Прызванне – лячыць жывёлу

Год моладзі Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

image_pdfimage_print

Стаж  работы ў ветфельчара СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» Наталлі Сянько зусім невялікі. Малады спецыяліст прыступіла да работы на МТФ «Апечкі» ў жніўні бягучага года. Але і за такі кароткі тэрмін зарэкамендавала сябе з лепшага боку. Падабаецца кіраўніцтву філіяла, што ў спецыяліста ёсць жаданне працаваць, і работу сваю яна выконвае выдатна. Клопат аб здароўі жывёлы ў Наталлі заўсёды на першым плане. Зразумела, пакуль што ёй не зусім хапае вопыту, але дзяўчыне дапамагае не  толькі словам, а і справай старэйшы калега – ветурач Уладзімір Паляшук.

– Кожную раніцу Уладзімір Міхайлавіч прыязджае на ферму. Мы разам абыходзім пагалоўе, каб выявіць жывёлу, якой неабходна дапамога, – гаворыць Наталля Сянько. – У асноўным з работай спраўляюся сама. А вось калі выпадак складаны, тады мы разам прымаем меры. Вечарам раблю абход самастойна. Пры неабходнасці апрацоўваю раны, назначаю лячэнне. І ўколы раблю. Уся хворая жывёла зарэгістравана ў журнале. Медыкаменты ёсць, а якіх не стае, то заказваю.

Наталля расказвае пра работу з веданнем справы, з ўпэўненасцю ў голасе. Гэта цяпер яна прывыкла і стала такая смелая. А як толькі прыступіла да работы, то кароў баялася.

– Адразу было неяк не па сабе, – працягвае размову ветфельчар. – А потым зразумела, што не трэба баяцца. Жывёла гэта адчувае і можа да сябе не падпусціць. Трэба з ласкай да яе: пазваць, пагладзіць.

Апошнія месяцы Наталля Сянько спалучае і абавязкі тэхніка-асемянатара. Прапанавалі ёй паехаць вучыцца на курсы ў Сенніцу, і малады спецыяліст згадзілася.

– Я такая: сказалі трэба – значыць трэба, – патлумачыла дзяўчына. – Хоць і мела пасведчанне пасля заканчэння каледжа, але з тымі ведамі не магла б самастойна пакрыць карову. На курсах мяне гэтаму навучылі. Прайшла і практыку. Першую рагулю асемяніла ў верасні. Запісала яе нумар і цяпер чакаю, каб даведацца, ці ўсё нармальна, ці пакрылася. А ўсіх пакрытых кароў налічваецца трыццаць.

Наталля родам з Маладзечанскага раёна, з вясковай шматдзетнай сям’і. Усіх дзяцей у бацькоў чацвёра. Дзве сястрычкі яшчэ непаўналетнія, ходзяць у школу і садзік. Старэйшы брат вывучыўся на зваршчыка, наперадзе яго чакае армія. Маці працуе ў мясцовай гаспадарцы аператарам машыннага даення, а бацька – жывёлаводам.

– Я заўсёды марыла быць медыкам, і пасля заканчэння адзінаццаці класаў падала дакументы ў Маладзечанскі медыцынскі каледж на спецыяльнасць фельчар-акушэр, – расказвае Наталля. – Паспяхова здала тэсціраванне, але прайшла толькі на платнае аддзяленне. У выніку, прыйшлося забраць дакументы. Падала іх у Ільянскі дзяржаўны аграрны каледж. Але не падумайце, што шкадую. Мая работа мне падабаецца. Ёсць намер вучыцца далей, паступаць у ветэрынарную акадэмію.

Наталля Сянько, можна сказаць, сама выбрала месца работы. Ішла на размеркаванне першай, але з гаспадаркі, куды хацела паехаць на працу, запыту не было. А тут падаспелі «агітатары» са Стаўбцоўскага раёна. Прапанавалі два таварыствы. Наталля выбрала «Аталезь-агра». Тут яна праходзіла пераддыпломную практыку.

– Прыйшліся даспадобы мне і людзі, і вёска, – падвяла вынік размовы Наталля. – Гаспадарка не з апошніх, ёсць  горшыя. Да таго ж, на ферме ўстаноўлена новае сучаснае малочнае абсталяванне. Далі жыллё. Заработная плата задавальняе. Калектыў у нас дружны.

Як падкрэсліла дырэктар райплемстанцыі Людміла Курыльчык, гаспадарцы пашанцавала з маладым спецыялістам. Дзяўчына рухавая, з багажом ведаў. Галоўнае, каб затрымалася яна ў таварыстве і канчаткова сцвердзілася ў прафесіі тэхніка-асемянатара.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *