Супраць небяспечнага віруса

Нумары Пракурорскі нагляд

Абарона Мінскай вобласці ад віруса АЧС – агульная задача органаў дзяржаўнай улады, суб’ектаў гаспадарання і грамадзян.

Пракуратурай Мінскай вобласці арганізаваны нагляд за выкананнем суб’ектамі гаспадарання і грамадзянамі заканадаўства аб барацьбе з вірусам афрыканскай чумы свіней (АЧС).

АЧС – гэта вірусная хвароба дамашніх і дзікіх свіней, якая характарызуецца высокай смяротнасцю. Нягледзячы на  тое, што іншыя віды жывёлы і чалавек на АЧС не хварэюць, вірус можа нанесці  сур’ёзныя эканамічныя страты.

Кіраўнікам суб’ектаў гаспадарання і грамадзянам не трэба забывацца, што ўтрыманне свіней дазволена дзеючым заканадаўствам толькі пры выкананні ўстаноўленых заканадаўствам патрабаванняў і абмежаванняў.

Адным з актаў заканадаўства з’яўляецца пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29.08.2013 № 758 «Аб дадатковых мерах па ліквідацыі і недапушчэнні развіцця афрыканскай чумы свіней і іншых небяспечных захворванняў жывёлы». Згодна з падпунктам 3.4 пункта 3 пастановы № 758 на жывёлагадоўчых аб’ектах, на якіх не можа быць забяспечана выкананне ветэрынарна-санітарных правілаў, утрыманне жывёлы забаронена.

Забараняецца ўтрыманне свіней фізічнымі асобамі ва ўласных падсобных гаспадарках грамадзян, а таксама у сялянскіх (фермерскіх) гаспадарках і індывідуальнымі прадпрымальнікамі ў радыусе не менш за два кіламетры ад свінагадоўчых фермаў і комплексаў праектнай магутнасцю больш за 12 тысяч галоў у год, а таксама ў радыусе не менш за 0,5 кіламетра ад свінагадоўчых фермаў і комплексаў праектнай магутнасцю да 12 тысяч галоў у год.

Канкрэтная тэрыторыя, на якой утрыманне свіней забаронена, вызначаецца ў адпаведнасці з рашэннямі райвыканкамаў па ўзгадненні з галоўнымі дзяржаўнымі ветэрынарнымі інспектарамі раёнаў.

Пракуратура папярэджвае, што ў адпаведнасці з арт. 15.38 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях за парушэнне ветэрынарных, ветэрынарна-санітарных ці заатэхнічных правілаў  накладваецца папярэджванне ці штраф у памеры да 20-ці базавых велічынь. Парушэнне правілаў каранціну ці іншых каранцінных абмежаванняў прыцягвае накладанне штрафу ў памеры ад 20-ці да 50-ці базавых велічынь. Акрамя таго, паводле арт. 284 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь парушэнне ветэрынарных ці заатэхнічных правілаў, якія прыцягнулі па неасцярожнасці развіццё заразных хвароб жывёлы, ці з-за якіх нанесены страты ў вялікім памеры, можа прыцягнуць крымінальную адказнасць па даным артыкуле, санкцыя якой прадугледжвае пакаранне да двух гадоў пазбаўлення волі.

Памятайце, што няведанне закона не вызваляе ад адказнасці.

Павел ВАСЬКО, пракурор аддзела пракуратуры Мінскай вобласці



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *