнага, эканамічнага і медыцынскага характару.

Групай максімальнай рызыкі суіцыдаў у Беларусі з’яўляюцца мужчыны працаздольнага ўзросту, асабліва старэй за 45 гадоў. Такія медыцынскія фактары, як дэпрэсія і алкагольная залежнасць, значна павялічваюць рызыку ў гэтай групе. Як правіла, даная катэгорыя насельніцтва для аказання спецыялізаванай псіхалагічнай і псіхатэрапеўтычнай дапамогі не звяртаецца, людзі недастаткова інфармаваны аб магчымасці яе  атрымання. Таму вельмі важна данесці інфармацыю, што ў выпадку перажывання псіхалагічнага крызісу можна скарыстаць магчымасць ананімнага кансультавання і атрымаць спецыялізаваную медыцынскую дапамогу.

У Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры псіхічнага здароўя адкрыты два стацыянарныя псіханеўралагічныя аддзяленні для лячэння крызісных станаў, функцыянуюць бясплатныя тэлефонныя гарачыя лініі для аказання псіхалагічнай дапамогі асобам, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, – тэлефон даверу (8-017) 202-04-01, кругласутачная крызісная лінія 880-11-00-16-11.

Аналагічныя тэлефонныя лініі для аказання экстраннай псіхалагічнай дапамогі функцыянуюць пры гарадскім клінічным дзіцяча-падлеткавым псіханеўралагічным дыспансеры ў Мінску – (8-017) 246-03-03, і гарадскім клінічным псіханеўралагічным дыспансеры ў Мінску – 290-44-44.

Алена РЫЖЫКАВА, раённы псіхіятр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *