З нагоды

Нумары Соцыум

ХТО ВЯРШЫЦЬ ПРАВАСУДДЗЕ

Штогод у першую нядзелю снежня ў нашай краіне адзначаецца прафесійнае свята – Дзень юрыста. Юрысты, якім дадзена права вяршыць правасуддзе, – гэта спецыялісты самай высокай кваліфікацыі, на якіх раўняюцца іншыя прадстаўнікі гэтай прафесіі, якія кіруюцца літарай закона і служаць прыкладам сваім калегам, занятым у іншых органах праваахоўнай сістэмы, народнагаспадарчым комплексе.

Напярэдадні прафесійнага свята мы гутарым са старшынёй суда раёна Вячаславам ТУЛЕЙКАМ.

– Вячаслаў Іванавіч, апошнім часам судовая сістэма актыўна рэфармуецца. Як змянілася ў сувязі з гэтым дзейнасць суда раёна?

– Важным крокам у справе рэфармавання судоў сталі Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 6 «Аб удасканаленні судовай сістэмы Рэспублікі Беларусь» і прынятыя разам з ім указы № 529 «Аб некаторых пытаннях дзейнасці судоў Рэспублікі Беларусь» і № 530 «Аб некаторых пытаннях удасканалення арганізацыі выканання судовых пастаноў і іншых выканальніцкіх дакументаў». У адпаведнасці з гэтымі дакументамі агульныя і гаспадарчыя суды аб’яднаны ў адзіную сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі і развіваюцца па шляху далейшай спецыялізацыі пад агульным кіраўніцтвам Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь. Змяненні закранулі і сістэму выканання судовых рашэнняў. Створана адзіная сістэма органаў прымусовага выканання, падпарадкаваная Міністэрству юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

На даны момант суд стаў больш мабільным і адкрытым для насельніцтва, а яго паўнавартасная дзейнасць служыць неабходнай умовай развіцця цывілізаваных грамадзянска-прававых адносін. 

– Якія крытэрыі ў дзейнасці суда з’яўляюцца вызначальнымі?

– У першую чаргу, гэта такія паказчыкі, як якасць і аператыўнасць разгляду спраў, своечасовасць звароту да выканання судовых пастаноў, адсутнасць спраў, вытворчасць якіх перасягае ўстаноўленыя заканадаўствам тэрміны. Акрамя таго, вялікая ўвага надаецца якасці вынесеных судовых пастаноў.

– Прафілактыка злачынстваў і правапарушэнняў уваходзіць у лік асноўных задач суда. Што вы можаце сказаць аб гэтым напрамку работы?

– Судом, як і іншымі суб’ектамі прафілактыкі, прафілактычная работа праводзіцца пастаянна. У першую чаргу, яна звязана з прававой асветай грамадзян. Супрацоўнікі суда арганізуюць семінары, выступаюць у працоўных і вучнёўскіх калектывах. Падобныя сустрэчы дазваляюць непасрэдна разабрацца ў тых пытаннях, якія найбольш хвалююць людзей, і паслухаць іх думку адносна прынятых судом рашэнняў і, у цэлым, адносна дзейнасці органаў улады.

Засведчыла сваю эфектыўнасць практыка разгляду спраў на выязных судовых пасяджэннях, вынясенне суддзямі прыватных пастаноў. У бягучым годзе разгляд розных катэгорый спраў праводзіўся з выездам у цэнтральную раённую бальніцу, райаддзел міліцыі, аддзел ДАІ райаддзела міліцыі, а таксама ў Дзераўнянскі, Наваколасаўскі і іншыя сельвыканкамы.         

– Напярэдадні свята нельга не спытаць пра калектыў суда.

– У сувязі з рэфармаваннем судовай сістэмы і выдзяленнем у асобную структуру судовых выканаўцаў колькасць супрацоўнікаў суда раёна зменшылася. На даны момант судзейскі корпус, акрамя старшыні суда, прадстаўлены яшчэ двума суддзямі – Людмілай Шуцько і Андрэем Крывавым. У калектыве працуюць вядучы спецыяліст Святлана Гаргіна, сакратары судовых пасяджэнняў – Алёна Мацко, Вольга Недзень і Таццяна Маліноўская, загадчык канцылярыі Кацярына Курыла, загадчык архіва Святлана Жылінская, сакратар суда Марына Сухаверх, вядучы інжынер-праграміст Андрэй Ерашэўскі, вадзіцель суда Дзмітрый Шкут, тэхнічны персанал.

У судзе праводзіцца штодзённы прыём грамадзян. Прыём арганізаваны і ў адну з субот месяца, каб людзям было зручна звярнуцца і атрымаць адказ на тое ці іншае прававое пытанне. Інфармацыя аб рабоце суда змяшчаецца на сайце райвыканкама, яна пастаянна абнаўляецца.

У сувязі з прафесійным святам жадаю калектыву суда, усім калегам-юрыстам раёна моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту, поспехаў у службовай дзейнасці.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ      

На здымках: суддзі раёна (злева направа): Андрэй Крываў, Людміла Шуцько і Вячаслаў Тулейка (старшыня суда); у канцылярыі суда (злева направа): сакратар суда Марына Сухаверх, загадчык канцылярыі Кацярына Курыла і  вядучы спецыяліст Святлана Гаргіна.

Фота Васіля ЗЯНЬКО                

 

ЗАБЯСПЕЧВАЮЦЬ СТАБІЛЬНАСЦЬ І СПАКОЙ

Белдзяржстрах  –  самая буйная страхавая кампанія ў Беларусі. Доля Белдзяржстраха ў агульным аб’ёме страхавых паслуг рэспублікі, а гэта каля 65 відаў добраахвотнага і абавязковага страхавання, складае больш за 50 працэнтаў. Галоўная задача для кампаніі – стварэнне эфектыўнай сістэмы страхавой абароны маёмасных інтарэсаў грамадзян, прадпрыемстваў і арганізацый. Напярэдадні прафесійнага свята – Дня страхавых работнікаў – аб  дасягненнях калектыву расказвае дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Стаўбцоўскім раёне Уладзімір Місько.

 – З пачатку года нашым прадстаўніцтвам сабрана амаль 17 мільярдаў рублёў страхавых узносаў, у тым ліку па добраахвотных відах – 5,6 мільярда рублёў. Заключана 35 400 дагавораў страхавання. Гэта больш, чым у мінулым годзе.

Сярод насельніцтва найбольшай папулярнасцю карыстаецца страхаванне збудаванняў, маёмасці, кватэр, транспарту, жывёлы, ад няшчасных выпадкаў і захворванняў. У юрыдычных асоб – страхаванне на добраахвотнай аснове вытворчых збудаванняў, офісных памяшканняў, абсталявання, гатовай прадукцыі і вытворчых запасаў, каштоўнасцяў кас і банкаматаў, сельгастэхнікі, транспартных сродкаў і жывёлы.

Адзін з самых цікавых і карысных відаў – добраахвотнае страхаванне медыцынскіх расходаў. Маецца на ўвазе атрыманне бясплатнай кваліфікаванай медыцынскай дапамогі ў лепшых медыцынскіх установах горада Мінска пры ўзнікненні ў людзей тых ці іншых праблем са здароўем.

У нас склаліся добрыя дзелавыя адносіны з многімі прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна. У іх ліку ААТ «Вялікі Двор», «Каганец», «Рубяжэвічы», Агранёманскі, ДДЛГУ «Стаўбцоўскі доследны лясгас», ЦБУ № 624 філіяла № 500 – Мінскага ўпраўлення ААТ «Беларусбанк» , ТАА «Сабук», ТАА «СЖК «Налібакі», ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». 

Карысць ад страхавання даволі адчувальная, і гэта зразумелі кіраўнікі многіх прадпрыемстваў. У выніку непрадбачаных выпадкаў, неспрыяльных умоў надвор’я і стыхійных бедстваў пацярпелым выплачаны немалыя сумы.

Толькі па дагаворах добраахвотнага страхавання ад няшчасных выпадкаў і захворванняў страхавыя выплаты прадпрыемствам склалі 20,4 мільёна рублёў. А ўсяго прадстаўніцтвам выплачана каля дзевяці мільярдаў рублёў.

Неабходна памятаць, што поліс Белдзяржстраха заўсёды забяспечыць вам стабільнасць і спакой.

У нашым калектыве нямала руплівых агентаў. Многія страхавыя работнікі сумленна працуюць дзесяцігоддзямі, карыстаюцца вялікай павагай сярод жыхароў населеных пунктаў, якія яны абслугоўваюць, а таксама калег. Гэта Ніна Міткевіч, Надзея Казлова, Наталля Кірфман. Заслугоўваюць увагі за сваю шчырую працу Іна Шульева, Аксана Куянава, Ірына Казлова, Аксана Ламан, Леакадзія Пяткевіч, Алена Шадрына, Наталля Калошыч, Наталля Брось. Прыемна, што і новыя супрацоўнікі за кароткі тэрмін становяцца прафесіяналамі. У іх ліку Алена Калодзінская, Вольга Крамко, Алена Комар, Іна Юхнель. Шмат гадоў аддалі працы ў арганізацыі былыя кіраўнікі Аркадзь Паўлоўскі і Вячаслаў Мішук.

Сардэчна віншую з прафесійным святам усіх супрацоўнікаў нашага калектыву і ветэранаў працы.

Запісала Надзея БАТАЛКА

 

НА ПРЫКЛАДЗЕ ЛЕСАЗАВОДА

На базе Навасвержанскага лесазавода прайшоў раённы семінар па пытаннях аховы працы, пажарнай і электрабяспекі на прамысловых, будаўнічых і дарожных  прадпрыемствах.

Месца правядзення семінара выбрана невыпадкова. За апошнія два гады на лесазаводзе, дзе рэалізаваны буйны інвестыцыйны праект па ўстаноўцы сучаснай дрэваапрацоўчай лініі, адбыліся значныя змены як у вытворчым плане, так і ў арганізацыі работы па стварэнні здаровых і бяспечных умоў працы. На гэтыя мэты прадугледжваецца выдзяленне сродкаў, укараняюцца сістэмы кіравання аховай працы. Немагчыма ўявіць сучаснае прадпрыемства без пастаяннага навучання працаўнікоў, забеспячэння іх спецадзеннем і сродкамі індывідуальнай абароны. Тым больш, і аб гэтым сведчыць статыстыка, галіна дрэваапрацоўкі была і застаецца адной з траўманебяспечных. Гэта падкрэсліла падчас адкрыцця семінара начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Лапко.

Слова было дадзена дырэктару лесазавода Васілю Дзейчыку, які падзяліўся не толькі напрацоўкамі, пэўным вопытам, але і перспектыўнымі планамі – тымі захадамі, якія робяцца для далейшага развіцця прадпрыемства. Удзельнікі семінара наведалі яго аб’екты  – кацельню і вытворчыя цэхі, пазнаёміліся з бытавымі памяшканнямі, прадстаўленымі на лесазаводзе цэлым комплексам. Гэта гардэробы, душавыя, санвузлы, пакоі для прыёму ежы і сушкі адзення. Бытоўкі аснашчаны неабходнымі электрабытавымі прыборамі. На належным узроўні вядзецца работа і па захаванні пажарнай і электрабяспекі. Тлумачэнні на гэты конт давалі калегам галоўны інжынер Генадзь Доўнар, інжынер па ахове працы Станіслава Пархімовіч.

Вынікі семінара былі падведзены на пленарным пасяджэнні. Удзел у ім прынялі галоўны дзяржаўны інспектар Стаўбцоўскага міжраённага аддзела Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржінспекцыі працы Вольга Барысевіч, інспектар дзяржпажнагляду райаддзела па надзвычайных сітуацыях Павел Каразей, кіраўнік групы інспектараў МРА «Энерганагляд» Віктар Шлапкоў, урач-гігіеніст раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталля Рык. Кожны спецыяліст нагадаў прад’яўленыя патрабаванні, у тым ліку і тыя, якія адбыліся ў сувязі з апошнімі зменамі ў заканадаўстве. Заслугоўвае ўвагі тое, што пачалі дзейнічаць новыя правілы расследавання няшчасных выпадкаў на вытворчасці.

Як адзначыў галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Віктар Філіповіч, з пачатку года ў раёне на вытворчасці здарыліся тры няшчасныя выпадкі з цяжкім зыходам, прычым адзін з іх зафіксаваны акурат на прадпрыемстве дрэваапрацоўкі (прыватнае прадпрыемства «ЛесфармінвестПлюс»). Хоць і намеціліся станоўчыя тэндэнцыі ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам (тады быў зафіксаваны адзін смяротны выпадак і шэсць – з цяжкім зыходам), нельга расслабляцца, трэба ведаць правілы аховы працы і строга іх выконваць.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *