Сустрэчы

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

ВЫРАШАЦЬ ПРАБЛЕМЫ СУПОЛЬНА

На Стаўбцоўшчыне стала добрай традыцыяй 3-га снежня, у Міжнародны дзень інвалідаў, ладзіць сустрэчу людзей з абмежаванымі магчымасцямі  і прадстаўнікоў органаў мясцовай улады, арганізацый і прадпрыемстваў. Такія нефармальныя зносіны даюць магчымасць вырашаць набалелыя праблемы, заставацца моцнымі і патрэбнымі адзін аднаму.  

Звычайная падтрымка, спагадлівае слова, паважлівыя адносіны – гэта тыя сродкі, неабходнасць і запатрабаванасць якіх можна паставіць на адзін узровень з дзяржаўнымі праграмамі па сацыяльнай абароне і падтрымцы людзей з інваліднасцю. Іх у раёне пражывае крыху больш за тры тысячы чалавек, у тым ліку 478 інвалідаў І групы, 125 дзяцей-інвалідаў, 92 інваліды ва ўзросце да 31 года, 175 інвалідаў-калясачнікаў ва ўзросце 18 гадоў і старэйшых.

Між іншым, 22 маладыя чалавекі самастойна наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў, якое працуе ў Стаўбцоўскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (яшчэ чатырох, з парушэннямі апорна-рухальнага апарата, спецыялісты аддзялення наведваюць дома). І плён гэтага змаглі ўбачыць усе ўдзельнікі сустрэчы – хаця б па той цудоўнай выстаўцы творчых работ, аўтарскіх і калектыўных, якія былі прадстаўлены для агляду ў фае раённага Цэнтра культуры.

Як адзначыла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Лапко, апошнім часам у грамадства змяніліся адносіны да інвалідаў, але адной з важнейшых праблем застаецца забеспячэнне доступу гэтым людзям у сацыяльныя, культурныя і іншыя ўстановы. Сітуацыя з безбар’ерным асяроддзем паступова мяняецца да лепшага, але не так хутка, як таго патрабуе жыццё.

Сярод падзвіжак можна назваць і супрацоўніцтва з грамадскай дабрачыннай арганізацыяй «Беларускі дзіцячы хоспіс», дзе летам 2015 года атрымалі аздараўленне ў лагеры «Аист» (вёска Заброддзе) дзіця-інвалід і дзесяць маладых інвалідаў раёна. Тэрытарыяльным цэнтрам асвоена новая паслуга – сацыяльная перадышка, якую ўжо скарысталі тры сям’і, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды. Надомным абслугоўваннем ахоплена 146 састарэлых жыхароў раёна, якія маюць І-ІІ групу інваліднасці. Праведзена работа па змяшчэнні ў дамы-інтэрнаты васьмі адзінокіх пажылых інвалідаў.        

Дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра Святлана Блашко звярнула ўвагу і на іншыя віды дапамогі, прадугледжаныя для людзей з інваліднасцю. Гэта дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога ў выглядзе кампенсацыі выдаткаў на набыццё падгузнікаў, забеспячэнне тэхнічнымі сродкамі рэабілітацыі, выдзяленне сродкаў на рамонт пячнога ацяплення і электраправодкі, аказанне гуманітарнай і псіхалагічнай дапамогі і т. п.

Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Жыбуль выйшла на сцэну з ганаровай місіяй – уручыць падзячнае пісьмо Міхаілу Мазуру  за праведзеную вялікую грамадскую работу сярод інвалідаў раёна (больш за 20 гадоў ён узначальваў раённае таварыства інвалідаў і на працягу 10 гадоў – раённую арганізацыю Беларускай асацыяцыі інвалідаў вайны) і актыўную жыццёвую пазіцыю. Узнагароджаны, між іншым, застаецца ў страі і сёння – як член раённай арганізацыі інвалідаў, а таксама член Цэнтральнага праўлення Беларускага таварыства інвалідаў. Да грамадскай работы Міхаіл Мазур ставіцца вельмі адказна, канкрэтна.

У гэтым годзе арганізацыю інвалідаў раёна ўзначаліла Зінаіда Катлашэўская. Старшыня і актыў арганізацыі (ён паступова абнаўляецца) падтрымліваюць у сваёй дзейнасці па сацыялізацыі і інтэграцыі інвалідаў у грамадства, аказанні ім дапамогі і падтрымкі, традыцыі цеснага ўзаемадзеяння з органамі ўлады, рэлігійнымі і іншымі грамадскімі арганізацыямі. На іх просьбы адгукаюцца і прадпрыемствы, арганізацыі раёна. Усім ім Зінаіда Катлашэўская выказала ўдзячнасць ад імя 300  членаў арганізацыі  і заклікала ўступаць у яе рады іншых. Офіс арганізацыі знаходзіцца ў Стоўбцах па вуліцы Сацыялістычнай, 38, прыём грамадзян ажыццяўляецца па серадах з 10 да 14 гадзін.

Падчас сустрэчы былі зададзены пытанні, якія хвалююць людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Да прыкладу, аказанне матэрыяльнай дапамогі сям’і інваліда І групы па зроку, спілоўванне на старых гарадскіх могілках аварыйных дрэў. Закранута пытанне аб неабходнасці з’яўлення ў нашым раёне сацыяльнага таксі.       

Артысты раённага Цэнтра культуры падрыхтавалі для ўдзельнікаў сустрэчы канцэрт.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

РАЗАМ ЗРОБІМ БОЛЬШ

У адпаведнасці са статутам Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў праз кожныя пяць гадоў праводзіць справаздачы і выбары. Ва ўсёй структуры зверху да нізу падводзяцца вынікі дзейнасці за мінулы перыяд. Кіраўнікі ўсіх структурных падраздзяленняў, пачынаючы ад пярвічных арганізацый на месцах і да рэспубліканскага ўзроўню, абавязаны прааналізаваць змест праведзенай работы па ўсіх напрамках, акрэсліць задачы на будучае.

Нягледзячы на грамадскі характар дзейнасці, дэмакратычнае ўладкаванне ветэранскай арганізацыі дазваляе істотна ўплываць на змест работы і адказнасць яе кіраўнікоў. Безыніцыятыўных, абыякавых, тых, хто выпадкова трапіў у кіруючае звяно ветэранскіх арганізацый, статут дае права замяніць раней пяцігадовага тэрміну.

На жаль, здараліся выпадкі, калі асоб, якія ніяк не праявілі сябе ў грамадскай рабоце, даверліва выбіралі. А неўзабаве пасля выбрання, калі сустракалі нават неістотныя цяжкасці, яны кідалі давераную справу. Так не павінна быць. Грамадскай рабоце не патрэбен кар’ерызм, хаця ён яшчэ сустракаецца.

У Стаўбцоўскай раённай ветэранскай арганізацыі цяпер пераважна тэрытарыяльны характар фарміравання пярвічак. Адна пярвічка на ўвесь сельсавет. Прэзідыум раённага савета ў перадвыбарны перыяд прадугледзеў неабходныя змяненні ў структурнай пабудове раённай арганізацыі.

Пасля рэарганізацыі тэрыторый сельсаветаў некаторыя ААТ знаходзяцца за пяць-дзесяць і больш кіламетраў ад цэнтральнага аграгарадка, у якім размешчаны выканкам. Значна аддалены і вёскі, дзе таксама жывуць ветэраны.

Усяго па раёне сёння 704 адзінока пражываючыя чалавекі, у тым ліку 602 пенсіянеры жывуць у сельскай мясцовасці. Цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання ахоплены толькі 192 чалавекі, якія адзінока пражываюць у горадзе і на сяле. Таму і мы імкнёмся  павялічыць колькасць пярвічных арганізацый у сельскай мясцовасці, каб як можна больш дапамагаць адзінокім людзям.

Па абноўленай структуры пярвічная тэрытарыяльная ветэранская арганізацыя сельсавета, як і раней, застаецца. У аддаленых гаспадарках будуць дадаткова  створаны пярвічныя агранізацыі, што поўнасцю адпавядае статуту БГАВ і інтарэсам ветэранаў, якія там пражываюць.

За апошнія гады дрэнная практыка склалася па горадзе Стоўбцы. На большасці гарадскіх прадпрыемстваў ветэранскія арганізацыі адсутнічаюць, нават ніколі не ствараліся. Пытанне: няўжо яны не патрэбны? Як на такіх прадпрыемствах адміністрацыя размаўляе з былымі работнікамі? Выходзіць, ніяк. Ёсць прыклады, калі нават забываюць пра былых работнікаў прадпрыемстваў.

Нам часам гавораць, што зносіны ажыццяўляюць наяўныя прафсаюзныя арганізацыі. Але так далёка не ўсюды. І мы ўдзячны кіраўнікам такіх арганізацый, прафсаюзным актывістам за іх клопат. І хіба дрэнна, калі сувязь з былымі работнікамі адміністрацыя будзе падтрымліваць праз пярвічную ветэранскую арганізацыю.

У становішчы, якое склалася, ёсць і віна раённага савета ветэранаў. Не здолелі стварыць і наладзіць работу пярвічных арганізацый на прадпрыемствах горада. Цяпер жа вырашана, што пралікі мінулых гадоў будзем выпраўляць на гэтых выбарах.

Райвыканкам падтрымаў нашу лінію на стварэнне ў ходзе справаздач і выбараў 2015-2016 гадоў пярвічных арганізацый пры прадпрыемствах і арганізацыях горада. Былі падрыхтаваны і раздадзены ўсім статут БГАВ, метадычныя рэкамендацыі і ўзоры пратаколаў сходаў, якія павінны быць праведзены да 30 снежня 2015 года.

Так, сход пярвічнай ветэранскай арганізацыі Новага Свержаня адбыўся 22 лістапада. У Доме культуры было шматлюдна. Быў заслуханы даклад аб праведзенай рабоце і задачах на будучае. Абнавіўся састаў савета ветэранаў, выбраны дэлегаты на раённую канферэнцыю. Пасля сходу ветэраны змаглі звярнуцца са сваімі пытаннямі да старшыні Навасвержанскага сельвыканкама А. Я. Богдана, які даваў дэталёвыя адказы,  штосьці браў на заметку.

Адна з галоўных задач у справаздачна-выбарнай рабоце – дабіцца павышэння актыўнасці правядзення сходаў. Пасля завяршэння справаздач і выбараў будуць праведзены вучэбныя семінары з усімі выбранымі старшынямі пярвічных арганізацый раёна.

Адзінае патрабаванне статута БГАВ для стварэння пярвічнай арганізацыі – гэта наяўнасць на прадпрыемстве ці ў арганізацыі, у спісе работнікаў, якія пайшлі на пенсію, дзесяці ветэранаў. Паважаныя ветэраны, адкрыйце сваё пенсіённае пасведчанне. Калі ў ім стаіць  штамп «Ветэран працы», значыць вы маеце права быць у арганізацыі з усімі правамі і абавязкамі. Іменна на вашу дапамогу і актыўны ўдзел могуць разлічваць створаныя і дзеючыя пярвічныя ветэранскія арганізацыі ў вырашэнні шматлікіх праблем вашага жыцця.

Не застануцца ўбаку і раённы савет ветэранаў, яго прэзідыум, у складзе якога дасведчаныя, вопытныя людзі, за спінай якіх дзясяткі гадоў працы, у некаторых і на кіраўніцкіх пасадах. У далейшы перыяд пасля правядзення справаздач раённая ветэранская арганізацыя сканцэнтруе сваю ўвагу на патрыятычным выхаванні моладзі, на замацаванні ў жыцці грамадства гістарычнай памяці барацьбы за незалежнасць, каб дастойна працягваліся традыцыі беларускага народа.

Адной з рэальных задач стане ўдзел сумесна з дзяржаўнымі органамі і грамадскімі аб’яднаннямі ў падтрыманні дастойнага выгляду і стану помнікаў загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Піянеры і школьнікі павінны з дзяцінства ведаць аб самаадданых героях, якія адстаялі мір і свабоду. Іх імёны будуць насіць піянерскія атрады і дружыны школ раёна. Не будуць забыты і працоўныя пакаленні пасляваенных гадоў, якія паднялі з разрухі і аднаваілі прадпрыемствы, калгасы.

Усё пералічанае – гэта  асноўныя напрамкі дзейнасці раённай ветэранскай арганізацыі. Выканаць важныя планы па  сіле арганізацыі, што складаецца з ветэранаў, якія сумленна, у памяць аб сваіх бацьках, аб тых хто загінуў за наш мірны дзень, будуць працаваць на карысць грамадству.

Аляксей ПАЛЯНСКІ, намеснік старшыні раённага савета ветэранаў

 

АНТОН АГОРНУТЫ ЎВАГАЙ

Хачу падзяліцца нашай радасцю – Беларускі хоспіс даставіў для Антона  апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх нямецкай вытворчасці. Апарат перададзены нам на ўмове самастойнага яго абслугоўвання. Апаратура перыядычна мае патрэбу замены расходных матэрыялаў. Напрыклад, шланг патрэбна мяняць не радзей як раз у месяц, гэта патрабуе выдаткаў у памеры каля 100 долараў. Таму мне хочацца выказаць вялікую ўдзячнасць прадпрыемствам і арганізацыям раёна, прыватным асобам, сем’ям, арганізатарам і ўдзельнікам дабрачыннага канцэрта зорак беларускай эстрады, якія зрабілі свае ахвяраванні для Антона. Сабраныя сродкі будуць выкарыстоўвацца для абслугоўвання апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. Нашаму Антону цяпер шаснаццаць гадоў. Дзякуючы падтрымцы жыхароў раёна і іншых дабрачынцаў юнак, з дня атрымання інваліднасці, можа жыць, развівацца інтэлектуальна, наколькі дазваляюць яму яго магчымасці. Без вашай дапамогі, фінансавай падтрымкі нашай сям’і не справіцца б з гэтай праблемай. Сардэчна дзякую таксама ксяндзу Дзераўнянскага касцёла Сяргею Лянгу. Па яго благаславенні парафіяне касцёла таксама сабралі сродкі для падтрымкі Антона. Сама я родам з Дзераўной, таму такая ўвага аднавяскоўцаў, родных мне людзей вельмі дарагая.

У гэтыя святыя дні ражджэственскага посту справы міласэрнасці абагачаюць кожнага чалавека. Нізкі паклон вам, дарагія людзі! Няхай Бог беражэ вашы сем’і, вашы дамы. Міласці вам Божай і Яго ласкі.

Алена БАНДАРОВІЧ, г. Стоўбцы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *