Пад вальс сняжынак

Культура Нумары

image_pdfimage_print

У нашым горадзе прайшоў канцэрт Юрыя Вашчука (псеўданім Тэа), і я не ўпусціла выпадку пагутарыць з вядомым беларускім спеваком, тэлевядучым, удзельнікам Еўрабачання.

– Сёння публіка нашага Цэнтра культуры ў чаканні сустрэчы з вамі. Што значыць для вас прызнанне гледачоў?

– Спецыфіка работы артыста напрамую звязана з любоўю гледачоў.  Для кожнага выканаўцы вельмі важна адчуваць, што ён працуе не дарма, што людзі любяць яго і шануюць яго творчасць.

– Ці ёсць у вашым жыцці людзі, якія падтрымлівалі, накіроўвалі вас на патрэбны шлях? Каму вы асабліва ўдзячны?

– Бацькам. Яны заўсёды і ва ўсім падтрымлівалі мяне. Але ніколі не настойвалі на выбары прафесіі. Тата аднойчы сказаў мне такія правiльныя словы: «Не важна, кім ты станеш, галоўнае – быць у сваёй сферы дзейнасці сапраўдным прафесіяналам».

– У адным з інтэрв’ю вы згадалі, што ў дзяцінстве хацелі займацца акцёрскай дзейнасцю. Ці ёсць такое жаданне цяпер?

– Так, я хацеў займацца акцёрскай дзейнасцю. І зараз хачу. Шчыра кажучы, мне перыядычна паступаюць прапановы, але, на мой погляд, не вельмі цікавыя. Калі б паступіла якая-небудзь цікавая прапанова зняцца ў кіно, я б, безумоўна, згадзіўся. Мне гэта цікава па-ранейшаму.

– Хто са знакамітых людзей Беларусі з’яўляецца вашым сябрам?

– Безумоўна, прыяцеляў шмат, з усімі калегамі мы ў сяброўскіх адносінах. Але я – прыхільнік той думкі, што сяброў шмат не бывае. Хоць ёсць, вядома, некалькі блізкіх людзей, з якімі мы ідзём па жыцці побач.

– З кім з замежных выканаўцаў вы супрацоўнічалі?

– З Русланам Аляхно, калі казаць пра расійскіх выканаўцаў. Хоць ён, хутчэй, беларускі артыст. У прынцыпе, тыя артысты, каго сёння мы называем замежнымі, часта аказваюцца выхадцамі з Беларусі. Напрыклад, я супрацоўнічаў з Наташай Падольскай. У асноўным я маю стасункі з беларусамі. Вядома, ёсць ідэя рушыць i на Захад, і на Усход, але гэта хутчэй у наступным годзе. У гэтым годзе было шмат канцэртаў у Беларусі. І вялікі сольны канцэрт у Мiнску, гэта, напэўна, падвядзенне выніку.

– Прыхільнікі калі-небудзь здзіўлялі вас сваімі сюрпрызамі?

–  Мяне ўражвае той факт, што людзі могуць ездзіць на канцэрты, якія праходзяць некалькі тыдняў запар, прычым яны знаходзяць час і магчымасць прысутнічаць на кожным канцэрце. Часам ўдзельнікі фан-клуба знаходзяць такія нечаканыя фотаздымкі!

– Вы з’яўляецеся аўтарам і выканаўцам сваіх песень. У якім узросце вы пачалі пісаць вершы?

– У трэцім класе ў мяне быў сшытак, у якi я запісваў усе свае вершы. На ўроках літаратуры я іх чытаў. Потым у класе была ўведзена такая мода: аднакласнікі таксама пісалі вершы, і перад пачаткам урока мы ўсе чыталі адзін аднаму тое, што склалі.

– Мне вядома, што ў дзяцінстве вы ігралі на баяне.

– Баян – мой першы музычны інструмент. Любоў да музыкі, у цэлым, была развіта менавіта гэтым інструментам. Хачу ўспомніць былое, пайграць на баяне, можа, нават на адным з сольных канцэртаў у Мінску.

– Скажыце, якую ролю ў вашым жыцці адыгрываюць маральныя каштоўнасці?

– Для мяне маральныя каштоўнасці – галоўнае ў жыццi. Я цаню сумленнасць, праўдзівасць. Люблю, калі людзі шчырыя. І, вядома, я цаню смеласць.  Я б не стаў казаць, што сучасная моладзь сапсаваная нашым стагоддзем, што нічога святога не засталося. Ні ў якім выпадку. Цяпер падрастае вельмі цікавае маладое пакаленне. Вялікая роля ў выхаванні адводзіцца сям’і. Усё залежыць ад таго, у якім асяроддзі растуць дзеці. Я свята веру ў тое, што бацькоўскі дом адыгрывае вялікую ролю ў чалавечым жыццi.

– У Беларусі зацерушыў першы снег. Што вы адчулі, убачыўшы гэта?

– Неверагоднае пачуццё! Я ехаў у машыне, і, убачыўшы снег, захацеў выканаць песню, якая ў мяне асацыіруецца з Ражджаством. Песню, якую выдатна выканаў Фрэнк Сінатра (спявае).  Вось такi настрой. Я заўсёды любіў Ражджаство, снег.

Развітваючыся, ад сваёй асобы і аматараў мастацтва нашага раёна я падзякавала артысту за тое, што ён вырашыў парадаваць усіх нас выдатным канцэртам.

Кацярына ІГНАТОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *