Сямейнае даўгалецце

Людзі і лёсы Нумары Факты, падзеi, людзi

У аддзеле ЗАГС райвыканкама прайшла ўрачыстая цырымонія рэгістрацыі залатога вяселля.

Залатымі юбілярамі былі паважаныя стаўбчане – Эдуард  і Марыя Броды, якія паўвека таму зарэгістравалі свой шлюб у Хатаўскім сельскім Савеце. Яны годна ішлі гэтыя дзясяткі гадоў разам, поплеч, каб у дзяцей і ўнукаў была нагода падарыць ім такое  свята.

…Шчаслівыя «маладажоны» ўваходзілі  ў залу з кветкамі, пад знаёмы марш Мендэльсона. З «залатой» датай нараджэння іх сям’і павіншавала начальнік аддзела ЗАГС Надзея Картузава. Гаварылі свае пажаданні двое сыноў Эдуарда Адольфавіча і Марыі Сцяпанаўны, Сяргей і Андрэй, іх чацвёра ўнукаў і двое праўнукаў. Гэта не проста словы, а сапраўды бальзам для душы. Расчуленым юбілярам уручылі памятныя пасведчанні і медаль, у кнізе ганаровых сямейных юбіляраў яны паставілі свае подпісы… Для Эдуарда Адольфавіча і Марыі Сцяпанаўны загучаў вясельны танец – вальс.  Яны разам запалілі свечку, як сімвал іх трывалага і надзейнага сямейнага ачага, а затым перадалі яе, як сімвал сямейнага даўгалецця, сем’ям сваіх сыноў.

Адметна, што пасля ўрачыстай рэгістрацыі залатога вяселля сям’і Бродаў прыехала ў ЗАГС на роспіс маладая пара – Павел Анісько і Вольга Каструбай. Са стварэннем сям’і маладых павіншавалі паважаныя юбіляры і ўручылі ім пасведчанне аб рэгістрацыі шлюбу.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *