Пра свята клопат

Нумары РАНС інфармуе

image_pdfimage_print

ЗЗЯЙ, ЁЛАЧКА, НА РАДАСЦЬ

Пры падрыхтоўцы да Новага года кожны імкнецца як мага святочней упрыгожыць ёлку. Пры гэтым часта выкарыстоўваюць цацкі, зробленыя сваімі рукамі з паперы і ваты і не апрацаваныя вогнеахоўным рэчывам. Па гэтай прычыне выратавальнікам не раз прыходзілася выязджаць у дні святкавання Новага года на тушэнне пажараў.

Толькі безумоўнае выкананне правілаў пажарнай бяспекі дае гарантыю таго, што свята пройдзе без надзвычайных здарэнняў. Перш за ўсё, кіраўнікам дзіцячых устаноў, дзе будуць навагоднія ёлкі, неабходна пракансультавацца адносна іх размяшчэння ў работнікаў дзяржаўнага пажарнага нагляду. Лясную прыгажуню дазволена ўстанаўліваць у памяшканнях, якія знаходзяцца не вышэй другога паверха. Памяшканне павінна мець не менш за два эвакуацыйныя выхады і быць забяспечана пярвічнымі сродкамі пажаратушэння.

Каб ілюмінацыя была зманціравана надзейна, з захаваннем правілаў электраўстаноўкі, яе мантаж дазволена праводзіць толькі вопытнаму электраманцёру. Падчас навагодніх святаў забаронена арганізоўваць у памяшканнях феерверкі, карыстацца хлапушкамі, запальваць бенгальскія агні, выкарыстоўваць для ілюмінацыі свечкі. Карнавальныя касцюмы з ваты і марлі, вата на галінках і пад ёлкай павінны быць апрацаваны вогнеахоўным саставам, побач з імі нельга карыстацца запалкамі, адкрытым агнём. На час навагодніх карнавалаў, масавых гульняў неабходна прызначыць асоб, адказных за супрацьпажарную бяспеку, а таксама дзяжурных.

Ад таго, наколькі поўна і своечасова будуць выконвацца рэкамендацыі органаў дзяржаўнага пажарнага нагляду МНС, у многім залежыць навагодні настрой нашых дзяцей.      

 

НЕБЯСПЕЧНЫЯ «ЦАЦКІ»

Весяліцца з хлапушкамі, петардамі і феерверкамі ў навагоднія дні любяць як у нас, так і ва ўсім свеце.

Пажарныя ў адносінах да прадметаў піратэхнікі катэгарычныя: ні ў якім разе нельга карыстацца імі ў памяшканнях, можна толькі на адкрытых пляцоўках, далей ад жылых масіваў і выключна дарослым. Прычынай трэцяй часткі ўсіх навагодніх пажараў з’яўляецца няправільнае абыходжанне з «рымскімі свечкамі», петардамі і, асабліва, «ракетамі», якія могуць узлятаць на вышыню ад 15 да 100 метраў, а, калі запусціць іх не вертыкальна, а пад вуглом, то могуць заляцець у акно ці балкон суседняга дома. У сувязі з гэтым пры пакупцы піратэхнічных вырабаў варта патрабаваць у прадаўца інструкцыю па прымяненні і мерах бяспекі.

Нагадаем некалькі важных правілаў. Рэалізацыя піратэхнічных вырабаў непаўналетнім ва ўзросце да 15 гадоў забаронена. Для свабоднага продажу насельніцтву дапускаюцца піратэхнічныя вырабы бытавога прызначэння і толькі прамысловага вырабу. Да кожнага з іх павінна быць інструкцыя па прымяненні на рускай і беларускай мовах з указаннем умоў прымянення, спосабаў бяспечнай падрыхтоўкі, пуску і ўтылізацыі, правілаў захоўвання, гарантыйнага тэрміну, даты вырабу. Права на іх рэалізацыю маюць толькі спецыялізаваныя прадпрыемствы гандлю. Набываючы піратэхніку «з рук», можна стаць патэнцыяльнай ахвярай. Не рэкамендуецца захоўванне ўсіх відаў піратэхнічных вырабаў у дамашніх умовах, таму што верагодны доступ да іх дзецям і выкарыстанне імі.

Паважаныя бацькі, настаўнікі! Правядзіце гутарку са сваімі дзецьмі аб тым, наколькі небяспечныя забавы з піратэхнічнымі вырабамі як для іх саміх, так і для тых, хто знаходзіцца побач. 

Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *