Вёска павінна развівацца і маладзець

Нумары Соцыум

На пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта разгледжана пытанне аб рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы ўстойлівага развіцця вёскі на 2011 – 2015 гады.

У аснове рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы і дасягнення ўстаноўленых ёю параметраў пакладзены галіновыя праграмы па развіцці сельскагаспадарчых галін.

Аб выкананні праграмы ў сельскай гаспадарцы расказаў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзяніс Колясень. Ён паведаміў, што за пяць гадоў (2011-2015) на мерапрыемствы па развіцці вытворчай сферы накіравана 654 млрд руб. інвестыцый. Вытворчасць валавой прадукцыі павялічылася на 12,9 %, але яна ніжэй пяцігадовага задання на 40,4 %. У прагнозе пяці гадоў па тэмпе росту валавой прадукцыі выйшлі толькі філіял «Племптушкарэпрадуктар «Бройлер» ААТ «Агракамбінат Дзяржынскі» (166,5 %), СЗАТ «Агракамбінат «Колас» (206,4 %). Наблізіліся да прагнозу ААТ «Вялікі Двор» (121,5 %), ААТ «Каганец» (127,7 %). Найбольшы недабор у СГФ «Аталезь-агра» (83,3 %), ААТ «АБФ «ПМК-74 – Налібакі» (59,2 %). Не дасягнуты ў цэлым па раёне жаданы вынік і ў вытворчасці збожжа. За пяць гадоў збор склаў 433,8 тысячы тон, на 77,8 % ніжэй задання, што на 12,2 % вышэй узроўню 2010 года. Заданне па вытворчасці збожжа выканана ў ААТ «Вялікі Двор» (103,3 %), ААТ «Каганец» (104,2 %).

Спецыялізацыя і канцэнтрацыя вытворчасці – асноўныя фактары забеспячэння дынамічнага развіцця бульбаводства і агароднінаводства. За пяцігодку рэалізацыя Праграмы вытворчасці бульбы ў сельгасарганізацыях склала 66,3 тысячы тон, у бягучым годзе валавы збор склаў 18,7 тысячы тон. Заданне праграмы выканана на 54,6 %. Праграма па вытворчасці бульбы не выканана ні адной гаспадаркай раёна.

У кормавытворчасці для павышэння прадукцыйнасці жывёлы, выканання прагнозных паказчыкаў у жывёлагадоўлі патрабуецца значнае ўдасканаленне кармавой базы. За 2011-2015 гады нарыхтавана 572 тысячы тон кармавых адзінак, што складае 52,6 % да патрэбнасці. За 10 месяцаў 2015 года нарыхтавана 105,9 тысячы тон кармавых адзінак. Удзельная вага кармоў, аднесеных да першага класа, складае 100 % толькі ў ААТ «Вялікі Двор» і ААТ «СЖК «Налібакі».

За пяцігодку толькі адна гаспадарка выканала заданне па малаку – ААТ «Вялікі Двор» (107,0 %). Па раёне заданне па вытворчасці малака будзе выканана на 77,0 %, валавы надой складзе 385,2 тысячы тон пры заданні 499,5 тысячы тон.

Адным з рэзерваў па павелічэнні колькасці дойнага пагалоўя, рэалізацыі яго генетычнага патэнцыялу з’яўляецца правядзенне рэканструкцыі існуючых і будаўніцтва новых малочнатаварных фермаў з прымяненнем сучаснага абсталявання і прагрэсіўных тэхналогій. За пяць гадоў праведзена рэканструкцыя 14 МТФ і будаўніцтва адной МТФ на 600 гадоў дойнага статка ў ААТ «»Вішнявецкі-агра», усе ўведзены ў эксплуатацыю.

Заданне па вырошчванні БРЖ будзе выканана на 87,9 %. Справяцца з заданнем тры гаспадаркі: ААТ «Каганец», ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», ТАА «СЖК «Налібакі». Заданне па вырошчванні свініны будзе выканана на 58,2 %. З мэтай забеспячэння эфектыўнасці рэалізаваных праграм праводзіцца тэхналагічная мадэрнізацыя сельскагаспадарчай галіны. Арганізацыям АПК раёна ў 2011-2015 гадах пастаўлена 172 адзінкі тэхнікі; уведзены ў эксплуатацыю два збожжаачышчальна-сушыльныя комплексы ў ААТ «Рочавічы» і ААТ «Шашкі».

За 10 месяцаў бягучага года рэалізацыя прадукцыі сельскай гаспадаркі ўзрасла на  20 % і склала 632,7 млрд руб., затраты павялічыліся – на 18 %, ад рэалізацыі атрымана 44,1 млрд руб., а ад усёй дзейнасці – 70,5 млрд руб. прыбытку, рэнтабельнасць продажаў дасягнула 6,3 %, рэнтабельнасць ад усёй дзейнасці – 12 %.

Пастаўленыя задачы                 будуць паспяхова вырашацца пры ўмове адначасовай рэалізацыі другога прыярытэтнага накірунку Дзяржаўнай праграмы – сацыяльнай сферы.

Па пытанні развіцця будаўніцтва з інфармацыяй выступіў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Цывака. Ён адзначыў, што будаўніцтва жылля ў сельскай мясцовасці ў 2011-2015 гадах праводзілася ў адпаведнасці з планам будаўніцтва і ўводу ў эксплуатацыю жылых дамоў (кватэр) у сельскагаспадарчых арганізацыях для забеспячэння жыллём спецыялістаў і работнікаў гэтых арганізацый, а таксама работнікаў арганізацый сацыяльна-культурнай сферы ў сельскай мясцовасці.

Будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю жылых дамаў сельскагаспадарчымі арганізацыямі здзяйсняўся адразу ў аграгарадках. У 2011-2015 гадах уведзена 5108 м кв. жылля.

У сельскай мясцовасці заменена 22 кіламетры цеплавых сетак, адрамантавана 12 кацельняў і 8 артэзіянскіх свідравін, пабудавана 150 пляцовак для размяшчэння цвёрдых камунальных адходаў, размешчана 1211 кантэйнераў. Рэканструявана і пабудавана 54,72 кіламетра ліній электраперадачы, пабудавана 12,85 кіламетра падвадных газаправодаў і 68,86 кіламетра размеркавальных газаправодаў, 920 дамоў газіфікавана. У раёне капітальна адрамантавана, рэканструявана і пабудавана 17 453 кіламетры дарог.

Аб тым, як развівалася сацыяльная сфера ў сельскай мясцовасці, расказаў прысутным намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель.

Сяргей Яўгенавіч адзначыў, што ў раёне захоўваецца стабільная і кантралюемая сітуацыя на рынку працы. Узровень беспрацоўя знаходзіцца ў сацыяльна дапушчальных межах – 0,5 %. За перыяд з 2011 года па 2015 год з фінансавай падтрымкай дзяржавы пераселена ў сельскую мясцовасць і працаўладкавана 20 сем’яў, у 2015 годзе – тры. У сельскай мясцовасці праведзена аптымізацыя сістэмы адукацыі раёна, у ходзе якой ліквідавана шэсць устаноў адукацыі і рэарганізавана 11 устаноў адукацыі ў вучэбна-педагагічныя комплексы. Эканамічны эфект ад аптымізацыі сеткі склаў 2042,2 млн руб.

Колькасць вучняў у сельскай мясцовасці скарацілася на 354 чалавекі. У некаторых школах, садах праведзены капітальны рамонт.

У сістэме аховы здароўя адным з важнейшых пытанняў з’яўляецца кадравае. З 2011 па 2015 год на работу ў сельскую мясцовасць было накіравана 8 дактароў, 26 спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай медыцынскай адукацыяй. Праведзены рамонты Коласаўскай урачэбнай амбулаторыі і Рубяжэвіцкай участковай бальніцы.

На 1 лістапада 2015 года сетка ўстаноў культуры на вёсцы прадстаўлена 21 клубам, 15 бібліятэкамі, адным музеем, чатырма школамі мастацтваў. Чатыры калектывы атрымалі ганаровыя званні «ўзорны» і «народны».

Сёння ў вёсцы пражываюць 9306 пажылых людзей, у ліку іх: 630 адзінокіх і 3208 адзінока пражываючых пажылых грамадзян, а таксама 223 шматдзетныя сям’і, 63 сям’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў.

Раённым вузлом электрасувязі за справаздачны перыяд забяспечана павелічэнне колькасці абанентаў правадной тэлефоннай сувязі з 6300 да 8261, ці 131,1 %.

На сёння чарговасць на ўстаноўку стацыянарнага тэлефона адсутнічае.

На 30-ці сельскіх тэлефонных станцыях зманціравана абсталяванне для выхаду ў сетку інтэрнэт. Колькасць абанентаў на лістапад 2015 года складае 5222 карыстальнікі, у параўнанні з 2011 годам яна павялічылася ў 5,8 раза. Аднак на некаторых АТС раёна існуюць абмежаванні па аказанні паслуг выхаду ў інтэрнэт. Для выключэння магчымасці адмовы ў аказанні гэтай паслугі вузел электрасувязі выкарыстоўвае бесправадныя тэхналогіі (WLL, 2G/3G, эфірнае тэлебачанне «Зала»).

Стаўбцоўскім РВПС уведзены ў дзеянне ў а. г. Дзераўная, Рубяжэвічы, в. Н. Свержань, п. Наваколасава плацежна-даведачныя тэрміналы, тры рухомыя аддзяленні паштовай сувязі.

Сетка гандлю райспажыўтаварыства ўключае 69 магазінаў. Ёсць 11 аўтамагазінаў, якія абслугоўваюць 116 населеных пунктаў. Гандаль з аўтамагазінаў праводзіцца тры разы на тыдзень (па графіку).

Належна развіты электрасувязь, бытавое абслугоўванне.

Заканчваецца пяцігодка. Рэалізацыя данай праграмы дазваляе стварыць устойлівую аграрную эканоміку краіны, забяспечыць дастойнае жыццё вяскоўцам, гарантаваць харчовую бяспеку краіны. У эпіцэнтры ўвагі павінен знаходзіцца чалавек, добрасумленны працаўнік сяла. Таму сацыяльны аспект рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы набывае асаблівую значнасць.

Падрыхтавала Н. Леанідава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *