Сельскі час

Нумары Сельская гаспадарка Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

НА ЎСЕ РУКІ МАЙСТАР

Міхаіл Ванагель працуе механізатарам у ААТ «Радзіма Якуба Коласа». Каля дваццаці гадоў ён рупіцца ў гаспадарцы. Спакойны, ураўнаважаны, даручаную справу заўсёды выконвае своечасова і якасна. Карыстаецца павагай у калектыве. Асноўная работа, на якой з году ў год заняты дбайны працаўнік, – ворыва глебы. Штогод на энерганасычаным трактары «Джон-дзір» з абаротнымі плугамі выконвае гэтую тэхналагічную аперацыю практычна на ўсёй пасяўной плошчы. У таварыстве сёлета ўзнята 1680 гектараў зябліва, што складае 129 працэнтаў да плана. І ў гэтым немалая заслуга галоўнага аратага гаспадаркі. Падчас нарыхтоўкі кармоў Міхаіл Канстанцінавіч чапляе прэс-падборшчык, які адначасова прасуе зялёную масу ў рулоны і абгортвае яе поліэтыленавай плёнкай. На жніве ён прасуе салому. Удзельнічае і ў пасяўной кампаніі – сее збожжавыя камбінаваным пасяўным агрэгатам. У міжсезонне яго трактар задзейнічаны на транспартных работах. Адным словам, Міхаіл Ванагель на ўсе рукі майстар.

 

СТАТКАМ КІРУЕ КАМП’ЮТАР

На мінулым тыдні адбылася рабочая нарада з кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў раёна, якая праходзіла ў рэжыме відэканферэнцыі.

Разгледжаны два надзённыя пытанні. Першае тычылася тэхнічнага абслугоўвання даільных залаў і замены сасковай гумы. Як падкрэсліў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарча Дзяніс Колясень, праводзіцца гэтыя работы павінны згодна з графікам, на прафесійным узроўні, своечасова і якасна. Таму цяпер даільнае абсталяванне ва ўсіх гаспадарках будуць абслугоўваць толькі работнікі ААТ «Стаўбцоўская ПМК», якія прайшлі спецыяльнае навучанне. Да таго ж, ад своечасовай замены сасковай гумы на даільных апаратах залежыць не толькі якасць выдойвання кароў, але і стан іх здароўя. А ў канчатковым выніку – і прадукцыйнасць жывёлы. Дзяніс Сяргеевіч згадаў пры гэтым, што сёлетні год гаспадаркі хоць і завяршаюць з прыбаўкай, але нязначнай. А ў наступным патрэбна будзе прырасці як мінімум на 10 працэнтаў. І над гэтым трэба працаваць, задзейнічаць усе рэзервы. У прыватнасці, падцягнуць аднаўленчую работу. У кожнай гаспадарцы павінен быць заатэхнік-селекцыянер з дастойнай заработнай платай. А на новых фермах без такога спецыяліста наогул не абысціся. Для заатэхніка-селекцыянера абавязковая ўмова – валоданне камп’ютарам і створанай камп’ютарнай праграмай. Такім чынам, спецыяліст будзе кантраляваць усе тэхналагічныя працэсы: разумная машына і надой пакажа, і хваробу своечасова выявіць. У нашым раёне такіх спецыялістаў не хапае, а значыць, трэба  людзей вучыць. Новае даільнае абсталяванне павінна абслугоўвацца граматна і даваць належную аддачу. У адваротным выпадку немагчыма будзе выйсці на акрэсленыя рубяжы.

Гэтым пытанням была ўдзелена ўвага і на калегіі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, якая прайшла на мінулым тыдні. Абмеркаваны задачы, якія неабходна вырашыць у наступным годзе для таго, каб павялічыць вытворчасць малака і мяса. Рэзервы дзеля гэтага ёсць. Патрэбна толькі эфектыўна працаваць, умацоўваць працоўную і тэхналагічную дысцыпліну.

Другое пытанне, якое разглядалі, – тэрміны будаўніцтва сянажна-сіласных траншэй для захоўвання травяных кармоў і «клюшачнікаў» для жывёлы, якія ўзводзяцца з дзяржаўнай падтрымкай. Да канца года неабходна абавязкова ўвесці ў эксплуатацыю 44 траншэі і сем «клюшачнікаў». Работа ў гэтым накірунку вядзецца, але тэмпы неабходна паскорыць.

Закрануты і некаторыя іншыя пытанні. У прыватнасці, трэба працягваць наводзіць парадак на зямлі. У раёне не павінна быць аб’ектаў са звышнарматыўным тэрмінам будаўніцтва.

 

ЗАСУЛЬСКІЯ РУПЛІЎЦЫ

Сёлета малочны і мясны цэхі гаспадарак раёна працуюць з прыбаўкай. У снежні вышэйшы вынік па-ранейшаму ў жывёлаводаў ТАА «СЖК «Налібакі» – ад кожнай каровы тут атрымліваюць штодзень звыш 21 кілаграма малака. На другое месца выйшлі работнікі фермаў ААТ «Каганец». Плюс у засульскіх рупліўцаў складае 2,5 кілаграма да леташняга паказчыка, яны дояць ад каровы каля 19,7 кілаграма малака за суткі. На трэцяй прыступцы велікадворскія жывёлаводы з надоем звыш 19,5 кілаграма. І ў мясных справах таксама неблагі вынік. Сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе буйной рагатай жывёлы склалі за апошні месяц 571 грам.

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *