Будзем уважлівымі

Ахова правапарадку Нумары

МАХЛЯРКА З «ЧЫРВОНАГА КРЫЖА»

Дэнамінацыя грашовых сродкаў у нашай краіне прызначана на 1 ліпеня 2016 года, але ўжо з’явіліся першыя факты махлярства, звязаныя з гэтай фінансавай аперацыяй.

Як правіла, на прапанову махляроў памяняць старыя грошы на новыя «купляюцца» даверлівыя пажылыя людзі. Падобныя факты зафіксаваны з 86-гадовай жыхаркай Пінскага раёна, да якой у дом зайшлі дзве жанчыны, прадставіліся сацыяльнымі работнікамі і папрасілі перапісаць нумары грашовых купюр нібыта для далейшага абмену, а таксама з мужам і жонкай з Лунінецкага раёна, у якіх маладая афярыстка забрала грошы для абмену. Апошнюю, праўда, затрымалі ў той жа дзень.

Нячыстыя на руку грамадзяне прымяняюць у адносінах да пажылых самыя розныя спосабы махлярства. Так, 13 кастрычніка ў вячэрні час у райаддзел міліцыі паступіла паведамленне ад адзінока пражываючай жыхаркі Хатавы, 1933 года нараджэння, аб тым, што ў яе ўкралі грошы. Было ўстаноўлена, што а 16 гадзіне ў акно яе дома пастукала невядомая дзяўчына, якая прадставілася работніцай Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Калі бабуля адкрыла дзверы, тая патлумачыла, што робіць абход пажылых адзінокіх людзей, запісвае іх анкетныя даныя, каб у далейшым аказваць ім дапамогу. Падчас запісу анкетных даных «візіцёрка» пастаянна падтрымлівала з гаспадыняй размову і гучна кашляла. Гаспадыня чула ў доме староннія гукі, але на той момант не надала ім значэння. Калі незнаёмка пакінула хату, бабуля вырашыла праверыць свае зберажэнні і высветліла, што іх ужо няма…

Відавочна, што, пакуль адна махлярка адцягвала ўвагу бабулі расказам пра гуманітарную місію Чырвонага Крыжа, другая, непрыкметна прамільгнуўшы ў хату праз пакінутыя незачыненымі дзверы, арудавала ў пошуку грошай. Раскрываць гэтыя і іншыя злачынствы ў адносінах да пажылых грамадзян бывае няпроста, таму што большасць пацярпелых з-за свайго ўзросту не могуць дакладна апісаць знешнасць злачынцы, скласці яго партрэт ці пазнаць.

За 10 месяцаў бягучага года на тэрыторыі раёна зарэгістравана 76 злачынстваў у адносінах да пажылых і састарэлых грамадзян. 20 з іх учынены ў Стоўбцах, усе астатнія – у сельскай мясцовасці (12 – у Шашкоўскім сельсавеце, 11 – у  Заямнаўскім, па 7 – у Літвенскім, Рубяжэвіцкім і Старасвержанскім). Сярод зарэгістраваных злачынстваў пераважаюць крадзяжы.

З мэтай папярэджання супрацьпраўных дзеянняў у адносінах да пажылых грамадзян з 1 па 4 снежня ў раёне праводзіліся спецыяльныя комплексныя мерапрыемствы – «Увага: узрост».

Каб не стаць лёгкай ахвярай злачынцы, раім не захоўваць грашовыя сродкі, асабліва буйныя сумы, дома, у даступных для старонніх асоб месцах, і не адчыняць дзверы незнаёмым, хаця яны і прадстаўляюцца супрацоўнікамі розных сацыяльных службаў, а таксама асобам цыганскай нацыянальнасці. Не трэба саромецца папрасіць у іх дакументы і пазваніць у службу, супрацоўнікамі якой яны прадстаўляюцца, каб запытаць пра гэтага «наведвальніка», пазваць суседзяў. Калі нехта незнаёмы зайшоў у ваш дом, неабходна закрыць дзверы і пастаянна знаходзіцца ў тым месцы, дзе захоўваюцца грошы, запатрабаваць ад яго пасведчанне і прапанаваць звязацца з міліцыяй па тэл. 102 для пацвярджэння правамоцнасці яго дзеянняў.

Звяртаю ўвагу, што пры паступленні кожнага такога паведамлення да пенсіянера па месцы яго жыхарства накіроўваецца нарад міліцыі з мэтай праверкі візіцёраў.

У выпадку, калі вы сталі ахвярай ці сведкам дамашняга насілля, звяртайцеся да псіхолагаў тэрытарыяльнага цэнтра (тэл. 5-54-99), па тэлефоне агульнанацыянальнай гарачай лініі – 8-801-100-8-801 або па тэлефонах райаддзела міліцыі – 5-19-15, 5-01-72 ці 102.

Юлія БЕЛАВУСАВА, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі райаддзела міліцыі                         

 

«БЯСПЕКА» НА ЧЫГУНЦЫ

За 11 месяцаў бягучага года на тэрыторыі Мінскай вобласці зарэгістраваны 57 няшчасных выпадкаў з людзьмі на чыгунцы, у выніку якіх 34 чалавекі загінулі і 14 – траўміраваны. Сярод траўміраваных – 16 грамадзян пенсіённага ўзросту.

Асноўныя прычыны няшчасных выпадкаў на чыгунцы – пераход чыгуначных пуцей або знаходжанне на іх у забароненых месцах, перад блізка ідучым поездам, чаканне на краі платформы, падлажванне пад вагоны, якія стаяць на пуці, праезд на счэпцы або парэнчах вагона. Нярэдка гэтыя парушэнні ўчыняюць людзі ў стане алкагольнага ап’янення. У сувязі з гэтым з 8 па 12 снежня на ўчастку абслугоўвання Мінскага аддзела ўнутраных спраў на транспарце праводзіцца спецыяльны комплекс мерапрыемстваў – «Бяспека». Будзьце ўважлівымі і захоўвайце правілы бяспекі!   

Андрэй КАРПОВІЧ, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Мінскага АУС на транспарце



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *