Дыплом Віялеты Герасіменка

Адукацыя Год моладзі Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

Адбылася дзясятая алімпіяда школьнікаў «Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць».

Такая алімпіяда – сумесны праект міністэрстваў адукацыі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. У знаўцаў рускай мовы і літаратуры нашага раёна ёсць вопыт удзелу ў гэтым прадстаўнічым інтэлектуальным спаборніцтве. Сёлета ў каманду Мінскай вобласці, якая складалася з шасці чалавек, увайшлі дзве вучаніцы са Стоўбцаў – Віялета Герасіменка з СШ № 3 (настаўніца Т. Л. Урбан) і Вераніка Канавал з гімназіі № 1 (настаўніца Г. І. Галяновіч). Моцных вучняў ва ўсіх рэгіёнах выявіў адборачны тур. Рашэннем Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы ў гэтым годзе алімпіяда была прысвечана 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

У гэтым годзе сталіцай алімпіяды Саюзнай дзяржавы стаў Гомель. У заключным этапе прынялі ўдзел вучні Х–ХІ класаў устаноў адукацыі з 34-х рэгіёнаў Беларусі і Расійскай Федэрацыі – 199 беларускіх і расійскіх школьнікаў. Праграма заключнага этапу алімпіяды прадугледжвала правядзенне двух абавязковых тураў: патрэбна было напісаць водгук на мастацкі твор з лінгвістычным аналізам тэксту і сваім творчым успрыняццем  яго, на наступны дзень – выканаць комплексную работу па этымалогіі і гісторыі рускай мовы. Віялета Герасіменка выдатна справілася з гэтай няпростай задачай і набрала колькасць балаў, якая дазволіла ёй стаць уладальніцай дыплома ІІ ступені. У склад журы ўваходзілі вядомыя беларускія і рускія вучоныя, вядучыя выкладчыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі, настаўнікі-практыкі. Каманда Мінскай вобласці ў агульнакамандным заліку атрымала трэцяе месца, падзяліўшы яго з масквічамі і прадстаўнікамі Гомельскай вобласці. На памяць у Віялеты акрамя дыплома застанецца і каштоўны падарунак – планшэт.

Для расійскіх і беларускіх школьнікаў была арганізавана змястоўная экскурсійная і культурная праграма, якая дазволіла пазнаёміцца з гістарычным мінулым і культурнымі традыцыямі беларускага народа. Алімпіяда садзейнічае ўмацаванню сяброўскіх сувязяў моладзі Беларусі і Расіі, развіццю супрацоўніцтва паміж установамі адукацыі дзвюх суседніх краін, павышэнню цікавасці вучняў да вывучэння літаратурнай спадчыны, культурных традыцый двух брацкіх народаў і развіццю творчых здольнасцяў.

Перамогу Віялеты Герасіменка з поўным правам можа раздзяліць настаўніца рускай мовы і літаратуры СШ № 3 г. Стоўбцы Т. Л. Урбан. Любоў да свайго прадмета Таццяна Леанідаўна ўмела перадае вучням не толькі на цікавых уроках рускай мовы і літаратуры, але і на занятках з адоранымі дзецьмі ў Школе юных інтэлектуалаў. Настаўніца знаходзіць «жамчужынкі» ў класах, прыкладвае старанні і сілы, каб працаваць з імі дадаткова. З Віялетай, цяпер вучаніцай выпускнога класа, Таццяна Леанідаўна працуе з пятага класа. Прыехаўшы з алімпіяды Саюзнай дзяржавы, Віялета паспела ўжо паўдзельнічаць у раённай алімпіядзе па рускай мове, заняла першае месца, рыхтуецца да трэцяга туру рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. У  мінулым годзе ў Віялеты таксама было першае месца ў раённай алімпіядзе і трэцяе – у абласной. Яшчэ адна вучаніца Таццяны Леанідаўны Вікторыя Сінянкова стала ў мінулым годзе пераможцай Рэспубліканскага конкурсу даследчых работ і стыпендыяткай спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Адметны факт: у гэтым годзе сын Таццяны Леанідаўны Дзяніс Урбан, малодшы з траіх яе дзяцей, на цэнтралізаваным тэсціраванні атрымаў вышэйшы бал па матэматыцы – 100.

Верым Таццяне Леанідаўне, якая прызнаецца, што вельмі любіць свой прадмет, з вялікай цікавасцю і ахвотай працуе з таленавітымі дзецьмі. Пажадаем ёй старанных і адораных вучняў і не згубіць такі творчы стан душы.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *