Паўтарыцца ў пакаленнях

Нумары Соцыум

Прыгожая і адметная з’ява ў любой сферы дзейнасці – сямейныя дынастыі. Вопыт перадаецца, памнажаецца глыбіннымі ніткамі, наследуецца самае лепшае з напрацаванага папярэднікамі. На гэтым здымку два ўрачы – маці і сын Марыя Міхайлаўна і Аляксандр Ярмакі. Яны аддаюць сілы сваёй душы і прафесіяналізм цэнтральнай раённай бальніцы. Марыя Міхайлаўна без нацяжкі магла б быць героем нарыса не толькі як пачынальніца сямейнай дынастыі, але і як урач з таго пакалення медыкаў, калі рэпутацыя доктара высока цанілася, урач меў вагу ў грамадстве, з пашанай успрымаўся як інтэлігент. У сваю чаргу і ўрач адказваў на такія чаканні клопатам пра свой аўтарытэт, захаваннем бездакорнай медыцынскай этыкі і дасягненнем прафесійных вышынь. Марыя Ярмак – дастойны прадстаўнік той кагорты ўрачоў цэнтральнай раённай бальніцы, стаж работы якіх складае дзесягоддзі, у некаторых падбіраецца пад 50 гадоў. Моцныя фігуры, асобы, гэтыя самаахвярныя людзі, збіраючы ўсе свае ўнутраныя сілы і каштоўны прафесійны багаж, працягваюць служыць хворым, а па вялікім рахунку – служыць Богу сваімі талентамі.

Марыі хацелася быць настаўніцай, але маці параіла ёй ісці ў медыцыну. Пасля дзевяці класаў яна паспяхова вытрымала экзамены ў Баранавіцкае медыцынскае вучылішча. Размеркаванне было саюзнае. Восем дзяўчат, у ліку іх і Марыя, далі згоду ляцець на Калыму. Пасля 12-гадзіннага пералёту яны аказаліся на суровай паўночнай зямлі. Бязвыезна дзяўчаты адпрацавалі там тры гады. Для Марыі Міхайлаўны гэта была не толькі школа першых прафесійных навыкаў (яна працавала ў дзіцячым аддзяленні), але і школа жыцця. Нават назва пасёлка – Лагерны – сведчыла аб трагічных момантах гісторыі краіны. Як і могілкі для асуджаных без помнікаў. Ды і сярод супрацоўнікаў бальніцы былі былыя асуджаныя, як адна з санітарачак. Яна жыла на Калыме без права выезду на мацярык. А асуджана была за тое, што з прадпрыемства, дзе працавала, вынесла для вялікай сям’і падчас голаду жменю каласкоў. З вышыні пражытых гадоў Марыя Ярмак усведамляе, што гэтыя гады працоўнай біяграфіі не прайшлі дарэмна для яе, сфарміравалі характар, а галоўнае – стаўленне да людзей, што так важна для ўрача, які закліканы захаваць высокі ўзровень адносін да хворага чалавека.

Сумленна адпрацаваўшы па размеркаванні, Марыя заслужыла паўгода водпуску і адправілася адпачываць на мора. Вярнуўшыся дамоў, уладкавалася на працу медсястрой у сваім Гарадзішчы. Мела намер вучыцца далей. У медыцынскі паступіла не з першага разу. І гэта таксама загартавала ў ёй выдатныя якасці – настойлівасць, напорыстасць, уменне дабіцца свайго ўласнымі сіламі пры вялікай працавітасці і адказнасці. Размеркаванне ў Гродзенскім медыцынскім універсітэце паслала яе на нашу стаўбцоўскую зямлю. Малады ўрач прыняла прапанову ўпраўлення аховы здароўя Мінаблвыканкама паехаць на працу ў сельскую ўчастковую амбулаторыю ў Вішнявец. Яе папярэдзілі, што бальніца недабудаваная, аднак што такі аб’ём работы прыйдзецца адужаць – яна ніяк не чакала. Стаялі толькі сцены. Часова ўчастковая амбулаторыя мясцілася ў будынку за некалькі кіламетраў ад вёскі. Гэты час ужо ў разрадзе даўняй гісторыі. Марыі Міхайлаўне і самой цікава ўспамінаць, што ў яе распараджэнні быў гужавы транспарт – конь. Быў у штаце конюх. Аднак упраўляцца з канём умелі і самі медработнікі, як медсястра Алена Рамановіч, аб якой у Марыі Міхайлаўны добрая памяць. Снежныя суровыя зімы 70-х не раз стваралі экстрэмальныя сітуацыі. Яна з удзячнасцю гаворыць аб простых вясковых людзях, аб сваіх медыцынскіх буднях. Да абеду вялі прыём у амбулаторыі, а пасля абеду аб’язджалі на коннай павозцы хворых, праводзілі патранаж маленькіх дзяцей.

Гэты час дазволіў ёй сфарміравацца і ў якасці кіраўніка. Маладая доктар адразу ж уключылася ў справу будаўніцтва амбулаторыі, паралельна сумяшчаючы абавязкі практыкуючага ўрача, абслугоўвала насельніцтва Вішнявецкага сельсавета. У будаўніцтве яна мала што разумела, але з галавою акунулася ў гэтую нялёгкую справу. З вялікай удзячнасцю яна гаворыць пра тадышняга старшыню мясцовага калгаса Анатолія Макарчука, які вельмі прыязна ставіўся да сферы аховы здароўя і дапамагаў доктару ў няпростых яе клопатах прараба. Разам яны давялі будаўніцтва да канца. Былі закуплены новыя мэбля і медыцынскае абсталяванне. Загадчыца ўрачэбнай амбулаторыі атрымала кватэру ў памяшканні бальніцы. Прайшоўшы гэты шлях, адпрацаваўшы каля пяці гадоў, Марыя Міхайлаўна адчула, што ёй цесна ў сценах гэтай установы, хацелася далейшага развіцця. А тут здараюцца такія абставіны: пайшоў з жыцця начмед раённай бальніцы Барыс Самахвалаў. Дарэчы, сын яго, вопытны ўрач-артапед стаматалагічнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы Міхаіл Самахвалаў таксама дастойна працягвае сямейную справу бацькоў-урачоў. Марыя Міхайлаўна прыняла прапанову ўпраўлення аховы здароўя заняць пасаду намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай частцы. Адпрацавала больш за шэсць гадоў. Як і аб перыядзе вішнявецкім, так і аб гэтым, у яе засталіся светлыя ўспаміны. Яна з удзячнасцю гаворыць пра калег-урачоў, спецыялістаў сярэдняга і малодшага медыцынскага персаналу, якія мелі высокую дысцыпліну, паспявалі да чатырох гадзін дня прыняць усіх хворых. І гэта пры тым, што колькасць насельніцтва раёна была значна большай. Як урач з вялікім стажам работы Марыя Міхайлаўна ва ўнісон іншым сваім калегам канстатуе, што цяпер вельмі ўскладнілася работа медыкаў – колькасць насельніцтва змяншаецца, а патрэба ў медыцынскім абслугоўванні павялічваецца. На плечы медыкаў кладуцца і сацыяльныя хваробы.

Асабістым рашэннем Марыі Міхайлаўны было пакінуць пасаду начмеда, яна стала працаваць урачом тэрапеўтычнага аддзялення, па сваёй спецыяльнасці.

Апошнія дзесяць гадоў Марыя Ярмак выконвае абавязкі ўрача прыёмнага аддзялення. Для яе гэта немалая нагрузка. У прыёмнае аддзяленне паступаюць пацыенты з рознымі паталогіямі. Асаблівасці работы ў тым, што патрэбны навык і ўменне хутка пераключыцца, зарыентавацца, аператыўна прыняць рашэнне, падключыць пры патрэбе вузкіх спецыялістаў. Адразу можа паступіць некалькі хворых: кожны са сваім дыягназам, са сваім станам. Праз прыёмнае аддзяленне праходзяць пацыенты з траўмамі пасля аўтамабільных і іншых катастроф. Прыняць правільнае рашэнне – задача ўрача, нягледзячы на тое, наколькі ты стомлены, якое ў цябе самаадчуванне. Урач абавязаны забыць пра сябе.

Прайшоўшы доўгі шлях у сваёй прафесіі, Марыя Міхайлаўна абдумана, узважана гаворыць аб рабоце ўрача. Як яна ацэньвае маладых урачоў, хто закліканы змяніць старэйшае пакаленне?

–       Радуе, што ёсць каму ўступіць месца, – гаворыць Марыя Міхайлаўна. – Многія маладыя кадры пакідаюць добрыя надзеі, не губляюць каштоўнага часу для самаразвіцця. Такое магу сказаць пра Ганну Бычко, нашу мясцовую дзяўчыну з Задвор’я, урача-інтэрна.

–       Па чым гэта можна бачыць?

–       Па многім. І як малады доктар піша накіраванне, як фарміруе свой запіс, як пацвярджае дыягназ, што выключае. І як падыходзіць да пацыента, якія пытанні задае, з якой інтанацыяй размаўляе. І нават, як зашпілены ў яго халат. Нічога немалаважнага няма – прафесія ўрача патрабуе сабранасці, пільнасці, высокай унутранай дысцыпліны, прывычкі, давяраючы іншым, праверыць лішні раз, упэўніцца ў правільнасці выканання назначэнняў.

Сур’ёзны малады чалавек з абаяльнай усмешкай Аляксандр Ярмак выбраў спецыяльнасць анестэзіёлага. Цяпер ён – урач-інтэрн аддзялення рэанімацыі і анестэзіялогіі. Калі пасля трэцяга курса ён спыніў свой выбар на гэтай спецыяльнасці, Марыя Міхайлаўна дала дабро. Гаворыць, што яна заўсёды з павагай адносілася да спецыялістаў так званай медыцыны катастроф, хуткай дапамогі. Яны заўсёды сабраныя, дысцыплінуюць сябе, ім патрэбна ўмець хутка рэагаваць. Жыццё чалавека, бывае, залежыць ад мінут. Марыя Міхайлаўна назірае, як сур’ёзна сын ставіцца да авалодвання прафесіяй. Яна ўдзячная сваім калегам – анестэзіёлагам, хірургам, рэаніматолагам, якія па-бацькоўску клапатліва адносяцца да маладога ўрача, цярпліва, беражліва і шчодра дзеляцца з ім сваім вопытам, падтрымліваюць і падбадзёрваюць яго ў малых і вялікіх поспехах, давяраюць яму. І сам Аляксандр лічыць шанцункам, што пачынае сваю працоўную дзейнасць у дружным калектыве стаўбцоўскага аддзялення рэанімацыі і анестэзіялогіі, якое лічыцца лепшым у вобласці. Прызнаецца, што мае вялікі інтарэс да гэтай спецыяльнасці, не губляе часу, каб развівацца і ўдасканальвацца. Малады доктар бярэ начныя дзяжурствы і працуе ў рэанімацыйных палатах за медыцынскую сястру. Гэта таксама дае патрэбныя медыку навыкі догляду хворых, выхоўвае беражлівыя адносіны да чалавека, які аказаўся ў цяжкай сітуацыі і чакае ад цябе дапамогі. Любоў, міласэрнасць, самаахвярнасць і ўменне падпарадкаваць свае інтарэсы інтарэсам хворага – не толькі ўласцівасці асобы, якая заслугоўвае павагі, але перш за ўсё – сведчанне прафесіяналізму ўрача. І гэты прыклад Аляксандру падае яго матуля.

Верыцца, што Аляксандр Ярмак апраўдае надзеі Марыі Міхайлаўны. Зерне, якое яна пасеяла, няхай прарасце багатым коласам.

Вядучая тэматычнай старонкі – Святлана ЖЫБУЛЬ, фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *