Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне шэсць шлюбаў, зроблены чатыры адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі дзевяць маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Кірыл Івашка, Уладзімір Аўдзееў, Арцём Крывадубскі, Софія Яўсейчык, Марк Андронаў, Софія Шпакоўская, Эліна Шумская, Валерыя Варабей і Данііл Зенкевіч.

Зямны шлях закончыўся для 20-ці жыхароў раёна.

У пажарнай часці згадалі пажар у Наваколасаве, дзе агнём знішчаны чатыры аўтамабілі і пяць блакіраваных гаражоў, яшчэ два гаражы былі пашкоджаны. Прычына здарэння высвятляецца, для чаго прызначаны шэраг экспертыз. Матэрыял па гэтым факце перададзены ў раённы аддзел Следчага камітэта. 

Міліцыяй зарэгістравана 108 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана 16 крымінальных спраў, у дзевяці з іх устаноўлены падазраваемыя. У Стоўбцах падчас сваркі нецвярозы грамадзянін выказваў пагрозы забойствам сваёй дачцэ.

Пракуратурай раёна праведзена праверка выканання заканадаўства аб бяспецы дарожнага руху. Трыццаці жыхарам раёна, прыцягнутым з пачатку года да адміністрацыйнай адказнасці за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, вынесены афіцыйныя папярэджанні, ім растлумачана  недапушчэнне падобнага паўторнага факта, пры якім наступае крымінальная адказнасць з канфіскацыяй транспартнага сродку.

Суд абмежаваў у волі на 1,5 года 48-гадовага жыхара Асіпаўшчыны, які абрабаваў жылы дом. 53-гадовы жыхар Задвор’я ўхіляўся ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі, за што асуджаны да аднаго года турэмнага зняволення. Акрамя таго, да яго прыменены прымусовыя меры лячэння ад алкагольнай залежнасці. 19-гадовы прызыўнік з Пятрылавічаў аштрафаваны на 360 000 рублёў за тое, што не з’явіўся ў ваенкамат без уважлівай прычыны. 

ДАІ выявіла 234 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – 48 недысцыплінаваных пешаходаў, 15 вадзіцеляў-бяспраўнікаў і чацвёра нецвярозых вадзіцеляў. Да прыкладу, на вуліцы ў Русаках механізатар ААТ «Рубяжэвічы» кіраваў тэхнікай з відавочнымі прыкметамі ап’янення, ад праходжання агляду адмовіўся. Здарылася 19 дарожных аварый, прычым кожная чацвёртая з іх – у нядзелю, калі выпаў першы снег. З 1-га снежня ДАІ пачало прыцягваць да адказнасці вадзіцеляў, якія выкарыстоўваюць летнія шыны. 

«Хуткая» выязджала да хворых 225 разоў, у прыватнасці чатыры сігналы паступілі да асоб з алкагольным ап’яненнем. Пяць зваротаў у экстранную службу прылічваюць да неабгрунтаваных.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *