Надзеі, дабрыні, сяброўства, згоды…

Адукацыя Нумары Тэма тыдня

150-гадовы юбілей адукацыі ў мясцовасці адзначыла ў снежні Старасвержанская сярэдняя школа.

Былі разасланы запрашэнні выспускнікам розных гадоў. У стапяцідзесяцігадовай гісторыі школы 75 гадоў складае эпоха адукацыі ў цяперашнім будынку, які быў пабудаваны ў даваенным 1940-м годзе. За гэты час навучальная ўстанова выпусціла 1571 вучня (66 выпускаў), з іх 67 залатых і 36 сярэбраных медалістаў. Школа ганарыцца выпускнікамі, якія дасягнулі вышынь у сваёй прафесійнай дзейнасці, такімі як кандыдат медыцынскіх навук Віктар Кобрык, кандыдаты філалагічных навук Яўген Камароўскі, Вольга Шэлег, кандыдат гістарычных навук Леанід Жылуновіч, кандыдат біялагічных навук Анастасія Сідарэнка, кандыдат матэматычных навук, прафесар, лаўрэат прэміі імя В. А. Капцюга Генадзь Макавецкі, кандыдаты хімічных навук Тамара Пяткевіч, Міхаіл Макавецкі, прафесар, доктар тэхнічных навук Аляксей Вершын, прафесар Сямён Кручак, дацэнты Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта Ігнат Давідоўскі, Тэрэза Астроўская. Былі ўспомнены на святочным вечары і іншыя выпускнікі – Аляксандр Турко, мясцовы краязнаўца, Іван Янкоўскі, як заснавальнік духавога аркестра школы, Іван Шавель, настаўнік, стваральнік школьнага музея, пачынальнік вялікай сямейнай дынастыі педагогаў, Ірына Пархімовіч, сабіральніца гісторыі, Генадзь Пяткевіч, ганаровы энергетык Рэспублікі Беларусь, Уладзімір Філатаў, падпалкоўнік Міністэрства ўнутраных спраў, Часлаў Астроўскі, дырэктар фірмы»Аграінвест», Сяргей Турко, генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук па бульбаводстве, Аляксандр Сцепанюк, генеральны дырэктар інтэлектуальна-транспартнай будаўнічай кампаніі «Рукон», Марына Таяноўская, старшыня Старасвержанскага сельвыканкама, Віктар Качановіч, дырэктар Аграпрамэнерга і многія іншыя. За спонсарскую падтрымку адзначаны выпускнікі гэтай школы: былы старшыня ААТ Агранёманскі» Іосіф Меляшкевіч, дырэктар «Мерыдыян-сэрвіс» Алена Атрушкевіч і іншыя. Добрыя традыцыі працягвае цяперашні кіраўнік ААТ «Агранёманскі» Уладзімір Жукаў. Адметна, што 18 выпускнікоў працуюць педагогамі ва ўстановах адукацыі нашага раёна, больш за 30 – на філіяле «Кіруючая кампанія холдынку ААТ «Мінскі маторны завод», большую частку працаўнікоў складаюць мясцовыя людзі ў ААТ «Агранёманскі». Гэты спіс можна падаўжаць і падаўжаць.

Цэнтральнай фігурай цяперашняга калектыву школы з’яўляецца выпускніца Старасвержанскай СШ, яе дырэктар Ніна Аляшкевіч. У сваім прывітальным слове да гасцей свята душэўная, вельмі адказная, нераўнадушная да самаахвярнасці Ніна Іванаўна пастаралася не ўпусціць нікога з ветэранаў адукацыі, дырэктараў навучальнай установы, сказаць пра іх добрае ўдзячнае слова. Некаторыя з іх, як Казімір Сідаровіч, прысутнічалі на свяце. Казімір Казіміравіч выказаў свае сардэчныя адносіны да гэтай навучальнай установы, у якую ён, як цяпер і Ніна Іванаўна, уклаў сваё сэрца, прафесіяналізм, інавацыйныя падыходы.

Ад імя бацькоўскай грамадскасці слова меў шматдзетны бацька Іван Заяц, таксама выпускнік гэтай школы, дабрачынец роднай школы.

Павіншаваць навучальную ўстанову прыехалі ветэраны педагагічный дзейнасці, былыя супрацоўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, у ліку іх і выпускніца гэтай школы Ганна Галяновіч.

Уладзімір Стома быў на трыбуне і за сябе, і за свайго бацьку, былога дырэктара гэтай навучальнай установы, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Сямёна Стому, які па стане здароўя і ў сваім шаноўным узросце не можа ўжо прысутнічаць на такіх мерапрыемствах. На сцэну выходзілі выпускнікі многіх гадоў. Як Сямён Касабуцкі, які жыве цяпер у Маладзечне, дзе працаваў старшынёю райвыканкама.

Настальгічны настрой па школьных гадах прафесара Сямёна Кручака перадаўся ўсім прысутным у зале.

З віншавальным словам на сцэну падняліся кіраўнік нямецкага дабрачыннага фонду доктар Ханс Мёрс і кіраўнік Беларускага аддзялення гэтага фонду Зінаіда Катлашэўская, выпускніца Старасвержанскай СШ. Фонд, які на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў ажыццяўляў дабрачынную дзейнасць у нашай краіне і адзначаны ўзнагародай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, меў асаблівы клопат пра Старасвержанскую школу.

Адметнасці  навучальнай установы ў інавацыйнай дзейнасці адзначыла з трыбуны начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Людміла Стонька. Рэалізуецца абласны педагагічны праект «Духоўна-маральнае выхаванне школьнікаў на хрысціянскіх традыцыях «Край, у якім жывём», раённы педагагічны праект «Актыўныя метады навучання. Методыка. Актыўная ацэнка». Школа тройчы выходзіла пераможцай абласнога спаборніцтва сярод сельскіх устаноў адукацыі па розных накірунках дзейнасці.

Упраўленне адукацыі Мінаблвыканкама прадстаўляла на свяце намеснік начальніка аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы Таццяна Цвірка. Для Таццяны Анатольеўны  Старасвержанская школа – таксама родная. У сваім выступленні яна выказала любоў, сардэчнасць і ўдзячнасць навучальнай установе за пуцёўку ў жыццё, якую яна ёй дала. Таццяна Цвірка выканала прыемную місію – уручыла грамату абласнога ўпраўлення настаўніку фізкультуры  Анатолю Галаўко. Падзякай райвыканкама ўзнагароджана намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Людміла Вайдзілевіч, кіраўнік многіх вучнёўскіх праектаў, якія адзначаны лаўрэацкімі дыпломамі на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах.

Ад імя раённага выканаўчага камітэта калектыў павіншавала намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі С. А. Жыбуль.

Характэрна для навучальнай установы работа мастацкіх студый і калектываў. Удзельнікі іх сваё майстэрства паказалі ў прыгожых мастацкіх вырабах, якія сталі памятнымі сувенірамі аб гэтым юбілеі для ўсіх запрошаных на ўрачыстасць, і канцэртнымі нумарамі салістаў Паўла Барана і Надзеі Рыцько, лаўрэатаў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў,  а таксама іншых салістаў і калектываў. Кіраўнікі Старасвержанскай дзіцячай школы мастацтваў і Старасвержанскага Цэнтра культуры Таццяна Курмышава і Валерый Пугач адзначылі выдатную еднасць усіх трох устаноў па развіцці талентаў і задаткаў вучняў. Гэтаму супрацоўніцтву і надалей развівацца і працвітаць.

Колькі падрыхтоўчай работы было выканана да правядзення юбілею, паказалі і інфармацыйныя праспекты, у якіх адзначаны вехі гісторыі школы (яна пачынала свой адлік у 1865 годзе з дейнасці царкоўнага вучылішча). Адметнай старонкай гісторыі школы з’яўляецца ваенны час, калі ў будынку размяшчаліся нямецкія казармы, а дырэктар школы Іосіф Сульжынскі загінуў ад рук нямецка-фашысціх захопнікаў. Інфармацыйныя матэрыялы далі звесткі аб кіраўніках навучальнай установы, ветэранах-педагогах. Усё гэта патрабавала збору архіўных дакументаў. У відэаслайдах былі скарыстаны сямейныя і іншыя гістарычныя фотаздымкі рознага часу, якія ўяляюць цяпер вялікую каштоўнасць. Навучальная ўстанова выпусціла нават школьны каляндар на наступны год з акцэнтамі на важныя даты школьнага жыцця.

Няхай юбілей стане адлікам новага этапу развіцця навучальнай установы, а школа, якая мае свой твар, свой адметны воблік, сваю слаўную гісторыю, і надалей не бяднее на таленты.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *