Прыклад рупнасці для маладых

Нумары Соцыум

Пятнаццаць гадоў узначальвае пярвічную прафсаюзную арганізацыю ААТ «Жацерава» Ганна Новік (на здымку злева). Ганна Канстанцінаўна ў ліку самых актыўных лідараў раённага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Калектыў даверыў жанчыне гэтую грамадскую пасаду, бо яна заўсёды дзейнічае па справядлівасці, як падказвае сумленне. Умее жанчына адстаяць сваю пазіцыю. Заўсёды выступае на сходах, дзеліцца напрацоўкамі ў грамадскай рабоце на прафсаюзных форумах – пленумах або канферэнцыях. У сваёй гаспадарцы арганізоўвае людзей для ўдзелу ў розных мерапрыемствах і сама прымае ў іх самы непасрэдны ўдзел.

Падчас масавых палявых кампаній Ганна Канстанцінаўна падводзіць вынікі работы механізатараў, вадзіцеляў, экіпажаў камбайнераў і заўсёды своечасова перадае дакладныя звесткі ва ўпраўленне райсельгасхарча.

Асноўная пасада Ганны Новік у таварыстве – інспектар па кадрах. Маючы фенаменальную памяць, Ганна Канстанцінаўна дакладна ведае і можа, не заглядваючы ў карткі ўліку, расказаць пра кожнага працаўніка. А іменна, калі чалавек уладкаваўся на працу, прычым назаве не толькі год, а нават і месяц. Дасць вычарпальную характарыстыку, бо валодае неабходнай інфармацыяй.

Амаль трыццаць пяць гадоў рупіцца спецыяліст у гаспадарцы. Спачатку працавала бухгалтарам. І вось ужо чвэрць стагоддзя вядзе кадравую работу, якая цесна пераплятаецца з прафсаюзнай. Калі афармляе неабходныя дакументы падчас прыёму чалавека на работу, абавязкова спытаецца, ці з’яўляецца наноў прыняты членам прафсаюза. І калі не, то прапануе ўступіць, бо члены прафсаюза, згодна з калектыўным дагаворам, карыстаюцца льготамі.

Ганне Канстанцінаўне ўласцівыя такія рысы характару, як прынцыповасць і чалавечнасць. Яна заўсёды гатова прыйсці на дапамогу ўсім, хто мае патрэбу. За гэта яе паважаюць і цэняць.

Вылучаецца актыўнай грамадзянскай пазіцыяй і бухгалтар Ніна Міхно, якая налічвае заработную плату і вядзе асноўныя сродкі. Стаж Ніны Уладзіміраўны ў гаспадарцы налічвае трыццаць пяць гадоў. Яна ўладкавалася на працу ў былы калгас «Чырвоны сцяг» практычна адначасова з Ганнай Новік. Такая ж прынцыповая, слова яе мае вагу. Нездарма Ніну Уладзіміраўну выбралі старшынёй рэвізійнай камісіі таварыства. І бухгалтарскую справу, і гэтую работу яна выконвае сумленна.

Бягучы год для кожнай з гэтых жанчын-працаўніц, якія ўносяць свой пасільны ўклад у развіццё гаспадаркі, быў адметным жыццёвымі юбілеямі. І сёння яны працягваюць шчыраваць, паказваючы прыклад рупнасці маладым.

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ТЫСЯЧА ВЫДАННЯЎ – НА АДРАСЫ ДЗЕРАЎНЯНЦАЎ

У работнікаў Дзераўнянскага аддзялення паштовай сувязі пачалася надзвычай адказная пара –  падпісная кампанія на новы, 2016 год.  

– Падпіска на перыядычныя выданні будзе доўжыцца на працягу снежня, каб усе жыхары аграгарадка змаглі выпісаць любімыя выданні, – зазначае начальнік аддзялення Антаніна Жодзік. – Нашы паштальёны гатовы аказаць гэтую паслугу дома ў падпісчыкаў, а ў аддзяленні працуе з кліентамі без перапынку на абед аператар Вераніка Яўсейчык. На наша аддзяленне ідзе тысяча перыядычных выданняў, 300 з іх – гэта раённая газета «Прамень».

Сярод актыўных падпісчыкаў называюць мясцовых настаўнікаў Ганну Дзямянка і Іну Кураш, бухгалтара ААТ «Дзераўное» Тэрэзу Калодзінскую, работніцу дзіцячага садка Алу Рослік, маці чацвярых дзетак Вольгу Антанюк, пенсіянераў Яўгенію Сінькевіч, Марыю Даніленка, Марыю Дзям’янка, Мечыслава Сахара і іншых.    

Дзераўная – гэта паселішча са старажытнай гісторыяй і сучасны аграгарадок, жыхары якога імкнуцца быць у цэнтры жыцця, дзе створаны ўсе ўмовы для нармальнай жыццядзейнасці. У дзераўнянцаў – свае школа, бальніца, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, банкаўскае аддзяленне, пошта, магазіны і т. п. Нездарма восем гадоў таму Антаніна Жодзік прыняла рашэнне вярнуцца з сям’ёю сюды, на малую радзіму, з Баранавіцкага раёна. А ўвогуле паштовы стаж у начальніка аддзялення складае 16 гадоў. Вопытам і зладжанасцю ў рабоце можа пахваліцца і ўвесь калектыў аддзялення паштовай сувязі.

Чатыры паштальёны абслугоўваюць Дзераўную разам з навакольнымі вёскамі. Вікторыя Чэмка працуе на гэтай пасадзе больш за 15 гадоў, Яніна Канапацкая – больш за 10 гадоў. Іх маладзейшыя калегі – Наталля Кузёмка і Вольга Сай. Вольга перайшла сюды не так даўно са Старынскага аддзялення, якое было закрыта. Пераўтварэнні закранулі і само Дзераўнянскае аддзяленне: з 1-га лістапада вёскі Астравы, Дружная, Заброддзе, Падляскоўе, Круговіны і Беламошша пераведзены на мотадастаўку, якую ажыццяўляе гарадское аддзяленне сувязі.

Дзераўнянскія паштавікі выходзяць на другое месца ў раённым вузле паштовай сувязі – пасля таго ж гарадскога аддзялення – па аб’ёме паслуг. У летнія месяцы іх тавараабарот перасягаў планавыя паказчыкі на 50 і больш працэнтаў. Сказваецца тое, што паштавікі падтрымліваюць шырокі асартымент тавараў народнага спажывання, запатрабаваных жыхарамі аграгарадка, а таксама аказваюць самыя сучасныя паштовыя паслугі. Да прыкладу, карыстаецца попытам  адпраўка пасылак і пісьмаў лінейкі «Камфорт», адпраўленні паскоранай поштай, пісьмы «1 клас», гандаль таварамі айчыннай вытворчасці па каталогу і інш. Цяпер, напярэдадні навагодніх святаў, вельмі добра разыходзяцца паштоўкі і сувеніры, мяккія цацкі з сімвалам будучага года. 13 дзераўнянцаў ужо заказалі сваім дзеткам «Віншаванне Дзеда Мароза».

Сёлета ў аддзяленні быў зроблены касметычны рамонт, а больш за год таму тут устаноўлены плацежна-даведачны тэрмінал, з дапамогай якога дзераўнянцы з ахвотай ажыццяўляюць плацяжы самастойна.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ 

Нагадваем, што падпіска на перыядычныя выданні, у тым ліку на раённую газету «Прамень», на першыя квартал і паўгоддзе 2016 года праводзіцца ва ўсіх аддзяленнях паштовай сувязі раёна.

 

ПРАВОДЗІЦЦА СТАТЫСТЫЧНАЕ АБСЛЕДАВАННЕ ГАСПАДАРАК

Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь для збору інфармацыі аб узроўні жыцця сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва штогод праводзіць статыстычнае абследаванне дамашніх гаспадарак.

Вынікі выбарачнага абследавання з’яўляюцца аб’ектыўнай асновай для характарыстыкі змяненняў структуры даходаў і расходаў насельніцтва. Яны дазваляюць выявіць розніцу ва ўзроўні матэрыяльнага дабрабыту насельніцтва, які залежыць ад саставу дамашняй гаспадаркі, занятасці яе членаў і іншых фактараў. А таксама паказваюць ролю асобных крыніц у фарміраванні агульнага аб’ёму даходаў, з’яўляюцца адзінай крыніцай інфармацыі аб размеркаванні насельніцтва па ўзроўні матэрыяльнага дабрабыту.

Абследаванне праводзіцца ва ўсіх абласцях і ў горадзе  Мінску і ахоплівае тысячы дамашніх гаспадарак, уключаных у выбарку на аснове метаду выпадковага адбору.

Мы спадзяемся, што сем’і, чые адрасы трапілі ў абследаванне, згодзяцца прыняць у ім удзел і даць нам дакладную інфармацыю. На працягу года вашу сям’ю некалькі разоў наведае спецыяліст органаў дзяржаўнай статыстыкі і задасць рад пытанняў. Акрамя таго, вам неабходна будзе запісваць штодзённыя расходы вашай сям’і на прадукты харчавання на працягу  двух тыдняў кожнага квартала, а таксама на працягу квартала запісваць расходы на пакупку нехарчовых тавараў і аплату паслуг.

За прадстаўленне гэтай інфармацыі ваша сям’я будзе атрымліваць грашовае ўзнагароджанне ў памеры, устаноўленым заканадаўствам.

Мы гарантуем канфідэнцыяльнасць вашых звестак, якія будуць выкарыстаны выключна для фарміравання зводнай статыстычнай інфармацыі па рэспубліцы і яе рэгіёнах. Пры першым наведванні спецыяліст, які праводзіць абследаванне, абавязаны прад’явіць сваё службовае пасведчанне і мець пры сабе пісьмо-зварот да насельніцтва.

Больш падрабязная інфармацыя аб правядзенні ў рэспубліцы выбарачнага абследавання ўзроўню жыцця дамашніх гаспадарак размешчана на афіцыйным сайце Белстата –  http://www.belstat.gov.by.

Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Мінскай вобласці



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *