І самі паклапоцімся аб сабе

Нумары Соцыум

НАЙПЕРШ – ПРА НОВЫЯ ГРОШЫ

З мэтай узмацнення абароны пажылых людзей ад супрацьпраўных замахаў, пашырэння сферы ўзаемадзеяння суб’ектаў прафілактыкі правапарушэнняў па задавальненні запытаў і патрэб указанай катэгорыі грамадзян, павышэння іх інфармаванасці з 1 па 5 снежня на тэрыторыі Мінскай вобласці праходзіў асноўны этап сацыяльнага комплекснага мерапрыемства «Увага – узрост!».

Асаблівая ўвага супрацоўнікамі органаў унутраных спраў Міншчыны ўдзяляецца адзінокім і адзінока пражываючым грамадзянам, а таксама якія жывуць з тымі, у адносінах да каго ажыццяўляецца прафілактычны ўлік і нагляд.

Трывожаць факты махлярства, звязаныя з будучай дэнамінацыяй. Супрацоўнікамі міліцыі праводзіцца інфармаванне пажылых людзей аб тым, калі пройдзе дэнамінацыя, а таксама спосабах абароны ад супрацьпраўных дзеянняў. А махляры распачалі сваю дзейнасць. Так, раніцай у дом 86-гадовай пенсіянеркі, жыхаркі адной з вёсак Пінскага раёна, зайшлі дзве жанчыны. Яны прадставіліся сацыяльнымі работнікамі і сказалі, што ім неабходна перапісаць нумары грашовых купюр для наступнага абмену ў сувязі з будучай дэнамінацыяй. Пажылая жанчына выдала гасцям «на праверку» мільён рублёў, а калі «сацработніцы» пайшлі, пенсіянерка не далічылася 400 тысяч. У Лунінецкім раёне даверлівыя муж і жонка аддалі аферыстцы 16 мільёнаў рублёў, як яны заверылі, для абмену старых грошай на новыя. І толькі дзякуючы дзеянням аператыўных супрацоўнікаў міліцыі «фінансістку» затрымалі ў той жа дзень.

Звяртаем увагу грамадзян, што новыя грашовыя знакі ў наяўнае абарачэнне ўводзяцца толькі з 1 ліпеня 2016 года. Калі хтосьці прапануе вам атрымаць новыя грошы раней тэрміну, то гэта махляры. Аб прыходзе падобных «сацработнікаў» трэба неадкладна паведаміць па тэлефоне 102 або непасрэдна вашаму ўчастковаму інспектару міліцыі. І пастарайцеся папярэдзіць родных, знаёмых, асабліва людзей пажылога ўзросту, што магчыма махлярства. Яшчэ раз напомніце: да 1 ліпеня 2016 года мы будзем разлічвацца цяперашнімі грашыма.

Не толькі ў ходзе акцыі, але і пастаянна ў цэнтры ўвагі праваахоўных органаў застаюцца пытанні стварэння бяспечнага асяроддзя для грамадзян пажылога ўзросту.

Аляксандр ІГНАТОВІЧ, намеснік начальніка  ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Мінаблвыканкама

 

ДЗЕЦІ Ў АВАРЫЙНЫМ ДОМЕ?

Наведванне нядобранадзейных сем’яў, якое прайшло ў рамках акцый «За бяспеку разам» і «Не прапальвай сваё жыццё», выявіла неадзінкавыя факты пражывання сем’яў у аварыйных дамах.

Работнікі раённых аддзелаў міліцыі і па надзвычайных сітуацыях, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама сутыкнуліся з тым, што адзін з жыхароў раёна пенсіённага ўзросту жыве ў доме, прызнаным непрыдатным для пражывання, дзе няшчасце можа здарыцца ў любы момант. Зрэшты, пра пажар падумалася адразу, як толькі позірк упаў на столь і сцены, маёмасць. Яны настолькі задымленыя, брудныя, што з першага погляду можа здацца – у доме ўжо быў пажар. Ніхто не адказаў членам рэйдавай брыгады, калі ў гэтым доме апошні раз чысцілі дымаход, калі праводзілі  яго агляд. Ацяпляльная печ і электрычная праводка – таксама ў аварыйным стане, а аб аўтаномных пажарных апавяшчальніках гаспадар нават не чуў…

– Наконт свайго ладу жыцця ён  прызнаўся – «я не куру, але, як усе, выпіваю», – зазначыла інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Таццяна Тарасевіч. – Па выніках рэйду накіравана інфармацыя ў тэрытарыяльны цэнтр, сельвыканкам для прыняцця мер па размяшчэнні гэтага грамадзяніна на сацыяльны ложак або ў дом-інтэрнат.

На жаль, факт пражывання ў аварыйным доме аказаўся не адзінкавым.  У такім жа доме ў адной з вёсак раёна пражывае цэлая сям’я, у якой гадуюцца двое дзяцей, трох і дзесяці гадоў. Дымаходы ў доме не адрамантаваны, электрычная праводка патрабуе замены, не ідзе размова аб аўтаномных пажарных апавяшчальніках… Па даным факце таксама былі праінфармаваны ўсе зацікаўленыя суб’екты прафілактыкі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ  

 

СПРАВАЗДАЧА І РЭАЛЬНАСЦЬ

Пры праверцы ААТ «Дзераўное» ўстаноўлена, што прадпісанне аб ухіленні парушэнняў заканадаўства аб пажарнай бяспецы не выканана.

У ходзе праверкі выяўлены парушэнні, характар якіх напрамую ўплывае на пажарную бяспеку. Да прыкладу, у ААТ «Дзераўное» адлегласць ад складоў грубых кармоў да будынаў і дарог, ліній электраперадач значна меншая за нарматыўную. Зваршчыкі гаспадаркі не прайшлі навучання па праграме пажарна-тэхнічнага мінімуму, і зварачныя работы праводзяцца з грубейшымі парушэннямі. Большасць з прапанаваных да ўхілення мерапрыемстваў не патрабуе фінансавых укладанняў, аднак і імі ніхто не займаецца. Так, у гаспадарцы, згодна з загадам кіраўніцтва, было забаронена курэнне на тэрыторыі малочнатаварных фермаў і машынна-трактарнага парку, але месцы для курэння не абсталяваны і не вызначаны.

Ацэнка, дадзеная стану пажарнай бяспекі ААТ «Дзераўное», – нездавальняючая. У адносінах да кіраўніка ААТ «Дзераўное» распачаты адміністрацыйны працэс па артыкуле 23.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь.

Затое ёсць і такія прадпрыемствы, дзе парушэнняў у ходзе праверак не зафіксавана. Сярод іх – Стаўбцоўскі доследны лясгас, прадпрыемствы «Сімме-агра», «Добры Гном».

Таццяна ТАРАСЕВІЧ, інспектар РАНС

 

«ТОЙ САМЫ» ГВАЛТАЎНІК ЗАТРЫМАНЫ

Як паведамілі супрацоўнікі міліцыі, у лістападзе на тэрыторыі  Брэсцкай вобласці нарэшце быў затрыманы серыйны гвалтаўнік, які нападаў на жанчын на працягу больш чым 20-ці гадоў і на сумленні якога не адзін дзясятак згвалтаванняў.

У гэтым спісе злачынстваў і пацярпелых ёсць і жыхарка нашага раёна, 1969 года нараджэння, на якую гвалтаўнік накінуўся 16 сакавіка 2000 года ў лясным масіве непадалёку ад чыгуначнай станцыі Коласава. Доўгі час гэтае згвалтаванне, як і многія іншыя, заставалася нераскрытым. Больш таго, прыходзіла інфармацыя пра новыя падобныя згвалтаванні з іншых раёнаў Мінскай і Брэсцкай абласцей, якія лішні раз сведчылі, што гвалтаўнік, як драпежны звер, затаіўся, захоўвае неверагодную асцярожнасць, але працягвае выходзіць на свой злачынны промысел. Сярод яго ахвяр былі жанчыны розных узростаў, у тым ліку і непаўналетнія дзяўчаты.

Работнікі міліцыі паўсюдна папярэджвалі аб патэнцыйнай небяспецы. Сёння яны могуць расказаць падрабязней аб гэтай рэзананснай крымінальнай справе, раскрыццё якой узяло пад свой кантроль кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

– Першыя заявы аб згвалтаваннях, учыненых на тэрыторыі Брэсцкай і Мінскай абласцей пры падобных абставінах, сталі паступаць яшчэ ў 1999 годзе, – паведамляе намеснік начальніка райаддзела міліцыі Сяргей Богач. – Паказанні пацярпелых і вынікі экспертыз адназначна сведчылі, што злачынствы ўчыняў адзін чалавек. Для нападу на жанчын ён выбіраў бязлюдныя месцы, бліжэй да лесу, побач з чыгуначнымі пуцямі або аўтадарогамі. Абвінавачваны не толькі гвалтаваў ахвяру, але і забіраў у яе залатыя ўпрыгажэнні, грошы, іншым разам пагражаў нажом.

На аснове расказаў пацярпелых, аналізу матэрыялаў крымінальных спраў быў складзены суб’ектыўны і псіхалагічны партрэт злачынцы, па слядах на месцах здарэнняў была выдзелена група крыві падазраваемага.

Калі ў кастрычніку 2014 года ў Брэсцкай вобласці адбылося чарговае згвалтаванне, супрацоўнікі праваахоўных органаў западозрылі, што гэта «той самы» гвалтаўнік.

У расследаванні справы праваахоўнікі Беларусі супрацоўнічалі з калегамі з Расійскай Федэрацыі, ад якіх прыйшла інфармацыя, што аналагічнае злачынства ўчынена ў Санкт-Пецярбургу, і з ім можа мець прамую сувязь серыйны гвалтаўнік, якога адшукваюць у Беларусі. Такім чынам, шукаць яго сталі не толькі ў Мінскай і Брэсцкай абласцях, а і ў Санкт-Пецярбургу.

Неўзабаве асобу яго ўдалося ўстанавіць, а потым і затрымаць яго самога ў Брэсцкай вобласці з дапамогай байцоў спецпадраздзялення «Алмаз». Цяпер ён дае паказанні.

Вядома, што абвінавачванаму 44 гады. Ён – грамадзянін Расіі. У Расіі нарадзіўся, але ў 1981 годзе разам з маці прыехаў у Беларусь і пражываў тут да 1989 года. Потым выязджаў у Расію, не забываючы наведваць сваякоў у Беларусі. Быў наездамі, падчас якіх і ўчыняў злачынствы. Месца іх выбіраў непадалёку ад чыгуначных станцый ці населеных пунктаў. Апошнім часам ён пражываў у Санкт-Пецярбургу і працаваў вадзіцелем. Быў жанаты, мае дзяцей.                            

Яму прад’яўлена абвінавачванне ў згвалтаваннях, за што пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. 

 

ВАДЗІЦЕЛЮ – ШЭСЦЬ ГАДОЎ ЗНЯВОЛЕННЯ

Судом раёна вынесены прыгавор 55-гадоваму жыхару Любкаўшчыны, які аўтамабілем збіў дзвюх дзяўчат. Адну – насмерць, другую – да стану цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

Нагадаем, што гэтае жудаснае здарэнне адбылося каля 22 гадзін 3-га жніўня на пад’язной аўтадарозе да Кнотаўшчыны, паблізу Мікалаеўшчыны. Вадзіцель аўтамабіля «Фольксваген-пасат», будучы ў стане алкагольнага ап’янення, перавысіў хуткасць, у выніку чаго дапусціў страту курсавой устойлівасці транспартнага сродку, выехаў на паласу сустрэчнага руху і ўчыніў наезд на бардзюрную агароджу  моста, а затым – на дзвюх дзяўчат, якія знаходзіліся на тратуары. Вадзіцель з месца здарэння ўцёк. 

Крымінальная справа была разгледжана на адкрытым судовым пасяджэнні. Вадзіцель прызнаны вінаватым у парушэнні правілаў дарожнага руху ў стане алкагольнага ап’янення, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека і нанясенне цяжкага цялеснага пашкоджання, а таксама ў наўмысным пакіданні пацярпелага ў небяспецы. Канчатковы прыгавор – шэсць гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў выпраўленчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Акрамя таго, ён пазбаўлены права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, тэрмінам на пяць гадоў.

Прыгавор пакуль не ўступіў у законную сілу. Мера стрымання абвінавачванага пакінута ранейшай – заключэнне пад варту. З яго спагнана ў лік кампенсацыі маральнай шкоды на карысць пацярпелай і сям’і загінулай 350 мільёнаў рублёў.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

АБ ГЕПАТЫТАХ

Парэнтэральныя гепатыты адносяцца да грозных захворванняў, з кожным годам яны распаўсюджваюцца ўсё больш. Вірусны гепатыт аб’ядноўвае ў сабе мноства розных формаў хваробы і запалення печані, сярод якіх гепатыты В, С і D. Рызыка заражэння гепатытам намнога вышэйшая, чым у іншых інфекцыйных захворванняў.

Вірусныя гепатыты могуць распаўсюджвацца пры гемакантактах. Сюды ўваходзіць заражэнне праз кроў, сперму і іншыя вадкасці. Гэта можа адбыцца пры неаднаразовым выкарыстанні шпрыца, перадачы інфекцыі ад маці да дзіцяці пры цяжарнасці ці кармленні, выкарыстанні насовак ці брытваў. Важна адзначыць, што неабходны прамы кантакт з абменам вадкасцяў.

Асабліва распаўсюджаны гепатыт В, які адрозніваецца больш агрэсіўнай формай развіцця і больш устойлівы да выжывання па-за носьбітам. На даны момант выдзяляюцца два тыпы заражэння: энтэральны (аральна-фекальны), які характэрны для гепатыту А, і парэнтэральны, характэрны для гепатытаў B, С, D, F і G.

У большасці гепатытаў маюцца сімптомы, якія характарызуюцца пагаршэннем агульнага стану арганізма: страта апетыту, ірвота, дрыжыкі, болі ў жываце, болевыя адчуванні і цяжар у правым баку, высокая тэмпература. Многія пацыенты думаюць аб тым, што гепатыт абавязкова павінен праходзіць як жаўтуха. У многіх выпадках захворванні маюць толькі сімптомы агульнага недамагання і не даюць аб сабе знаць. Па гэтай прычыне шматлікія інфіцыраваныя нават не падазраюць аб наяўнасці захворвання, што робіць іх распаўсюджвальнікамі інфекцыі.

Парэнтэральныя гепатыты вельмі небяспечныя, у 80 працэнтах выпадкаў яны атрымліваюць хранічную форму.  

Для прафілактыкі гепатытаў неабходна праходзіць штогадовую дыягностыку ІФА. Гэты аналіз крыві з дакладнасцю можа паказаць наяўнасць гепатыту любой формы. Таксама прымяняецца абавязковая вакцынацыя нованароджаных (у першыя суткі нараджэння дзіцяці). Яна дапамагае дзіцяці атрымаць імунітэт ад гэтага захворвання і зменшыць рызыку заражэння. У 13 гадоў праводзіцца паўторная вакцынацыя, каб замацаваць эфект. У сучасны момант медыцына можа правесці прафілактыку толькі гепатыту В.

Метад ПЦР – асноўны, які дазваляе выявіць генетычны матэрыял вірусу гепатыту В і С у сыроватцы крыві і тканках чалавечага арганізма. Гэта даследаванне дае і інфармацыю аб актыўнасці і хуткасці размнажэння вірусаў у арганізме.

Кожны здаровы чалавек павінен усведамляць высокую небяспеку, якую нясуць у сабе вірусы гепатытаў В і С, і прытрымлівацца ўсіх даступных мер прафілактыкі.

Вольга ЯРМОЛЕНКА, раённы ўрач-інфекцыяніст

 

З СЁМАГА КЛАСА – У ЛІЦЭЙ МУС

Сярод розных навучальных устаноў рэспублікі ёсць і такія, дзе рыхтуюць работнікаў праваахоўных органаў.

Вядомыя навучальныя ўстановы, як Акадэмія Міністэрства ўнутраных спраў і Магілёўскі інстытут Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь даюць магчымасць атрымаць бясплатную вышэйшую юрыдычную адукацыю. Іх курсанты знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні, а пасля заканчэння навучання маюць гарантаванае працаўладкаванне па спецыяльнасці на пасадах кіруючага саставу органаў унутраных спраў ці іншых сілавых структур дзяржавы.

Але не толькі выпускнікі школ могуць выбіраць для сябе будучую прафесію. У гэтым годзе з’явілася новая ўстанова адукацыі – «Спецыялізаваны ліцэй Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь». Ліцэй з’яўляецца ўстановай агульнай сярэдняй адукацыі, якая функцыянуе ў саставе 7–11 класаў. У ліцэі ажыццяўляецца навучанне і выхаванне з вывучэннем асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні, ствараюцца ўмовы для пражывання і харчавання навучэнцаў. Адна з асноўных задач ліцэя – забеспячэнне атрымання навучэнцамі базавай адукацыі, сярэдняй адукацыі, а  таксама пярвічных ведаў і навыкаў, неабходных для службы ў органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь.  

У ліцэй прымаюцца непаўналетнія грамадзяне Рэспублікі Беларусь мужчынскага полу, якія завяршылі навучанне ў шостым класе. Прыём у ліцэй праводзіцца па конкурсе па выніках здачы ўступных іспытаў з улікам вынікаў медыцынскага агляду і ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці. Пасля праходжання медагляду і праверкі ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці кандыдаты дапускаюцца прыёмнай камісіяй да здачы двух уступных іспытаў у пісьмовай форме: па матэматыцы – кантрольная работа, па рускай або беларускай мове (на выбар кандыдата) – дыктант.

Без уступных выпрабаванняў пры станоўчых выніках медагляду і праверкі ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці ў ліцэй залічваюцца дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, дзеці ваеннаслужачых і іншыя.

За больш падрабязнай інфармацыяй можна звяртацца ў райаддзел міліцыі па тэл. 5-01-64.  

Сяргей БОГАЧ, намеснік начальніка райаддзела міліцыі

 

УПРАВА НА СЯМЕЙНАГА СКАНДАЛІСТА

У райаддзел міліцыі паступіла ў гэтым годзе каля 500 паведамленняў аб сямейна-бытавых скандалах. У адносінах да сваякоў, якія пражываюць сумесна, складзена 230 пратаколаў, 168 грамадзян прыцягнуты судом раёна да адказнасці. 

Прычынай большасці сямейных скандалаў і ўвогуле нядобранадзейнасці з’яўляецца алкаголь. На ўлік да ўрача-нарколага сёлета пастаўлена 69 асоб, якія злоўжываюць спіртным. Усяго на дыспансерным уліу ў наркалагічным кабінеце Стаўбцоўскай ЦРБ знаходзяцца 683 чалавекі (1,6 працэнта жыхароў раёна). На прымусовае лячэнне ва ўмовах лячэбна-працоўнага прафілакторыя былі накіраваны 42 чалавекі, з іх 19 – з ліку тых, хто стаіць на ўліку ў крымінальна-выканальніцкай інспекцыі, чатыры абавязаныя асобы.

У гэтым годзе на тэрыторыі раёна зарэгістравана 10 «бытавых» злачынстваў, сярод іх – забойства, замах на забойства, наўмыснае нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія выклікалі смерць пацярпелай, чатыры факты пагрозы забойствам і інш. Супрацоўнікамі міліцыі сумесна з іншымі зацікаўленымі службамі праводзяцца спецыяльныя комплексы мерапрыемстваў «Быт». Падчас іх мы наведваем сем’і, вядзём з дарослымі і дзецьмі прафілактычныя гутаркі. Работнікам міліцыі нярэдка задаюць пытанні, граматныя адказы на якія маглі б змяніць іх жыццё. Хочацца, каб больш людзей валодала інфармацыяй і, у выпадку дамашняга насілля, ведала, куды звяртацца па дапамогу.

Мой муж (сужыцель) збівае мяне. Гэта злачынства?

– Так. Збіванне злачынна як у адносінах да незнаёмых, так і членаў сям’і.

Што можна зрабіць, калі мяне збіваюць?

– Можаце захаваць сляды злачынства – парванае адзенне, зламаныя рэчы. Калі ёсць магчымасць, сфатаграфуйце іх. Неадкладна звяртайцеся ў міліцыю з пісьмовай заявай. У міліцыі вам выдадуць накіраванне на медыцынскую экспертызу. Да ўрача вы можаце звярнуцца і самастойна. Інфармацыя, запісаная ў вашу медыцынскую картку, дае права правесці экспертызу пазней. Мэтазгодна звярнуцца да юрыста, каб даведацца пра свае правы, і да псіхолага, які неабходны вам і вашым блізкім.

Якое пакаранне бывае за тое, што дома збівае муж?

– Гэта залежыць ад цяжкасці нанесеных вам пашкоджанняў. За пабоі, якія не пацягнулі расстройства здароўя, наступае адміністрацыйная адказнасць (штраф да 10 базавых велічынь, арышт). За пабоі з расстройствам здароўя працягласцю больш за шэсць дзён, але не больш за тры тыдні, наступае крымінальная адказнасць (артыкул 153 Крымінальнага кодэкса). У гэтым выпадку крымінальная справа ўзбуджаецца судом пры ўмове падачы вамі заявы. За цяжкае цялеснае пашкоджанне, небяспечнае для жыцця або абцяжаранае стратай слыху, зроку і т. п., прадугледжана пазбаўленне волі на тэрмін да пяці гадоў. Канкрэтнае пакаранне вызначае суд з улікам асобы вінаватага і іншых абставін справы.

Што пагражае таму, хто збівае сваіх дзяцей?

– Пакаранне аналагічнае вышэйсказанаму. Акрамя таго, за збіванне дзяцей бацька або маці можа быць пазбаўлены бацькоўскіх правоў.

Мой п’яны брат збівае мяне. Калі цверазее, нічога не памятае. Ці вызваляе гэта яго ад адказнасці?

– Не. Наадварот, знаходжанне ў нецвярозым стане з’яўляецца абцяжарваючай акалічнасцю, як, напрыклад, і злачынства ў адносінах да малалетняга, састарэлага або бездапаможнага чалавека, да таго, хто знаходзіцца ў матэрыяльнай або іншай залежнасці. 

Муж лічыць, што я справакавала яго, калі не прыгатавала абед. Гэта змякчае яго віну?

– Не. Неправамерныя дзеянні, да якіх адносяцца і пабоі, – гэта дзеянні, што парушаюць закон, а не мужавы патрабаванні. Да змякчаючых віну акалічнасцяў адносіцца ўчыненне злачынства ў выніку збегу цяжкіх асабістых абставін, уплыву моцнага душэўнага хвалявання і т. п.

Муж прыходзіць дамоў нецвярозы і хапаецца за нож, пагражае. Ці з’яўляюцца такія паводзіны злачынствам?

– Так. Пагроза забойствам, як і пагроза нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэння маёмасці, караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да шасці месяцаў.

Дома мяне кожны дзень абзываюць, прыніжаюць. Гэта з’яўляецца парушэннем закона?

– Так. Абраза – гэта наўмыснае прыніжэнне годнасці чалавека, выражанае ў непрыстойнай форме. На вінаватага адразу накладаецца адміністрацыйны штраф у памеры ад чатырох да 20 базавых велічынь, наступны раз наступае крымінальная адказнасць у выглядзе выпраўленчых работ да двух гадоў або штрафу.

Якія дзеянні супраць членаў сям’і адносяцца да злачынных?

– Гэта цялесныя пашкоджанні, пабоі, катаванні, згвалтаванне, прымус да ўступлення ў палавую сувязь, распусныя дзеянні ў адносінах да непаўналетніх, уцягванне іх у злачынную дзейнасць, ухіленне ад выплаты аліментаў і ўтрымання дзяцей, абраза, хуліганства, крадзеж, вымагальніцтва і т. п.  

Як можна абмежаваць сямейнага скандаліста без штрафаў і арышту?

– На даны момант да сямейных скандалістаў прымяняецца такая мера індывідуальнай прафілактыкі, як ахоўнае прадпісанне. Гэтай мерай устанаўліваюцца абмежаванні на ўчыненне імі пэўных дзеянняў. Так, ім забаронена прадпрымаць спробы высвятлення месца знаходжання пацярпелых ад насілля ў сям’і  (калі тыя не дома, а ў іншым, невядомым месцы), наведваць іх (калі яны часова знаходзяцца па-за сумесным месцам жыхарства) і кантактаваць з імі, у тым ліку па тэлефоне, праз інтэрнэт.

Нагадваю, што ў раённым аддзеле ўнутраных спраў дзейнічаюць тэлефоны гарачай лініі – 5-01-72, 5-19-15. Па іх можна паведаміць пра вядомыя вам факты сямейнай нядобранадзейнасці. Супрацоўнікі міліцыі гатовы прыняць неадкладныя меры рэагавання.

Юлія БЕЛАВУСАВА, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі райаддзела міліцыі

 

АСЦЯРОЖНА: ПІРАТЭХНІКА!

Праваахоўнікі праводзяць мэтанакіраваную работу па папярэджанні і спыненні незаконнага абароту піратэхнічных вырабаў. Аб гэтым паведамілі ў МУС Беларусі.

«З набліжэннем зімовых свят па традыцыі павялічваецца попыт на піратэхніку. Людзі хочуць атрымаць асалоду ад відовішчных салютаў і феерверкаў. На жаль, як паказвае штогадовая статыстыка, часам гэта заканчваецца дрэнна. Апёкі, траўмы вачэй і рук – магчымы вынік выкарыстання несертыфікаванага тавару або невыканання элементарных мер бяспекі. Нядзіўна, што ўжо сёння праваахоўнікі праводзяць мэтанакіраваную работу па папярэджанні і спыненні незаконнага абароту піратэхнічных вырабаў», – адзначылі ў МУС.

У міністэрстве нагадваюць, што за нелегальны гандаль піратэхнікай (арт. 12.7 КаАП – «Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць») прадугледжаны штраф ад 10 да 50 базавых велічынь, а ўвесь тавар і ўжо атрыманы даход канфіскуюцца. Рэалізацыя петардаў і іншай піратэхнікі падлеткам ва ўзросце да 15 гадоў катэгарычна забаронена. «Пры гэтым спасылка на няведанне ўзросту пакупніка не апраўданне. Пры ўзнікненні ў прадаўца сумненняў наконт гэтага, ён абавязаны запатрабаваць дакумент, які пацвярджае дату нараджэння», – нагадваюць у праваахоўным ведамстве.

У сваю чаргу за выкарыстанне піратэхнікі ў грамадскіх месцах таксама прадугледжана адміністрацыйная адказнасць па артыкуле 17.1 «Дробнае хуліганства». Гэта штраф ад дзвюх да 30 базавых велічынь (ад Br360 тыс. да Br5,4 млн цяпер) або адміністрацыйны арышт да 15 сутак.

Паводле слоў начальніка аддзела арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх упраўлення прафілактыкі МУС Віталя Янчына, калі такое правапарушэнне зробіць падлетак маладзейшы за 14 гадоў, то да адміністрацыйнай адказнасці могуць быць прыцягнуты яго бацькі. Гэта прадугледжана арт. 9.4 КаАП – «Невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей». У адпаведнасці з гэтым артыкулам прадугледжана пакаранне ад папярэджання да штрафу ў памеры 10 базавых велічынь. Больш таго, згодна з законам «Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх» падлетак у такіх выпадках ставіцца на ўлік у ІСН.

Каб навагоднія святы не былі азмрочаны няшчаснымі выпадкамі, галоўнае ўпраўленне аховы правапарадку і прафілактыкі МУС нагадвае: выкарыстанне піратэхнікі павінна ажыццяўляцца толькі ўдалечыні ад людзей і прадметаў, лёгкіх на загаранне, з абавязковым выкананнем патрабаванняў інструкцыі. Акрамя таго, не трэба пераносіць піратэхніку ў кішэнях і пад адзеннем, захоўваць без упакоўкі, змяняць канструкцыю вырабу або разбіраць яго.

БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *