Каб Стаўбцоўшчына была прыгожай!

Добраўпарадкаванне Нумары

image_pdfimage_print

ЁСЦЬ ПЫТАННІ НАКОНТ СЛУПА

Апошнім часам электрычныя слупы, або апоры ліній электраперадачы, на стаўбцоўскіх вуліцах сталі найбольш слабым месцам для камунальнікаў. Рабочым па добраўпарадкаванні прыходзіцца прыбіраць не толькі смецце вакол іх, а і зрываць з іх рэкламны «імідж».   

Вось іду я не так даўно па адной з цэнтральных вуліц – Ленінскай, і на хаду чытаю аднолькавы прызыў: «Увага! Праводзіцца кірмаш-распродаж».  Указана яшчэ дзе і калі гэтае мерапрыемства будзе праходзіць, але, у адрозненне ад асноўнага тэксту, які – ад слупа да слупа – мільгаціць у вачах тлустымі літарамі, як кадры заеўшай кінахронікі, гэтыя падрабязнасці ўжо больш для тых, хто зацікавіўся. Не адмовіш у стараннасці: нехта, прагуляўшыся па стаўбцоўскім «праспекце», расклеіў стос гэтых запрашэнняў так, што не прапусціў ніводнага слупа.

А калі спускаешся ўніз, да банкаўскага аддзялення, магазіна мясакансервавага камбіната, дзе людзей бывае значна больш і яны могуць затрымлівацца ў чарзе да банкамата, то суседні слуп з яго «дошкай аб’яў» увогуле выглядае інфармацыйным бумам. Тут і аб кірмашах, і аб пакупцы натуральных валасоў, і аб так званых вакансіях. Ды ці толькі гэта можна даведацца?..

Камунальнікі не паспяваюць усю гэтую шэрую рэкламу своечасова знішчаць. Таму і становіцца яна апошнім часам такім надакучліва-несанкцыянаваным дадаткам да гарадскога  дызайну. «Надакучыла! Колькі можна аблепліваць гэтыя слупы?» – абураюцца работнікі аб’яднання камунальных службаў, якія выходзяць на ўборку горада. Іх рабочы дзень пачынаецца ў шэсць раніцы. Уявіце: з самага ранку – прыток негатыўных эмоцый. І так кожны дзень.  Яны слушна пытаюцца ў тых, хто забяспечвае іх штодзень «дурной» работай: «Нам што, больш няма чаго рабіць, як зрываць гэтыя паперкі?..»

І сапраўды, рабочым па добраўпарадкаванні ўдосталь хапае работы і без гэтых паперак. Пакуль мы спім або збіраемся на працу, яны ўжо на пасту: вычышчаюць сметніцы і кантэйнерныя пляцоўкі, збіраюць дробнае смецце на вуліцах горада. І трэба яшчэ кожнаму слупу, прабачце, пакланіцца…

У Правілах добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў, зацверджаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 1087 ад 28 лістапада 2012 года, дакладна прапісана, што такое добраўпарадкаванне і ўтрыманне тэрыторыі. Яно ажыццяўляецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі нарматыўных прававых актаў, у мэтах прывядзення тэрыторыі ў стан, прыдатны для эксплуатацыі збудаванняў, інжынерных і транспартных камунікацый, стварэння спрыяльных умоў жыццядзейнасці насельніцтва, фарміравання экалагічна і пажарабяспечнага, эстэтычна выразнага асяроддзя. Для гэтага, у прыватнасці, прадугледжана санітарная ачыстка  і ўборка тэрыторыі. Яна ўключае ў сябе шмат патрабаванняў, сярод якіх ёсць і ачыстка будынкаў, элементаў добраўпарадкавання ад розных надпісаў, лістовак, аб’яў, плакатаў і т. п.

Размяшчэнне аб’яў і іншых інфармацыйных матэрыялаў нерэкламнага характару дазволена ў спецыяльна адведзеных месцах, вызначаных мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі.  Зразумела, што горад, як і любы іншы населены пункт, не можа жыць без знешняй ці так званай вулічнай рэкламы, тых самых яркіх банэраў вялікіх памераў, якія аздабляюць горад і нагадваюць грамадству пра пэўныя сацыяльныя ўстаноўкі, прыярытэты. Усе гэтыя сродкі «ўбудоўваюцца» ў аблічча горада згодна з Законам  «Аб рэкламе». Грамадзяне і юрыдычныя асобы могуць размяшчаць сваю рэкламу цалкам цывілізаваным спосабам і на вуліцах нашага горада, і ў сродках масавай інфармацыі, і т. п.   

Адпаведна, што ўсё тое, што развешана на слупах, – самавольства, за якое прыйдзецца заплаціць адміністрацыйнай адказнасцю.   

У гэтай сувязі прыгадваецца і вядомая з дзяцінства, вельмі добрая песенька, у якой ёсць наступныя радкі: «Висит на заборе, колышется ветром… бумажный листок. // Пропала собака, пропала собака, пропала собака по кличке Дружок…» І гучыць заклік да ўсіх неабыякавых у гэтым выключным жыццёвым выпадку: «Найдите собаку по кличке Дружок!»

У той, савецкі, час вось так, усім светам, праз лісток белай паперы на плоце спрабавалі хутчэй адшукаць прапажу – любімца-сабаку, а сёння элементы добраўпарадкавання і інфраструктуры горада фактычна забрудзілі  тыя, хто разлічвае атрымаць ад нас пэўную выгаду, задаволіць свае камерцыйныя амбіцыі без укладанняў у рэкламу.

А ў адносінах да ацэнкі работы камунальнікаў, то гэтая сітуацыя, здаецца, акурат нагадвае тую, анекдатычную, калі і да слупа можна прыдрацца…

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

МЕСЯЧНІК ЗАВЯРШЫЎСЯ, А РАБОТЫ – ПРАЦЯГВАЮЦЦА

На Стаўбцоўшчыне падведзены вынікі месячніка па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый, актыўны ўдзел у якім прынялі як суб’екты гаспадарання, так і жыхары раёна. З улікам месячніка старшынёй райвыканкама Юрыем Горлавым быў распрацаваны і зацверджаны план мерапрыемстваў. План аб’ёмны, характарызуецца комплексным падыходам да пытанняў добраўпарадкавання, таму яго рэалізацыя фактычна працягвалася да надыходу зімы.

Пра тое, што зроблена і над чым неабходна яшчэ працаваць, расказвае начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр САРОКА.

– На працягу месячніка прадпрыемствы раёна наводзілі парадак не толькі на сваіх, а і на замацаваных тэрыторыях. 24 лістапада прайшоў раённы суботнік, падчас якога было высаджана 86 дрэў, 29 кустоў. Ачышчаны ад смецця поймы ракі Нёман у рысе горада. Пасля асенняга лістападу добраўпарадкавана зона масавага адпачынку на гарадскім возеры. У рамках месячніка таксама прыбрана прыбярэжная зона возера Кромань на тэрыторыі рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Налібацкі». Адметна тое, што ў горадзе наведзены парадак вакол помнікаў у гонар воінаў-вызваліцеляў, Ф. Э. Дзяржынскаму. Нададзена ўвага і самім помнікам. Варта назваць калектыў раённага аддзела ўнутраных спраў, які патурбаваўся навесці парадак на суседняй з адміністрацыйным будынкам аўтастаянцы, у лясным масіве. 

– Аляксандр Генадзьевіч, у раёне праводзіцца работа па ўстаноўцы кантэйнераў для збору цвёрдых бытавых адходаў, у прыватнасці, для ажыццяўлення раздзельнага збору, каб была магчымасць назапашваць другасныя матэрыяльныя рэсурсы. На гэта была звернута ўвага?

– Так, гэтая работа вядзецца пастаянна, а падчас месячніка, да прыкладу, дадаткова з’явілася шэсць кантэйнераў для раздзельнага збору адходаў у Баханах. Акрамя таго, у Баханах, Задвор’і і Слабадзе ўстаноўлена, як таго патрабуюць санітарныя нормы, па дзве агароджы вакол кантэйнерных пляцовак. Нельга не сказаць і пра тое, што падчас месячніка ў райцэнтры былі абсталяваны два новыя прыпыначныя пункты. Не засталіся без увагі і прыдомавыя тэрыторыі – на іх дабавілася яшчэ 20 урнаў.

– Вялікая ўвага з боку кіраўніцтва вобласці і раёна надаецца добраўпарадкаванню на фермах, машынных дварах. Якая работа праведзена ў ходзе месячніка ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна?         

– Работы па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні найперш закранулі тэрыторыі машынных двароў, фермаў, збожжаскладоў. Сярод выкананага – абкошванне, рамонт агароджаў, упарадкаванне пляцовак для захоўвання металалому і адпрацаваных шын, падбуртоўка ўгнаенняў, вываз арганікі. Не спыняюцца работы па ўцягванні земляў у сельскагаспадарчы абарот. На ўсіх фермах і машынных дварах на тэрыторыі раёна ўстаноўлены кантэйнеры для збору цвёрдых камунальных адходаў. Вядуцца работы па набыцці і ўстаноўцы кантэйнераў для раздзельнага збору адходаў. На даны момант пляцоўка для раздзельнага збору падрыхтавана на машынным двары ААТ «Рочавічы», а гаспадаркі ААТ «Радзіма Якуба Коласа», ААТ «Каганец» і ААТ «Шашкі» заключылі дагаворы на выраб кантэйнераў. З усімі мерапрыемствамі плана справіліся ААТ «Радзіма Дзяржынскага», ААТ «Вялікі Двор», ААТ «Рочавічы»,  ААТ «Жацерава», ТАА «СЖК «Налібакі». 

– А як астатнія гаспадаркі? Што не ўдалося зрабіць, над чым неабходна яшчэ працаваць, каб ва ўсіх гаспадарках запанаваў парадак?

– Пры тым, што ўсе гаспадаркі стараліся змяніць свой імідж, асобныя недахопы ўсё-такі зафіксаваны. Да прыкладу, у ААТ «Рубяжэвічы» так і засталіся непабеленымі малочнатаварныя фермы ў Тонаве, Русаках, Малых Навіках і Рубяжэвічах. Не пафарбаваны дзверы боксаў у майстэрні, агароджа – на малочнатаварнай ферме ў Гнецьках. Не ўсе работы па пафарбоўцы варотаў, дзвярэй выкананы ў ААТ «Вішнявецкі-агра», ААТ «Каганец», ААТ «Агранёманскі».

Толькі часткова ажыццёўлены работы па дэмантажы даху на малочнатаварнай ферме ў Заямным ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». На другой ферме гэтага ж прадпрыемства, у Яблынаўцы, дзе планавалася заліўка бетоннай падлогі ў двух памяшканнях, падлога заліта толькі ў адным. Акрамя таго, не да канца наведзены парадак на тэрыторыі збожжатакоў у Яблынаўцы і Заямным. Тэрыторыя не абкошана, не высечана дзікарослая расліннасць, засмечана навокал.

– Якая работа праводзілася падчас месячніка ў сельсаветах?

– На тэрыторыі сельсаветаў асноўная ўвага была ўдзелена прывядзенню ў належны стан могілак, парамантавалі агароджы, вывезлі адходы, выдалілі аварыйныя дрэвы. Акрамя могілак, парадак наводзілі на пустуючых участках, вакол помнікаў. Для гэтага арганізоўвалі суботнікі. У раёне выяўлена і ліквідавана 11 месцаў несанкцыянаванага размяшчэння адходаў. З дапамогай работнікаў Стаўбцоўскага доследнага лясгаса ачышчаны ад бытавых адходаў тэрыторыі вакол садовых таварыстваў «Арцюхоўскае», «Будаўнік-35», «Матэматык», «Овощник», у лясных масівах ля мікрараёнаў Паўночны і Акінчыцы. 

Работы па навядзенні парадку на Стаўбцоўшчыне працягваюцца.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ТРЫВОЖЫМСЯ ЗА НАШЫХ ДЗЯЦЕЙ

Гэты здымак зроблены на вуліцы Садовай паўночнага мікрараёна індывідуальнай забудовы горада. Адзін з участкаў ужо шмат гадоў (больш за 10) стаіць з грудамі будаўнічых матэрыялаў, якія разваліліся ад непагадзі. Драўляная агароджа ўчастка нахілілася, штыкетнік пагнуты. Нас трывожыць не столькі эстэтычны выгляд гэтага месца запусцення (хоць і гэта немалаважна), колькі непакой за нашых дзяцей. Малыя, школьнікі, якія прыязджаюць на канікулы, аблюбавалі гэтае месца гуляць у «вайнушку», у хованкі. Груды будаўнічых матэрыялаў, якія прыйшлі ў нягоднасць, нахіленыя, яны могуць  рухнуць і накрыць дзіця.

Нам не зразумела, чаму да гэтага часу не звяртаецца ніякай увагі на гэтае месца запусцення, неахайнасці і небяспекі?

Жыхары вуліцы Садовай, г. Стоўбцы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *