Паклапоцімся аб сваім здароўі

Медыцына Нумары

image_pdfimage_print

ВЕДАЦЬ ПРА СНІД

Прамая лінія, праведзеная загадчыкам аддзела эпідэміялогіі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ірынай Пятровіч, была прыўрочана да Сусветнага дня барацьбы са СНІД. Жыхары раёна мелі магчымасць задаць свае пытанні адносна ВІЧ-інфекцыі і атрымаць кампетэнтныя адказы спецыяліста.

Тры чалавекі пацікавіліся, якім шляхам перадаецца гэтая інфекцыя, і як сябе абараніць ад віруса. Урач дала падрабязную інфармацыю па зададзеных пытаннях.

Некалькі чалавек пацікавіліся свежай статыстыкай па ВІЧ/СНІД.

Ірына Пятровіч:

–       На 1 снежня ў раёне зарэгістравана 27 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, у якіх фігурыруюць 17 мужчын і 10 жанчын. Адносна шляхоў перадачы, палавым шляхам заразіліся 17 чалавек, парэнтэральным (пры ўжыванні наркатычных сродкаў) – 10. Найбольшая колькасць інфіцыраваных – ва ўзросце ад 30 да 34 гадоў, 8 чалавек – 40 гадоў і старэй, 6 чалавек – ад 25 да 29 гадоў, тры – ад 20 да 24 гадоў, два – ад 35 да 39 гадоў. У сельскай мясцовасці пражываюць 14 чалавек, у горадзе – 13.

У чым адрозненне ВІЧ ад СНІД?

–       СНІД – сіндром набытага імунадэфіцыту чалавека, канчатковая стадыя развіцця ВІЧ-інфекцыі. ВІЧ-інфекцыя паражае імунную сістэму, у выніку чаго арганізм становіцца ўспрымальны да апартуністычных інфекцый і пухлін, якія ў канчатковым выніку прыводзяць да гібелі чалавека.

Чуў пра «перыяд акна», але не ведаю, што гэта такое.

–       Пасля таго, як вірус трапіў у кроў, арганізму неабходна ад 25 дзён да трох месяцаў (у некаторых выпадках – да шасці месяцаў) для выпрацоўкі такой колькасці антыцел, каб іх можна было выявіць пры дапамозе тэст-сістэмы. Гэты адрэзак часу і завецца «перыядам акна». На працягу гэтага перыяду аналіз крыві можа даваць адмоўны вынік. Для атрымання дакладнага выніку неабходна паўторна здаць аналіз праз тры – шэсць месяцаў пасля меркаванага кантакту з вірусам. «Перыяд акна» небяспечны тым, што ў крыві, сперме, похвавых вылучэннях і грудным малацэ чалавека, які жыве з ВІЧ, вірус знаходзіцца ў канцэнтрацыі, дастатковай для інфіцыравання іншых людзей. Такім чынам, інфіцыраваны чалавек можа стаць крыніцай заражэння.

Пр

 

ЧАМУ БАЛІЦЬ СЭРЦА, ПАДКАЖА КАРАНАРАГРАФІЯ

У сучасны момант даследаванне каранараангіяграфія, ці каранараграфія (далей – КАГ), адносіцца да самых дакладных. Сутнасць метаду заключаецца ў тым, каб убачыць праблему, якая перашкаджае нармальнаму кроватоку ў сасудзе, запоўніўшы яго прасвет кантрастным рэчывам. Так выяўляецца звужэнне сасуда атэрасклератычнай бляшкай, сцісканне звонку, напрыклад, пухлінай, анамальная выкручанасць ці празмернае яго пашырэнне.

Любая з такіх сітуацый можа прывесці да недастатковага кровазабеспячэння сэрца, якое часцей праяўляецца болямі.

Часцей КАГ у кардыялогіі прымяняюць для дыягностыкі ішэмічнай хваробы  сэрца. Методыка даследавання заснавана на тым, што ўрач пад мясцовай анестэзіяй робіць невялікі пракол у бедранай ці лучавой артэрыі, даводзіць катэтар да патрэбнага сасуда і ўпырсквае ў яго рэнтгенакантрастнае рэчыва. У гэты момант на некалькі секунд уключаецца рэнтген, і доктар атрымлівае «відэаролік», на якім дакладна бачны стан сасудаў.

Пры абязбольванні толькі месца пункцыі чалавек знаходзіцца ў свядомасці. Маніпуляцыі не суправаджаюцца болевымі адчуваннямі.

Улічваючы тое, што працэдура праводзіцца праз бедраную артэрыю, тэрмін знаходжання ў стацыянары – да трох сутак, так як павязку з нагі здымаюць толькі праз суткі. Калі ж «уваход у сасудзістае русла» ажыццяўляецца праз артэрыю рукі, то дадому можна ехаць ужо праз некалькі гадін. Пацыенты атрымліваюць дыск з запісам, які можна паказаць кардыёлагу. Рашэнне аб неабходнасці аперацыі пасля правядзення КАГ прымаецца пацыентам на падставе інфармацыі, атрыманай ад урача. Калі пацыент катэгарычна адмаўляецца ад хірургічнага ўмяшальніцтва, то сэнсу ў правядзенні такога даследавання няма.

Перавага гэтай працэдуры ў тым, што ўрач мае магчымасць своечасова ўмяшацца: раздавіць бляшку спецыяльным балонам, устанавіць у слабое месца стэнт і пашырыць прасвет сасуда. А значыць, дыяметр сасуда можа цалкам аднавіцца, стэнакардыя знікне, і рызыка інфаркту значна зменшыцца.

З верасня бягучага года загадам Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінаблвыканкама Стаўбцоўская цэнтральная раённая бальніца мае ўнікальную магчымасць накіроўваць сваіх пацыентаў, якія маюць у анамнезе перанесеныя інфаркты міякарду і неаднаразовыя прыступы сціскаючых боляў у вобласці сэрца, у Салігорскую цэнтральную раённую бальніцу для правядзення планавай КАГ. За апошнія два месяцы па накіраванні кардыялагічнага кабінета паліклінікі, дзякуючы намаганням высокакваліфікаваных урачоў і медперсаналу гэтай клінікі, 50 жыхароў стаўбцоўскага раёна маглі атрымаць дакладную інфармацыю аб стане свайго «матора». Дзевяці з іх пастаўлены стэнты, якія дазволілі цалкам пазбавіцца ад прыступаў стэнакардыі і вярнуцца да нармальнай жыццядзейнасці.  У сучасны момант па выніках КАГ васьмі жыхарам нашага раёна праведзены паласныя аперацыі на сэрцы ў Мінскай клінічнай бальніцы. Многія прайшлі курс рэабілітацыі ў рэабілітацыйных цэнтрах «Аксакаўшчына» і «Загор’е». Некаторыя ніяк не могуць паверыць, што ў іх жыцці няма больш жудасных праблем, звязаных са штодзённымі болямі, якія не давалі ім паўнацэнна жыць.

У раёне актыўна праводзіцца работа па выяўленні груп рызыкі ў развіцці ўскладненняў хвароб сістэмы кровазвароту, галоўным чынам, у мужчын ва ўзросце 40-60 гадоў. На сучасны момант каранараграфія – адзіны самы дакладны метад дыягностыкі сасудаў сэрца, які можа рэальна папярэдзіць узнікненне небяспечных сардэчна-сасудзістых захворванняў. Тым, у каго ёсць сціскальныя болі ў грудной клетцы, патрэбна як мага хутчэй выканаць такое даследаванне.

Ірына ЛУЦІК, кардыёлаг паліклінікі

 

НЕБЯСПЕЧНАЯ ІНФЕКЦЫЯ

Шаленства – надзвычай небяспечная хвароба жывёлы і чалавека, характэрная паражэннем цэнтральнай нервовай сістэмы і абсалютнай лятальнасцю. Таму актуальна будзе гаварыць аб неабходнасці захоўваць строгія меры прафілактыкі.

Што рабіць, калі вас пакусалі кот, сабака ці іншыя жывёліны? Па-першае, неабходна звярнуцца ў траўматалагічны пункт па месцы жыхарства ці  фельчарска-акушэрскі пункт для пярвічнай апрацоўкі раны. У медыцынскай установе вам апрацуюць рану і назначаць курс экстраннай прафілактыкі ад шаленства. Рану патрэбна апрацаваць як мага раней – абільна прамыць вадою з мылам і апрацаваць 60–70 працэнтным спіртам ці настойкай ёду. Пасля мясцовай апрацоўкі патрэбна адразу ж праводзіць спецыфічнае лячэнне, якое заключаецца ў  лячэбна-прафілактычнай імунізацыі антырабічнай вакцынай. Сорак уколаў у жывот даўно ўжо ніхто не робіць. Вам увядуць вакцыну і адпусцяць дадому. Вакцыны, якія выкарыстоўваюцца ў сучасны момант, як правіла, уводзяць шэсць разоў: у дзень звароту да ўрача, затым – праз трэці, сёмы, 14-ты, 30-ты і 90-ты дні.  У стацыянары могуць пакінуць пакусанага, калі яго стан цяжкі.

Калі за жывёлай, якая пакусала, удалося ўстанавіць назіранне і праз 10 сутак пасля ўкусу яна аказалася здаровай, то вакцынацыя спыняецца.

Прафілактыка шаленства заключаецца і ў тым, каб праводзіць вакцынацыю дамашняй жывёлы.

Патрэбна памятаць, што шаленства – смяротнае захворванне. Аднак яго можна папярэдзіць пры ўкусе жывёлінай, калі своечасова правесці курс лячэбна-прафілактычнай вакцынацыі.

Андрэй ДУДЗІНСКІ, хірург цэнтральнай раённай бальніцы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *