Аб аплаце дзяржаўнай пошліны

Нумары Пракурорскі нагляд

image_pdfimage_print

У адпаведнасці з п. 1.4 арт. 249 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь, з наглядных скаргаў на судовыя пастановы, што падаюцца ў органы пракуратуры, бярэцца дзяржаўная пошліна.

Памер дзяржаўнай пошліны вызначаецца згодна з п. 1 дадатку 17 гэтага ж кодэкса – 50 % ад стаўкі, устаноўленай за падачу іску ці іншай заявы, скаргі, а па маёмасных спрэчках – стаўкі, вылічанай зыходзячы з аспрэчанай сумы. Пры гэтым вызваленне ад дзяржаўнай пошліны за падачу іскавых заяў, заяў і скаргаў у суд не выклікае вызвалення ад аплаты дзяржаўнай пошліны за падачу наглядных скаргаў у органы пракуратуры (п. 11 арт. 257 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь).

Заканадаўствам таксама вызначана катэгорыя грамадзян і юрыдычных асоб, якія вызваляюцца ад дзяржаўнай пошліны ў органах пракуратуры. Да іх, у прыватнасці, у адпаведнасці з п. 6 арт. 257 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь адносяцца:

–       істцы за падачу наглядных скаргаў на судовыя пастановы па ісках аб спагнанні аліментаў; за падачу скаргаў па справах аб спагнанні расходаў, затрачаных на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні;

– грамадзяне па індывідуальных працоўных спрэчках; па пытаннях, звязаных з аховай правоў уласнасці ці іншых рэчавых правоў пры адбіранні зямельных участкаў для дзяржаўных патрэб і зносе аб’ектаў нерухомай маёмасці; інваліды і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, інваліды баявых дзенняў на тэрыторыі іншых дзяржаў – з наглядных скаргаў на судовыя пастановы па іскавых заявах немаёмаснага характару;

– грамадзяне і арганізацыі – за падачу наглядных скаргаў на судовыя пастановы па справах, звязаных з заключэннем, выкананнем ці спыненнем дагавораў стварэння аб’ектаў долевага жыллёвага будаўніцтва;

– бакі – з наглядных скаргаў на судовыя пастановы па спрэчках, звязаных са страхаваннем і дзяржаўным рэгуляваннем страхавой дзейнасці, а таксама за выдачу копій дакументаў па такіх спрэчках;

– асобы, якія падалі скаргі на вызначэнні суда аб спыненні вытворчасці па справе (за выключэннем выпадкаў спынення вытворчасці па справе ў сувязі з зацвярджэннем міравога пагаднення, абскарджання касацыйных і наглядных вызначэнняў па такіх справах) ці аб пакіданні яго без разгляду, заявы аб адтэрміноўцы ці растэрміноўцы выканання рашэння, аб змяненні спосабу і парадку выканання рашэння, аб забеспячэнні іску ці аб замене аднаго віду забеспячэння іншым, аб пераглядзе рашэння, вызначэння ці пастановы суда па абставінах, якія зноў адкрыліся, і інш.

Арыгінал квітанцыі аб аплаце дзяржпошліны за падачу нагляднай скаргі павінен быць прыкладзены да скаргі. Скарга, за якую не заплачана ці не поўнасцю заплачана дзяржаўная пошліна, пададзеная ў органы пракуратуры, вяртаецца асобе, якая яе падала.

Святлана МАНДРЫКАВА, пракурор аддзела пракуратуры Мінскай вобласці



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *