Повязь

Нумары Спорт

ЮБІЛЕЮ ПРЫСВЯЧАЕЦЦА

У Старасвержанскай сярэдняй школе ёсць шмат традыцый. Адной з такіх традыцый з’яўляюцца велапрабегі, якія прысвячаюцца  знамянальным датам у гісторыі школы і краіны.

Юныя велатурысты ДУА «Старасвержанская сярэдняя школа» (Р. Тамілін, М. Турко, Ю. Цобкала, А. Мазур, А. Лябедзька, Г. Дрозд) разам з настаўнікам фізічнай культуры і здароўя Анатолем Міхайлавічам Галоўкам свой чарговы велапрабег прысвяцілі 150-годдзю адукацыі ў вёсцы Стары Свержань.  На школьным стадыёне адбылося ўрачыстае адкрыццё свята. Настаўнік  аб’явіў маршрут  і правёў інструктаж па  правілах дарожнага руху. Маршрут выбралі цікавы: Стары Свержань –  Сінява – Новы Свержань – Стоўбцы – Заямнае – Залужжа.

Шлях да Новага Свержаня, па якім калісьці, паводле легенды, праязджала Кацярына Вялікая, навяваў думкі аб гісторыі роднага краю. Мы рабілі прыпынкі каля  Успенскай царквы  і Петрапаўлаўскага  касцёла  ў Новым Свержані, каля сабора Святой Ганны і  Касцёла Святога Казіміра ў Стоўбцах.

Плошча Бессмяротнасці, помнік Ф. Э. Дзяржынскаму і помнік загінуўшым жыхарам – ахвярам Халакосту, гістарычныя мясціны вёсак Заямнае і Залужжа – святыя мясціны Стаўбцоўшчыны. Каля гэтых помнікаў у душы кожнага з нас прабуджаліся думкі аб тым, што Радзіма – самае галоўнае ў жыцці кожнага чалавека.

Руслан Тамілін, вучань 11 класа ДУА «Старасвержанская СШ»

 

ВЯНОК ПЕРШЫНСТВА

80-годдзю прафсаюзнага спорту былі прыўрочаны спартыўна-масавыя мерапрыемствы, якія адбыліся ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Аграбудфірма-ПМК-74 – Налібакі» ў Дзераўной.

Стараннямі старшыні раённай арганізацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Галіны Шапецька, дырэктара фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Дзераўное» Сяргея Сахара і дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Аграбудфірма-ПМК-74 – Налібакі» Антона Бурака на працягу двух апошніх тыдняў праводзіцца шэраг мерапрыемстваў. У ліку іх – першынство ДЮСШ па валейболе сярод юнакоў і дзяўчат Налібацкай, Шашкоўскай і Дзераўнянскай школ. Прайшоў таксама традыцыйны турнір па міні-футболе на прызы фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Меліяратар». Зборныя каманды раёна прынялі ўдзел у першынстве раёна па настольным тэнісе. Такое ж першынство праведзена і сярод камандаў калектываў фізічнай культуры. Мужчынскія каманды аграгарадка Дзераўная, гарадскога пасёлка Івянец, філіяла ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы і ветэранаў правялі сустрэчу па міні-футболе.

Зборныя каманды Валожынскай, Стаўбцоўскай, Дзераўнянскай і Дзяржынскай дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ паўдзельнічалі ў адкрытым першынстве ДЮСШ па міні-футболе сярод юнакоў 2000-2002 гадоў нараджэння.

Прыемным сюрпрызам для аматараў спорту стане сустрэча з выхаванкай Дзераўнянскай ДЮСШ, членам зборнай каманды Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы, неаднаразовай пераможцай міжнародных марафонаў Марынай Даманцэвіч.

 

СА СТАЛІЦЫ – З МЕДАЛЯМІ

Навучэнцы дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ Мінска, усіх абласных цэнтраў рэспублікі, многіх раёнаў, а таксама расійскага Бранска прынялі ўдзел у матчавай сустрэчы памяці заслужанага трэнера Беларусі С. Хамчука.

І важкім выглядае поспех у прэстыжных спаборніцтвах выхаванкі Стаўбцоўскай ДЮСШ Карыны Уліч. Вынік, паказаны ёю ў штурханні ядра, стаў другім. Сярэбраны медаль – дастойная ўзнагарода здольнай юнай спартсменкі.

Поспех прынесла нашым лёгкаатлетычным зорачкам выступленне ў адкрытым першынстве ДЮСШАР «Атлет». П’едэстал лаўрэатаў спаборніцтваў у скачках у даўжыню можна назваць амаль поўнасцю стаўбцоўскім. Пераможнае золата тут у Андрэя Ліпніцкага, прызавое серабро – ва Улада Мілашэўскага. Бегавая паўтаракіламетровая дыстанцыя таксама пакарылася дваім нашым рабятам – першым фінішаваў Мацвей Папулін, другім – Глеб Арлоўскі.

Можна сказаць, за крок ад медалёў былі Павел Грыгаровіч, які паказаў добры вынік у кіданні кап’я, а таксама Карына Татэвасян і Віталій Галубок, якія выступалі ў забегу на 1,5 кіламетра. Чацвёртыя месцы ў прэстыжных спаборніцтвах – гэта таксама станоўча.

Плённа працуюць, рыхтуючы юных лёгкаатлетаў, трэнеры Анатоль Турчановіч, Вольга Арлоўская, Дар’я Варывоцкая.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *