Пераднавагоднія клопаты

Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

МОЛАДЗЬ – З БЕЛЫМІ ШАРАМІ

Па традыцыі, 1-га снежня, у Сусветны дзень барацьбы са СНІДам, у Стоўбцах прайшла раённая акцыя – «Зберажы сябе дзеля сяброў». Моладдзю былі запушчаны ў неба белыя шары – сімвал памяці аб памерлых ад гэтай невылечнай хваробы. 

«Мы, моладзь XXI стагоддзя, будзем змагацца з гэтай страшнай немаччу ўсе разам», – такі лейтматыў акцыі, якую арганізавалі раённы камітэт БРСМ і раённы Цэнтр культуры. Лекаў ад гэтай хваробы не існуе, але правільны лад жыцця, бяспечныя паводзіны служаць асноўнай мерай засцярогі і прафілактыкі ад ВІЧ-інфекцыі. У нашым раёне зарэгістравана 27 ВІЧ-інфіцыраваных (13 з іх жывуць у Стоўбцах, 14 – у населеных пунктах раёна). Самаму маладому споўнілася 20 гадоў… Сярод іх ёсць людзі, якія ўжываюць наркотыкі і, фактычна, праз гэтую згубную звычку атрымалі заражэнне.

Што такое СНІД і як з ім змагацца, расказалі агітбрыгады «Фарсаж» Дзераўнянскай школы і «Новае пакаленне» стаўбцоўскай гімназіі № 1. Ім за выступленне першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская ўручыла граматы. Раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі прадаставіў для прагляду відэаролікі з красамоўнымі назвамі – «Паміж небам і зямлёю» і «Дружба бяспечная». Каменціруючы іх, валеолаг цэнтра Ала Шыдлоўская звярнула ўвагу на талерантныя адносіны грамадства да людзей, інфіцыраваных ВІЧ. Хоць мы не ведаем іх у твар, баяцца іх не варта, калі да канца ўсведамляеш, што інфекцыя перадаецца трыма спосабамі – праз кроў, палавым шляхам, а таксама дзіцяці ад заражонай маці падчас цяжарнасці. Зразумела, сяброўскія пацалункі і абдымкі, слёзы, пот і т. п. – не нясуць ніякой небяспекі.         

Падчас акцыі моладзь мела магчымасць напісаць свае пазнанні, атрымаць новыя веды. Яны прымацоўвалі на спецыяльным стэндзе сімвалічных птушак надзеі. Кульмінацыяй стаў запуск у неба белых шароў памяці.

 

ВІНШАВАННЕ АД ДЗЕДА МАРОЗА

Усе аддзяленні паштовай сувязі раёна сустракаюць сваіх кліентаў святочна аздобленымі, а таксама прапануюць шэраг пераднавагодніх паслуг.

Штодзённа заклікае да святочных пакупак пашыраны кірмаш-продаж навагодніх паштовак. Сваім яркім, стыльным выглядам яны кожнаму прыйдуцца да густу. На пошце можна набыць таксама ёлачныя цацкі і іншыя ўпрыгажэнні. Як і ў мінулыя гады, асаблівым попытам карыстаецца паслуга «Віншаванне Дзеда Мароза», якая ўключае ў сябе арыгінальна аформленае віншаванне ў выглядзе каляровай паштоўкі, падарункі ад казачных персанажаў з добрымі пажаданнямі. На выбар кліента сярод падарункаў могуць быць пісьмо Дзеда Мароза, набор для творчасці, мяккая цацка, падушачка «Малпачка» (сімвал будучага года), калядны чаравічак, якія створаць у доме вашых блізкіх і сяброў сапраўды казачную атмасферу. Аплаціць заказ паслугі можна ў любым аддзяленні паштовай сувязі, у тым ліку і банкаўскай плацежнай карткай.

– Заказы на паслугу «Віншаванне Дзеда Мароза» прымаюцца да 22-га снежня. З 24-га снежня паштальёны пачнуць дастаўляць віншаванні і падарункі адрасатам, – тлумачыць намеснік начальніка раённага вузла паштовай сувязі Марына Петух.

Разам з заказамі на гэтую паслугу ў межах Беларусі паштавікамі раёна прынята і сем заказаў «экспартных» – адрасаты яе пражываюць у Расійскай Федэрацыі.   

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ДЛЯ КАМПАНІІ «АНЕГА»

Кіраўніцтва ААТ «Рубяжэвічы» сёлета ўпершыню заключыла дагавор з беларускай інавацыйнай снэкавай кампаніяй «Анега» на вырошчванне бульбы сорту «маг», якая выкарыстоўваецца для вытворчасці чыпсаў. Кампанія паставіла таварыству насенне на плошчу дваццаць гектараў. Рубяжэвіцкія бульбаводы атрымалі неблагую ўраджайнасць, накапалі з кожнага гектара па 290 цэнтнераў клубняў гэтага сорту. 

– Мы адгрузілі заказчыкам 330 тон бульбы патрэбнага ім памеру, – расказвае намеснік дырэктара па раслінаводстве Ірына Атрушкевіч. – Самую буйную і самую дробную пакінулі сабе. Разлічваем на далейшае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва з гэтай сталічнай фірмай.

Варта дадаць, што ў гаспадарцы сёлета накапалі 2771 тону бульбы.  Частка ўраджаю была рэалізавана па розных каналах збыту. У бульбасховішча засыпалі 880 тон, у тым ліку 520 тон насеннай. Высаджвалі некалькі сартоў, у прыватнасці, беларускія – «крыніца», «брыз» і нямецкі «белароса», якія маюць высокія смакавыя якасці. У наступным годзе правядуць сортаабмен. Ёсць дамоўленасць з ААТ «Баравое» Дзяржынскага раёна на пастаўку 20 тон эліты папулярнага айчыннага сорту «скарб».

 

АДНАВІЛІ ПАМЯШКАННЕ

У СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» завершана рэканструкцыя жывёлагадоўчага памяшкання на ферме ў Тулёнцы. Збудаванне працяглы час не выкарыстоўвалі, таму прыйшлося прыкласці шмат намаганняў для таго, каб яго аднавіць. У прыватнасці, зманціравалі электрычнае асвятленне, залілі бетонную падлогу пад механізаванае выдаленне гною. Увогуле выканалі максімальны аб’ём  работ для таго, каб зменшыць прымяненне ручной працы. У памяшканні будуць утрымлівацца цяляты ва ўзросце да года. Гэтымі днямі сюды завезлі маладняк буйной рагатай жывёлы. 

 

ЗНОЎ ПЕРАД СТАРТАМ

З 14 па 28 лістапада адбыўся другі этап Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. На працягу некалькіх субот СШ № 3 г. Стоўбцы прымала інтэлектуалаў раёна. У раённай алімпіядзе прынялі ўдзел  297 вучняў. Пераможцы ўвойдуць у склад раённай каманды, у іх ёсць магчымасць удзелу ў наступным, трэцім, этапе Рэспубліканскай алімпіяды.

Традыцыйна абласная алімпіяда праходзіць падчас ражджэственскіх канікул.

 

КЛІЧУЦЬ ДАСЛЕДЧЫКАЎ

Аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама звяртае ўвагу бацькоў на тое, што маленькія дзеці ва ўзросце ад пяці да сямі гадоў могуць прыняць удзел у раённым конкурсе даследчых работ дашкольнікаў і малодшых школьнікаў «Я – даследчык».

Конкурс пройдзе 12 снежня ў гімназіі № 1. У многіх сем’ях, якія ўдзяляюць шмат часу развіццю сваіх дзяцей, магчыма ёсць ужо цікавыя напрацоўкі, з якімі можна выйсці на трыбуну раённага конкурсу.

 

ДЛЯ ЗДАРОЎЯ РАБОТНІКАЎ

Сёлетняй вакцынацыяй супраць грыпу ахоплены 16 134 чалавекі, або больш за 40 працэнтаў жыхароў раёна.

Як адзначыла памочнік урача-эпідэміёлага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ларыса Садоўская, найбольш актыўна прывіваліся асобы з групы высокай рызыкі. Сярод іх – дзеці, асобы з хранічнымі захворваннямі, са зніжаным імунітэтам, ва ўзросце старэй з 65 гадоў, цяжарныя жанчыны, медыцынскія работнікі і асобы з устаноў з кругласутачным знаходжаннем і т. п.

Сярод прадпрыемстваў найбольшую актыўнасць у прывівачнай кампаніі ўзялі торфабрыкетны завод «Нёман» (прывіта 63,4 працэнта ад колькасці працуючых), птушкафабрыка «Бройлер» (45 працэнтаў). Больш за 40 працэнтаў прывітых – сярод  работнікаў ААТ «Рочавічы», ААТ «Каганец», ААТ «Радзіма Дзяржынскага», ААТ «Радзіма Якуба Коласа», ААТ «Жацерава», Стаўбцоўскага філіяла ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат», ААТ «Агранёманскі», ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», райаграсэрвіса, аб’яднання камунальных службаў, Стаўбцоўскага доследнага лясгаса.

Медыкі нагадваюць, што, акрамя вакцынацыі, неабходна прытрымлівацца і іншых мераў прафілактыкі, накіраваных на ўмацаванне імунітэту (прагулкі на свежым паветры, заняткі фізічнай культурай, закальванне і т. п.), захавання мер асабістай гігіены.

 

СЯМЕЙНЫ ЭКІПАЖ

На Стаўбцоўшчыне паспяхова працуюць усе тры перасоўныя аддзяленні сувязі.

Жыхары аддаленых населеных пунктаў давяраюць «пошце на колах», бо іх экіпажы стараюцца ва ўсім задаволіць патрэбы вяскоўцаў. Яны прымаюць самыя розныя плацяжы, аказваюць паштовыя паслугі, рэалізуюць тавары народнага спажывання.

Па выніках мінулага месяца перасоўнае аддзяленне, якое абслугоўвае сямейны экіпаж Віктара і Надзеі Яўсейчыкаў, спрацаваў з самым высокім тавараабаротам – 27 мільёнаў рублёў. У іх калег, экіпажа Яўгена Ярашэвіча і Кацярыны Бохан, тавараабарот крыху большы за 22 мільёны рублёў, у экіпажа Юрыя Харуцкага і Святланы Клімовіч – большы за 20 мільёнаў рублёў.      

Каб тавараабарот і мабільнасць «пошты на колах» раслі і далей, а вяскоўцы мелі магчымасць набыць усё неабходнае, машыны перасоўных аддзяленняў аснашчаюць халадзільным абсталяваннем.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *